• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Усё, што трэба ведаць пра арышты маёмасці Расіі за мяжой

    Рэдактар партала CIS Arbitration Forum, юрыст Яраслаў Крывой тлумачыць, што будзе з арыштаванай маёмасцю і як доўга былыя акцыянеры “Юкаса” будуць ганяцца за Расіяй.

    У гэтыя дні Расія спазнае найбольш масавыя арышты сваёй маёмасці на Захадзе. За два дні пад арышты, якія адбыліся ў Бельгіі, Аўстрыі і Францыі, імаверна трапілі ўсе неабароненыя дыпламатычным імунітэтам актывы. Гаворка вядзецца не толькі пра камерцыйныя ўстановы як банкі, а нават пра прыходы Рускай Праваслаўнай Царквы ці карэспандэнцкі пункт тэлеканала Russia Today.

    Што будзе далей, “Ідэі” распавёў выпускнік Гарвардскай школы права і дырэктар Цэнтра Астрагорскага Яраслаў Крывой.

    Тыя арышты, якія цяпер адбываюцца ва ўсё новых краінах ЕС, яны вядуць да канфіскацыі?

    Не трэба перабольшваць поспехі каманды юрыстаў “Юкаса” на гэтым этапе. Насамрэч мы хутка пабачым адкат, бо звычайна накладаецца арышт на маёмасць, якая належыць дзяржаве, але потым, калі дзяржава абскарджвае ў судах, то ў большасці выпадкаў гэты арышт здымаюць.

    Па іншых справах, як у выпадку швейцарскай фірмы Noga, Расія таксама была вінаватая вялікую суму, і тады атрымалася арыштаваць у Францыі нават вайсковае абсталяванне Расіі. Але пазней суд вырашыў, што дзяржава мае імунітэт і нельга накладаць арышт на маёмасць, якая выкарыстоўваецца краінай у дзяржаўных мэтах. Суды адрозніваюць тую маёмасць, якая выкарыстоўваецца ў дзяржаўных мэтах, і маёмасць, якая выкарыстоўваецца дзеля камерцыі.

    Іншы выпадак быў Нямеччыне, дзе частка маёмасці належала Расійскай Федэрацыі, але яна выкарыстоўвалася не амбасадай, а здавалася пад офісы. Нямецкі суд наклаў арышт на гэтую маёмасць, якую прадалі, і прыбытак з прададзенай маёмасці аддалі чалавеку, якому Расія была вінаватая грошы. Гэта даволі рэдкі поспех.

    То бок у большасці выпадкаў гэтыя арышты будуць знятыя, але ёсць верагоднасць, што частка гэтай маёмасці будзе прызнаная неабароненай імунітэтам, таму яе можна будзе прадаць ды заплаціць былым акцыянерам “Юкаса”.

    То бок з Russia Today ці РПЦ арышты здымуць?

    Насамрэч арышты маёмасці такіх арганізацыяў, як Russia Today вельмі дзіўныя, бо звычайна пад арышт трапляе толькі тое, што належыць менавіта дзяржаве. РПЦ ж ці “Газпром” лічацца асобнымі юрыдычнымі асобамі і з іх няма магчымасці спагнаць грошы. Іх верагодна хутка вызваляць ад арышту, калі ж нешта знойдуць, што сапраўды належыць Расіі і не выкарыстоўваецца ў дзяржаўных мэтах, то гэта ўжо сапраўды можа быць прададзена, і грошы пойдуць былым акцыянерам “Юкаса”.

    І гэтак будзе ва ўсіх краінах Еўрапейскага Саюза? Чаму пачалі менавіта ў Бельгіі, Францыі ды Аўстрыі?

    Гэта залежыць ад юрыстаў, якія прымаюць рашэнні, – проста, напэўна, там можна было хутчэй пачаць працэдуры. Звычайна гэта робяць каманды юрыстаў, якія знаходзяцца ў некалькіх краінах. Відавочна, што яны амаль адначасова пачалі дасылаць запыты на арышты маёмасці ў суды. Мы чулі пра Бельгію, пра Францыю, пра Аўстрыю і, напэўна, будуць іншыя краіны. Я не думаю, што тут ёсць нейкія іншыя прычыны, апроч таго, што гэта прасцей было юрыдычна пачаць у гэтых краінах.

    Тэарэтычна былыя акцыянеры “Юкаса” маюць права ганяцца паўсюль за маёмасцю Расіі, дзе б яна не знаходзілася ў свеце: хоць у Аргенціне, хоць у Японіі, хоць у Аўстрыі. Калі яны нешта знаходзяць, яны будуць накладаць спачатку арышт, а пасля спрабаваць прадаць гэтую маёмасць, каб атрымаць грошы.

    Добры прыклад – гэта Франц Зедэльмаер. Ён выйграў арбітражную справу супраць Расіі яшчэ ў 90-ых гадах і апошнія амаль 20 гадоў ён па розных краінах спрабуе адабраць нейкую маёмасць у Расіі. Гэта вельмі шмат часу займае і ў некаторых краінах заканчваецца паспяхова, а ў некаторых – не. Таму цяпер з “Юкасам” мы бачым толькі пачатак, гэта будзе вельмі доўга цягнуцца.

    Як гэта адаб’ецца на дачыненнях паміж Расіяй і Захадам?

    Зразумела, што гэта не дадасць пазітыву для інвестыцыйнага клімату Расіі. Тым болей, што расійскія ўлады ўжо сказалі, што яны збіраюцца прымаць меры ў адказ на гэтыя арышты.

    Гэта рашэнне па справе “Юкаса” на $ 50 млрд насамрэч беспрэцэдэнтнае: раней ніколі рашэнні на такія сумы не прымаліся. Таму праз такую вялізную суму ўсё, што будзе адбывацца ў гэтым працэсе, даволі незвычайнае і можа выклікаць досыць гарачыя каментары. З іншага боку тое, што інвестары спрабуюць адабраць маёмасць у дзяржавы за парушэнні сваіх правоў, – гэта не тое, каб нешта нечуванае, гэта даволі часта здараецца.

    Ці вялікія перспектывы ў былых акцыянераў “Юкаса” атрымаць належную кампенсацыю?  

    За Расіяй будуць ганяцца па ўсіх краінах. Возьмуць жа столькі, колькі змогуць. Напрыклад, калі ў Бельгіі атрымаецца ўзяць $ 100 млн, то і возьмуць $ 100 млн. У іншых краінах атрымаецца толькі $ 2 млн, то возьмуць $ 2 млн. Усё гэта будзе вельмі доўга цягнуцца і, магчыма, што ў нейкі момант Расія скажа, што ім гэта надакучыла, і яны зробяць прапанову памірыцца: “Давайце мы вам дамо замест $ 50 млрд – $ 20 млрд, і вы перастанеце за намі ганяцца”. Але, магчыма, яны не захочуць гэтага рабіць, каб не згубіць твар і паказаць, што “нас ніхто не нахіліць”.

    ПаказацьСхаваць каментары