• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Што рабіць з асуджанымі па артыкуле 328 пасля вызвалення

    Як вярнуцца да жыцця пасля турмы.

    Калі паглядзець на беларускую статыстыку, то можна падумаць, што мы жывем у нейкай лацінаамерыканскай краіне, дзе квітнее наркамафія. Прыкладна 40 % (больш за 13 тыс. чалавек) ад агульнай колькасці зняволеных у краіне сядзіць па наркатычным артыкуле 328.

    Але яны далёка не падобныя да Пабла Эскабара.

    Большая частка з іх – гэта маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў, якія адбываюць шматгадовыя тэрміны без права на датэрміновае вызваленне.

    Аднойчы, усё яшчэ маладымі, яны выйдуць на свабоду і ім трэба будзе вяртацца да нармальнага жыцця. Але зняволенне не праходзіць бясследна. Паводле псіхолагаў, людзям пасля турмы ўласцівае адчуванне бессэнсоўнасці жыцця, бездапаможнасць, пасіўнасць і агрэсія. У той час, калі сваякі асуджаных вядуць барацьбу за змену заканадаўства і перагляд справаў іх блізкіх, варта таксама падумаць пра псіхалагічную рэабілітацыю былых вязняў і іх адаптацыю да жыцця на волі.

    Дапамагчы псіхалагічна

    Роля сям’і тут ледзь не самая важная. Для таго, каб працэс адаптацыі прайшоў максімальна ўдала, блізкія людзі мусяць ведаць, як сябе паводзіць у новай сітуацыі. Ім важна разумець, што пасля турмы іх блізкі вернецца ў пэўным сэнсе іншым чалавекам.

    Тут дапамога прафесійных псіхолагаў вельмі істотная. Менавіта іх задачай з’яўляецца праца з сем’ямі былых зняволеных – яны маюць усё выразна раскласці па палічках.

    Прычым працаваць трэба на апярэджанне (скажам, мінімум за некалькі месяцаў да вызвалення), а не па факце.

    Не менш важным з’яўляецца праца непасрэдна з былымі вязнямі. Ён/яна мусяць ведаць, што ёсць спецыялісты, да якіх можна звярнуцца па псіхалагічную дапамогу. І гэтая дапамога мае быць аказаная прафесійна.

    Каб гэта рэалізаваць, да прыкладу, у кожнай вобласці краіны могуць быць створаныя адмысловыя групы прафесійных псіхолагаў, якія спецыялізуюцца на дапамозе (былым) зняволеным і іх сем’ям. І дзейнасць іх павінна быць актыўна разрэкламаваная, каб зацікаўленыя людзі ведалі не толькі аб іх існаванні, але і аб тым, што дапамога будзе эфектыўнай.

    Але тут наўрад ці можна спадзявацца на дапамогу дзяржавы, для якой артыкул 328 – гэта як артыкул 58 за савецкім часам.

    Хоць менавіта дзяржава мусіць быць перш за ўсё зацікаўленая ў рэабілітацыі такіх людзей, каб яны не ўзяліся зноў за старое, а сталі паўнавартаснай часткай грамадства, мелі добрую працу і плацілі падаткі.

    Таму недзяржаўны сектар мае стаць ініцыятарам і непасрэдным рэалізатарам праекта. Напрыклад, у Вялікабрытаніі ёсць Switchback – НДА, якая прапануе рэабілітацыйную праграму, калі тым, хто адбыў (альбо яшчэ адбывае) пакаранне, даецца персанальны ментар. Ён вядзе кліента да таго часу, пакуль прадстаўнікі арганізацыі не будуць упэўненыя, што той уладкаваўся ў жыцці і рызыка рэцыдыву вельмі нізкая.

    Роля дзяржавы: адукоўваць, належна плаціць за працу і дапамагаць

    Нягледзячы на вялікую ролю НДА, дзяржава не можа сядзець склаўшы рукі.

    Па-першае, зняволеным трэба даць магчымасць атрымліваць адукацыю дыстанцыйна, і не толькі ўзроўню ПТВ. Напрыклад, у шведскай турме можна нават доктарскую дысертацыю напісаць.

