• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Пяць прычын для паспяховых рэформаў у Беларусі

    Чаму пры наяўнасці палітычнай волі рэформы ў Беларусі пройдуць больш удала, чым у Грузіі.

    Мала хто аспрэчвае эфектыўнасць рэформаў у Грузіі, праведзеных пасля прыходу да ўлады Саакашвілі і яго маладой каманды ў 2004-ым. Міжнародная супольнасць была ў захапленні, што было адлюстравана ў шматлікіх рэйтынгах, у якіх Грузія імкліва прасоўвалася ўверх. Зразумела, нельга сцвярджаць, што рэформы былі выкананыя бездакорна і беспамылкова. Аднак немагчыма не заўважыць дасягненняў рэфарматараў.

    У Беларусі ж ужо нават Міністэрства эканомікі не верыць у нашую неэфектыўную мадэль, але наколькі вялікі наш патэнцыял для правядзення рэформаў? 

    Адказ на гэтае пытанне магчымы пры параўнанні патэнцыялу рэформаў, які існаваў у Грузіі на пачатку 2000-ых, і патэнцыялу, які існуе сёння ў Беларусі. Для рэалізацыя яго, праўда, патрэбныя палітычная воля, добра падабраная каманда і смеласць кіраўніцтва нашай краіны. Менавіта гэтыя фактары прывялі Грузію да гістарычнага рыўка.

    Карупцыя

    Відавочна, што карупцыя з’яўляецца асноўнай перашкодай для правядзення рэформаў у многіх краінах. Існаванне гэтай заганы тлумачыцца спакусай выкарыстаць уладу людзьмі, якія займаюць у ёй дамінуючыя пазіцыі, дзеля рэалізацыі асабістых патрэбаў.  

    У савецкія часы Грузія з’яўлялася адным з самых карумпаваных рэгіёнаў.

    Няшмат змянілася і на першым этапе ў постсавецкую эпоху: у рэйтынгу карупцыі Transparency international у 2004-ым Грузія дзяліла месцы з 133 да 140. Беларусь жа ў апошнім рэйтынгу TI займае 107 месца сярод іншых краін (Грузія на 48-ым радку), што дазваляе ёй, калі будзе палітычная воля, правесці паспяховыя рэформы.

    Бізнес

    Можна сумнявацца ў аўтарытэце рэйтынгу Doing Business і браць пад сумнеў высокае месца, якое Беларусь у ім займае. Тым больш праз тое, што ў нас умеюць ствараць «прыгожую абгортку» ў выглядзе прывабных лічбаў. Аднак немагчыма адмаўляць таго, што рэйтынг складаюць прафесіяналы на падставе рэальных эканамічных індыкатараў.

    У рэйтынгу Сусветнага банка Doing Business за 2016-ы Беларусь размясцілася на 37-ым месцы (Грузія на 16-ым месцы). У 2004-ым Сусветны банк не размяркоўваў краіны па канкрэтных месцах і метадалогія трохі адрознівалася ад сённяшняй. Але прааналізаваўшы звесткі за 2004 год і параўнаўшы індыкатары, можна зрабіць выснову аб тым, што Беларусь на сённяшні дзень па ўмовах вядзення бізнесу апярэджвае Грузію пачатку 2000-ых. Такім чынам, нашая краіна мае больш высокі мадэрнізацыйны патэнцыял, чым гэтая каўказская краіна.

    Натуральна, не варта забываць, што разам з тэхнічнымі ды інстытуцыянальнымі момантамі, ключавым фактарам у развіцці бізнесу з’яўляецца добразычлівае стаўленне да яго з боку ўладаў, іх жаданне бачыць у ім сябра, а не ворага. Але будзем лічыць, што гэта ўваходзіць у нашае паняцце палітычнай волі.

    Прамысловасць

    Вядома, што без добра развітай прамысловасці даволі складана дасягнуць істотнага эканамічнага прагрэсу. Канешне, калі ты не сядзіш на нафтавай, газавай ці іншай рэсурснай “іголцы”. Але нават у гэтай сітуацыі, як паказвае практыка, трэба ўмець распараджацца гэтай перавагай.

