Пахмелле для бюджэту. Колькі Беларусь страчвае на алкаголі

Сёння на $1,5 бюджэтных прыбыткаў ад алкаголю прыпадае $1 дэмаграфічных стратаў. Памер апошніх будзе толькі павялічвацца.
Аксана Рудовіч· 29 Лютага 2016
Пахмелле для бюджэту. Колькі Беларусь страчвае на алкаголі

18 гадоў назад Беларусь пераступіла парог адносна небяспечнага спажывання алкаголю, які складае 8 літраў на душу насельніцтва. З таго часу мы не пакідаем топы найбольш пітушчых краін свету.

За 1990-2011 гады больш за 300 тысяч беларусаў памерлі ад прамых ці ўскосных прычын, звязаных з алкаголем. Такія лічбы прыводзіць Анастасія Баброва, загадчыца сектара сацыяльна-дэмаграфічнай палітыкі Інстытута эканомікі Акадэміі навук. З іншага боку, акцызы на алкагольныя вырабы істотна папаўняюць бюджэт. Тым не менш, сцвярджае Баброва ў сваёй дысертацыі, алкаголь нясе пагрозу не толькі дэмаграфічнай, але і эканамічнай бяспецы краіны.

Дэмаграфічныя страты ад алкаголю

Як вызначыць, колькі чалавек памерла ад алкаголю? Відавочна, што як мінімум усе тыя, хто памёр непасрэдна ад алкагольнай залежнасці і псіхозаў, атручвання алкаголем, а таксама алкагольнай кардыёміяпатыі. За 1990-2011 гады прамымі ахвярамі злоўжывання алкаголем сталі амаль 64 тыс. чалавек.

Баброва сцвярджае, што ўлік толькі прамых прычынаў істотна скажае рэчаіснасць. 

Насамрэч ахвяраў у разы больш. Яна вылучыла восем групаў захворванняў і параўнала іх дынаміку смяротнасці з дынамікай спажывання алкаголю на душу насельніцтва. І вось што атрымалася: чым больш беларусы пілі, тым прапарцыйна больш было выпадкаў смерці ад ішэмічнай хваробы сэрца, туберкулёзу, цырозу ды панкрэатыту.

Зрабіўшы карэляцыйна-рэгрэсіўны аналіз, Бабарова вызначыла долі алкаголе-абумоўленай смяротнасці ў агульным узроўні смяротнасці. Паводле яе падлікаў, ахвярамі алкаголю з’яўляюцца амаль усе памерлыя ад цырозу вантробы (93%), 81 % памерлых ад панкрэатыту, 42 % – ад туберкулёзу і 27 % – ад ішэмічнай хваробы сэрца. Сюды ж дадаем 9 % памерлых у выніку вонкавых прычынаў.

Для жанчын, паколькі яны менш спажываюць алкаголю, лічбы крыху розняцца, але карэляцыя застаецца ва ўсіх выпадках, апроч ішэмічнай хваробы сэрца.

Баброва прапанавала наступную формулу для падліку дэмаграфічных стратаў ад алкаголю (для мужчын):

DA=(A+S+K+O)+0.088V+0.27I+0.42T+0.928C+0.809P

(A, S, K і O – памерлыя ад алкагалізму, алкагольных псіхозаў, алкагольнай кардыёміяпатыі і выпадковых атручванняў. V, I, T, C, P – памерлыя ад вонкавых прычынаў,  ішэмічнай хваробы сэрца, туберкулёзу, цырозу вантробы і панкрэатыту.)

За 1990-2011 гады ад ускосных прычынаў, звязаных з алкаголем, памерла 250 тыс. чалавек, што ў чатыры разы больш, чым ад прамых прычынаў. Гэта сведчыць пра відавочны недаўлік дэмаграфічных стратаў насельніцтва ад алкаголю. Агулам за 1990-2012 прама ці ўскосна спажыванне алкаголю спрычынілася да смерці 325 тыс. беларусаў, пераважна мужчын працаздольнага ўзросту.

Колькі каштуе жыццё беларуса?

Баброва падлічыла таксама, што калі б беларусы перасталі злоўжываць алкаголем, то працягласць жыцця павялічылася б на прыкладна тры гады ў мужчын і на два ў жанчын. Што гэтыя лічбы азначаюць для эканомікі краіны?

З пункту гледжання эканомікі чалавек з’яўляецца не толькі вытворчай сілай, але і галоўным фактарам, які забяспечвае эканамічную дзейнасць грамадства. Яго прыбыткі, атрыманыя ад працоўнай дзейнасці, складаюць частку сукупнага грамадскага прадукту і размяркоўваюцца на выплату падаткаў, набыццё тавараў і г.д.

Калі памірае працаздольны грамадзянін, эканоміка губляе гэтую крыніцу прыбытку.

Для ацэнкі эканамічнага эквіваленту кошту чалавечага жыцця Баброва ўзяла за аснову сярэднемесячны заробак і верагоднасць смерці ад спажывання алкаголю. Па выніках падлікаў у 2012-ым страты ад заўчаснай смерці насельніцтва, звязанай з алкаголем, склалі $ 385 млн.

За 2002-2011 амаль 4 тыс. чалавек сталі інвалідамі, а значыць непрацаздольнымі, з-за метаалкагольных захворванняў. Калі дадаць гэта да разліку, страты толькі за 2012-ы год павялічваюцца на $ 65 млн.

Апроч гэтага, ёсць выдаткі, для падліку якіх патрэбныя дадатковыя даследаванні.

Так, паводле спецыялістаў з РНЦП “Псіхічнае здароўе”, у 2012-ым годзе выдаткі на лячэнне хворых і ўтрыманне спецыялізаваных установаў, медыцынскіх выцвярэзнікаў і лячэбных прафілакторыяў склалі каля $ 600 млн.

Ап’яненне павышае рызыку стаць ахвяраў злачынства: 20 % злачынстваў здзяйсняюць нецвярозыя людзі. П’янства спрычыняецца да 10 % дарожна-транспартных здарэнняў.

З іншага боку, вытворчасць і продаж алкаголю гэта важны радок у бюджэце краіны.

Баброва параўнала прыбыткі бюджэту з дэмаграфічнымі стратамі і высветліла, што ў сярэднім на $1,5 прыбытку прыходзіцца $1 дэмаграфічнай шкоды.

Пры гэтым апошняе будзе толькі павялічвацца, паколькі адзавецца адкладзены негатыўны эфект празмернага спажывання ў папярэднія гады. Пры такім узроўні спажывання алкаголь з’яўляецца сапраўднай пагрозай для эканамічнага росту Беларусі.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Кацярына Маслакова · 14 Траўня
Як звязаная (не)талерантнасць беларусаў з аквапаркам “Лебядзіны” і “дэкрэтам аб дармаедах”
Як звязаная (не)талерантнасць беларусаў з аквапаркам “Лебядзіны” і “дэкрэтам аб дармаедах”
Правяраем тонус “мускула талерантнасці” беларусаў.
Рыгор Астапеня· 5 Красавіка
Чаму беларускія мужчыны мруць як мухі
Чаму беларускія мужчыны мруць як мухі
Інфаграфіка пра кароткае жыццё беларускіх мужчын.
Рыгор Астапеня· 14 Сакавіка
Чатыры рэчы пра паленне ў Беларусі, якія трэба ведаць
Чатыры рэчы пра паленне ў Беларусі, якія трэба ведаць
Інфаграфіка пра самую дзейсную меру супраць палення – і чаму ўлады не хочуць на яе ісці.