    Дзейсным крымінальна-выканаўчым заканадаўствам Беларусі вязням гарантуецца права на атрыманне вышэйшай адукацыі, але разам з тым у краіне пакуль няма механізму яго рэалізацыі.

    Як прыклад, можна ўзяць 20-гадовага хлопца асуджанага на 8 гадоў.

    Калі ён выйдзе на волю ў 28 год, наўрад ці ён будзе імкнуцца атрымаць вышэйшую адукацыю.

    Бо прыярытэтам хутчэй за ўсё будзе матэрыяльнае забеспячэнне самога сябе. Але з іншага боку, калі б існавала магчымасць вучыцца ў калоніі, пасля вызвалення ў яго было б значна больш перспектываў у жыцці.

    Па-другое, дзяржава мусіць пачаць плаціць за працу ў турме. Не сакрэт, што ў калоніях зняволеныя працуюць фактычна бясплатна, атрымліваючы на ​​рукі максімум некалькі дзясяткаў рублёў. Адбываецца гэта таму, што паміж зняволенымі і наймальнікамі не заключаюцца працоўныя кантракты. У выніку гэта набывае форму ўзаконенага рабства, бо дае магчымасць адміністрацыі калоніі фактычна вызначаць свае правілы.

    Можна ўявіць, што зняволеныя атрымліваюць адэкватныя грошы за сваю працу ў калоніях у памеры $ 200 у месяц. У такім выпадку пасля заканчэння 10-гадовага тэрміну ў свае 30 год былы вязень мог бы мець неблагі капітал ажно да $ 24 тыс., які можна было б выдаткаваць на развіццё сваёй справы ці аплату навучання. Альбо нават на падарожжа, каб перазагрузіцца. Чым не варыянт паспяховай рэсацыялізацыі?

    Па-трэцяе, пасля вызвалення асуджаным важна зразумець, што краіна дае ім шанец стаць часткай грамадства. Уладам было б нядрэнна стварыць спецыяльную праграму рэсацыялізацыі і пашырэння магчымасцяў для такіх людзей, перадусім у сферы адукацыі і працаўладкавання.

    Гэта мае быць нешта больш адэкватнае, чым нядаўняя ідэя МУС працаўладкаваць былых зняволеных у выдзеленым для гэтага калгасе.

    Змагацца са стэрэатыпамі

    У беларускім грамадстве асцярожнае стаўленне да людзей з крымінальным мінулым. Таму мала хто з патэнцыйных працадаўцаў будзе разбірацца, ці быў асуджаны чалавек за забойства або падзяліўся “касяком” з сябрам.

    Навуковец Говард Бэкер лічыць, што псіхалагічна такое стаўленне з’яўляецца цалкам нармальным для людзей.

    У сваёй “тэорыі ярлыка” ён сцвярджае: калі чалавек парушае правілы, устаноўленыя ў грамадстве, ён аўтаматычна пачынае ўспрымаецца людзьмі як асоба, якой нельга давяраць.

    Вядома, ідэальна было б правесці маштабную інфармацыйную кампанію супраць міфаў. Аднак наўрад ці дзяржава будзе гэта рабіць, а без яе такі праект будзе складана рэалізаваць. Таму не застаецца нічога іншага, як крок за крокам весці асветніцкую працу на лакальным узроўні. І тут ініцыятыву таксама перш за ўсё мае праявіць грамадзянская супольнасць.

    Для гэтага могуць выкарыстоўвацца розныя інструменты: ад грантаў да краўдфандынгавых пляцовак па зборы грошаў на падобныя кампаніі. Як, напрыклад, было зроблена ў Англіі, калі былі сабраныя грошы на праект паслятурэмнай рэабілітацыі для дзесяці маладзёнаў.

    Беларуская дзяржава несправядліва паступіла з многімі асуджанымі па артыкуле 328, адправіўшы ў турму на неадэкватна доўгія тэрміны. Не варта множыць гэтую жорсткасць пасля вызвалення.

    ПаказацьСхаваць каментары