• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Як моднае вінаробства можа спыніць алкагалізацыю Беларусі

    Замест абмежаванняў ды акцызаў варта падвышаць культуру піцця і ствараць умовы для развіцця шляхетнага айчыннага крафтавага алкаголю.

    Сяргей – беларускі майстар-вінароб. Яго прозвішча мы не называем, бо ў Беларусі прыватныя вінаробы асабліва не афішуюць сваёй дзейнасці, бо без ліцэнзіі гэта не вельмі бяспечна. Пяць гадоў таму Сяргей пасадзіў 40 вінаградных кустоў у 10 кіламетрах ад Мінска, а сёння праводзіць дэгустацыю свайго віна ў модным бары на Зыбіцкай.

    Поўная зала аматараў віна згадзілася, што ніколі б не пазнала айчыннага прадукту ў гэтым вельмі прыстойным напоі.

     

    Прыродныя ўмовы не дазваляюць вырабляць сёння ў Беларусі віно з класічных сартоў: не хапае сумы тэмператур. Аднак сучасныя гібрыдныя формы вінаграду спеюць хутчэй. Вінаробу малой гаспадаркі зручней за ўсё менавіта з такіх сартоў рабіць асамбляж, то бок сумесь розных гатункаў вінаграду яшчэ на стадыі выспявання, хоць класічнае монасортавае віно і застаецца марай.

    Зрэшты, прырода і глабальнае пацяпленне тут на беларускім баку. Сяргей распавядае, што пакуль яшчэ на зіму даводзіцца ўкрываць хмызы ад граду. Аднак у апошнім сезоне было так спякотна (то бок вінаград настолькі добра выспеў), што ў віно нават не прыйшлося дадаваць цукру.

    Фота: Вадзім Мажэйка

    Фота: Вадзім Мажэйка

    Абмежаванні –  не выйсце, а дадатковая пагроза

    Беларусы п’юць, і п’юць зашмат (калі ёсць сумневы – вас пераканае інфаграфіка). Бессэнсоўна спрачацца са статыстыкай і методыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароў’я: п’ем мы больш за ўсіх у свеце (17,5 літраў чыстага алкаголю на беларуса, які дасягнуў 15-гадовага ўзросту, як кажуць дадзеныя СААЗ) ці “ўсяго толькі” ўваходзім у ТОП-20 (11.14 літраў, як кажуць беларускія афіцыйныя дадзеныя). Факт у тым, што п’ем мы жахліва многа алкаголь губіць беларускую нацыю. Няма сумневаў, што гэта дрэнна, пытанне толькі ў тым, што з гэтым рабіць.

    Не існуе ніякай адной чароўнай рэкамендацыі, якая здыме праблему.

    Людзі п’юць з розных прычынаў, і падыходзіць да праблемы трэба комплексна, у тым ліку ажно да рэфармавання краіны, каб беларусам было чым заняць свой час і куды накіраваць энергію. Аднак у постсавецкіх галовах часцяком дагэтуль дамінуе адзінае выйсце – “не пускаць, забараніць!”, у тым ліку праз павышэнне акцызаў.

    Абмежавальныя меры (калі яны не частка комплекснай палітыкі як у Скандынавіі) – не толькі неэфектыўныя, але і спрыяюць узнікненню чорнага рынку. Нармальны чалавек з-за гэтага не можа набыць піва ў кругласуткавым супермаркеце ды замовіць бутэльку віна ў “Е-Дастаўцы”. Алкаголік жа набывае гарэлку з рук каля крамы альбо чакае кур’ера-бутлегера. Тут усё магчымасці для распаўсюду небяспечных нелегальных напояў ад “паленай” расійскай гарэлкі да аналага настойкі на глогу, якая ўтрымлівае небяспечны для жыцця метанол.

