Аляксей Навальны – лідар пакалення айфонаў

Як выглядае сумесь нацыяналізму і лібералізму у ХХІ стагоддзі.
Вольга Гарапучык· 30 Снежня 2014
Аляксей Навальны – лідар пакалення айфонаў

#РеволюцияОливье 15 студзеня наўрад ці адбудзецца. Такую назву атрымала акцыя пратэсту супраць суду над Аляксеем Навальным, якая мела прайсці ў дзень абвяшчэння прысуду. Але суддзя нечакана перанесла дзень прысуду на 30 снежня – Крэмль пастанавіў зрабіць крок у Новы год з вырашаным пытаннем “братоў”. Як вынік, Аляксей Навальны атрымаў умоўны тэрмін, а ягоны брат сапраўдны. Шмат хто назваў такі прысуд проста подласцю.

Улады спужаліся маніфестацыі 15 студзеня, якая паступова як-ніяк, але раскручвалася. З гэтай нагоды сабралася нават штаб-кватэра Facebook’у разам з Цукербэргам, дзе вырашалі ці варта блакаваць адпаведныя суполкі на просьбу Раскамнагляду. І вырашылі расейскіх чыноўнікаў праігнараваць.

Сама значнасць Навальнага для рускага грамадства застаецца даволі спрэчнаю. Нягледзячы на тое, што ягоная папулярнасць з 2011 году вырасла ў восем разоў, на сённяшні дзень толькі палова расейцаў можа сказаць, хто ён такі.

Танчыш лезгінку? Паедзеш на суткі

Навальны ўзняўся ў 2011-ым годзе на выбарах у Дзяржаўную Думу, на якіх ён заклікаў галасаваць за любую партыю супраць “Единой России”. Хоць сам Навальны адмаўляецца ад аўтарства, гэтая пазіцыя атрымала назву “варыянт Навальнага”. Яму таксама належыць шмат устойлівых выразаў як, напрыклад, “Единая Россия – партия жуликов и воров”.

Яшчэ больш Навальны стаў вядомы ў 2013 годзе, калі ўзяў удзел у выбарах мэра Масквы і набраў 27 %. У адным з інтэрв’ю ён сказаў, што ў выпадку перамогі ён дазволіць гей-парады, а выкананне лезгінкі ў грамадскіх месцах выхадцамі з Каўказу, будзе кваліфікавацца як парушэнне правапарадку.

А пачынаў свой шлях палітычнага дзеяча Навальны ў 2000 годзе з далучэння да аб’яднанай дэмакратычнай партыі “Яблоко”, дзе быў чальцом Федэральнага палітычнага савету. Пасля сямі гадоў супрацы ён быў выключаны з партыі за “нацыяналістычную дзейнасць”. Вобраз рускага шавініста суправаджае палітыка дагэтуль.

Праблемны акцыянер

Восенню 2006 году прэса называла Навальнага адным з арганізатараў нацыяналістычнага “Рускага маршу” і абвінавачвала ў сувязі з тым жа самым Цесаком, хоць сам Навальны гэта катэгарычна аспрэчваў. Сваю ж пазіцыю ён акрэслівае як “дэмакратычны нацыяналізм ‑ барацьба за дэмакратыю і правы рускіх”.

Навальнага ўвесь час хочуць далучыць да нейкага праекту. Некаторыя кажуць, што ён праект Крамля, іншыя ўспрымаюць яго як праект Белага Дому. Вядома ж не абыходзіцца без сіянісцкай змовы. Тое ж сяброўства з Хадаркоўскім дае некаторым падставу лічыць яго стаўленікам алігарха. Ён разглядаецца ў сувязі з кім заўгодна, але не як асобны самастойны праект.

У адрозненні ад беларускай апазіцыі, Навальны любіць вобраз інтэрнэт-змагара, а прыцягнуў да сябе ўвагу сваім інвест-актывізмам.

Навальны купляў невялікія пакеты акцыяў буйных кампаніяў ‑ у прыватнасці, ён быў мінарытарным акцыянерам кампаніяў “Сургутнефтегаз”, “Транснефть”, “Роснефть”, “Газпромнефть” і “ВТБ”. Потым патрабаваў на правах акцыянера раскрыцця інфармацыі аб дзейнасці менеджменту, ад якой маглі залежаць прыбыткі акцыянераў і транспарэнтнасць кампаніяў.

