• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Беларуская “мяккая сіла”: як перастаць быць белай плямай у цэнтры Еўропы

    Нягледзячы на цэнтральнаеўрапейскае становішча, Беларусь можа не існаваць у свядомасці большасці еўрапейцаў.

    Ідэя мяккай сілы паўстала ў пачатку 1990-ых, калі яе аўтар, палітолаг Джозэф Най, рэкамендаваў амерыканскім палітыкам новыя сродкі рэалізацыі інтарэсаў ЗША. Замест прымусу, пагрозаў ці матэрыяльнай карысці Най прапаноўваў “пакараць сэрцы і розумы”.

    Сіла, піша Най, – гэта ўменне ўплываць на паводзіны іншых і атрымоўваць пажаданыя вынікі. Цвёрдая сіла – гэта войска і эканамічныя сродкі, а мяккая сіла – гэта здольнасць уплываць праз культуру, каштоўнасці ды ідэалогію.

    Навошта краіне патрэбная мяккая сіла?

    Па-першае, яна спрыяе інтэнсіфікацыі эканамічнай супрацы. Колькасны аналіз лонданскага Цэнтра даследаванняў эканамічнай палітыкі паказвае, што 1 % росту мяккай сілы перакладаецца на 0,8 % росту экспарту. Калі краіна “трымае марку”, фірмы хочуць купляць яе прадукцыю, а людзі хочуць гэтую краіну наведаць. Так раскручваюцца экспарт, інвестыцыі, турызм і сектар паслуг.

    Па-другое, такім чынам будуюцца добрыя палітычныя адносіны. Ніхто не хоча аб’ядноўвацца з дзяржавай, на якой кляймо парушальніка правоў чалавека, як гэта было ў выпадку Кітая. Аднак дзякуючы ярлыку “найвялікшай гаспадаркі свету” успрыняцце Кітая змянілася.

    Пасля таго, як Кітай вынес на міжнародны форум сваю азіяцкую ідэю правоў чалавека, супрацьстаўляючы яе заходнім каштоўнасцям, на яго ўжо не глядзяць праз прызму парушальніка грамадскіх і палітычных правоў. Наратыў Пекіна прадугледжвае прыярытэт эканамічных правоў над палітычнымі ў той час, як з забеспячэннем эканамічнага росту партыя спраўляецца.

    Ад Кітая варта яшчэ навучыцца прасоўванню сваёй маркі. Праз дрэнную рэпутацыю сваіх тавараў у Еўропе кітайцы былі вымушаныя даваць сваім брэндам назвы, якія гучалі на еўрапейскі лад. Менавіта такім чынам выйшлі на еўрапейскі рынак камп’ютары “Ленова”.

    2-chinese-soft-power

    Па-трэцяе, мяккая сіла дапамагае пашыраць свае ўплывы і павялічвае шанцы падтрымкі сярод грамадстваў іншых краін. Для гэтай мэты ЗША прывабліваюць найлепш адукаваную і перспектыўную моладзь, якая ў будучыні можа займаць высокія пасады і мець уплывы. Выпускнікамі амерыканскіх праграмаў з’яўляюцца многія прэзідэнты, кіраўнікі буйных фірмаў ці лаўрэаты ўзнагароды Нобеля. Добра такіх людзей мець на сваім баку.

    Канцэпцыя Ная доўга заставалася без увагі на постсавецкай прасторы, дзе заўсёды існавала павага да адназначных цвёрдых сродкаў. Першай зацікавілася гэтай ідэяй Расія, калі Захад, не ўжываючы сродкаў прымусу, натхніў “каляровыя” рэвалюцыі Украіны, Грузіі і Сярэдняй Азіі прывабнасцю ідэі свабоды і дэмакратыі.

    Таму ад сярэдзіны 2000-ых гадоў Расія стараецца кампенсаваць страчаныя магчымасці і выдзяляе больш грошай для стварэння такіх інстытутаў мяккай сілы, як міжнародны тэлевізійны канал Russia Today, фонд “Рускі свет” ці “Фонд Гарчакова”, які прасоўвае публічную дыпламатыю. Услед за Расіяй пайшлі іншыя краіны СНД, будуючы свой імідж на культуры і турызме.

    Ці ў Беларусі ёсць мяккая сіла?

    Беларусь мае высокі рэйтынг прывабнасці на постсавецкай прасторы, дзе Беларусь – гэта прыклад добра арганізаванай сучаснай еўрапейскай дзяржавы. Даследаванне Дзяніса Мельянцова і Алены Арцёменкі паказвае, што найлепшы імідж Беларусь мае на ўсходзе ды на поўдні – у Расіі ды Украіне. Расіяне, напрыклад, высока ацэньваюць вайсковы патэнцыял Беларусі і якасць тавараў. Больш давяраюць яны толькі прадукцыі з Германіі.

