Што такое Цэнтр новых ідэй

Цэнтр новых ідэй – аналітычны цэнтр, прысвечаны магчымасцям развіцця і адказам на выклікі, якія стаяць перад Беларуссю ў ХХІ стагоддзі. 

Нашая місія ў тым, каб дапамагчы грамадству і дзяржаве пабудаваць больш адкрытую, заможную і ўстойлівую Беларусь. Мы робім гэта праз уцягванне грамадства ў абмеркаванне рэформаў, правядзенне незалежных даследаванняў і падтрымку будучых лідараў.  

Тры слупы Цэнтра новых ідэй

Уцягванне грамадства ў абмеркаванне рэформаў

Мы робім націск на тое, каб прыцягваць не толькі экспертаў, але ўключаць як мага больш шырокія групы грамадства ў дыскусію аб развіцці Беларусі.

Штогод мы ладзім дзве буйныя канферэнцыі ў Мінску і больш за дзясятак рэгіянальных падзеяў у супрацы з лакальнымі арганізацыямі. З 2014 году мы арганізавалі больш за 65 публічных мерапрыемстваў у Беларусі, прысвечаных сацыяльным, эканамічным і палітычным выклікам. 

Цэнтр новых ідэй выклікае ў грамадстве дыскусіі аб развіцці Беларусі праз нашыя анлайн-платформы і супрацу з найбуйнейшымі беларускімі медыямі. 35 тысяч чалавек падпісаліся на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках – гэта адзін з найлепшых паказнікаў сярод беларускіх грамадскіх арганізацый.  

Правядзенне незалежных даследаванняў

Нашы аналітычныя прадукты, заснаваныя на фактах і доказах, з’яўляюцца крыніцай экспертызы не толькі для традыцыйнай аўдыторыі аналітычных цэнтраў, але і для шырокіх грамадскіх колаў.

Цэнтр новых ідэй працуе не толькі над якасцю даследаванняў, але дбае і пра  прывабнасць іх падачы ды пра камунікацыйнае прасоўванне. Дзякуючы гэтаму нашы аналітычныя прадукты (да прыкладу, Рэйтынг беларускіх гарадоў) маюць велізарны публічны ахоп. 

Апроч таго, мы прыцягваем беларускіх экспертаў і дзеячоў з іншых арганізацый, якія пішуць для нашага сайта ці ўдзельнічаюць у нашых падкастах, вакол якіх гуртуюцца тэматычныя супольнасці (ад адукатараў да феміністаў).

Падтрымка новых лідараў

Цэнтр новых ідэй інвестуе ў новае пакаленне актывістаў і мысляроў праз адукацыйныя праграмы, сярод якіх Школа маладых рэфарматараў, Belarus Urban Fellowship і Vitali Silitski Fellowship. Нашыя праграмы даюць удзельнікам самыя актуальныя веды і навыкі ды дазваляюць будаваць знаёмствы з тымі, хто сёння вядзе краіну наперад – дзякуючы гэтаму будучыя лідары могуць рабіць большы ўклад у пазітыўныя змены ў краіне. 

Мы прыцягваем шмат новых лідараў на нашы мерапрыемствы як у выглядзе гасцей, гэтак і выступоўцаў; таксама мы даем магчымасць апублікаваць іх аналітыку на сайце Цэнтра новых ідэй. 

Дзякуючы ўсяму гэтаму, мы выбудоўваем сетку новых беларускіх лідараў па ўсёй краіне і па-за Беларуссю. 

Наша тэорыя зменаў

Для нас важна, каб ідэі, якія могуць зрабіць Беларусь больш адкрытай, заможнай і ўстойлівай, развіваліся, даходзілі да тых, хто прымае рашэнні і станавіліся самымі ўплывовымі у публічнай прасторы. Калі найлепшыя прапановы дойдуць да як мага шырэйшай аўдыторыі, то больш імаверна, што гэтыя ідэі будуць рэалізаваныя. Большасць нашых мерапрыемстваў адкрытыя для ўсіх ахвотных, таму што мы лічым, што сапраўдныя змены могуць прыйсці толькі праз адкрытую дыскусію, у якую ўключаныя ўсе часткі грамадства.

