Пяць непрыемных фактаў пра акадэмічную мабільнасць у Беларусі

Адкуль да нас прыязджаюць кітайцы і якія перспектывы ў беларускіх студэнтаў вучыцца па абмене.
Вадзім Мажэйка· 6 Кастрычніка 2016
Пяць непрыемных фактаў пра акадэмічную мабільнасць у Беларусі

Акадэмічная мабільнасць студэнтаў – адна з фішак, дзеля якіх уся Еўропа пачала Балонскі працэс. Яна не толькі дае студэнтам карысны досвед жыцця ў іншым культурным асяроддзі, але і актывізуе рынак працы, паляпшае сацыяльна-эканамічны стан дзяржавы. Высвятляем, што перашкаджае Беларусі выкарыстоўваць напоўніцу гэты інструмент.

Факт №1. Уязная мабільнасць: слабая дыверсіфікацыя з сумнеўнымі партнёрамі

Агулам у Беларусі ў 2015/16-ым навучальным годзе было 336373 студэнты, з іх 4,5 % – іншаземцы (15356).

 

Калі інфаграфіка не загружаецца, калі ласка перазагрузіце старонку

 

Як бачна, 71.69 % замежных студэнтаў – грамадзяне трох краін (Туркменістан, Расія, Кітай). Гэта сведчыць аб слабой дыверсіфікацыі рэкрутынгу замежных студэнтаў, адпаведна – няўстойлівасці гэтых паказнікаў. З-за змены сітуацыі ў гэтых краінах беларуская адукацыя можа страціць большасць замежных студэнтаў і прыбытак ад іх.

Агулам сярод крыніц замежных студэнтаў дамінуюць краіны Азіі, крыху Афрыкі ды Блізкага Усходу. Прычым гэта не самыя паспяховыя краіны, а ў кітайскім выпадку – не самы паспяховы рэгіён. Як сведчыць даследаванне Грамадскага Балонскага камітэта, большасць пагадненняў паміж беларускімі і кітайскімі ВНУ гэта заключаныя беларускімі ўніверсітэтамі дамовы з Хух-Хатоскім прафесійным інстытутам Унутранай Манголіі.

Гэтая вучэльня займае 7221 месца ў Ranking Web of Universitiesi і згодна з афіцыйным сайтам наогул з’яўляецца каледжам. Між тым БДУ ажыццяўляе з гэтай установай адукацыі сумесную праграму «Сусветная эканоміка». Ад узаемадзеяння з такімі партнёрамі не дасягаецца чаканага ад замежных студэнтаў эфекту – прыўнясення новага паспяховага досведу, карысных бізнес-практык ці навуковых дасягненняў.

Наадварот, прыцягненне замежных студэнтаў паводле сённяшняй мадэлі пагражае беларускім універсітэтам. Выдача дыпломаў, якія не адпавядаюць сапраўдным ведам, знішчае і да таго не вельмі добрую міжнародную рэпутацыю беларускай адукацыі. Дзеля прыцягнення валюты замежным студэнтам ствараюць асаблівыя ўмовы, парушаючы акадэмічныя вольнасці і правы іншых студэнтаў. Усё гэта правакуе міжкультурныя канфлікты – як гэта ўжо здаралася з туркменскімі студэнтамі ў Беларусі.

Факт №2. Выязная мабільнасць: terra incognita

Паводле афіцыйных звестак, у 2015/16 навучальным годзе вучыцца за мяжу паехалі 111 студэнтаў дзяржаўных ВНУ, больш за траціну з іх – у Кітай:

Калі інфаграфіка не загружаецца, калі ласка перазагрузіце старонку

Гэтая колькасць, відавочна, значна заніжаная, аднак больш поўнай статыстыкі ў Мінадукацыі няма. У яе трапляюць толькі тыя студэнты, хто афіцыйна паехаў па праграме абменаў ад дзяржаўных універсітэтаў. Хоць для Беларусі існуюць шматлікія іншыя стыпендыяльныя праграмы.

Аднак студэнтам па вяртанні ў Беларусь не залічваюць курсы, што яны прайшлі за мяжой. Да таго ж знойдзеныя студэнтамі самастойна замежныя паездкі могуць з розных прычынаў негатыўна ўспрымацца выкладнікамі і адміністрацыяй іх alma mater. Таму беларускія студэнты аддаюць перавагу фармальнай форме акадэмічнага адпачынку.

Калі інфаграфіка не загружаецца, калі ласка перазагрузіце старонку

Усё гэта не толькі блытае статыстыку ды перашкаджае самой дзяржаве аналізаваць рэальныя тэндэнцыі ў выязной мабільнасці. Захоўваючы гэткія неспрыяльныя ўмовы, улады Беларусі ствараюць перашкоды для студэнтаў, якія хочуць падвысіць сваю кваліфікацыю ды атрымаць замежны досвед. Пры гэтым тых, хто мэтанакіравана плануе эміграваць, наўрад ці спыняць гэткія перашкоды. А вось звычайных маладзёнаў, якія падумваюць пра мабільнасць, можа адштурхнуць. Гэта наўпрост шкодзіць кваліфікацыі спецыялістаў і, у выніку, беларускай эканоміцы.

