• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Шлях на дно. Расію не выратуюць нават агромныя рэзервы

    Чаму пасля рэцэсіі Расія ўвойдзе ў стагнацыю.

    Нягледзячы на ўсе беды, з якімі сутыкаецца расійская эканоміка, Крэмль выглядае непрабіваемым. Замест рэформаў, скіраваных на дыверсіфікацыю вытворчасці, улады вераць у сыравінную мадэль эканомікі, празмерна шмат выдаткоўваюць на абарону, субсідуюць Крым з Данбасам ды марнуюць грошы на падтрымку прадпрыемстваў, звязаных з уладамі. Нядзіўна, што ў бюджэце адсутнічаюць грошы на інвестыцыі ў мадэрнізацыю ды інавацыі.

    Праз адсутнасць унутраных і вонкавых драйвераў росту Расію чакае рэцэсія ў 2015-ым і стагнацыя цягам некалькіх гадоў. У першай палове 2015-га эканоміка Расеі скарацілася на 3,4 % у гадавым параўнанні. МВФ і Сусветны банк прагназуюць рэцэсію ў Расіі сёлета (-3,4 % і -2,7 %, адпаведна) і застой у 2016-ым (0,2 % і 0,7 %).

    Працяглае падзенне коштаў на нафту

    Агульнавядома, што Расія – краіна-наркаман, якая не можа жыць без высокіх цэнаў на нафту. Расія з’яўляецца другім экспарцёрам нафты ў свеце і першым экспарцёрам газу. У апошнія гады сырая нафта, нафтапрадукты і газ адказвалі за 70 % расійскага экспарту і амаль палову бюджэтных прыбыткаў. Краіна паспела прывыкнуць да высокіх коштаў на энергарэсурсы і таму не спрабавала дыверсіфікаваць структуру сваёй эканомікі. Але найбольшая праблема ў тым, што высокія цэны на нафту дазвалялі ўтрымліваць астатняю частку эканоміку, на якую цяпер няма грошай.

    Так нізкіх сярэднегадавых цэнаў на нафту як у 2015-ым не было ўжо больш за 10 гадоў. Калі ў чэрвені 2014-га барэль нафты Brent каштаваў $ 112, то ў жніўні 2015-га цана была ўсяго $ 47. І пакуль няма прыкмет таго, каб цана нафты вярнулася на папярэдні ўзровень. Сусветная прапанова нафты перавышае попыт, а вяртанне Ірана на міжнародны рынак гандлю нафтай і рэкорднае запаўненне нафтасховішчаў у свеце ціснуць на далейшае зніжэнне кошту.

    Нафта | Create infographics

    Падзенне кошту на нафту аўтаматычна паўплывала на зніжэнне цаны газу. У І-ым квартале 2015-га сярэднестатыстычная цана імпартаванага з Расіі газу была на 33 % менш, чымся ў ІІ-ім квартале 2014-га. Нават для Беларусі, якая імпартуе з Расіі самы танны газ у Еўропе, цана ў першай палове 2015-ага скарацілася амаль на 20 % – да $ 139 за тыс. м3.

    Газ | Create infographics

    Паводле разлікаў Арганізацыі краін, якія экспартуюць нафту, пры сярэдняй цане ў $ 55 за барэль у 2015-ым Расія атрымае ад экспарту на $ 135 млрд (то бок 10 % Валавога ўнутранага прадукту) менш, чымся летась. Як патлумачыў у студзені міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў, пры цане ў $ 50 за барэль прыбыткі бюджэту будуць на $ 50 млрд меншыя, чым было запланавана ў праекце бюджэту на 2015-ы.

    Як уплываюць фінансавыя санкцыі

    Насуперак чаканням расійскіх палітыкаў заходнія эканамічныя санкцыі скаланулі эканоміку Расіі. Са жніўня 2014-га расійскія дзяржаўныя банкі, нафтавыя і абаронныя кампаніі не могуць фінансавацца за мяжой. Захад таксама абмежаваў продаж у краіну перадавых тэхналогій для нафтавай прамысловасці, абсталявання падвойнага прызначэння і ўзбраення.