Тут ён і нарабіў скандалаў. Задаваў нязручныя пытанні, дамагаўся ў судзе рассакрэчвання фінансавых дакументаў, вёў хроніку гэтай вайны ў блогу і твітары. І як ні дзіўна, але ўсё ў яго атрымлівалася. Пры гэтым падкрэсліваў, што змагаецца не з бізнесам, а з карупцыяй, і гэта мусіць стаць галоўнаю мэтаю ўсіх расейцаў. Бо “чамусьці ўсе чакаюць, што я скажу: “Давайце аб’ядноўвацца, каб упарадкаваць нашыя двары…”. Але мне здаецца, што цяпер трэба не займацца ўпарадкаваннем двара, а паглядзець, хто скраў грошы, якія на гэта ўжо тры разы былі вылучаныя”.

Потым ён запусціў сайт “РосПил”, дзе кожны карыстальнік можа дапамагчы адшукаць і аспрэчыць падазроныя дзяржаўныя замовы накшталт $ 200 тысяч на сайт для Вялікага тэатру, $ 4,5 млн на “інфармацыйную сістэму тэрытарыяльнага планавання”. З самага пачатку дзейнасці сайту “РосПил” у скандальнасці параўноўвалі з вядомым WikiLeaks.

Пазней была РосЯма, РосВыборы, РосЖКХ, і шмат чаго іншага. Дзе б не знаходзіўся Навальны, гэта заўсёды было гучна, смела і даволі спрэчна. Цяжка ўзгадаць за кім лічыцца столькі разнастайных праектаў.

Пад пераследам

Доўгі час Навальны заставаўся беспакараным, што выклікала шмат пытанняў. Як ён сам казаў, “яму ніколі не пагражалі. Нават праколатых апонаў не было”.

Сітуацыя змянілася пасля ўзбуджэння крымінальнай справы прадпрыемства “Кировлес”. Далей пайшлі суды, хатні арышт, чарговыя справы, апошняя з якіх ‑ “Іў Рашэ”. Паўсюль галоўным абвінавачваннем стала тое, што ён падманвае і выкарыстоўвае іншых. А гэтыя іншыя такія недалёкія ‑ вядуцца. Але ні разу патрабаванні пракурораў у дачыненні да Навальнага ў поўным памеры не былі выкананыя. Звычайна крымінальную справу заміналі ў сувязі з няпоўным складам злачынства.

Нягледзячы на гэта, хутка стала ясна, што займацца сваймі праектамі Навальнаму не дадуць. З-за хатняга арышту Навальны ізноў апусціўся да блогера і заяваў пра барацьбу з карупцыяй. Але не варта казаць, што на гэтым ён спыніцца. Ягоны выраз, што “ў дзяцінстве ўсе біліся да крыві, бо пабіцца з кімсьці да крыві значыла перамагчы”, як нішто іншае характарызуе паводзіны Навальнага.

Якім бы спрэчным не быў Навальны, але менавіта ён узначальваў масавыя акцыі пратэстаў мінулых гадоў. А вобраз сапраўднага змагара за лёс расейцаў і гэткага Робін Гуда дае яму магчымасць аб’ядноўваць сотні тысячаў людзей.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Выбары ў Расеі, чаму абмен палоннымі гэта добра і як там у Эстоніі?
Выбары ў Расеі, чаму абмен палоннымі гэта добра і як там у Эстоніі?
Размаўляем з каардынатарам штаба Навальнага ў Маскве пра выбары і разумнае галасаванне, згадваем Маска і Лукашэнку, а таксама параўноўваем нас і суседзяў.
Рыдван Бары Уркоста (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 6 Жніўня
Унутры Севастопаля: горад-бунтар наносіць зваротны ўдар
Унутры Севастопаля: горад-бунтар наносіць зваротны ўдар
Самая прарасійская частка Крыма таксама з’яўляецца крыніцай галаўнога болю для Масквы. Ці здолее Крэмль умацаваць свой уплыў у Севастопалі?
Рыгор Астапеня· 3 Жніўня
Ніякай драмы! Тлумачым кожны беларуска-расійскі канфлікт
Ніякай драмы! Тлумачым кожны беларуска-расійскі канфлікт
Тры рэчы, якія варта ведаць пра дачыненні паміж Мінскам і Масквой.