Не менш важна для будучыні краіны, каб Беларусь пераадолела свой дэфіцыт лідарства. Таму мы інвестуем у развіццё навыкаў і ўзбагачэнне ведаў маладых людзей. Мы аб’ядноўваем іх у гарызантальную сетку, якая здольная прынесці пазітыўныя змены ў краіну. Бо чым больш будзе ў Беларусі адукаваных і прагрэсіўных лідараў, тым больш шанцаў займее наша краіна, каб стаць паспяховай у ХХІ стагоддзі.

Структура арганізацыі

Мы зарэгістраваныя ў Беларусі як інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Цэнтр новых палітычных, эканамічных і сацыяльных ідэй”. Заснавальнікам установы з’яўляецца Рыгор Астапеня, а дырэктарам Антон Раднянкоў. Яны разам кіруюць і прадстаўляюць Цэнтр новых ідэй.

Большая частка нашай каманды мае іншыя сталыя месцы працы. Яны вядуць уласныя бізнесы, узначальваюць аддзелы ў міжнародных карпарацыях, працуюць у медыях, дыпламатычных прадстаўніцтвах і арганізацыях грамадзянскай супольнасці. Праз Цэнтр новых ідэй прайшлі дзясяткі актыўных людзей і мы заўсёды рады вітаць новых чальцоў у камандзе.

Як мы змяняліся

Мы ганарымся тым, што Цэнтр новых ідэй вырас са студэнцкай ініцыятывы. Першапачаткова мы запусціліся ў 2012 годзе як анлайн-часопіс “Ідэя” з амбітнай мэтай стаць беларускім адпаведнікам брытанскага выдання The Economist з фокусам на сусветнай палітыцы і эканоміцы.

Праз некалькі гадоў мы адышлі ад гэтай канцэпцыі, бо не хацелі быць назіральнікамі за выклікамі іншых краін. Для нас было важна спрабаваць вырашаць праблемы нашай радзімы. Увасабленнем гэтага і стала рэгістрацыя нашай установы ў 2017 годзе. Пасля гэтага мы пачалі пазіцыянаваць сябе як НДА, а ў 2020 годзе прынялі рашэнне ператварыцца ў аналітычны цэнтр. 

Як падтрымаць Цэнтр новых ідэй

Цэнтр новых ідэй не вядзе камерцыйнай дзейнасці, таму ў сваёй працы мы разлічваем на два рэсурсы: энтузіязм нашай каманды і вашую фінансавую дапамогу. Вы можаце падтрымаць нашу арганізацыю, пералічыўшы добраахвотнае ахвяраванне на рахунак.

Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Цэнтр новых палітычных, эканамічных і сацыяльных ідэй”

Мінск, вул. Амуратарская д.7, офіс 2І – 11
УНП: 192810403:
Банкаўскі рахунак: BY30BELB30150123340060226000
Код: BELBBY2X у ААТ “БелВЭБ”

Гэтаксама чальцы нашай арганізацыі збіраюць ахвяраванні праз платформу Molamola, і мы вельмі просім вас іх падтрымаць.

