Тры лічбы расейскай эканомікі, ад якіх залежыць Беларусь

Чаму мы павінны хвалявацца за эканамічны дабрабыт усходняга суседа.
· 26 Лістапада 2014
Тры лічбы расейскай эканомікі, ад якіх залежыць Беларусь

За агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны Пуціну прыйшлося расплочвацца не толькі палітычным іміджам, але і эканамічным ростам: рэкордны адток капіталу, дэвальвацыя рубля, стагнацыя і санкцыі. На жаль, Расея з’яўляецца нашым галоўным гандлёвым партнёрам, таму беларуская эканоміка таксама адчуе вынікі імперскай палітыкі. Што адбываецца і як гэта закране нас?

45 расейскіх рублёў за адзін долар

Што адбываецца. Цягам усяго году рубель адчувае паслядоўны ціск з розных кірункаў. Пачалося ўсё з анексіі Крыму, якая паскорыла адток капіталу і адштурхнула інвестараў. Увядзенне санкцыяў прыкрыла для краіны доступ да заходніх рынкаў капіталу, што абвастрыла доларавы голад рэальнага сектару эканомікі. У выніку адток капіталу на канец году дасягне катастрафічнага ўзроўню $ 128 млрд.

Але канчаткова дабіў расейскі рубель нечаканы восеньскі абвал цэнаў на нафту і, адпаведна, пагроза дэфіцыту дзяржаўнага бюджэту. Цэнтральны банк Расеі спрабаваў улагодзіць сітуацыю і выкарыстоўваў золатавалютныя рэзервы для падтрымання рубля. Аднак пасля таго, як за кастрычнік на валютныя інтэрвенцыі сышло $ 30 млрд., а рубель працягнуў падзенне, галоўны банк краіны прызнаў немагчымасць спыніць абвал. Цяпер курс рубля адпраўлены ў «свабоднае плаванне» і ўсталяваўся на ўзроўні 44-46 рублёў за долар.

Як гэта закране нас. Такое падзенне рубля на 25 % цалкам мяняе стан нашых экспарцёраў, цяпер кошты ў Расеі на харчаванне зраўняліся з беларускімі. У пагоні за валютаю нашыя вытворцы сельскагаспадарчай прадукцыі будуць вымушаныя губляць у выручцы пры тых жа аб’ёмах экспарту.

У яшчэ горшых умовах апынулася нашая прамысловасць. Машынабудаўніцтва згубіла долю рынку з-за стагнацыі эканомікі, цяпер жа беларуская вытворчасць яшчэ і падаражэла і рызыкуе стаць зусім неканкурэнтаздольнаю. У такой сітуацыі ўзмацненне беларускага рубля да расейскага шкодная для нашай эканомікі, якая экспартуе палову прадукцыі ў Расею. Нашыя прадпрыемствы не здольныя доўга гэта вытрымліваць, таму Нацыянальны банк не мае выйсця, толькі як дэвальваваць беларускі рубель да ўзроўню расейскага. Чым раней ён гэта зробіць, тым лепш будзе для нашай эканомікі.

Падзенне эканомікі на 0,7 % у наступным годзе

Што адбываецца. Тэмпы росту расейскай эканомікі замарудзіліся яшчэ ў мінулым годзе. У гэтым жа ВУП вырасце на сімвалічныя 0,3 %, а ўжо ў 2015 г. паводле прагнозу знізіцца на 0,7 %. Таксама змяншаюцца і інвестыцыі на 2,4 % у мінулым квартале. Пры гэтым тэндэнцыя будзе толькі ўзмацняцца. У сукупнасці з цяжкасцямі прадпрыемстваў з рэфінансаваннем пазыкаў гэта забівае ўсе надзеі на рост эканомікі. Падзенне ж рэальных заробкаў насельніцтва зменшыць унутраны попыт, што можа прывесці да рэцэсіі.

