• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Чаму Балонскія рэформы не выратуюць беларускай адукацыі

    Балонскі працэс можа вырашыць касметычныя праблемы Беларусі, але нашмат важней займацца фундаментальнымі выклікамі.

    Менш чым паўтара года засталося да разгляду прагрэсу, які дасягнула Беларусь у імплементацыі Балонскага працэсу, куды была прынятая “ўмоўна” ў 2015-ым. Насуперак пануючаму ў Беларусі (сярод незалежных экспертаў) звышаптымістычнаму погляду на Балонскія рэформы, іх ацэнка нават у краінах ЕС далёкая ад усеагульнага захаплення. Шматлікія перавагі Балонскага працэсу міфічныя, а Беларусі гэтыя рэформы могуць нанесці нават шкоду.

    Балонскі працэс і knowledge economy

    Калі паглядзець назад, то першапачаткова амбіцыі Балонскіх рэформаў зводзіліся да разбудовы магутнай агульнаеўрапейскай эканомікі ведаў, бо навука і інавацыі – гэта крыніца эканамічнага росту. І роля Балонскіх рэформаў была акурат у тым, каб падтрымаць гэты рост.

    Але ў выніку аказалася, што гэтыя рэформы слаба адпавядаюць заяўленым мэтам. Група сусветнавядомых эканамістаў у сваім даследаванні падкрэслівала недахопы Балонскага працэсу, якія выяўляліся ў засяроджанні на бакалаўрыяце ды ў малой увазе да graduate studies. Але менавіта постбакалаўрыят судакранаецца з навукай і інавацыямі, гэтак неабходнымі для эканамічнага росту.

    Такім чынам, Балонскі працэс мае мала агульнага з навукай і, напэўна, не палепшыць стану навукі ў Беларусі. Гэта азначае, што навучальныя ўстановы не змогуць наймаць вядомых навукоўцаў, плаціць ім добрыя заробкі, усталёўваць высокія кошты за навучанне ды прыносіць валюту ў бюджэт. Як доказ, еўрапейскія ўніверсітэты за дзесяць гадоў амаль не палепшылі сваіх паказнікаў у Шанхайскім рэйтынгу сярод ТОП-100 універсітэтаў.

    Больш за тое, трохгадовы бакалаўрыят, нягледзячы на распаўсюд, так і не стаў паўнавартаснай навуковай ступенню ў Еўропе.

    Напрыклад, вядучыя кампаніі ў Германіі, напрыклад, Exxon Mobil, канцэрн Bayer ды Ernst and Young выказвалі заклапочанасць якасцю, глыбінёй ды шырынёй падрыхтоўкі бакалаўраў. Прадстаўнік Exxon Mobil ў 2008-ым казаў: “Цяжка ўявіць сабе бакалаўра ў нашым R&D дэпартаменце”.

    Згодна з даследаваннем 2010 года Еўрапейскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, 85 % апытаных прадстаўнікоў універсітэтаў чакалі ад студэнтаў уключэння ў другі (магістарскі) цыкл адукацыі, а не выхаду на рынак працы. А аўстрыйскі ўрад не ўспрымаў бакалаўрыят як паўнавартасную ступень пры найме на дзяржпасады.

    Маласэнсоўнасць падзелу на бакалаўрыят і магістратуру паказваюць інжынерныя вучэльні. Перад уступленнем у Балонскі працэс Германія і Францыя – вядучыя эканомікі ЕС – мелі вядомыя сваёй якасцю пяцігадовыя інжынерныя праграмы, якія пастаўлялі кадры Siemens (вытворчасць турбінаў, генератараў электрычнасці) або Snecma (вытворчасць авія-/касмічных рухавікоў).

    Цяпер жа яны дэ-факта не выконваюць палажэння аб двухузроўневым навучанні.

    Яны захавалі пяцігадовыя праграмы, напрыклад, па васьмі інжынерных кірунках ва ўніверсітэце Aix Marselle ды па сямнаццаці кірунках у Тэхнічным універсітэце Дрэздэна.

    Змест беларускіх інжынерных праграм, у сваю чаргу, амаль не адрозніваецца ад аналагаў, напрыклад, Тэхнічнага ўніверсітэта Дрэздэна ці Марсельскага ўніверсітэта. Ён нават больш складаны, што пры ўмове эканамічных рэформ станоўча адаб’ецца на росце эканомікі.

    Унутраная еўрапейская мабільнасць ды праблема прызнання дыпломаў

    Прыхільнікі Балонскага працэсу шмат кажуць пра пашырэнне мабільнасці студэнтаў ды пашырэнне прызнання дыпломаў беларускіх ВНУ ў Еўропе. Рэчаіснасць, аднак, адрозніваецца ад дэкларацый.

    Пашырэнне ўнутранай еўрапейскай мабільнасці ў рамках Балонскага працэсу цалкам праваленая ў краінах Еўропы.

    Паводле апошняй даступнай статыстыкі за 1999-2007 гады, колькасць замежных студэнтаў, якія з’яўляюцца грамадзянамі іншых еўрапейскіх краін, вырасла з 3 % да 3,3 %.

    Што датычыцца прызнання дыпломаў, то беларускія ІТ-спецыялісты не маюць цяжкасцяў з працай у Еўропе, а магчымасць працаўладкавання беларусаў, да прыкладу, у Германіі залежыць не ад адукацыі, а ад узроўню пратэкцыянізму на рынку працы. Напрыклад, дыплом БНТУ ці БДУІР расцэньваецца ў Германіі як эквівалентны нямецкі дыплом.

    Разам з тым на прыродазнаўчых кірунках Балонская сістэма “бакалаўр-магістр” мае перавагі.

    Яна дазваляе стварыць вучэбны план, дзе бакалаўрскім прадметам ставяцца ў адпаведнасць магістарскія – больш глыбокія ды звязаныя з сучаснымі даследаваннямі. Гэта неэфектыўна для інжынераў, эканамістаў і лекараў, але гэта ж дазваляе матэматыку пасля бакалаўрыята стаць, напрыклад, на магістарскай ступені фізікам-тэарэтыкам ці адмыслоўцам у статыстыцы.

    Якія рэформы патрэбныя?

    Калі звяртацца да фактаў, то можна вывесці, што Балонская сістэма – супярэчлівая і недзе нават шкодная.

    Вядома, беларускім ВНУ крытычна не хапае аўтаноміі, пашырэння правоў студэнтаў, выбараў рэктараў.

    Але ім таксама не хапае сучасных курсаў эканомікі, сучасных курсаў матэматыкі і вядомых прафесараў. Таму Беларусі варта было б не ўціскаць нацыянальную сістэму ў Пракрустава ложа чарговай ідэалогіі, а рэфармаваць адукацыйную сістэму паводле ўласных патрэбаў.

    Напрыклад, не варта спяшацца скарачаць тэрміны навучання як мінімум на тэхнічных кірунках. Таксама важна перайсці на найм выкладчыкаў на міжнародным рынку працы – гэта натуральным чынам падштурхне аўтаномію, бо немагчыма маніпуляваць і запалохваць выкладчыка, які быў запрошаны на падставе акадэмічных стандартаў. Важна таксама вычышчаць састарэлыя ды неактуальныя прадметы: на механіка-матэматычным факультэце гэта, напрыклад, блізу паловы дысцыплінаў.

    Калі казаць наагул, то палітыка ў галіне адукацыі павінна стаць функцыяй ад эканамічных рэформ, бо фундаментальныя выклікі і Балонскага працэсу, і беларускай адукацыі досыць падобныя – яны мусяць служыць росту дабрабыту.

    ПаказацьСхаваць каментары