    Гэта праўда, што ўрад Расіі не залежыць ад замежнага фінансавання, але для эканомікі ў цэлым, банкаў і прадпрыемстваў заходнія крэдыты граюць істотную ролю. Абмежаваны доступ да вонкавых крэдытаў і неабходных тэхналогій абмяжоўвае патэнцыял росту вытворчасці. Паводле МВФ, назапашаны ў найбліжэйшыя гады адмоўны эфект санкцый сягне 9 % ВУП. Замест фінансавання на Захадзе Расія мусіць выкарыстоўваць нацыянальныя зберажэнні і рэзервы, якія ў іншым выпадку маглі б пайсці на інвестыцыі.

    Як гэта ні парадаксальна, найбольшыя даўгі сярод прадпрыемстваў маюць найбуйнейшыя дзяржаўныя холдынгі – “Роснефть” і “Газпром”. Нягледзячы на нафтавае Эльдарада ў мінулыя гады, дрэннае і карумпаванае кіраванне энергетычнымі кампаніямі прывяло да каласальных пазыкаў. Напярэдадні ўвядзення санкцый “Роснефть” і “Газпром” сукупна мелі больш за $ 100 млрд пазыкаў, з якіх 90 % у замежнай валюце.

    Санкцыі супраць Расіі будуць дзейнічаць доўга, таму расійскія дзяржаўныя банкі і кампаніі мусяць прывыкнуць да новых бізнес-умоваў. Міжнародны фінансавы рынак для іх практычна цалкам заблакаваны, а спробы перайсці на фінансаванне на Усходзе (у тым ліку ў Кітаі) праваліліся. Між тым толькі ў 2015-ым расійская эканоміка павінна выплаціць па вонкавых крэдытах $ 75 млрд (6 % ВУП).

    Бясконцы адток капіталу

    Палітыка Крамля выклікала рэкордны адток капіталу з Расіі. Паводле Сусветнага банка, у 2014-ым адплыло на $ 167 млрд (эквівалент 8,9 % ВУП) капіталу больш, чымся наплыло ў краіну – у тры разы больш, чымся годам раней. У сваю чаргу ў 2015-ым адток капіталу прагназуецца ў $ 102 млрд (7,4 % ВУП).

    У перыяд росквіту Расія назапасіла вялікія валютныя рэзервы, якія імкліва выдаткоўваюцца на пагашэнне доўгу дзяржаўнага сектара і стабілізацыю валютнага курсу. Перад увядзеннем санкцыяў золатавалютныя рэзервы Цэнтральнага банку, у тым ліку Рэзервовы фонд і Фонд нацыянальнага дабрабыту складалі $ 469 млрд. Але цягам 12 месяцаў ад увядзення санкцыяў Цэнтральны банк распрадаў $ 111 млрд – 24 % сваіх запасаў.

    Рэзэрвы | Create infographics

    Адсутнасць структурных рэформаў пазбаўляе ілюзій

    Крызіс у Расіі мае сістэмны характар. Расія плаціць высокую цану за адсутнасць дыверсіфікацыі эканамічнай мадэлі, у якой першасны сектар (газ, нафта, металы, дрэва і інш.) стварае каля траціны эканомікі. Зніжэнне сусветных цэнаў на нафту і эканамічныя санкцыі, якія супалі па часе, толькі паглыбілі запавольванне расейскай эканомікі, якое працягваецца з 2011-га.

    Санкцыі і нізкія кошты на нафту трэба расцэньваць як доўгачасовы фактар, які абмяжоўвае інвестыцыйныя магчымасці Расіі, а праз гэта патэнцыял эканомікі ў будучыні. Толькі рынкавыя рэформы могуць запусціць унутраныя механізмы росту. Але ўлады не спяшаюцца рэфармаваць эканоміку, таму пасля кароткага перыяду рэцэсіі краіна можа далей знаходзіцца ў стагнацыі цягам некалькіх гадоў.

    Беларусь жа пойдзе на эканамічнае “дно” разам з Расіяй, бо высокія цэны на нафтапрадукты, расійскія субсідыі і экспарт у Расію – аснова беларускай эканомікі.

    ПаказацьСхаваць каментары