Як недаступнасць адукацыі забівае амерыканскую мару

Злучаныя Штаты ўжо не тая краіна магчымасцяў, якой яе прынята лічыць.
Марыя Русак· 17 Лютага 2015
Як недаступнасць адукацыі забівае амерыканскую мару

Толькі праз пару дзён пасля допісу ў “Фэйсбук”-суполцы Людзі Нью-Йорка  чытачы старонкі сабралі больш за $ 1 млн на дапамогу школе з беднага раёна Брукліна. Галоўны герой гісторыі, 11-гадовы Відал (гл. вышэй), распавёў, што дырэктар школы – яго галоўная падтрымка ў жыцці. Пакуль бацькі змагаюцца за выжыванне, дырэктар абяцае вучням, што нават з беднай сям’і можна праз адукацыю дасягнуць шмат чаго.

Казка спраўдзілася – ужо праз тыдзень школьнік наведаў Белы Дом і сустрэўся з прэзідэнтам ЗША, школа атрымала $ 700 тыс. на летнюю праграму, а хлопец ужо мае будучую стыпендыю ў Гарвардзе. Амерыканцам падабаюцца прыгожыя гісторыі, а яшчэ яны вераць у адукацыю і магчымасці, якія яна дае.

Вера ў лесвіцу наверх, па якой можна падняцца з самых бедных слаёў насельніцтва, з’яўляецца сутнасцю амерыканскай свядомасці.  У пачатку 2009-га года даследаванне “The Economist” паказала, што 71 % амерыканцаў лічаць, што цяжкая праца і асабістыя навыкі з’яўляюцца асноўнымі складнікамі поспеху. Але рэчаіснасць Злучаных Штатаў сёння іншая.

Што здарылася з амерыканскімі магчымасцямі?

Галоўная ідэя вертыкальнай сацыяльнай мабільнасці ў тым, што ты будзеш жыць лепей за сваіх бацькоў. На сённяшні дзень у Даніі, Швецыі, Фінляндыі, Швейцарыі, Нідэрландах, Ісландыі ды нават Ганконгу магчымасці сацыяльнага росту нашмат большыя, чым у краінах, якія пазіцыянуюць сабе як скарбонкі неабмежаваных магчымасцяў, – Злучаных Штатах і Аб’яднаным Каралеўстве. Пакуль амерыканцы працягваюць верыць у казку аб капіталістычнай Папялушцы, на самой справе выбіцца з нізоў у ЗША на 20 % цяжэй, чым у Паўночнай Еўропе.

Некаторыя з глабальных фактараў, якія ўплываюць на мабільнасць, – гэта канцэнтрацыя багацця і прыбыткаў, рэгуляванне фінансавага сектара, але галоўнае – даступнасць вышэйшай адукацыі і якасць адукацыі ўвогуле.  Дзеці з самых бедных 20 % грамадства, але з дыпломам універсітэта маюць адзін шанец з пяці на тое, каб трапіць у багацейшыя 20% грамадства.І толькі адна асоба з 20 іх аднагодак, якія не маюць дыплому, здолеюць выбіцца “у людзі”.  Менавіта таму гісторыя школы з беднага раёна ў Брукліне выклікала такі вялікі медыйны розгалас.

01

На магчымасць стаць паспяховым у ЗША ўплывае і структура сям’і, і якасць школьнай адукацыі, і месца жыхарства. Розум і дасягненні, зразумела, маюць вельмі вялікае значэнне. Але амаль настолькі ж важныя, калі нават не больш істотныя, – гэта стабільнасць сям’і, раён, узровень даходу ды нават, як не дзіўна, сістэма грамадскага транспарту.

Расавая прыналежнасць таксама прывязаная да ўзроўню прыбыткаў і адпаведна ўплывае на шанцы атрымаць добрую адукацыю. У 74 % белых дзяцей атрымліваецца заняць больш стабільную сацыяльную пазіцыю ад той, у якой яны нарадзіліся. Для параўнання, толькі 49 % афра-амерыканскіх дзяцей выбіраюцца наверх па сацыяльнай лесвіцы. Гэта застаецца адной з самых балючых тэмаў у амерыканскім грамадстве, што толькі пацвердзіла медыя-ўвага да пераважна афра-амерыканскай школы ў Брукліне.

