Беларуска-польскія дачыненні: ці магчымая наагул любоў?

Чаму, нягледзячы на ўсе старанні, стасункі між дзвюма краінамі ўпіраюцца ў столь.

Зміцер Лысюк· 12 Красавіка
Беларуска-польскія дачыненні: ці магчымая наагул любоў?

Цалкам магчыма, што ўжо ў верасні Аляксандр Лукашэнка на запрашэнне Анджэя Дуды здзейсніць свой першы афіцыйны візіт у Польшчу. Гэта можа стаць чарговым крокам у пацяпленні адносінаў між Польшчай і Беларуссю, пра якое гэтак шмат кажуць. Але ці сапраўды ўсё так ружова? Пра гэта наш новы разбор.

1.У дачыненнях дакладна адбыўся зрух.

  • Прыйшоўшы да ўлады ў 2015-ым годзе, партыя “Закон і справядлівасць” (Prawo i sprawiedliwość) паспрабавала  рэанімаваць адносіны з Беларуссю. Адлігай гэта назваць нельга, аднак кантактаў паміж краінамі на афіцыйным узроўні стала значна больш. Нядаўні візіт у Польшчу кіраўніка Савета рэспублікі Міхаіла Мясніковіча можна смела назваць паспяховым. Нягледзячы на ​​загружанасць у сувязі з правядзеннем у той жа час у ВаршавеMiddle East Conference з удзелам віцэ-прэзідэнта і дзяржсакратара ЗША польскае кіраўніцтва (разам з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам) знайшло час для сустрэч з Мясніковічам. Гэта паказвае, што Беларусь для палякаў мае істотнае значэнне.
  • Эканамічная супраца паміж краінамі развіваецца яшчэ актыўней. У 2018-ым аб’ём гандлю паміж Беларуссю і Польшчай склаў $ 2,6 млрд. Гэта адзін з самых высокіх паказнікаў за ўсю гісторыю ўзаемаадносін. Упершыню за доўгі час Беларусь атрымала станоўчае гандлёвае сальда ў памеры $ 138 млн. Аднак варта адзначыць, што 47 % беларускага экспарту складаюць нафтапрадукты, а 25 % – дрэваапрацоўка. У той час як імпарт больш разнастайны.
  • За мінулы год Польшча інвеставала ў беларускую эканоміку $ 450 млн і заняла пятае месца сярод краін-партнёраў па аб’ёмах інвестыцыяў. Патэнцыял польскіх інвестыцыяў яшчэ вышэйшы,  але ўсё ўпіраецца ў недавер польскага бізнесу да Беларусі.

2. Застаецца нямала пытанняў, якія тармозяць дачыненні.

  • У першую чаргу гэта каштоўнасныя адрозненні. Польшча з’яўляецца прадстаўніком заходняга свету і падзяляе адпаведныя каштоўнасці, нават у тыя часы, калі сённяшні польскі ўрад сам выглядае крыху дэвіянтным у гэтым свеце. Беларусь жа часцяком супрацьпастаўляе сябе Захаду і яго каштоўнасцям.
  • Нягледзячы на ​​тое, што ЗША, найхутчэй, не будуць будаваць пастаянную вайсковую базу ў Польшчы, амерыканцы тым не менш збіраюцца ўзмацніць там сваю мілітарную прысутнасць. Гэта выклікае незадаволенасць беларускіх уладаў, бо яны разумеюць, што гэта прывядзе да дадатковага напружання па лініі Захад–Усход.
  • Іншай праблемай з’яўляецца стан Саюза палякаў у Беларусі, які для Польшчы настолькі важны, што яна адклікала (у 2010-ым годзе) свайго амбасадара ў сувязі з захопам маёмасці Саюза палякаў. У апошнія гады пераслед польскай меншасці зменшыўся, але і ранейшай маёмасці яна так і не атрымала.
  • Беларускі ж бок нервуецца з-за выдачы беларусам, якія маюць польскія карані, карт паляка. Бо яны разумеюць, што для вялікай колькасці беларусаў гэта выдатная магчымасць з’ехаць у Польшчу, дзе ўзровень жыцця вышэйшы за беларускі. У той жа час гэта будзе мець негатыўныя дэмаграфічныя і эканамічныя наступства для Беларусі.

3. Не варта разлічваць на прарыў у найбліжэйшы час.

  • Наўрад ці ў найбліжэйшай перспектыве характар ​​беларуска-польскіх дачыненняў моцна зменіцца. Таксама існуюць пэўныя сумневы наконт візіту Лукашэнкі ў Польшчу ў верасні, асабліва, калі ўзяць пад увагу, наколькі беларускі лідар неахвочы да паездак у ЕС.
  • Дзве краіны-суседкі маюць розныя мэты. Беларусь у першую чаргу зацікаўленая ў гандлі і эканамічных праектах. Для Польшчы ж найбольш важным з’яўляецца пытанне абароны і бяспекі. Розныя мэты могуць стаць перашкодай для развіцця дачыненняў, асабліва, калі ўлічыць, што ў Польшчы думаюць: у знешняй палітыцы Беларусь занадта часта дзейнічае з аглядкай на Расію.
  • У 2019-ым годзе ў Польшчы пройдуць парламенцкія выбары, а ў 2020-ым – прэзідэнцкія. Ад іх выніку будзе таксама залежыць палітыка ў дачыненні Беларусі. Таму нават над цяперашнімі невялікімі зрухамі ў стасунках можа залунаць пытальнік.
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Зміцер Лысюк· 28 Кастрычніка
Беларуская сельская гаспадарка памірае? Паглядзіце на прыватных фермераў
Беларуская сельская гаспадарка памірае? Паглядзіце на прыватных фермераў
Чаму неабходна вызваліць бізнес-патэнцыял у любімай сферы Аляксандра Лукашэнкі. 
Дзевяць рэчаў, за якімі варта сачыць падчас парламенцкай кампаніі
Дзевяць рэчаў, за якімі варта сачыць падчас парламенцкай кампаніі
Тлумачым на гіфках, як ацэньваць, што будзе з беларускім парламентам пасля лістападаўскіх выбараў. 
Зміцер Лысюк· 17 Жніўня
Ці патрэбныя Беларусі інвестыцыі любым коштам?
Ці патрэбныя Беларусі інвестыцыі любым коштам?
Як будаўніцтва шкодных вытворчасцяў ператвараецца ў палітычную праблему.