• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Аборты не маюць нічога агульнага з дэмаграфіяй, а толькі з каштоўнасцямі грамадстваў

    Што аборты ў Беларусі расказваюць пра глабальныя трэнды.

    Мала хто ведае, што першай ластаўкай у справе легалізацыі абортаў стаў СССР. У савецкай Расіі аборты былі легалізаваныя ў 1920-ым годзе і хутка аналагічныя законы прынялі астатнія савецкія краіны. Аднак у 1936-ым годзе аборты зноў былі забароненыя, за выключэннем тых выпадкаў, калі роды маглі пашкодзіць здароўю маці. Гэткія захады прывялі да таго, што ў 1940-ым годзе прычынай паловы смерцяў мацярок сталі нелегальныя аборты.

    Даследчыца Наталля Лебіна адзначае, што забарона абортаў прывяла да росту нараджальнасці ў два разы, але гэты эфект быў кароткатэрміновы – у 1940-ым годзе ўзровень нараджальнасці вярнуўся да ўзроўню 1936-га.

    Але разам з тым колькасць постнатальных абортаў (забойстваў ужо народжаных дзяцей) узрасла.

    Важную ролю ў справе дэкрыміналізацыі абортаў адыграла Міжнародная федэрацыя планавання сям’і (МФПС), якая была створаная ў 1956-ым годзе амерыканкай Маргарэт Сэнгер. Гэтая арганізацыя паспрыяла легалізацыі абортаў у шматлікіх краінах Еўропы. МФПС супрацоўнічала з ААН, фінансавала даследаванні ды распрацоўку новых сродкаў кантрацэпцыі, і паспрыяла легалізацыі абортаў у краінах Еўропы і ЗША.

    У краінах Заходняй Еўропы аборты ў асноўным былі легалізаваныя ў другой палове XX стагоддзя. Першай краінай, якая гэта зрабіла, стала Вялікабрытанія ў 1967-ым годзе.

    Барацьба каштоўнасцяў

    Такая дыскусійная тэма, як аборты, мае сваіх прыхільнікаў – “прачойсераў” (ад англ. pro-choice – “за выбар”), і праціўнікаў –  “пралайфераў” (ад англ. pro-life – “за жыццё”).

    Рух прачойсераў шчыльна звязаны са з’яўленнем кантрацэпцыі і постаццю Маргарэт Cэнгэр, якая ўзгадвалася вышэй. Рух пралайфераў узнік у ЗША пасля дэкрыміналізацыі абортаў у 1973-ым годзе. У Беларусі ж першы афіцыйны фонд руху за захаванне жыцця “Открытые сердца” быў створаны ў 2007-ым годзе.

    Хоць дыскусія адносна абортаў ужо вядзецца дзесяцігоддзямі, але аргументы бакоў застаюцца тымі ж.

    Пралайферы кажуць, што эмбрыён адчувае боль падчас аборту, што аборт можа стаць перашкодай для наступных цяжарнасцяў і часам выкарыстоўваецца як форма кантрацэпцыі. Болей за тое, аборты аплачваюцца з падаткаў грамадзянаў, якія, у тым ліку, могуць выступаць супраць іх. Асабліва гэта істотна ў выпадку рэлігійных людзей, бо аборт супярэчыць хрысціянству.

    Прачойсеры ж кажуць, што жанчыны маюць права вырашаць, што ёй рабіць са сваім целам, асабліва калі цяжарнасць наступіла ў выніку інцэсту альбо гвалту. Паводле іх, рашэнне раджаць можа пашкодзіць маральнаму стану жанчыны. Падлеткі, якія пастанавілі нараджаць, хутчэй за ўсё трапляюць у кепскія жыццёвыя сітуацыі: з-за дзіцяці яны часта кідаюць школу, не маюць вышэйшай адукацыі і, як вынік, не могуць уладкавацца на добрую працу. Ад забароны ж абортаў дэмаграфічная сітуацыя ў краіне не выпраўляецца і саміх абортаў не становіцца меней – ва ўмовах адкрытых межаў жанчыны хутчэй паедуць у суседнія краіны, дзе аборты дазволеныя, і спыняць цяжарнасць там.

    Што кажа статыстыка

    Паводле звестак ААН, у 2013-ым годзе аборты для ратавання жыцця маці былі дазволеныя ў 97 % краін свету. 75 % краін дазвалялі аборты ў тых выпадках, калі фізічнае альбо ментальнае здароўе маці было ў небяспецы з-за цяжарнасці. У 50 % краін аборты легальныя ў тых выпадках, калі  жанчына зацяжарыла ў выніку гвалту ці калі назіраюцца сур’ёзныя парушэнні ў развіцці плода. Толькі траціна краінаў дазваляе аборты ў выніку сацыяльных або эканамічных прычын.

    Беларусь належыць да тых краін, якія маюць найбольш ліберальнае ў дачыненні да абортаў заканадаўства.

    Згодна з артыкулам 27 Закона “Аб ахове здароўя”, жанчына мае права самой вырашаць пытанне пра мацярынства. Аборт легальна можна зрабіць да 22 тыдня цяжарнасці. Але два гады таму ў закон былі ўнесеныя змены: з 27 снежня 2014-га года лекар можа адмовіцца рабіць аборт, калі аперацыя не пагражае здароўю або жыццю жанчыны.

    Увогуле колькасць абортаў у Беларусі за апошнія 15 гадоў скарацілася ў чатыры разы. У 2000-ым годзе ў Беларусі ўсяго было зроблена 62 429 абортаў, а ў 2015-ым – 14 666. Гэта крыху менш, чымся насельніцтва Ашмян. У 2000-ым годзе на адзін аборт прыходзілася толькі 1,5 народжаных дзяцей, а ў 2015-ым годзе на адзін аборт прыходзілася 8,3 немаўлят.

    Калі параўноўваць са статыстыкай па абортах у БССР, то лічбы ў незалежнай Беларусі – значна меншыя. Напрыклад, у 1980-ым годзе ў БССР было зроблена 200 тыс. абортаў – прыкладна столькі людзей жыве ў Бабруйску.  Пры гэтым каэфіцыент прыросту насельніцтва таксама мяняецца ў лепшы бок: у 2000-ым годзе быў зафіксаваны −4,1 прырост насельніцтва, а ў 2015-ым годзе −0,1.

    Такім чынам, колькасць абортаў памяншаецца, узровень нараджальнасці расце, але колькасць насельніцтва памяншаецца. Аборты не ўплываюць кардынальным чынам на дэмаграфічную сітуацыю ў Беларусі, а людзі ствараюць сям’ю і нараджаюць дзяцей праз эканамічныя ды сацыяльныя чыннікі. І такая сітуацыя ўласцівая для ўсяго свету.

    ПаказацьСхаваць каментары