Беларускі вонкавапалітычны дайджэст

Беларусь кантактуе з Еўропаю, манеўруе ва ўкраінскім пытанні, захоўвае статус-кво з ЗША.
Ігар Губарэвіч (Belarus Digest) · 25 Чэрвеня 2014
Беларускі вонкавапалітычны дайджэст

Намеснік міністра замежных справаў Валянцін Рыбакоў заявіў на сустрэчы Руху Недалучэння ў Алжыры, што палітыка Аляксандра Лукашэнкі датычна Украіны здабыла яму мноства прыхільнікаў як у Беларусі, так і ва Украіне. Рыбакоў таксама адзначыў у інтэрв’ю сербскім медыям, што стасункі паміж Беларуссю і Еўразвязам у пэўнай ступені палепшыліся. Беларусь працягвае пажынаць плады сваёй палітыкі ва Украіне і, з нядаўняга часу, сувязяў з Сербіяй. Тым не менш, стасункі з ЗША так і не нармалізаваліся, нягледзячы на перыядычны дыпламатычны кантакт.

Пацверджанне падтрымання Украіны

Прэзідэнт Беларусі наведаў цырымонію інаўгурацыі новага прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. За выключэннем малдаўскага калегі, Аляксандр Лукашэнка стаўся адзіным галавою дзяржавы СНД, які наведаў Кіеў з гэтае нагоды.

Прымаючы запрашэнне ўкраінскага ўраду, Лукашэнка прадэманстраваў гатовасць узмацніць сувязі з новымі ўладамі суседняй краіны. Беларусь не бачыць нязручнасці ў тым, што яе найбліжэйшы паплечнік Расея дэ-факта развязала вайну з Украінаю.

Лукашэнка мае развіць блізкія асабістыя стасункі з Парашэнкам. Прэзідэнты не правялі афіцыйнай сустрэчы ў дзень інаўгурацыі. Беларускі прэзідэнт, магчыма, шкадуе пра змяншэнне ролі ва ўрадзе спікера і экс-прэзідэнта Турчынава. Іхная сустрэча ў Кіеве яскрава прадэманстравала, што яны досыць добра ладзяць.

Сваймі паводзінамі ва ўмовах украінскага крызісу Лукашэнка заваяў прыхільнасць сярод і ўкраінскай эліты, і паспалітых грамадзянаў краіны. Такое развіццё сітуацыі станоўча паўплывала на стаўленне ўкраінцаў да беларусаў наагулам.

Узмацненне супрацы з краінамі-ўдзельніцамі ды арганізацыямі ЕЗ

Міністэрства замежных справаў Беларусі нястомна намагалася развіваць дачыненні з Еўрапейскім Звязам у існых рамках санкцыяў і абмежаванняў. У гэтым месяцы адбыўся паспяховы кантакт Беларусі з ЕЗ па-за межамі стандартавага цэнтральнаеўрапейскага кола.

Краіны Цэнтральнай Еўропы захоўваюць лідарскую пазіцыю ўва ўсіх узаемадзеяннях Беларусі з ЕЗ. Менск правёў кансультацыі на высокім узроўні з Польшчаю, Чэхіяй, Латвіяй і Славаччынаю па шырокім коле пытанняў. Намесніца міністра замежных справаў Алена Купчына таксама наведала сустрэчу кіраўнікоў вонкавапалітычны ведамстваў Цэнтральнаеўрапейскай Ініцыятывы ў Вене.

Беларусь мусіць прайсці яшчэ доўгі шлях да нармалізацыі стасункаў з ключавымі краінамі ЕЗ (Нямеччынаю, Францыяй, Італіяй і Вялікаю Брытаніяй). Тым не менш, беларускае МЗС усё ж здолела ўцягнуць некаторыя краіны “старой Еўропы” ў дыялог. Алена Купчына сустрэлася з высокапастаўленымі вонкавапалітычнымі чыноўнікамі ў Вене і Хельсінкі. Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў сустрэўся з міністрам замежных справаў Іспаніі Хасэ Ґарсія-Марґаллё.

Беларусь правяла ўсебаковыя перамовы з ЕЗ як з арганізацыяй. Некалькі высокапастаўленых еўрачыноўнікаў пад кіраўніцтвам Ґуннара Віґанда (Gunnar Wiegand), дырэктара па Усходняй Еўропе Еўрапейскай Камісіі, наведалі Менск для правядзення кансультацыяў у справе мадэрнізацыі. Мэтаю гэтага дыялогу было распрацаваць найлепшую форму для будучай супрацы паміж Беларуссю і ЕЗ.

Беларуская дэлегацыя таксама наведала Брусель, каб прыняць удзел у сустрэчах некалькіх функцыянальных групаў, якія маюць дачыненне да Усходняга партнёрства. Існуюць яскравыя сігналы таго, што Беларусь імкнецца паехаць на саміт у Рызе на значна вышэйшым узроўні ўдзелу ў дзейнасці гэтай ініцыятывы.

Беларусь і Еўрапейскі Звяз займаюцца экспертнымі кансультацыямі, звязанымі з праектам пагаднення, якое мае на мэце спрасціць візавы рэжым паміж Беларуссю і ЕЗ. Міністр замежных справаў Уладзімір Макей адзначыў у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН, што гэтае пагадненне можа быць падпісанае ўжо на саміце ў Рызе ўвосень 2015 года.