  • Антон Раднянкоў збірае грошы на падтрымку падкаст-супольнасці Беларусі.
Ёсць ідэі ці пытанні? Пішыце нам!
Аўтары ідэі
Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня
Заснавальнік Цэнтра новых ідэй
Рыгор таксама з'яўляецца Robert Bosch Stiftung Academy Fellow у Chatham House. Раней працаваў дырэктарам па развіцці і аналітыкам Цэнтра Астрагорскага і атрымаў доктарскую ступень (PhD) у Варшаўскім універсітэце. Пісаў для беларускіх і замежных медыяў і аналітычных цэнтраў, у тым ліку для European Council on Foreign Relations і Carnegie Europe, “The Washington Post” і “The Guardian”. Рыгор паходзіць з Салігорска і цікавіцца Усходняй Еўропай.
Антон Раднянкоў
Антон Раднянкоў
Дырэктар Цэнтра новых ідэй
Антон нарадзіўся ў Гомелі, вывучаў міжнародныя дачыненні ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце і аналіз фінансавых рынкаў у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Працаваў 5 гадоў менеджарам праектаў у сферы ўстойлівага развіцця рэгіёнаў. Цяпер узначальвае аддзел высокіх тэхналогій на Мінскім гадзіннікавым заводзе. Да сфераў яго экспертызы належаць інавацыі, рэгіянальнае развіццё, эканоміка ды гарадская мабільнасць.
Марыя Русак
Марыя Русак
Супрацоўніца і дактарантка Школы архітэктуры і дызайну ў Осла. Марыя скончыла адзін з міжнародных каледжаў Red Cross Nordic United World College ў Нарвегіі, Прынстанскі ўніверсітэт з дыпломам magna cum laude і Каралеўскі тэхналагічны ўніверсітэт у Стакгольме. Паходзіць з Мінска і цікавіцца рэфармаваннем адукацыйных працэсаў і міждысцыплінарнымі ўрбаністычнымі даследаваннямі.
Іна Чанчавік
Іна Чанчавік
Навучалася ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце, Гуманітарнай  акадэміі ў Пултуску ды Універсітэце Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне. Працавала настаўніцай і кіравала Цэнтрам еўрапейскай інфармацыі ў Берасці. Цяпер журналіст і рэдактар на тэлеканале Белсат. Нарадзілася ў Брэсце.
Глеб Мартынаў
Глеб Мартынаў
Навучаўся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, Універсітэце Лінкальна ў ЗША і Універсітэце Осла. Стажыраваўся ў Палаце прадстаўнікоў штата Місуры і ў беларускай кампаніі ў Венесуэле. Працуе спецыялістам па працоўнай мабільнасці ў буйной беларускай IT-кампаніі. Глеб паходзіць з Віцебска.
Вольга Гарапучык
Вольга Гарапучык
Cкончыла факультэт дзяржаўнага кіравання і права ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце і працавала ў “Нашай Ніве”. Яна піша для мультымедыйных рэсурсаў 34mag.net і 90s.by, працуе ў праекце marketing.by, які факусуецца на беларускім рынку бізнес-камунікацыяў.
Ілля Шыла
Ілля Шыла
Тэхнічны дырэктар “Ідэі”.
Займаецца стварэннем і абслугоўваннем сайтаў, супрацоўнічае з некалькімі IT-кампаніямі. Ілля паходзіць з Салігорска і з’яўляецца магістрантам Гданьскага ўніверсітэта.
Алесь Чарняковіч
Алесь Чарняковіч
Нарадзіўся ў Пінску. Цяпер вывучае дзяржаўную палітыку ў Оксфардзе. Скончыў факультэт фінансаў і банкаўскай справы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Пазней атрымаў ступень магістра ў галіне еўрапейскай міжнароднай палітыкі ва ўніверсітэце Маастрыхта. Падчас працы ў аналітычным цэнтры FRIDE ён даследаваў працэсы трансфармацыі і палітыку ЕC у дачыненні да Усходняй Еўропы і Расіі. 
Віктар Шукеловіч
Віктар Шукеловіч
