• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Чатыры ідэі, як выціснуць нудоту са школьных падручнікаў

    Замест састарэлай інфармацыі і прапаганды патрэбныя сучасныя тэхналогіі і глыбейшы гуманітарны ўхіл. Аднак ёсць чыннік, які ўсё псуе.

    Да 1 верасня 2019 года ў Беларусі абновяць усе школьныя падручнікі – цяжка нават падлічыць, які гэта ўжо раз за апошні час. Аднак пасля кожнага абнаўлення нагоды для крытыкі на найвышэйшым узроўні застаюцца, і ўсё пачынаецца зноўку. Стомленыя гэтым працэсам упадаюць у адваротную скрайнасць: не мяняць падручнікі ўвогуле. Аднак сучасныя змены ў школьных падручніках патрэбныя – толькі ўводзіць іх трэба не так, як было ў нас дагэтуль.

    Тэхналагічна і экалагічна

    Укараняць у школах планшэты замест папяровых кніжак Міністэрства адукацыі прапаноўвала яшчэ ў 2011 годзе. Тады гаворка ішла не толькі пра зручнасць і лёгкія заплечнікі, але і пра бюджэтную эканомію Br 20 млрд ($ 6,7 млн па курсе на той час). За мінулыя 7 год прайшло некалькі эксперыментаў, але да масавага выкарыстання планшэтаў так і не дайшло.

    Бацькі скардзяцца не толькі на адсутнасць планшэтаў ад дзяржавы, але і на перашкоды ў карыстанні асабістай тэхнікай: складана было знайсці ўсе патрэбныя навучальныя матэрыялы ў электронным выглядзе, настаўнікі забараняюць карыстацца гаджэтам на ўроку, а калі і дазваляюць, то патрабуюць даведку ад лекара пра скаліёз. А прэс-сакратарка Мінадукацыі распавядае журналістам алармісцкія байкі: “Дзецям больш за 7 хвілін перад камп’ютарам або планшэтам сядзець нельга, гэта супрацьпаказана – так медыкі гавораць”.

    З такім кансерватыўна-панікёрскім падыходам мы сучаснай школы не пабудуем.

    Добра, што цяпер усе навучальныя дапаможнікі ёсць на Нацыянальным адукацыйным партале. Некаторыя прасунутыя вучні наўпрост спампоўваюць іх на свой iPad ды так і ходзяць у школу. І рыхтавацца да ўрокаў у такім разе можна дзе заўгодна, неабавязкова сядаць за ненавісную парту.

    Аднак мала выкласці ў анлайн pdf-версіі звычайных кніжак. Пры распрацоўцы новых падручнікаў варта выкарыстоўваць магчымасці планшэтаў: дадаваць у параграфы відэа і інтэрактыўную інфаграфіку, гіперспасылкі і невялікія гульні – як гэта робіць у асветніцкіх праектах той жа Arzamas. Гэта дае большую верагоднасць, чымся тэхналагічныя дасягненні часоў Гутэнберга, што моладзь зацікавіцца выкладзеным матэрыялам.

    Зрэшты, выкарыстанне планшэтаў замест папяровых кніжак яшчэ і вельмі экалагічнае, бо дазваляе ашчадзіць тоны паперы. Усе гэтыя бясконцыя перадрукі падручнікаў – удар па навакольным асяроддзі. А дзяцей трэба навучаць экалагічнаму ладу жыцця, і не толькі змушаць да збору макулатуры.

    Развіваць гуманітарныя веды без прапаганды

    Сённяшні свет з яго крэатыўнымі індустрыямі патрабуе гуманітарных ведаў нават для айцішнікаў. Аднак з гуманітарнымі навукамі ў беларускіх школах бяда: цэлы шэраг інфармацыі з абсалютна розных гуманітарных сфераў звалены ў кучу ў межах аднаго прадмету пад назвай “Грамадазнаўства”. І да якасці падручнікаў па гэтым прадмеце ёсць пытанні.

    Напрыклад, тэма пра міжнародныя адносіны ў падручніку адзінаццатага класу амаль не ўзгадвае дачыненняў між Беларуссю і ЕС ды ЗША (не кажучы ўжо пра санкцыі). Ёсць толькі скупая інфармацыя пра транзіт і гандаль. Затое там сцвярджаецца, што “з геапалітычнага становішча Рэспублікі Беларусь вынікае, перш за ўсё, неабходнасць развіцця адносін з Расійскай Федэрацыяй”.

