• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Ці ў стане ліберальная дэмакратыя перажыць яшчэ адзін фінансавы крызіс?

    Выглядае, што мы не засвоілі ўрокі нядаўняга мінулага і, можа быць, нам выпадзе паўтараць іх у будучыні.

    У апошнія тыдні сродкі масавай інфармацыі ўсяго свету адзначылі дзесяцігадовы юбілей знакавай падзеі сусветнага фінансавага крызісу: банкруцтва і краху Lehman Brothers, некалі аднаго з самых буйных інвестыцыйных банкаў ЗША. Большая частка матэрыялаў тычылася падзеяў, якія прывялі да крызісу, “галоўных злодзеяў” і гераічных палітычных высілкаў, дзякуючы якім сусветную эканоміку адвялі ад краю прорвы, перадухіліўшы паўтарэнне Вялікай Дэпрэсіі.

    Аднак нязручная праўда палягае ў тым, што ні структура фінансавай сістэмы, ні палітычны дыскурс вакол яе не змяніліся настолькі, каб перадухіліць яшчэ адзін падобны крах.

    З большага, урокі 2007-2008 гадоў былі забытыя – або проста разглядаюцца як далёкая, нават калі і змрочная, гісторыя, якая мае мала чаго агульнага з сённяшнім днём.

    Такое самазаспакаенне можна ўбачыць у адмове прэзідэнта Дональда Трампа ад захадаў больш жорсткага банкаўскага рэгулявання ў ЗША, уведзеных пасля 2008 года. У траўні гэтага года, Кангрэс прыняў першы пакет захадаў, якія значна змякчаюць палажэнні Закону Дода-Фрэнка ад 2010 года. Больш за тое, Трамп прызначыў кіраўнікамі ключавых агенцваў па фінансавым кантролі шэраг чыноўнікаў, якія выступаюць за менш жорсткае рэгуляванне. Паколькі Закон Дода-Фрэнка надзяляе гэтыя агенцтвы з вялікай доляй аўтаномнасці ў забеспячэнні выканання фінансавых правілаў, згаданыя прызначэнні дэ-факта аслабляюць рэгуляванне.

    Аналагічным чынам, некалькі буйных урадаў сапраўды прынялі блізка да сэрца праблемы ў банкаў, занадта вялікіх, каб збанкрутаваць. Крызіс паказаў, што бывае немагчымым зачыніць вялікія банкі з буйной запазычанасцю без шкоды для эканомікі ў цэлым – факт, які прымушае палітычных лідараў ратаваць іх ад банкруцтва.

    Гэты ўрок, падобна, забыты шмат дзе ў Еўропе.

    Напрыклад, расце палітычная падтрымка ідэі зліцця паміж Deutsche Bank і Commerzbank, хоць калі скласці іх балансы – каля 1500 млрд. долараў і 500 млрд. долараў адпаведна – паўстане ўстанова, кошт якой – прыкладна 60 працэнтаў ВУП Германіі. Баланс BNP Paribas, найбуйнейшага банку Францыі, вырас з прыкладна 1600 млрд. долараў у 2007 годзе да каля 2000 млрд. долараў у 2017 годзе.

    Урадам таксама не ўдалося вырашыць праблему залішняй складанасці фінансавага сектару. Адной з самых паказальных асаблівасцяў крызісу 2007-2008 гадоў было тое, што ён паказаў, як мала людзей разумеюць візантыйскую прыроду ўзаемасувязяў паміж глабальнымі фінансавымі інстытутамі. Пасля банкруцтва Lehman Brothers і, у працяг, краху рынку, узніклі істотныя перасцярогі, што банкруцтва аднаго буйнога фінансавага гульца прывядзе да руйнавання ўсёй сістэмы – нават калі ніхто ня мог дакладна зразумець шляхі, праз якія гэта магло адбыцца.

    Часткова перасцярогі былі абумоўленыя існаваннем велізарнага рынку пазабіржавых дэрыватываў (over-the-counter derivates, OTCs) – нестандартызаваных кантрактаў паміж установамі, для якіх не было цэнтралізаванай сістэмы рэгістрацыі і адносна якіх дэфолт, масавы абмен або змена працэнтных ставак маглі справакаваць праблемы. У 2007 годзе на самым пачатку крызісу ва ўсім свеце такіх непагашаных дэрыватываў было на суму ў 507 трлн долараў (для параўнання, паводле прагнозаў, сусветны ВУП у 2018 крыху менш за 90 трлн долараў). У 2018 годзе, паводле апошніх дадзеных Банку Міжнародных Разлікаў, непагашаных OTCs ёсць на 531 трлн долараў.

    Іншая праблема – Еўрапейскі банкаўскі саюз застаецца няпоўным.

    Еўрапейскія палітыкі занадта мала ўвагі надаюць вырашэнню вядомых праблемаў у сістэме, якія спрычыніліся да крызісу еўразоны і абумовілі яго працяглы характар. Да гэтага часу няма адзінай схемы страхавання дэпазітаў, тым часам як агульны фонд для рэкапіталізацыі банкаў падчас крызісу застаецца да смеху малым.