Рэдактар “Ідэі”.
Працуе журналістам і рыхтуе PhD дысертацыю з тэалогіі ва Універсітэце Кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве. Стажыраваўся на Польскім тэлебачанні ў Чыкага і ў Франкфурцкім універсітэце імя Гётэ. Піша для інтэрнэт-выданняў belsat.eu, nn.by, westki.info, catholic.by ды іншых. Рэдактар кнігі “Польшча вачыма беларусаў”. Паходзіць з Жупранаў на Ашмяншчыне.
Алесь Аляхновіч
Алесь Аляхновіч
Аспірант Варшаўскай школы эканомікі ды эканаміст кансалтынгавай кампаніі EY (Ernst & Young). Скончыў магістратуру ў Лонданскай школе эканомікі і Варшаўскай школе эканомікі (пад навуковым кіраўніцтвам прафесара Лешка Бальцаровіча), вывучаў менеджмент у Нацыянальным тайваньскім універсітэце. Раней працаваў у McKinsey, Нацыянальным банку Польшчы і даследчым цэнтры CASE Belarus.
Аксана Рудовіч
Аксана Рудовіч
Паходзіць з Валожына. Вывучала правазнаўства і публічнае кіраванне ды атрымала ступень магістра эканамічных навук у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Працуе ў тыднёвіку “Наша Ніва”.
Іван Шыла
Іван Шыла
Уладальнік клінінгавай кампаніі “Чысты кіт” і вядоўца “Ідэйнага падкаста”. Іван паходзіць з Салігорска і раней працаваў менеджерам сацыяльных сетак некалькіх беларускіх медыяў. Вывучаў права і публічнае кіраванне ва Універсітэце Сілезіі ў Катавіцах і Гданьскім універсітэце (Польшча). 
Антон Лявіцкі
Антон Лявіцкі
Магістрант гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе спецыялізуецца ў гісторыі Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя. Скончыў Ліцэй БДУ, вывучаў гісторыю і паліталогію на гістарычным факультэце БДУ і ў Лейпцыгскім універсітэце ў Германіі. Паходзіць з Палянінавічаў, што ў Магілёўскай вобласці.
Васіль Бялько
Васіль Бялько
Відэааператар “Ідэі”
Нарадзіўся ў Мінску, вывучаў журналістыку і крытычную ўрбаністыку ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні. Васіль скончыў курс BBC для відэажурналістаў і цяпер працуе ў галіне незалежнай відэавытворчасці.
Кася Васільева
Кася Васільева
Перакладчыца “Ідэі”
Працуе перакладчыкам-фрылансерам і сінхраністам. Выпускніца Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Кася супрацоўнічае з шэрагам беларускіх незалежных медыяў і грамадзянскіх кампаній, выдавецтваў ды ініцыятываў, таксама перакладае на адукацыйных і палітычных мерапрыемствах.
Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка
Кандыдат культуралогіі. Сябра Рады ГА “Дыскусійна-аналітычная супольнасць “Ліберальны клуб”, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS), амбасадар супольнасці Press Club Belarus. Аўтар аналітычных артыкулаў для беларускіх і замежных медыя, сярод якіх – Republic (Расія), BelarusDigest (Велікабрытанія), “Наше Мнение” (Беларусь) і іншыя.
Дзіяна Ляшкевіч
Дзіяна Ляшкевіч
Кіруе Dzigital – асветніцкім праектам пра маркетынг, тэхналогіі і медыя, а таксама ладзіць адукацыйны курс пра ЕС для беларускай моладзі. Вывучала маркетынг у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Паходзіць з Мінску.
Аліна Байгужакава
Аліна Байгужакава
