Як каваць новую Беларусь. 7 рэчаў, якія трэба ведаць пра рэформы

Усходняя Еўропа ўжо прайшла праз сістэмныя змены – яе вывучаныя ўрокі паказваюць, як рэфармаваць Беларусь.
Рыгор Астапеня· 6 Студзеня 2016
Як каваць новую Беларусь. 7 рэчаў, якія трэба ведаць пра рэформы

1. Выпадак Беларусі не катастрафічны і не ўнікальны. Калі Грузія прыступала да сістэмных рэформаў, то краіна была ледзь не failed state. Аднак, дзякуючы спраўнай трансфармацыі, Грузія здолела стаць лідарам рэгіёну ў Doing Business Index (цяпер Грузія займае 24-ае месца ў агульнасусветным рэйтынгу), выкараніць карупцыю (у 2004-ым толькі 5 % грузінаў давярала паліцыі, а ў 2012-ым ужо 87 %) і дасягнуць сталага эканамічнага росту.

Сам механізм правядзення структурных зменаў не з’яўляецца “стральбой у цемры”, бо пра трансфармацыю ад сацыялістычнай да рынкавай эканомікі напісаныя дзясяткі кніг. Найлепшай з іх  з’яўляецца The Great Rebirth: Lessons from the Victory of Capitalism over Communism, якая лягла ў аснову гэтага артыкула.

2. Рэформы павінны быць хуткімі і шырокімі – пра гэта кажуць усе рэфарматары Усходняй Еўропы. Гэта нясе пэўную рызыку нарабіць памылак, але, як тлумачыць аўтар польскіх рэформаў Лешак Бальцаровіч,

“лепш мець рызыкоўную стратэгію, чым безнадзейную”.

Бо людзі, якія выступаюць за паступовыя змены, насамрэч не хочуць рэформаў, але іх тармозяць. Паступовыя змены звычайна спрыяюць карупцыі і эканамічнаму заняпаду.

Для паспяховага правядзення рэформаў неабходная макраэканамічная стабілізацыя, змены ў фіскальнай і манетарнай палітыцы, пабудова вяршэнства права і эфектыўных дзяржаўных інстытутаў. Частковыя змены звычайна не прыносяць эфекту, а вядуць да правалу рэформаў і страты іх і так малой папулярнасці.

3. Эканамічныя рэформы – гэта больш палітыка, чым эканоміка. Таму рэформам патрэбны палітычны дзеяч, які будзе ўвасабляць рэформы – такой асобаю ў Польшчы стаў Лешак Бальцаровіч, а ў Чэхіі – Вацлаў Клаўс. Без яснага палітычнага лідарства эканамічныя рэформы немагчымыя, як паказвае прыклад Расіі. Ягор Гайдар быў тэхнакратам, таму ягоныя рэформы не маглі быць паспяховымі.

Паспяховыя рэформы патрабуюць пабудовы дэмакратычных інстытутаў.

Найлепш рэформы прайшлі ў краінах з парламенцкай сістэмай, чымся ў дзяржавах з прэзідэнцкім кіраваннем. Пабудова ўплывовай грамадзянскай супольнасці нішчыць карупцыю і вымушае палітыкаў кіравацца агульным інтарэсам, а не патрэбамі вузкага класа элітаў.

4. Павінны прыйсці новыя эліты. Там, дзе адбывалася чыстка былой наменклатуры і сілавікоў, рэформы мелі большыя шанцы на поспех. Як кажа балгарскі рэфарматар (і аўтар Doing Business Index) Сімяон Дзянкоў, нават сёння ў Балгарыі “спецыяльныя службы з камуністычных часоў наносяць больш шкоды, чым арганізаваная злачыннасць”. Яны ўвасабляюць карупцыю, якая несумяшчальная з сучаснай дзяржавай і эканомікай. Таму на месца ранейшых чыноўнікаў і сілавікоў павінны прыйсці новыя людзі.

5. Рэформы патрабуюць спраўнай камунікацыі.

Амаль нідзе эканамічныя рэформы не карысталіся падтрымкай насельніцтва, але найлепш рэформы прайшлі там, дзе рэфарматары тлумачылі свае дзеянні.

Як патлумачыў Іван Міклаш на Кастрычніцкім эканамічным форуме, “людзі павінны разумець патрэбу рэформаў і ведаць, што лідары праводзяць рэформы не таму, што на іх ціснуць, а таму, што яны ведаюць: гэта палепшыць жыццё людзей”.

Калі беларускія рэфарматары акажуцца здольнымі камунікатарамі, то старыя эліты, якія прагнуць правалу рэформаў, не змогуць перахапіць ініцыятыву і стварыць антырэфарматарскі наратыў.

6. Драйверамі рэформаў могуць быць толькі ўласныя палітыкі і эканамісты, а не замежныя кансультанты. Яны прыносяць шмат ведаў, але, як не раз казалі Іван Міклаш, Каха Бендукідзэ ці Лешак Бальцаровіч, заходнія кансультанты і міжнародныя арганізацыі часта скептычна ставіліся да рэфарматарскіх намаганняў, якія ў выніку аказаліся паспяховымі. Міжнародныя арганізацыі перадусім стымулююць да рэформаў, як рабіў Еўрапейскі Саюз у выпадку тых краінаў, якія прагнулі да яго далучыцца.

7. Ніколі дакладна невядома, калі пачнуцца рэформы і колькі на іх трэба часу. Таму рэфарматары павінны заўсёды быць падрыхтаванымі (з распрацаванымі пакетамі рэформаў і пабудаванымі камандамі), каб трансфармаваць свае краіны, калі з’явіцца такая магчымасць.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Чаму не варта святкаваць сёмае лістапада
Чаму не варта святкаваць сёмае лістапада
Называет тры прычыны перастаць святкаваць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Каманда Ідэі · 25 Кастрычніка
Чаму ў Польшчы атрымалася? Запрашаем на дыскусію 31 кастрычніка
Чаму ў Польшчы атрымалася? Запрашаем на дыскусію 31 кастрычніка
Запрашаем на гутарку пра эканамічныя рэформы краіны-суседкі ў межах партнёрства з Кастрычніцкім эканамічным форумам.
Рыгор Астапеня· 28 Верасня
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Кароткі ролік, але з процьмай графікаў.