    Хапае і іншых сумнеўных фармулёвак, дзе аўтар не абцяжарвае сябе хоць-якімі доказамі: “У нашыя дні палітычныя партыі, паводле агульнага меркавання палітолагаў і палітыкаў, перажываюць перыяд заняпаду”; “неаліберальная глабалізацыя забяспечвае штучна створаныя патрэбы «залатога мільярда», якія ўвесь час растуць”; “паводле ацэнак навукоўцаў, на постсавецкай прасторы Беларусь з’яўляецца лідарам па гендарнай роўнасці”.

    А параграф пра палітычнае лідарства наўпрост поўніцца кампліментамі ў бок Аляксандра Лукашэнкі.

    Дзеля справядлівасці, змест цяперашніх падручнікаў змяніўся ў лепшы бок з часоў майго навучання ў школе, аднак над якасцю і выкладаннем розных меркаванняў варта яшчэ працаваць. Напрыклад, можна выкарыстоўваць альтэрнатыўны навучальны дапаможнік, падрыхтаваны экспертамі “Ліберальнага клуба”.

    Сучасная інфарматыка для IT-краіны

    Беларусь імкнецца развіваць блокчэйн ды крыптавалюты, хоча быць IT-краінай. Аднак у школе навучаюць ледзь не падлікам на арыфмометры.

    Напрыклад, вучэбная праграма па інфарматыцы для 10-11 класаў сярод сродкаў камунікацыі ў “сетцы Інтэрнэт” (так, яшчэ з вялікай літары) узгадвае “інтэрнэт-пэйджары”. Асобна вывучаецца “Падрыхтоўка выяваў для Інтэрнэту”.

    У восьмым класе падлеткаў тры гадзіны (!) вучаць, як працаваць з электроннай поштай.

    Гэта ўсё больш нагадвае курсы для пенсіянераў, чымся навучанне пакалення лічбавай эпохі.

    Пры гэтым у Беларусі процьма айцішнікаў ды адмысловых навучальных цэнтраў, функцыянуе ПВТ, а ў Imaguru нават існуюць спецыяльныя курсы для падлеткаў TeenGuru, дзе навучаюць інфармацыйным тэхналогіям як прадпрымальніцтву. Няма сумневаў, што гэтыя людзі адгукнуліся б і дапамаглі перапрацаваць школьныя праграмы на сучасны лад.

    Праца талакой замест кулуарных распрацовак

    Крыніца шмат якія праблем школьных падручнікаў у тым, што над імі працуюць толькі акадэмічныя навукоўцы ды настаўнікі. Іх кампетэнцыі часам выклікаюць сумнеў: дастаткова ўзгадаць асобу Якава Трашчанка, колішняга магілёўскага настаўніка Аляксандра Лукашэнкі. Ён за кароткі час выдаў некалькі падручнікаў па гісторыі Беларусі, дзе, як мяркуе гісторык Аляксандр Смалянчук, “відавочная спроба мадэрнізаваць гістарыяграфічную савецкасць з дапамогай канцэпцыі “заходнерусізму” … дапоўненай добрай дозай праваслаўнага празелітызму”.

    Аднак нават самыя лепшыя настаўнікі ды навукоўцы – не адзіныя людзі, каго варта прыцягваць да працы над школьнымі падручнікамі. Як бачна з прыкладаў вышэй, ёсць што дадаць і грамадскім арганізацыям, і бізнесу, і ўстановам дадатковай адукацыі.

    Рэпетытары, бадай, лепей за ўсіх ведаюць, да чаго вядзе навучанне па існых беларускіх падручніках.

    Не трэба саромецца запытаць і міжнародных экспертаў, напрыклад, з Фінляндыі – сусветнага лідара ў дасягненнях школьнай адукацыі.

    Аднак нават па самых цудоўных падручніках вучаць настаўнікі, ролю якіх таксама нельга недаацэньваць. Пакуль жа праца педагога ў Беларусі, у адрозненне ад той жа Фінляндыі, з’яўляецца малапрэстыжнай. Тут не да новых падручнікаў на планшэтах, калі яшчэ не ўвесь кал вучняў сабраны.

    ПаказацьСхаваць каментары