• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Заспакоены гандаль

    Запавольванне росту сусветнага гандлю – дрэнная навіна для большасці рынкаў, якія развіваюцца.

    У грузавым порце Цілберы, што знаходзіцца ва ўсходняй ускраіне Лондана, часта можна пачуць такое слова як “дыверсіфікацыя”. Усё менш увагі тут надаюць звычайным марскім кантэйнерам. Замест гэтага ўладальнікі порта інвестуюць у новыя праекты. Напрыклад, вялізны металёвы каркас хутка ператворыцца ў маразільную камеру для захоўвання нетрывалых прадуктаў, пакуль яны не патрапілі ў супермаркеты Вялікабрытаніі. Па словах Пэры Глэйдынга, галоўнага аперацыйнага дырэктара Цілберы, кантэйнерныя парты краіны маюць праблемы з загружанасцю і лішкам вольных плошчаў. Таму тысячу акраў сваёй плошчы Цілберы намагаецца выкарыстоўваць максімальна гнутка.

    Дадзеныя па сусветным гандлі пацвярджаюць занепакоенасць спадара Глэйдынга. У Паўднёвай Карэі, якую эксперты лічаць “лакмусавай паперкай” для глабальнай эканомікі, экспарт тавараў у жніўні скараціўся на 15 % у доларавым эквіваленце ў параўнанні з мінулым годам. У Кітаі, які называюць найважнейшым звяном у сусветных ланцугах паставак, экспарт знізіўся на 5 %. Таксама павольна падае экспарт тавараў з Брытаніі ды Амерыкі.

    Тэндэнцыю можна часткова патлумачыць зменамі ў сусветных коштах. Амерыканскі долар моцны, што паніжае ўмоўную вартасць тавараў, якія вырабленыя ў іншых краінах і цана якіх сфармаваная ў іншых валютах. Тым часам цэны на сыравінныя тавары значна ўпалі: гэта не толькі зніжае вартасць сыравіны, якой гандлююць у свеце, але і скарачае сабекошт рознага кшталту прадукцыі, якая вырабляецца з гэтай сыравіны. Калі глядзець на аб’ёмы паставак, то гандаль усё яшчэ паказвае прырост: на 1,7 % за першую палову 2015 года ў параўнанні з першым паўгоддзем летась. Але гэта адчувальна менш за ранейшы сярэдні гадавы рост, які складаў каля 5 %. Да таго ж на рынках, якія развіваюцца, прырост склаў усяго 0,3 %.

    Напачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя гандаль рос крыху хутчэй за сусветны ВУП. Праз некалькі год Кітай ды краіны былога СССР пачалі актыўна інтэгравацца ў глабальную эканоміку; з мэтай спрыяць гандлю з’явілася Сусветная гандлёвая арганізацыя (СГА); прарывы ў тэхналогіях дазволілі лепей кіраваць складанымі ланцугамі паставак. У выніку рост гандлю ў два разы апярэджваў рост сусветнай эканомікі ў 2003-2006 гадах. З таго часу рост стала запавольваецца, і апошнія два гады сусветны ВУП ужо апярэджвае гандаль. Трэнд тым больш надзвычайны, калі ўлічыць падзенне коштаў на транспартаванне праз зніжэнне цэнаў на нафту.

    20150919_FNC787

    Праблема часткова звязаная з сусветнымі бізнес-цыкламі. Еўропа, якая адказная за чвэрць сусветнай вытворчасці і траціну гандлю, цяпер перажывае “вельмі працяглую цыклічную рэцэсію”, кажа Пол Вэнендал з Бюро эканамічнага аналізу Нідэрландаў. Еўрапейскі прырост ВУП склаў 0,8 % у 2012-2014 супраць 3,5 % у 2005-2007.

    У той жа час скарачэнне попыту на сыравіну з боку Кітая шкодзіць шматлікім сыравінным эканомікам. Часта гэтыя краіны таксама і пункты прызначэння для кітайскага экспарту, што стварае нешта накшталт заганнага кола.

    Асобныя з’явы таксама паўплывалі. Напачатку 2015-га гандаль з Паўночнай Амерыкай атрымаў удар у выглядзе забастовак у партах на заходнім узбярэжжы (яны прымаюць палову імпарту) ды незвычайна халоднага надвор’я (гэта было перашкодай для шопінгу ў Амерыцы). Менавіта гэтыя парушэнні попыту і прапановы спрычыніліся да трохпрацэнтнага зніжэння імпарту ў першым квартале гэтага года. Даследаванні навукоўцаў Эмілі Бос, Мацьё Бюсьера ды Клемента Марсільі з Цэнтра даследаванняў эканамічнай палітыкі ўвогуле паказваюць, што гэткія асобныя несістэмныя з’явы напалову адказваюць за запавольванне гандлю паміж заможнымі краінамі.

