• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Чатыры крокі, якія зрабілі World of Tanks папулярным у свеце

    Мінулы год стаў самым паспяховым у гісторыі Wargaming, мы паглядзелі, як яны гэтага дасягнулі і што будзе далей.

    Сусветнавядомы беларускі распрацоўнік відэагульняў не публікаваў фінансавую справаздачу за 2013 год, але аналітыкі мяркуюць, што выручка ў мінулым годзе павялічылася амаль у 1,7 разы і дасягнула рэкордных $ 475 млн. Такі выбухны рост дазволіў Wargaming стаць самым буйным распрацоўнікам відэагульняў у СНД.

    Пасля дзесяці гадоў у індустрыі World of Tanks апынуўся залатаноснаю жылаю вытворцаў. Гульня скарыла рынак бясплатнаю мадэллю распаўсюду і адначасова высокаю якасцю прадукту. Ужо цяпер ясна, якія рашэнні дазволілі зрабіць World of Tanks сусветнаю гульнёю і гэтак жа забяспечаць поспех кампаніі ў будучыні.

    1. Прадстаўніцтвы на ключавых рынках

    Каб гульня дасягнула фінансавага поспеху, нельга абмяжоўвацца роднай краінай, неабходна выводзіць яе на буйныя рынкі свету ‑ ЗША, ЕЗ і Азія. Для MMO-гульні (масавая шматкарыстальніцкая онлайнавая гульня) важна забяспечыць гульцоў з усяго свету лакалізацыяй прадукту, а таксама аператыўнай і якаснай службай падтрымання на роднай мове.

    Як толькі ў 2011 г. стала відавочным, што новая гульня кампаніі World of Tanks атрымалася ўдалаю, стваральнікі хутка паадчынялі офісы на галоўных замежных рынках. Сёння ў кампаніі 16 прадстаўніцтваў ва ўсім свеце, некаторыя з якіх займаюцца выключна падтрыманнем мясцовых гульцоў і маркетынгам, іншыя ж арыентаваныя на стварэнне новых прадуктаў.

    Калі галоўны вытворчы цэнтр знаходзіцца ў Менску, то штаб-кватэрай кампаніі стала кіпрская Нікасія. Паводле словах старшыні кампаніі, гэта неабходна для празрыстага і ўстойлівага вядзення сусветнага бізнесу. З гэтай жа мэтаю кампанія выйшла на Кіпрскую фондавую біржу, а падчас апошняга крызісу Wargaming для бяспекі сваіх фінансаў нават набыў мясцовы банк.

    2. Увага да супольнасцяў гульцоў

    Каб гульня, якая распаўсюджваецца бясплатна, пачала прыносіць адчувальны прыбытак, неабходна, каб кожны новы гулец затрымліваўся ў World of Tanks як мага даўжэй. Вырашыць гэтую задачу дапамагае падтрыманне і стымуляванне развіцця супольнасцяў гульцоў. Для World of Tanks такімі групамі зрабіліся прафесійныя кібер-спартоўцы і аматары Другой сусветнай вайны.

    Для падвышэння іміджу гульні ў кібер-супольнасці распрацоўнікі дабіліся, каб World of Tanks прысутнічаў сярод традыцыйна нешматлікіх кібер-дысцыплінаў буйных спаборніцтваў. Адначасова Wargaming шчыльна кантактуе з топавымі кібер-камандамі і арганізоўвае ўласныя вялікія спаборніцтвы з прывабнымі ганарарамі за перамогу.

    Яшчэ працуючы над мінулай гульнёй «Аперацыя Багратыён» Wargaming наладзілі шчыльныя сувязі з супольнасцямі аматараў Другой сусветнай вайны. Так яны пазіцыянуюць World of Tanks як патрыятычны прадукт. Для захавання такога іміджу кампанія рэгулярна ладзіць гістарычныя рэканструкцыі, фінансуе праекты рэстаўрацыі ваеннай тэхнікі і нават супрацоўнічае з Міністэрствамі абароны Беларусі і РФ.

    3. Пашырэнне платформаў

    Дасягнуць рэкорднай 100-мільённай аўдыторыі гульцоў і забяспечыць яе рост дазволіла палітыка паступовага пакрыцця ўсіх папулярных платформаў і разрастанне свету гульні. Абапёршыся на рынак СНД World of Tanks «захапілі» Еўропу. Для самага вялікага рынку відэагульняў ‑ ЗША ‑ дзе традыцыйна большую частку займаюць кансолі, распрацоўнікі ў пачатку 2014 г. выпусцілі спецыяльную версію для Xbox 360. Заўважыўшы рост папулярнасці мабільных гульняў, яшчэ ў 2012-ым пачалася распрацоўка версіі для iPhone і iPad, якая пабачыла свет летам 2014-ага і паспела за некалькі месяцаў прыцягнуць амаль пяць мільёнаў новых карыстальнікаў.

    Каб затрымаць старых гульцоў і знайсці новых, Wargaming працуе над новымі бакамі франшызы. Сёння можна пагуляць яшчэ і ў самалёты (World of Warplanes), а хутка да гэтага далучацца і караблі (World of Warships). Мяркуецца, што гэтыя гульні будуць асабліва папулярныя ў Азіі, дзе падчас Другой сусветнай вайны пераважалі самалётныя і марскія баі, а не танкавыя.

    4. Агрэсіўная інвестыцыйная палітыка

    З першымі вялікімі грашыма ад World of Tanks кампанія пачала думаць пра карысныя паглынанні. Яны набылі аўстралійскіх распрацоўнікаў графічнага і сеткавага рухавіка гульні (BigWorld), для World of Warships была купленая расейская кампанія з досведам стварэння гульняў марской тэматыкі (Lesta), acqui-hiring’ам (калі наймаюць адразу ўсю каманду) была створаная асобная кампанія для распрацоўкі мабільнай World of Tanks Blitz.

    Самым гучным паглынаннем стала набыццё легендарнай студыі Gas Powered Games і вядомых франшыз Total Annihilation і Master of Orion. Ведаючы любоў айцоў Wargaming да sci-fi стратэгій, а таксама спецыфіку купленых кампаній і брэндаў можна зрабіць здагадку, што менавіта ў гэтым жанры будзе створаны новы буйны праект беларускіх праграмістаў.

    Стваральнікі разумеюць, што World of Tanks не будзе карміць іх бясконца. Цяпер фінансавыя паказнікі выйшлі на плато і, дзякуючы самалётам і караблям, застануцца на такім узроўні бліжэйшыя 2-3 гады. Пасля гэтага, верагодна, гульню чакае ціхі заняпад.

    Для руху наперад кампаніі патрэбны цалкам новы прадукт, які дазволіць развівацца далей. Цяпер кампанія мае легендарных распрацоўнікаў, добра вядомыя фанатам брэнды і дастатковыя грошы. З такім багажом ад Wargaming варта чакаць новага прарыву.

    ПаказацьСхаваць каментары