    3-made-in-belarus

    Такіх поўных энтузіязму ацэнак, аднак, няма ў нашых суседзяў з Еўрапейскага саюза. Тут вылучаецца толькі Латвія, для якой беларусы з’яўляюцца найбольш пажаданымі мігрантамі.

    Нізкі ўзровень добразычлівасці ў адносінах да Беларусі Дзяніс Мельянцоў тлумачыць між іншым невялікім адсоткам наведвання нашай краіны. Сярод польскага насельніцтва толькі 1 % быў у Беларусі. Аднак дзякуючы бязвізаваму рэжыму сітуацыя павольнымі крокамі змяняецца, і ў Гродне ўсё часцей можна пабачыць польскіх турыстаў.

    Беларусь ужо выкарыстоўвае некаторыя рэсурсы для прываблівання. Па-першае, гэта спорт. Некаторыя беларускія спартоўцы, як Уладзімір Самсонаў ці Вікторыя Азаранка, праславіліся на ўвесь свет і маюць сваіх фанатаў далёка за межамі.

    Факт добрай спартовай інфраструктуры не застаўся без увагі, што паспрыяла таму, каб Беларусь стала гаспадаром Еўрапейскіх гульняў-2019. Добры спартовы ўзровень, дарэчы, Беларусь паказала ўжо ў 2014 годзе падчас чэмпіянату свету па хакеі, калі ў Беларусі сабралася больш за 80 тыс. заўзятараў з іншых краін.

    Важным аспектам мяккай сілы Беларусі з’яўляюцца тавары. Меркаванне пра добрую беларускую якасць ужо шырока распаўсюджанае на постсавецкай прасторы, дзе беларускія прадукты славяцца не толькі сваёй якасцю, эстэтычным выглядам упакоўкі, але і меншай цаной. У іншых рэгіёнах, на жаль, беларуская прадукцыя пакуль што сябе не зарэкамендавала. Важна не толькі стварыць добрую рэпутацыю, але і вырабіць брэнд, які будзе асацыявацца з Беларуссю.

    Калі ў 2014 Мінск быў выбраны для перамоваў Нармандскай чацвёркі, выявіўся яшчэ адзін важны рэсурс беларускай мяккай сілы – нейтральнасць і стабільнасць. Бесстароннасць Беларусі, адсутнасць міжнацыянальных канфліктаў і варожых стасункаў да іншых краінаў сталі галоўнымі фактарамі пры абранні Беларусі пляцоўкай для вырашэння ваеннага канфлікту.

    Пасля серыі сустрэч дзеля вырашэння ўкраінскага крызісу Беларусь пачала разглядацца як патэнцыяльная пляцоўка ўрэгулявання і іншых канфліктаў, як нагорнакарабахскі, а нават блізкаўсходні.

    Чаму Беларусь мала каго цікавіць?

    Факт таго, што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, а значная частка еўрапейцаў не ведае пра Беларусь ніводнага факта, гаворыць аб невыкарыстанні мяккай сілы на міжнароднай арэне.

    Фактарам, які замінае добрае ўспрыманне Беларусі, з’яўляецца культурная блізкасць да большых цэнтраў – Расіі ды Украіны. Таму Беларусь часта не адрозніваюць ад Расіі, а часта таксама Украіна цікавіць замежнікаў больш.

    Акрамя асацыяцыі з Расіяй, іншае, што часта ўзгадваюць замежнікі пры слове “Беларусь” – гэта ярлык, які павесіў краіне Джордж Буш у 2005 годзе – “апошняя дыктатура Еўропы”. Гэта адразу пабуджае наступныя асацыяцыі: смяротная кара, парушэнні правоў чалавека, дрэнныя ўмовы жыцця.

    Тым не менш кожнае ўспрыманне можна змяніць, а імідж краіны палепшыць праз акцэнт на іншыя яго атрыбуты. Рэйтынг брытанскага Інстытута праўлення ўключае ў сябе 26 краін з найвышэйшай мяккай сілай – сюды ўваходзяць такія дзяржавы, як Кітай, Бразілія ды Індыя. Беларусі сярод іх няма, хаця як і ўзровень жыцця, так і шанаванне правоў чалавека ў Беларусі на непараўнальна вышэйшым узроўні.

    Беларусь патрабуе скаардынаванай палітыкі пабудовы мяккай сілы. Каб атрымоўваць карысці, якія нясе з сабой мяккая сіла, трэба ведаць, як яна працуе, навошта патрэбная і што неабходна рабіць. Дзеянні, не скіраваныя на дакладную мэту, не прыносяць канкрэтных вынікаў.

    Дзяржаве таксама варта адчыніцца на грамадзянскія ініцыятывы, як гэта было ў выпадку падтрымкі ідэі вышыванак, з якой спачатку выйшла “Арт-Сядзіба”. Грамадзянаў і ўрад павінна аб’ядноўваць адна ідэя – добры імідж краіны і павелічэнне яе мяккай сілы, у выніку чаго выйграе кожны.

    ПаказацьСхаваць каментары