    Такім чынам, нават калі ў сусветнай банкаўскай сістэме не чакаецца ў бліжэйшы час яшчэ аднаго крызісу, але ніхто ня зможа выключыць магчымасць яшчэ аднаго сусветнага фінансавага калапсу, скажам, у недзе ў наступным дзесяцігоддзі. Было б памылковым гаворыць толькі пра патэнцыйны эканамічны ўрон: так, крах 2007-2008 гадоў каштаваў сотні мільярдаў наўпроставых выдаткаў для выратавання банкаў і палічаныя трыльёны ад падзення вытворчасці як вынік.

    Аднак, хоць большасць людзей не ўсведамляюць гэтага, фінансавы крызіс, хутчэй за ўсё, адыграў важную ролю ў эрозіі заходняй ліберальнай дэмакратыі.

    Эканамісты Мануэль Функе, Морыц Шулярык, і Крыстоф Трэбэш паказалі, што ў краінах з развітай эканомікай на працягу доўгага перыяду, пачынаючы з 1870, доля галасоў за правыя партыі павялічвалася ў сярэднім на 30% (не працэнтных пунктаў) пасля фінансавых крызісаў. Гэты эфект быў уласцівы фінансавым крызісам і не адносіцца да рэцэсіяў або макраэканамічных шокаў, што ўзніклі па-за фінансавай сістэмай.

    Цалкам верагодна, што фінансавы крызіс і наступнае банкруцтва банкаў стварае шырока распаўсюджанае ўражанне, што карумпаваная эліта эксплуатуе шараговых грамадзянаў. Паколькі трансфер грошай падаткаплатнікаў на карысць запазычаных банкаў скарачае дзяржаўны бюджэт, пасля крызісу часта надыходзіць перыяд жорсткай эканоміі бюджэтных сродкаў. Эканомія бюджэтных сродкаў вядзе да росту беспрацоўя, а таксама павелічэння канкурэнцыі за ўсё больш абмежаваныя грамадскія даброты, такія як ахова здароўя, адукацыя і інфраструктура.

    У некаторых краінах такая канкурэнцыя можа прывесці да абвастрэння варожасці паміж тутэйшымі і нетутэйшымі грамадзянамі.

    Меркаванні шмат якіх еўрапейскіх выбарцаў пацвярджаюць такую інтэрпрэтацыю падзеяў. Напрыклад, напярэдадні рэферэндуму аб выхадзе Велікабрытаніі з ЕС (брэкзіт), некаторыя грамадзяне Велікабрытаніі выказалі занепакоенасць тым, што працоўныя мігранты з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы маюць роўны доступ да дзяржаўных школаў, а Нацыянальная служба аховы здароўя перагружаная з прычыны скарачэння фінансавання. Падобная заклапочанасць пануе ў тых раёнах Берліну, дзе ёсць моцная падтрымка для правай партыі “Альтэрнатыва для Нямеччыны”. Шырока распаўсюджанае наступнае абурэнне: “урад гадамі казаў нам, што грошай на рамонт будынку школы няма. Але для банкаў і ўцекачоў грошы раптоўна знаходзяцца”.

    У той час як эмпірычныя даследаванні згаданых трох эканамістаў могуць падлягаць крытыцы па некалькіх кірунках, іхная больш шырокая выснова выглядае вераемнай. Калі частку галасоў за Трампа і галасаванне за брэкзіт можа лічыць галасаваннем за папулізм, цяжка знайсці краіну, якая  перажыла суворы банкаўскі крызіс у 2007-2009 гадах і не спазнала росту выбарчай падтрымкі папулістаў. Гэта з’ява тычацца не толькі падтрымкі правых партыяў: левыя папулісты, такія як Podemos (“Мы можам”), запоўнілі вакуум у Іспаніі, у той час як італьянская палітычная сістэма адчувае ціск з абодвух флангаў.

    Вядома, папулісцкая хваля абумоўленая ня толькі сусветным фінансавым крызісам.

    Але падзеі 2007-2008 гадоў, як уяўляецца, істотна паўплывалі на працяглую палітычную нестабільнасць у краінах заходняй дэмакратыі.

    Усё гэта падводзіць да трывожнага пытання: улічваючы, што папулісты ўжо маюць значны плацдарм у большасці заходніх краінаў, на які свет можа іх прасунуць яшчэ адзін фінансавы крызіс? Дзесяць гадоў пасля банкруцтва Lehman Brothers надышоў час, каб палітыкі трактавалі фінансы як нешта большае, чым чыста тэхнічнае эканамічнае пытанне; абмежаванне эксцэсаў фінансавага сектара можа стацца цэнтральнай задачай для выжывання ліберальнай дэмакратыі.

    ПаказацьСхаваць каментары