У той жа час якасная адукацыя ў ЗША застаецца дарагім задавальненнем. Колькасць камерцыйных каледжаў расце, і плаціць за не вельмі добрую адукацыю трэба амаль столькі ж, колькі каштуе навука ў добрым ўніверсітэце. У камерцыйныя вучэльні затое бяруць усіх. Напрыклад, медыцынская карпарацыя “Аполла”, якой належыць Універсітэт Фенікса, добра выкарыстоўвае амерыканскую веру ў магчымасці, якія дае дыплом, і ўзбагачаецца за кошт студэнтаў. Карпарацыя “Аполла” каштуе $ 5,36 млрд, але дыплом такіх каледжаў ніяк не дапамагае ў пошуках працы, а толькі пакідае выпускніка з вялікай пазыкай па крэдыце, узятым на навуку.

У той жа час існуе вялікая колькасць стыпендый для навучання ў найлепшых універсітэтах, але і конкурс там адпаведны. Калі ў тваёй школе не было спецыялізаваных класаў, улетку ты працаваў, каб троху падзарабіць, а пра розныя музычныя класы і секцыі не было нават размовы – шанцаў амаль няма. Добрая адукацыя застаецца клубам для абраных.

Пакуль большасць грамадзянаў ЗША працягвае верыць у амерыканскую мару, заснаваную на персанальных якасцях, жаданні працаваць і амбіцыях, у рэчаіснасці ўсё не зусім так. Дзяржаўная адукацыйная палітыка павінна ствараць насамрэч роўныя магчымасці, прынамсі ў сферы школьнай адукацыі. І пакуль дзяржаўная філасофія ЗША заключаецца ў тым, што ўрад павінен як мага менш умешвацца ва ўнутраныя справы грамадства, сацыяльная лесвіца будзе хісткай і не дазволіць шмат каму пераадолець высокія сцены класавага падзелу.

А што да гэтага беларусам?

Нягледзячы на вялікае кола праблемаў ЗША застаюцца краінай № 1, каб пачаць свой уласны бізнес ці стаць мільярдэрам. Беларусь у сусветным спісе “Магчымасць і прадпрымальніцтва” за 2014 год займае 54-ае месца, што лепей за 67-ае месца ў 201ым годзе, і апераджае тым самым Аргентыну, Украіну і Кітай. Беларусь цяжка назваць краінай магчымасцяў, але школьная і ўніверсітэцкая адукацыя нашмат больш даступная ў параўнанні з ЗША.

Аднак, беларуская адукацыя застаецца нізкаякаснай, што абмяжоўвае развіццё талентаў і здаровых амбіцый. Каб выхоўваць адукаваных людзей, якія будуць ствараць новыя ідэі для Беларусі і свету, ураду варта, па-першае, задумацца пра паляпшэнне якасці школьнай праграмы. Па-другое, трэба зрабіць вышэйшую адукацыю вартай сваёй назвы.

Агульнадасяжнасць вышэйшых навучальных установаў у Беларусі сыграла дрэнную ролю: дыплом не мае ніякай каштоўнасці для беларускіх студэнтаў, не дапамагае на рынку працы і не спрыяе развіццю абміцый. Дзяржава павінна фінансаваць больш бізнес-акселератараў, клапаціцца пра выкладанне прадпрымальніцтва і ствараць спрыяльныя ўмовы для развіцця беларускіх талентаў.

Вышэйшая адукацыя не з’яўляецца панацэяй, што было прадэманстравана на прыкладзе паспяховых генеральных дырэктараў Сіліконавай даліны, якія нават не скончылі ўніверсітэта. Але калі ты маеш доступ да добрай адукацыі, то твае шанцы ў жыцці нашмат большыя.

Падобныя тэмы
Заходняя адукацыяЗША
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Што там у Амерыцы, ЗеEnd, Адэса і Чарнобыльскі шлях
Што там у Амерыцы, ЗеEnd, Адэса і Чарнобыльскі шлях
Чым Адэса нагадвае Віцебск 1995-га, чаму Джо Байдэну варта быць геем і чаму Дудзь самы адэкватны расеец – новы выпуск ідэйнага падкаста.
Алёна Мельчанка , Вольга Паддубная , Таня Кавалёнак · 19 Снежня 2018
Нового образования вам в новом году!
Нового образования вам в новом году!
Пятый Минобр позвонит! – подводим итоги года и обозначаем тренды на 2019.
Калі беларусы пачнуць жыць як шведы і хто любіць больш падпарадкоўвацца
Калі беларусы пачнуць жыць як шведы і хто любіць больш падпарадкоўвацца
А таксама чарка і шкварка, як універсальныя каштоўнасці і калі наша шэрасць зменіцца хюгге.