Навучэнка магістарскай праграмы на факультэце міжнародных адносінаў Варшаўскага ўніверсітэта. Спецыялізуецца ў бяспецы і стратэгічных даследаваннях. Вывучала геапалітыку і міжнародныя адносіны ў Індыі – ва ўніверсітэце ў Маніпале. Рэдактар «Агляду Міжнародных Справаў Notabene». Праходзіла стажыроўку ў Дзяржаўным агенцтве атамнай энергіі ў Польшчы як памочнік начальніка ў аддзеле каардынацыі міжнароднай супрацы і праграмавання. Валодае польскай, англійскай ды іспанскай мовамі.
Стас Гарэлік
Стас Гарэлік
Дактарант Універсітэта Джорджа Вашынгтана. Навучаўся на магістарскай праграме па глабальных медыях Карльстадскага ўніверсітэта (Швецыя) і факультэце філасофіі ды сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў піяр-менеджарам у недзяржаўнай арганізацыі, што прасоўвае прынцыпы ўстойлівага развіцця ў беларускіх рэгіёнах. Піша пра сучасныя аўтарытарныя рэжымы і ўзаемасувязі беларускай палітыкі ды сусветных падзей.
Зміцер Лысюк
Зміцер Лысюк
Навучаўся на факультэце міжнародных адносінаў ва Універсітэце Адама Міцкевіча ў Познані, вывучаў еўрапеістыку ў Еўрапейскім каледжы ў Варшаве. Стажыраваўся ў Еўрапейскім фондзе падтрымкі дэмакратыі ў Бруселі і працаваў памочнікам Богдана Здраеўскага, дэпутата Еўрапейскага парламента.
Арцём Ткачук
Арцём Ткачук
Скончыў магістарскую праграму па міжнародных адносінах ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча ў Познані (Польшча), дзе абараніў працу пра нетарыфныя барʼеры ў гандлі. Працуе ў беларускай ІТ-кампаніі ў Мінску. Паходзіць з Ліды.
Яўген Ціхановіч
Яўген Ціхановіч
Паходзіць з мястэчка Дзераўное ў Мінскай вобласці і скончыў эканамічны факультэт Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта. Ён працуе эканамістам у юрыдычнай фірме Dentons і ўзначальвае Кіраўнічую раду ініцыятывы “Вольная Беларусь” у Варшаве.
Валер Семілетаў
Валер Семілетаў
Вывучаў фінансавы і фондавы рынкі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, працаваў у адным з банкаў Беларусі. Цяпер працуе ў сферы аказання паслуг для бізнесу. Піша пра эканоміку, інвестыцыі ды фінансы. Цікавіцца Аўстрыйскай эканамічнай школай і тэалогіяй.
Алесь Ганчаронак
Алесь Ганчаронак
Вывучаў эканоміку ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце і працуе аналітыкам дадзеных у EPAM. Навучаўся ў студэнцкай і аспіранцкай школе па эканоміцы ад BEROC і скончыў курс па візуалізацыі дадзенных. Цікавіцца эканомікай развіцця і інстытуцыянальнай эканомікай, адукацыяй, машынным навучаннем і візуалізацыяй дадзеных.
Ксенія Тарасевіч
Ксенія Тарасевіч
Скончыла Інстытут журналістыкі БДУ, выпускніца праграмы Community Connections. Працуе спецыялісткай па камунікацыях у Офісе па правах людзей з інваліднасцю. Каля сямі гадоў супрацоўнічае з рознымі грамадскімі арганізацыямі і медыямі. Каардынуе ініцыятыву Legalize Belarus.
Іван Краўцоў
Іван Краўцоў
Намеснік дырэктара ААТ "Мінскі гадзіннікавы завод" па стратэгічнаму развіцці. Выкладае тэорыю і практыку архітэктуры ў БНТУ, арт-дырэктар ТАА «Архітэктурнае бюро 35». Сфера інтарэсаў: стратэгічнае планаванне, міжнародная палітыка, макра- і мікраэканоміка, фінансы, сучасная філасофія, метадалогія (СМД), сучасная акадэмічная музыка.
Глеб Ляпейка
Глеб Ляпейка
Вучыцца на журфаку БДУ. Працаваў пазаштатным карэспандэнтам Tut.by і Citydog.by, пісаў навіны на Kyky.org. Пераможца конкурсу “Смелее.Авторы” ад “Альфа-банка”. Глеб займаецца падкастамі і каналам у “Тэлеграме” @obyasnil. Цікавіцца экалогіяй, кіберспортам, палітыкай, урбаністыкай і медыясферай.