Беларусь пасля Лукашэнкі: ці ёсць у нас шанец стаць дэмакратыяй пасля яго сыходу

Пяць фактараў, якія могуць гэтаму спрыяць.
Зміцер Лысюк· 17 Кастрычніка
Беларусь пасля Лукашэнкі: ці ёсць у нас шанец стаць дэмакратыяй пасля яго сыходу

Лукашэнка не вечны і рана ці позна ўлада ў Беларусі зменіцца. Некаторыя расійскія СМI спяць і бачаць хуткую палітычную пенсію беларускага лідара. А вядомы сваймі фэйкамі Тэлеграм-канал “Незыгарь” нават назваў дакладны час, калі гэта адбудзецца, – наступныя прэзідэнцкія выбары.

Некаторыя спадзяюцца, што пасля Лукашэнкі ў Беларусі пачнецца перыяд дэмакратычнага росквіту і павагі да правоў чалавека, а народ пазбавіцца ад ярма аўтарытарызму. Іншыя – больш асцярожныя.

Гэтыя асцярогі пацвярджаюцца навуковымі даследаваннямі, паводле якіх большасць таталітарных і аўтарытарных рэжымаў пасля смерці лідара не змяніла сваёй сутнасці. І толькі невялікая колькасць шчасліўцаў здолела пераскочыць у дэмакратычны вагон.

Калі прытрымлівацца гэтай логікі, у Беларусі пасля Лукашэнкі няшмат шанцаў для дэмакратычнага транзіту.

Але ў той жа час яны ёсць і вось чаму.

Суседства з Заходнім светам

Блізкасць да Еўрасаюза дае магчымасць беларусам рэгулярна ездзіць на Захад і ўсталёўваць сувязі з Еўропай: адукацыйныя, культурныя, асабістыя і іншыя. Гэта ў сваю чаргу ўплывае на светапогляд людзей. Еўрапеізацыя беларусаў можа быць своечасовай у момант, калі краіна будзе на раздарожжы і прыйдзе час зрабіць каштоўнасны выбар.

Калі браць геаграфічны аспект, то ў Беларусі больш шанцаў трансфармавацца ў дэмакратычную краіну, чым, скажам, у Таджыкістана альбо Узбекістана. Бо адна справа, калі на адлегласці выцягнутай рукі знаходзяцца такія старыя дэмакратыі, як Германія, Францыя і Вялікабрытанія. Іншае, калі гэта Іран, Афганістан ці Расія. Апошнія хутчэй навучаць не дэмакратычным свабодам, а таму, як яшчэ шчыльней можна закруціць гайкі ў краіне.

Аслабленая Расія і паспяховая Украіна

Не сакрэт, што справы ў “Расійскім каралеўстве” ідуць не вельмі добра. І светлая будучыня краіны пакрытая туманам. Калі ўзяць эканоміку, то ў 2013-ым годзе сярэдні заробак у краіне быў $ 839, а ў 2018-ым – толькі $ 620. У тым жа 2013-ым годзе Расія была восьмай гаспадаркай свету з $ 2,096 млрд ВУП, аднак у 2017-ым ужо толькі 12-ай з $ 1,527 млрд ВУП.

Расейцы не вельмi задаволеныя ўладай.

Яскравым прыкладам гэтага могуць паслужыць нядаўнiя выбары губернатараў, калi людзi неахвотна галасавалi за партыю ўлады (“Адзiная Расiя”).

Калі сюды дадаць велізарную тэрыторыю, населеную шматлікімі этнасамі, праблему з дэмаграфіяй, высокую карупцыю, тэхналагічную адсталасць і нізкую эфектыўнасць кіравання дзяржавай, – на гарызонце пачынае вырысоўвацца змрочная для краіны перспектыва.

Крызіс у Расіі дасць пэўныя магчымасцi для Беларусі.

Бо аслабленай аўтарытарнай суседцы будзе не да чужых агародаў. Свае б праблемы вырашыць.

​​Што тычыцца Украіны, то сёння ў Беларусі на яе глядзяць з асуджэннем. Маўляў, навошта нам гэтыя “майданы”, ні да чаго добрага яны не прывялі. Узровень жыцця нізкі, квітнее карупцыя, вайна ды і ў цэлым усё дрэнна.

І звычайнага беларускага грамадзяніна можна зразумець. Навошта рызыкаваць, калі можна жыць ціха-мірна без узрушэнняў.

Для будучыні Беларусі вельмі важна, каб Украіна стала паспяховай, – добрым прыкладам таго, што перамены нясуць добрае, а не толькі праблемы. Гэта разам з 30-гадовай стомленасцю ад ранейшай мадэлі можа стварыць попыт на яе антыпод, якой з’яўляецца еўрапейская дэмакратычная мадэль.