    Эканамічныя дадзеныя кажуць пра тое, што ў Грузіі ўзору 2004 года доля прамысловасці ў ВУП краіны складала 13,2 %.

    Вядомы і тое, што ў пачатку 2000-ых гадоў у гэтай краіне асноўнай часткай экспарту з’яўляўся металалом.

    Сектар прамысловасці ў эканоміцы Беларусі значна вышэйшы (26,4 % – паводле дадзеных Белстата), чым у Грузіі. Таксама беларуская прамысловасць больш дыверсіфікаваная і больш разнастайная з пункту гледжання экспарту.

    Канешне, у гэтым сектары ў Беларусі таксама існуюць праблемы: празмерная дзяржаўная прысутнасць у эканоміцы, тэхналагічная адсталасць прадпрыемстваў, а таксама адсутнасць кемлівых менеджараў. Але нягледзячы на наяўнасць недахопаў, пры правільным падыходзе да рэформаў у гэтым сегменце Беларусь першапачаткова знаходзіцца на больш высокай стартавай пазіцыі.

    10253353_754217757944177_1083527870_n

    Індэкс чалавечага развіцця

    У кантэксце правядзення рэформаў прынцыпова важным з’яўляецца чалавечы капітал: якасць адукацыі, прафесійныя навыкі, сістэма аховы здароўя, культура, якасць жыцця і гэтак далей.

    ПРААН кожны год складае Індэкс чалавечага развіцця, які з’яўляецца своеасаблівай меркай чалавечага капіталу ў канкрэтных краінах. У апошняй справаздачы, якая была апублікаваная ў 2015-ым годзе, Беларусь знаходзіцца на 50-ым месцы (Грузія на 76-ым). У сваю чаргу ў рэйтынгу за 2004-ы год Грузія знаходзілася на 97-ым месцы (Беларусь на 67-ым). Відавочна, што і паводле гэтага параметру першапачатковы рэфармісцкі патэнцыял незалежнай Беларусі вышэйшы за грузінскі.

    Рэйтынг няздольнасці дзяржаў

    Безумоўна, правядзенню рэформаў істотна замінае любая нестабільнасць, якая існуе як у краіне, так і за яе межамі, асабліва ў “блізкім коле”.

    Рэйтынг Fragile States іndex ацэньвае няздольнасць уладаў кантраляваць цэласнасць тэрыторыі, праблемы з уцекачамі, а таксама дэмаграфічную, палітычную і эканамічную сітуацыю ў краіне. Ён распрацоўваецца амерыканскім Фондам міру і часопісам Foreign Policy. Гэты аўтарытэтны рэйтынг у сваёй справаздачы за 2016-ы змясціў Беларусь на 87-ым радку (73,9 балы, паводле прынцыпу – чым больш балаў, тым горш) у катэгорыі краін “павышанай рызыкі”. Грузія знаходзіцца на 106-ым радку са 178 краін.

    Упершыню Грузія з’явілася ў гэтым рэйтынгу ў 2006-ым (звесткі за 2005 год), гэта значыць неўзабаве пасля прыходу да ўлады каманды Саакашвілі. У ім Грузія размясцілася на 86 месцы (са 146 краін) з 82,2 баламі (для параўнання найгоршы вынік 112,3 бала, найлепшы – 16,8).

    Як відаць і ў гэтым сегменце сітуацыя ў Беларусі больш выйгрышная і перспектыўная, чым у Грузіі.  

    Якую выснову можна зрабіць?

    Неабходна разумець, што нават у самых складаных абставінах сітуацыя можа стаць абарачальнай, а выйсце заўсёды існуе. Для гэтага патрэбныя слушная стратэгія, моцнае жаданне зрабіць жыццё ў сваёй краіне лепшым і прафесійныя, з сучасным мысленнем спецыялісты.

    Але перадусім патрэбная палітычная воля.

    Пры наяўнасці ж усіх гэтых фактараў у Беларусі могуць быць праведзеныя больш паспяховыя і ўстойлівыя рэформы, чым у Грузіі.

    ПаказацьСхаваць каментары