    Што да акцызаў, то менавіта іх вялікі памер і стымулюе беларусаў завозіць кантрафакт з Расіі. Жаданне дзяржавы зарабіць на акцызах прывяло да росту ценявога рынку і скарачэння прыбыткаў бюджэту. Да і наогул навукоўцы сцвярджаюць, што акцызны прыбытак дзяржавы фэйкавы: на $ 1,5 бюджэтных прыбыткаў ад алкаголю прыпадае $1 дэмаграфічных стратаў

    Культура піцця і вінная лібералізацыя

    Калі абмежаванні працуюць дрэнна, тады варта звярнуцца да іншага складніка эфектыўнай барацьбы з алкаголем – да выпрацоўкі культуры піцця.

    Не трэба кідацца ў крайнасці і марыць, каб з самай “п’янай” краіны свету ператварыцца ў цалкам непітушчую.

    Піць – гэта не настолькі страшна (некаторыя навукоўцы нават могуць называць алкаголь рухавіком эвалюцыі), але трэба ведаць, што ты п’еш, і лічыць памер выпітага, трэба памятаць пра асабістую норму. Піць магчыма густоўна і інтэлігентна, а не толькі напівацца. Гэта не мае нічога агульнага з прапагандай алкаголю і пагрозай для здароўя нацыі. Наадварот, выпрацоўка культуры піцця – доўгі шлях, аднак ён, сярод іншага, таксама бароніць ад алкагалізму.

    Калі мы хочам, каб беларусы, якія бяднеюць, не пераходзілі на кантрафакт ды “чарніла”, то трэба прапаноўваць ім альтэрнатыву. Першыя такія прыватныя ініцыятывы ёсць. З 2008-га ў Беларусі выпускаюць якасны сідр “Першая дыстылярня” (вы маглі пакаштаваць яго на Зыбіцкай). У Берасці вараць крафтавае піва “13 Litar”. Пакрысе развіваецца хатняе піваварэнне ды згаданае вышэй гаражнае вінаробства.

    Вінароб Сяргей адзначаў на дэгустацыі, што пачынаць сямейны вінны бізнес можна і з адным гектарам зямлі, прыклад чаго  гаражнае вінаробства, якое квітнела ў 1980-ыя гады ў Францыі. Але сёння беларусаў абмяжоўвае ліцэнзія, якую для аматара атрымаць нерэальна. Таму вінаробам застаецца зайздросціць расійскім калегам, якія зрабілі значны крок наперад за апошнія гады.

    Умовы для шляхетнага піцця

    У Расіі шмат робяць для падтрымкі сваіх вінаробаў, ёсць адпаведная супольнасць. Галоўны лабіст расійскага вінаробства – карумпаваны прэм’ер-міністр, які мае асабістыя вінаграднікі і адпаведныя бізнес-інтарэсы. У выніку продаж віна з 2013 года расце на 7 % штогод. Сідр у Расіі таксама прызналі сельгаспрадуктам ды зніжаюць акцызы на яго разам з медавухай. Адмыслоўцы прагназуюць росквіт малых прыватных вінакурань у Расіі.

    Калі Беларусь не прыме адпаведных захадаў, то будзе лузерам на гэтым рынку.

    Паспрыяць магла б згуртаваная супольнасць вінаробаў, такая, як у Расеі. На беларускім злёце вінаградараў, што праўда, узнялі ідэю аб’яднання, але вырашылі “не свяціцца”. Перашкаджае і рознасць інтарэсаў: нехта робіць віно для сябе, а нехта амаль у прамысловых маштабах для агратурыстаў (у адрозненні ад Расіі тут гэта паўлегальна).

    Як падкрэсліваў на дэгустацыі майстар Сяргей, гістарычна на беларускіх землях віно пілі каралі, шляхта, магнаты – гэта быў сімвал раскошы. Традыцыі зачаўрэлі разам з усёй Рэччу Паспалітай. Каб беларусы і сёння не співаліся, а пілі шляхетна, варта пераймаць расійскі досвед як у дзяржаўных намаганнях па лібералізацыі віннага рынку, гэтак і ў гуртаванні вінаробаў.

    ПаказацьСхаваць каментары