Факт №3. Унутраная мабільнасць: словы ў паветры

Зрэшты, акадэмічная мабільнасць – гэта не толькі пра замежныя паездкі. Абмяркоўваючы далучэнне да Балонскага працэсу, беларускія чыноўнікі таксама ўзгадвалі пра ідэю арганізаваць падобную мабільнасць у Беларусі.

Але так пакуль нічога і не зрабілі. Першым і адзіным выключэннем застаецца пагадненне, якое ў чэрвені 2016-га падпісалі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт (ГрДУ) і Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт (БарДУ). З гэтага навучальнага года яны сумесна рыхтуюць спецыялістаў у эканамічным праве. Набірае студэнтаў базавы ўніверсітэт праграмы, БарДУ, а потым чатыры семестры яны навучаюцца і ў ГрДУ.

Як слушна заўважана ў афіцыйным паведамленні, такая супраца дазволіць «больш эфектыўна выкарыстоўваць наяўныя адукацыйныя рэсурсы, а таксама павысіць канкурэнтаздольнасць выпускнікоў на нацыянальным і міжнародным рынках».

Аднак пагадненне паміж далёка не асноўнымі беларускімі ВНУ можа быць, бадай, карысным прыкладам, але само па сабе яно ніяк не ўплывае на стан унутранай акадэмічнай мабільнасці ў Беларусі.

Факт №4. Дарожная карта выконваецца дрэнна

Беларусь далучылася да Балонскага працэсу і прыняла абавязак выконваць Дарожную карту спіс неабходных рэформаў, якія павінны наблізіць нашую вышэйшую адукацыю да еўрапейскай. Адзін з пунктаў Дарожнай карты акурат датычыць развіцця мабільнасці і інтэрнацыяналізацыі ў беларускай вышэйшай адукацыі.

Восенню 2015-га мусіла распачацца праца над планам забеспячэння, развіцця і дыверсіфікацыі мабільнасці, а напрыканцы 2016 ён мусіць быць гатовы, каб за 2017-ты паспелі прыняць усе неабходныя заканадаўчыя меры. План павінен уключаць падаўжэнне тэрмінаў адукацыйных паездак студэнтаў без дазволу Мінадукацыі (сёння гэта толькі 10 дзён).

Як сведчыць Маніторынг Грамадскага Балонскага камітэта, беларуская дзяржава пакуль не пайшла далей агульных дэкларацыяў, праца над патрэбным планам не вядзецца альбо яна вядзецца таемна, без ніякіх публічных звестак і прыцягнення стэйкхолдараў. Гэтак беларускую адукацыю да еўрапейскай не наблізіць.

Факт №5. Рэформы патрэбныя, але іх няма

Як вынікае з вышэйазначанага, беларуская акадэмічная мабільнасць сёння ў нездавальняльным стане. Каб выправіць сітуацыю, патрэбныя зразумелыя рэфарматарскія крокі:

Хопіць арыентавацца на самую непатрабавальную моладзь з дзіўных краін! Дыверсіфікаваць уязную мабільнасць, зрушыць у ёй акцэнты з прыцягнення абы- каго дзеля прытоку валюты ў бюджэт на стварэнне ўмоваў у беларускіх універсітэтах, якія падвысяць там якасць адукацыі і, адпаведна, прывабнасць гэтых ВНУ для паспяховых замежных студэнтаў;

Студэнты, што імкнуцца атрымаць замежны досвед, – гэта надзея краіны, а не сумнеўныя здраднікі. Трэба змяніць дзяржаўнае стаўленне да выязной мабільнасці: залічваць вывучаныя за мяжой прадметы, не абмяжоўваць замежныя паездкі студэнтаў ды аналізаваць паўнавартасную статыстыку такой мабільнасці, з улікам недзяржаўных праграм;

Развіваць унутраную мабільнасць, не чакаючы персанальных пагадненняў паміж усімі беларускімі ўніверсітэтамі, а ствараючы прававы асяродак для ўсёабдымнай мабільнасці, каб кожны студэнт меў магчымасць пэўны час павучыцца ў любым беларускім універсітэце на адпаведнай спецыяльнасці. Так можна падвысіць прэстыж малавядомых ВНУ і дадаць студэнцкага руху ў малыя гарады;

Паслядоўна і празрыста выконваць Дарожную карту Балонскага працэсу, прыцягваючы да гэтага стэйклохдараў ды еўрапейскіх спецыялістаў.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Алёна Мельчанка , Ірына Іванова , Таня Кавалёнак · 26 Верасня
Планы реформ, инцидент в Гомеле и хоумскулинг – жаркий сентябрь в образовании
Планы реформ, инцидент в Гомеле и хоумскулинг – жаркий сентябрь в образовании
Обсуждаем нашумевшие новости и личную историю перехода на хоумскулинг 
Рыгор Астапеня· 26 Жніўня
Тры прычыны, чаму трэба звольніць міністра Карпенку
Тры прычыны, чаму трэба звольніць міністра Карпенку
Новае эпічнае ВІДЭА!
Вадзім Мажэйка· 29 Ліпеня
Пяць рэформаў, якіх патрабуе школьны курс літаратуры
Пяць рэформаў, якіх патрабуе школьны курс літаратуры
Кнігі пісалі не толькі ў Расіі, не толькі мужчыны і не толькі даўным-даўно.