• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Ніколі не позна перастаць быць неталерантнай нацыяй

    Чатыры шляхі, як беларусам перамагчы расізм і неталерантнасць.

    Кожны беларус напэўна не раз чуў, што мы вельмі талерантны і цярпімы народ, што мы ўсіх любім і да ўсіх ставімся добра. Але насамрэч гэта міф. Паводле “Індэкса расізму” Гарвардскага ўніверсітэта Беларусь аказалася ў тройцы еўрапейскіх лідараў паводле негатыўнага ўспрыняцця чарнаскурых людзей. Другое даследаванне, ініцыяванае міжнароднай арганізацыяй PACT, паказвае, што беларусы прыпісваюць талерантнасць іншым беларусам, а не сабе.
     

    Тое, як беларусы ставяцца да прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў, можна пабачыць у тым жа самым даследаванні. Апытанне сведчыць, што беларусы ставяцца  да іх амаль гэтак жа негатыўна як да алкаголікаў, наркаманаў і хворых на ВІЧ.

     

    У адносінах да прадстаўнікоў іншых народаў таксама не ўсё проста. Нават нягледзячы на існыя брацкія пачуцці паміж народамі, да расіянаў шмат хто з беларусаў ставіцца асцярожна. І лічыць за лепшае любіць іх на адлегласці.

     

    Да ўкраінцаў стаўленне не лепшае. І няхай не ўводзіць у зман нейтральнае стаўленне амаль паловы рэспандэнтаў. Як адзначаюць сацыёлагі, у Беларусі рэспандэнты часцяком выбіраюць нейтральны варыянт, калі схіляюцца да негатыўнага, але не хочуць выразна фармуляваць сваю пазіцыю.

     

    Што тычыцца стаўлення да літоўцаў і латышоў, усё падаецца яшчэ больш сумным. Нягледзячы на ​​тое, што даследаванне праведзена даволі даўно, наўрад ці існуюць перадумовы да таго, каб у цэлым стаўленне беларусаў да гэтых народаў памянялася. Хутчэй наадварот, у святле канфлікту вакол АЭС, стаўленне да жыхароў Літвы дакладна не палепшылася.

    Беларусаў можна ў нейкім сэнсе зразумець.

    Няпростая гісторыя краіны вымушае народ да ўсіх чужынцаў ставіцца з асцярогай.

    Беларусы, як аказалася, не вельмі добра ставяцца да прыезджых. Усяго толькі 22,6 % рэспандэнтаў станоўча ставяцца да ўсіх замежнікаў, якія прыязджаюць у Беларусь (усё тое ж даследаванне PACT), незалежна ад таго, як надоўга яны маюць намер застацца ў краіне. І дзе ж славутая беларуская гасціннасць?

    Сваю працу тут, безумоўна, як і ў сітуацыі з сексуальнымі меншасцямі робяць дзяржаўныя, а таксама расійскія СМІ, якія пастаянна распавядаюць страшылкі пра тое, што адбываецца на Захадзе. І на гэтыя казкі многія людзі ахвотна вядуцца, убудоўваючы ў свой лад мыслення медыйную карцінку, не спрабуючы ставіцца да інфармацыі крытычна.

    У Беларусі па-ранейшаму шмат хто прытрымліваецца пазіцыі, пры якой жанчына разглядаецца як больш слабы і неабаронены чалавек, а мужчына бачыцца нібыта на прыступку вышэй. Культурныя забабоны беларусаў адлюстроўваюцца ў даследаванні, праведзеным Даследчым цэнтрам П’ю, а таксама сярод студэнтаў мінскіх універсітэтаў.

    Дык што ж трэба рабіць, каб беларусы сталі больш талерантнымі?

    Адукацыя

    Адукацыя, безумоўна, з’яўляецца адным з найбольш важных фактараў дзеля павышэння ўзроўню талерантнасці сярод беларусаў. І яна павінна датычыць як вучняў, так і выкладчыкаў ды адміністрацыі навучальных установаў. Натуральна, трэба падумаць над фарматам, як найбольш аптымальна гэта можна рэалізаваць. Але гэта тое, на што дакладна трэба звярнуць увагу.

    Інфармацыйна-асветніцкая кампанія

    Вялікая роля ў барацьбе з неталерантнасцю ў Беларусі павінна быць адведзеная дзяржаве. На ўзроўні дзяржавы трэба правесці адпаведную інфармацыйна-асветніцкую кампанію.

    Сёння дзяржава шмат увагі надае сацыяльнай рэкламе, якую часцяком можна пабачыць у тэлевізары альбо на білбордах. Нешта падобнае можна зрабіць і ў пытанні талерантнасці.

    У грамадстве слова “ талерантнасць” часцяком успрымаецца як лаянка. І не дзіва, калі яно нярэдка падаецца пад негатыўным соусам. Патрэбна падрыхтаваная і якасная кампанія па змене ладу мыслення беларусаў.

    Падтрымка замежных донараў

    У свеце вялікая колькасць міжнародных арганізацыяў і фондаў займаюцца праблематыкай дыскрымінацыі і талерантнасці. І яны шчодра гатовыя фінансаваць адпаведныя праекты.

    У гэтым выпадку асаблівая роля адводзіцца як недзяржаўным арганізацыям у Беларусі, так і дзяржаўным арганізацыям, якія могуць звяртацца па падтрымку да замежных донараў і рэалізоўваць праекты, спрыяючы вырашэнню праблемы.

    Паездкі за мяжу

    Вядома, што найбольш талерантнымі краінамі з’яўляюцца тыя, грамадзяне якіх маюць магчымасць падарожнічаць і пазнаваць свет за межамі сваёй дзяржавы. Гэта пацвярджае The Legatum Prosperity Index 2016.

    Магчымасць пабачыць свет дае разуменне таго, што іншы не значыць дрэнны. З’яўляецца свядомасць, што такі чалавек таксама паўнавартасна можа жыць у грамадстве. Так, Захад у параўнанні з Беларуссю, напэўна, здзівіць колькасцю людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў публічных месцах. І, сапраўды, цяжка ўявіць, што там інвалід-вазочнік не можа патрапіць у забаўляльную ўстанову.

    Беларусам трэба больш ездзіць за мяжу. І не толькі па пакупкі ў суседнія Польшчу і Літву. І дапамагчы ім у гэтым павінна дзяржава, забяспечваючы пэўны ўзровень жыцця сваім грамадзянам, а таксама праводзячы адкрытую і прыязную замежную палітыку.

    ПаказацьСхаваць каментары