Адсутнасць адзінства ў элітах Беларусі

Нягледзячы на тое, што вонкава беларуская эліта здаецца даволі згуртаванай, існуюць вялікія сумневы да таго, што пасля сыходу Лукашэнкі яна такой застанецца. Ды што казаць, ужо сёння бачны відавочны раскол па лініі МЗС–сілавікі. Акрамя таго, паводле чутак, свае інтарэсы маюць іншыя ўплывовыя фігуры (групы): наменклатурнікі са стажам на чале з Мясніковічам, кішэнныя бізнесмены (Шакуцін, Чыж) і іншыя.

Таму, калі цяперашні галоўнакамандуючы пакіне свой пост, цалкам верагоднай будзе сітуацыя, калі паўстане некалькі ўплывовых груп, якія будуць імкнуцца да ўлады. Аднак у той жа час усім будзе не хапаць моцы для яе атрымання.

І ў гэтым можа быць шанец для Беларусі. У сваім даследаванні вядомы амерыканскі вучоны Адам Пшэворскі сцвярджаў, што для дэмакратыі зусім не патрэбныя дэмакраты.

Яна з’яўляецца вынікам сітуацыі, калі ніводная з груп, якія змагаюцца за ўладу, не валодае дастатковымі рэсурсамі для задушэння апанентаў.

У такім выпадку дэмакратыя спантанна ўзнікае з перамоўнага працэсу і з’яўляецца пабочным вынікам барацьбы за ўладу.

Кансэнсус контрэліт

Беларуская апазіцыя, грамадзянская супольнасць, інтэлігенцыя, бізнес і ўсе, хто проціпастаўляе сёння сябе дзейнай уладзе павінны разумець, – перыяд пасля Лукашэнкі будзе ключавым у развіцці краіны, бо трэба будзе выбіраць, у якім кірунку рухацца далей.

Таму незалежная супольнасць павінна ўсведамляць, што нягледзячы на ​​тое, што сёння існуюць рознагалоссі што да ўдзелу ці няўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, святкаваць 25 сакавіка ці не, – калі прыйдзе момант-Х, усе супярэчлівасці мусяць быць адкінутыя.

Бо толькі аб’яднаўшыся, можна стаць сілай, якая паўплывае на падзеі ў краіне.

Іншае пытанне, як падысці да гэтага з практычнага пункту гледжання. Бо, скажам, маштабнае абмеркаванне (у тым, напрыклад, арганізацыя адпаведных сустрэчаў) будучыні Беларусі пасля Лукашэнкі сёння будзе выглядаць даволі дзіўна. Ды і рэакцыя ўладаў будзе, напэўна, даволі нервовай.

Хутчэй за ўсё, цяпер беларускім контрэлітам дастаткова разумець усю складанасць і сур’ёзнасць сітуацыі ў выпадку сыходу Лукашэнкі, а таксама трэба быць у гатоўнасці дзейнічаць хутка і канструктыўна.

Эканамічная дыверсіфікацыя

У 2017-ым годзе доля Расіі ў знешнім гандлі Беларусі склала 51,1 %. І гэта сапраўды шмат. Для параўнання, у, здавалася б, такой залежнай ад Расеі краіне, як Арменія, гэты паказнік у два разы меншы –26,7 %Добрай навіной з’яўляецца тое, што ўлады краіны разумеюць праблему і імкнуцца змяніць сітуацыю.

Можна пажадаць ім толькі поспеху. Бо дыверсіфікацыя гандлю дапаможа ў будучыні краіне быць менш залежнай ад адной крыніцы і, адпаведна, мець больш магчымасцяў для палітычнага манеўру. Можна сказаць, што ўжо сёння ўлады Беларусі, ратуючы сябе, могуць спрыяць дэмакратычнаму транзіту Беларусі ў будучыні.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Зміцер Лысюк· 12 Лістапада
Беларусь – краіна нявольніцтва, паводле сусветных рэйтынгаў. Гэта справядліва?
Беларусь – краіна нявольніцтва, паводле сусветных рэйтынгаў. Гэта справядліва?
Чаму лічыцца, што сучаснае нявольніцтва ў Беларусі на ўзроўні Бурундзi.
Калі беларусы пачнуць жыць як шведы і хто любіць больш падпарадкоўвацца
Калі беларусы пачнуць жыць як шведы і хто любіць больш падпарадкоўвацца
А таксама чарка і шкварка, як універсальныя каштоўнасці і калі наша шэрасць зменіцца хюгге.
Марыя Русак· 16 Кастрычніка
Футурызм па-беларуску: наколькі разумнымі будуць гарады ў будучыні?
Футурызм па-беларуску: наколькі разумнымі будуць гарады ў будучыні?
Горад будучыні – гэта не лятальныя аўтамабілі і футурыстычныя хмарачосы, а доступ да дзіцячых садкоў, добрыя грамадскія прасторы для ўсіх і будынкі, зробленыя з якасных матэрыялаў.