Умацаванне сяброўства з Сербіяй

Аляксандр Лукашэнка здзейсніў афіцыйны візіт у Сербію 11–12 чэрвеня. Гэта быў адно з рэдкіх наведванняў беларускага лідара ў еўрапейскую краіну, якая мае дачыненне да ЕЗ.

Тэхнічна Сербія абавязалася праводзіць адную лінію з усімі вонкавапалітычнымі рашэннямі ЕЗ, уключна з візавымі ды эканамічнымі санкцыямі супраць Беларусі. Аднак, паводле прэзідэнта Сербіі Томіслава Ныкалыча (Tomislav Nikolić), ён узгадніў візіт Лукашэнкі з Бруселем і нават аднойчы адклаў яго на запыт Кэтрын Эштан.

Сербія ацаніла адмову Беларусі прызнаць незалежнасць Косава. Беларусь па-ранейшаму зацікаўленая ў Сербіі як у своеасаблівым бастыёне на Балканах. Прэзідэнцтва Сербіі ў АБСЕ ў 2015 годзе можа быць таксама выкарыстанае Беларуссю для ўмацавання ўласных пазіцыяў у арганізацыі.

Прэзідэнты прынялі агульную заяву, падсумоўваючы вынікі перамоваў. Разам з мноствам стандартных каментароў датычна намераў развіваць супрацу ўва ўсіх магчымых сферах, яна ўключае пункт аб перавагах прыналежнасці Беларусі да Мытнага саюзу і новастворанага Еўразійскага эканамічнага саюзу.

Нягледзячы на пэўны рост двухбаковага таваразвароту, краіны яшчэ даволі далёка ад вызначанай мэты на $ 500 млн, пра якую дамаўляліся летась у Менску.

Сустрэча з пасланнікам ЗША

Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Еўропы і Еўразіі Эрык Рубін (Eric Rubin) наведаў Менск 2–4 чэрвеня. Ён правёў сустрэчаў з чыноўнікамі, уключна з міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем, і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

Дыпламаты абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з двухбаковаю супрацаю. У прэс-рэлізе, выдадзеным па выніках сустрэчы, амбасада ЗША падкрэсліла “даўгачасную заклапочанасць ЗША неабходнасцю ўзмацніць павагу да правоў чалавека і дэмакратызацыю”. Міністэрства замежных справаў Беларусі, у сваю чаргу, звярнула ўвагу на “патрэбу зняць санкцыі, якія перашкаджаюць развіццю нармальных стасункаў паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі”.

Праз тыдзень прэзідэнт Барак Оўбама працягнуў санкцыі супраць Беларусі яшчэ на год. Гэта было тэхнічнае рашэнне, якое пацвярджае нястачу заўважных станоўчых зрухаў у двухбаковых стасунках. Дзве краіны яшчэ і блізка не падышлі да аднаўлення паўнавартаснай працы амбасадаў і прызначэння амбасадараў.

Аднак абмеркаванне двухбаковых пытанняў магло стацца не адзінаю прычынаю візіту спадара Рубіна. Звычайна пасланнікі ЗША наведваюць Менск зімою або ранняю вясною ў межах рэгіянальнага туру. Гэты візіт падаецца незапланаваным. Галоўны дыпламат Злучаных Штатаў, імаверна, хацеў даведацца пазіцыю Беларусі ў звязку з Украінаю з першых рук.

Падтрыманне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў

Спрыянне ўмацаванню традыцыйных сямейных каштоўнасцяў стала яшчэ адною ключавой шматбаковай ініцыятывай Беларусі. Аднак у адрозненне ад змагання супраць гандлю людзьмі, гэтая ідэя не сустрэла ўсеагульнае спагады.

У чэрвені беларускія дыпламаты ўзнялі гэтую тэму падчас сесіі ЮНІСЭФ ды сустрэчы, прысвечанай правам чалавека і вяршэнству закону, зарганізаванай на высокім узроўні Генеральнаю Асамблеяй ААН. Аднак ідэя мусіць знайсці сваю рэалізацыю ў пагадненні міжнародных арганізацыяў.

Намеснік міністра замежных справаў Валянцін Рыбакоў дасягнуў большага поспеху на XVII міністэрскай канферэнцыі Руху Недалучэння ў Алжыры. Ён дамогся ўключэння пункту аб традыцыйных сямейных каштоўнасцях у фінальны дакумент сустрэчы. Рух складаецца з развіваных краінаў, у якіх пануюць кансерватыўныя сацыяльныя погляды. Беларусь застаецца адзіным еўрапейскім чальцом Руху Недалучэння.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Алесь Ганчаронак· 16 Кастрычніка
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Мы прааналізавалі распаўсюджанасць крамаў самага буйнога гандлёвага сеткавага аператара Беларусі і гатовыя распавесці, якая адміністрацыйная адзінка Беларусі – самая «еўраопнутая».
Рыгор Астапеня· 28 Верасня
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Кароткі ролік, але з процьмай графікаў.
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Хто пераможа на амерыканскіх выбарах і чаму звальненне супрацоўнікаў дзярж.прадпрыемстваў уратуе бізнес? Адказы ў новым выпуску ідэйнага падкасту.