Як гэта закране нас. Не менш істотным за курс рубля, для нашых экспарцёраў з’яўляецца памер рынку і бізнес-актыўнасць у Расеі. У першую чаргу гэта датычыць машынабудавання рынак грузавікоў скараціўся больш чым на 20 %, на столькі ж упалі продажы трактароў, больш чым на 10 % сціснуўся рынак аўтамабіляў. Улічваючы, што рынак Расеі паглынаў больш за палову прадукцыі машынабудавання, не дзіўна, што сёння МАЗ лідар у спісе самых стратных прадпрыемстваў. Рэцэсія ў Расеі можа зацягнуцца на доўга, таму айчынным вытворцам варта пераарыентоўвацца на іншыя рынкі.

$ 170 млрд памер санкцыяў за тры гады

Што адбываецца. Агрэсія Расеі ва Украіне прывяла да таго, што Захад пайшоў на адчувальныя санкцыі. І калі спачатку яны тычыліся толькі пэўных чыноўнікаў і бізнесменаў, з абвастрэннем канфлікту былі ўведзеныя і сектаральныя санкцыі. Расейскія карпарацыі ахвотна вырашылі скарыстацца гэтаю нагодаю, каб папрасіць дадатковыя грошы ў дзяржавы. Таму ў наступным годзе 60 % Фонду нацыянальнага дабрабыту пойдзе на падтрыманне «Роснефть» і «Новатэк».

Прынцыповая пазіцыя Захаду дала знак і замежным інвестарам у гэтым годзе яны вывелі на $ 67 млрд. больш сродкаў чым у мінулым. На думку Банку Расеі такія прапорцыі захаваюцца ў бліжэйшыя тры гады, што дасць сумарную цану санкцыяў на $ 170 млрд. Такі адток капіталу, закрыццё замежных фінансавых рынкаў, а таксама выдаткі на падтрыманне рубля моцна ўдараць па золатавалютных рэзервах краіны. Да 2017-га яны могуць скараціцца да $ 100 млрд., што не пакрывае 3-месячныя аб’ёмы імпарту паказнік параўнальны з Беларуссю і Украінаю.

Як гэта закране нас. Санкцыі супраць Расеі напэўна адзіны пазітыўны момант для Беларусі. Наша краіна будзе рабіць тое, што атрымліваецца лепш за ўсё – зарабляць на канфлікце. Мы рээкспартуем забароненае ў РФ харчаванне, адначасова нарасціўшы сваю вытворчасць. Гэтак жа шмат якія наўпроставыя эканамічныя стасункі паміж Расеяй і Украінаю перайшлі ў Беларусь.

Асабліва гэта датычыць ваеннай сферы. Яскравым прыкладам тут стаў украінскі «Мотор Січ», уладальнік Аршанскага авіярамонтнага заводу. Так неабходныя для расейскай «абаронкі» маторы будуць пастаўляцца праз беларускі офіс, лепшыя канструктары прадпрыемства цяпер пераязджаюць у Беларусь. Адначасова, адсутнасць у Расеі вольных грошай балюча б’е па планах суседа на прыватызацыю галоўных прадпрыемстваў Беларусі.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Антон Раднянкоў , Глеб Мартынаў· 19 Красавіка
Ці хочуць беларусы каранцін, чаму Лукашэнка не наведвае бальніцы і хто верыць у тэорыі змоваў?
Ці хочуць беларусы каранцін, чаму Лукашэнка не наведвае бальніцы і хто верыць у тэорыі змоваў?
А яшчэ, дзе і калі можна атрымаць свежыя дадзеныя пра распаўсюд каранавірусу ў Беларусі.
Вірусны крызіс у Беларусі (і ў Нарвегіі), хто вінаваты і дзе ўзяць надзею?
Вірусны крызіс у Беларусі (і ў Нарвегіі), хто вінаваты і дзе ўзяць надзею?
Другі zoom-выпуск Ідэйнага падкаста. У гасцях Марыя Русак, яна апавядзе пра тое, што адбываецца ў Осла.
Іван Шыла· 29 Сакавіка
Самы змрочны падкаст: Сяргей Чалы пра тое, чаго нам чакаць у 2020-м
Самы змрочны падкаст: Сяргей Чалы пра тое, чаго нам чакаць у 2020-м
Каронавірус, карантын, курс і наколькі ўпадзе беларуская эканоміка (і ці вытрымае?)