    Але сваю ролю адыгралі і структурныя чыннікі. Нядаўняя публікацыя Сусветнага валютнага фонда сведчыць, што эластычнасць гандлю – тэмп развіцця гандлю ў залежнасці ад росту прыбыткаў – значна скарацілася як у Кітаі, гэтак і ў ЗША. Кітай вырабляе ўсё болей унутры краіны: доля імпарту ў вартасці экспартных тавараў знізілася з 60 % у 1990-ых да 35 % у гэтым дзесяцігоддзі (гл. выяву 2). Тым часам Амерыка пачала эксплуатаваць свае агромністыя запасы сланцавай нафты, і імпарт сыравіннай нафты скараціўся на 1,9 млн барэляў у суткі з 2010-га. Улічваючы сярэднюю цану барэля ў $ 93 за гэты перыяд, ЗША заашчадзілі на імпарце нафты каля $ 60 млд альбо чвэрць выдаткаў на дадзены імпарт у 2014-ым, паводле тамтэйшай Службы энергетычнай інфармацыі.

    20150919_fnc795

    Да прычынаў дадаецца і запавольванне працэсаў лібералізацыі ў гандлі. Паводле Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА), 109 новых гандлёвых пагадненняў набылі моц у 2010-2014 гадах супраць 128-мі, што пачалі дзейнічаць у ранейшы пяцігадовы перыяд. Найбуйнейшае на дадзены час пагадненне, Трансціхаакіянскае партнёрства (ТЦП), знаходзіцца на стадыі надзвычай марудных абмеркаванняў. Увогуле перамовы паміж краінамі па новых пагадненнях ідуць усё цяжэй, бо ўзроўні пошлінаў значна знізіліся і вынікі дамоваў цяпер залежаць ад больш далікатных рэчаў кшталту працоўных стандартаў альбо абароны інтэлектуальнай маёмасці.

    Было б наіўным лічыць, што надзвычайны збег акалічнасцяў, які паўплываў на пашырэнне гандлю ў свеце напачатку ХХІ стагоддзя, будзе доўжыцца вечна. Усё больш нізкая доларавая вартасць сусветнага гандлю – не абавязкова дрэнная навіна. Таннейшыя тавары азначаюць большую пакупніцкую здольнасць спажыўцоў. Да таго ж падзенне аб’ёмаў зусім не шкодзіць глабальнай эканоміцы, калі яно адлюстроўвае пашырэнне ўнутранай вытворчасці ў ЗША і Кітаі.

    Але шмат краінаў будзе ў спісе пацярпелых. Экспарцёры сыравінных тавараў з ліку заможных краін, напрыклад, Аўстралія і Канада, адносна дыверсіфікаваныя. Усё болей танныя нацыянальныя валюты там паспрыяюць турызму, экспарту тавараў прамысловасці, росквіту іншых галін эканомікі. Нашмат большую заклапочанасць выклікаюць шматлікія дзяржавы без буйной прамысловасці. Хуткі рост гандлю ў 90-ых і 2000-ых стварыў “залаты век” збліжэння прыбыткаў у краінах на шляху развіцця з даходамі ў развітых эканоміках – па меры таго як бедныя дзяржавы далучаліся да глабальных ланцугоў паставак. Шмат з тых краін толькі нядаўна пачалі працэс індустрыялізацыі: сярэдні ўзровень прыбыткаў у Афрыцы на поўдзень ад Сахары на тры чвэрці ніжэй, чымся ў Кітаі. Марудны рост гандлю і карацейшыя ланцугі паставак азначаюць, што рабочыя з бедных краінаў не маюць магчымасці хутка павялічыць свой узровень жыцця, якая была ў іх кітайскіх калег.

    Нягледзячы на тое, што верагоднасць новага ўсплёску гандлёвай актыўнасці малая, ёсць шляхі перадухілення гандлю ад стагнацыі. Заможным дзяржавам варта актыўна прасоўваць існыя праекты гандлёвых пагадненняў ды ратыфікаваць тыя, што ўжо падпісаныя. Дамова пра спрашчэнне гандлю, якую СГА заключыла ў 2013-ым і якая накіраваная на скарачэнне коштаў гандлю, у прыватнасці, у бедных краінах, патрабуе ратыфікацыі двума трацінамі з 161 дзяржаваў-сябраў арганізацыі. Пакуль ратыфікавалі толькі 16 з іх. Высілкі па Трансціхаакіянскім партнёрстве (ТЦП) не маюць плёну праз электаральную палітыку. Барак Абама, які цяпер мае паўнамоцтвы прадстаўляць праекты гандлёвых пагадненняў на разгляд у Кангрэс, мусіць намагацца заключыць дадзенае пагадненне, інакш усе палітычныя крокі на шляху да яго будуць дарэмнымі. ТЦП мае высокую карысць, бо знізіць бар’еры для сельскагаспадарчага імпарту і асабліва імпарту паслуг. Гэта мае вырашальнае значэнне для эканомік на шляху развіцця, якія больш не могуць разлічваць на прамысловасць у павышэнні свайго дабрабыту.

    Рэформы ў дзяржавах на шляху развіцця, накіраваныя на лібералізацыю сельскай гаспадаркі і перападрыхтоўку работнікаў для працы ў сферы паслуг, таксама будуць неабходнымі. Але, як адчуваюць па сабе кіраўнікі новых эканомік ад Малайзіі да Бразіліі, заняпад пасля росквіту – не самы зручны момант, каб прымаць складаныя рашэнні.

    ПаказацьСхаваць каментары