Блокчэйн для ўрада. Ці ўратуе модная тэхналогія дзяржкіраванне Беларусі?

Блокчэйн – перспектыўная тэхналогія для дзяржкіравання, аднак не панацэя і мае схаваныя пасткі, якія ў сваю чаргу ўзмацняе беларуская спецыфіка.
Вадзім Мажэйка· 2 Лістапада 2016
Блокчэйн для ўрада. Ці ўратуе модная тэхналогія дзяржкіраванне Беларусі?

Калі пра блокчэйн разважаюць спецыялісты, айцішнікі, то чалавек, далёкі ад гэтай сферы, можа ўзарваць сабе мазгі, спрабуючы зразумець, што гэта такое.

Калі тлумачыць простай мовай, то блокчэйн – гэта тэхналогія  размеркаванай базы дадзеных. Яна захоўваецца на кожным з камп’ютараў, які ўдзельнічае ў сетцы блокчэйна. Такім чынам, дадзеныя немагчыма падправіць задняй датай альбо неяк інакш фальсіфікаваць: падман адразу раскрыецца.

Тэхналогія выкананая ў найлепшых анархічных традыцыях хакераў: без адміністратара (карпарацыі альбо дзяржавы), з адкрытым кодам (open source), празрыста і ў той жа час абаронена (усё ўсім бачнае і таму немагчыма ашукваць).

Акрамя гэтых “фішак”, ёсць і чыста эканамічны бонус: тэхналогія блокчэйна робіць непатрэбнай працу традыцыйных архіваў, каталогаў ды кадастраў, разнастайных пасярэднікаў. Аперацыі здзяйсняюцца наўпростава, ад чалавека да чалавека, а гісторыя захоўваецца адразу паўсюль. Працоўныя кадры, памяшканні ды цэлыя інстытуты могуць знікнуць як састарэлыя, калі ў свеце будзе панаваць блокчэйн.

Ад наркотыкаў да “Сбербанка”

Пакуль камуністычна-лібертарыянскі айцішны рай не надышоў, а блокчэйн перадусім звязаны з тым, дзеля чаго і быў створаны распрацоўнікам пад псеўданімам Сатосі Накамота, – абслугоўваць дзейнасць крыптавалюты “біткойн”. Да таго ж ідэя грошай, вольных ад манаполіі дзяржавы, мае падмоклую рэпутацыю.

Для тых, хто не вельмі цікавіцца біткойнам, ён хутчэй асацыюецца з нелегальным рынкам Silk Road, дзе за біткойны прадавалі наркотыкі. Silk Road ужо не працуе, аднак будучыня блокчэйна дагэтуль выклікае пытанні.

“Мусіруецца тэма блокчэйна, але пакуль не вельмі зразумела, што гэта такое… акрамя крыптавалют нам не вельмі зразумела, як гэтыя бенефіты выкарыстаць у банкаўскай сістэме”, – шчыра распавёў у падкасце “Ідэі” Аляксандр Сотнікаў, кіраўнік Галоўнага ўпраўлення плацёжнай сістэмы і лічбавых банкаўскіх тэхналогіяў Нацыянальнага банка Беларусі.

Дапамагчы гэта зразумець можа даследаванне BIPART. Паводле высноваў экспертаў, блокчэйн можна выкарыстоўваць для электронных аўкцыёнаў і продажу дзяржаўнай маёмасці, стварэння смарт-кантрактаў (якія выконваюцца аўтаматычна, па алгарытме), новага рэгістра нерухомасці (дамы і кватэры, права ўласнасці на зямлю) і нават для правядзення празрыстых выбараў.

Эстонскія анлайн-рэзідэнты ўжо цяпер могуць атрымаць праз блокчэйн некаторыя натарыяльныя паслугі, у Гандурасе на блокчэйне працуе новы рэгістр нерухомасці. Нават у суседняй Украіне паспяховы пілотны праект у Адэсе па стварэнні аўтаномных сістэм продажу дзяржмаёмасці выкарыстоўвае блокчэйн. У Расіі блокчэйн прасоўвае “Сбербанк”, блокчэйн нават збіраюцца выкарыстаць дзеля сагравання Сібіры.

Занадта маладая, не такая ўжо абароненая і патрабуе дэмакратыі

Усё гэта гучыць занадта аптымістычна? Сапраўды, тэхналогія блокчэйн мае і пасткі.

Па-першае, блокчэйн распрацаваны аматарамі свабоднага ладу жыцця і ў выніку добра працуе менавіта ў такім асяроддзі. “Блокчэйн-тэхналогіі найбольш эфектыўна будуць працаваць у сістэме дзяржаўнага кіравання з мінімальным умяшаннем у эканоміку”, – шчыра адзначаюць эксперты BIPART. Да апісанай лібертарыянскай дзяржавы Беларусі яшчэ вельмі далёка.

Калі нейкія дзяржаўныя базы дадзеных і будуць пераведзеныя ў фармат блокчэйна, то наўрад ці да ўдзелу ў сістэме дапусцяць простых грамадзян. А закрытая сетка выканкамаўскіх камп’ютараў адразу знішчыць гэткія козыры блокчэйна, як празрыстасць, адсутнасць “галоўнага адміністратара”, абарона ад махінацый.

Па-другое, блокчэйн – занадта новая тэхналогія. Адмыслоўцы ўжо выкарыстоўваюць паняцце “блокчэйн-фетышызм”. Аднак трэба разумець, што перш, чымся новая тэхналогія дапаможа свету, ёй трэба пасталець.

Можна прыгадаць гісторыю канкурэнцыі HD DVD ды Blu-ray, якая скончылася перамогай ці то апошняга, ці то наагул “воблачных тэхналогій”. Як бы там ні было, час канкурэнцыі фарматаў – для невялікай краіны не самы лепшы момант, каб кідацца туды як у вір.

Да таго ж канкурэнцыя розных платформаў ды фарматаў перашкаджае будаваць вялікія сеткі з крытычнай масай карыстальнікаў, што так істотна для блокчэйна.

Па-трэцяе, на практыцы сістэмы на тэхналогіі блокчэйн не так абароненыя і не так дэцэнтралізаваныя, як гэта паказваюць аматары тэхналогіі. Паказальная гісторыя венчурнага фонда The DAO, які працаваў у шчыльнай сувязі з адным з найбуйнейшых блокчэйнаў у свеце – Ethereum Foundation.

Гэтым летам адзін з інвестараў знайшоў слабасць у сістэме, у выніку чаго атрымаў бенефіцыі на $ 60 млн. Як адзначаў Bloomberg, гэта была не хакерская атака, а карыстанне дрэнна прадуманым правілам. Аднак у выніку стваральнікі праекта змянілі правілы на хаду і перапісалі код, каб усё вярнуць.

“Лепей згубіць вашыя інвестыцыі, чым згубіць ваш блокчэйн”, абураўся Брус Фэнтан, сябра рады амерыканскага фонда Bitcoin Foundation. Але, як бачым, у пытанні вялікіх грошай моцная рука пакуль перамагае блокчэйн.

Такім чынам, блокчэйн – тэхналогія перспектыўная, аднак далёка не ідэальная. Каб скарыстацца ёю напоўніцу, трэба пачакаць, пакуль яна стабілізуецца. А гэтым часам трэба працаваць над дэмакратызацыяй краіны, бо без гэтага перавагі блокчэйна не працуюць.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Рэдакцыя Ідэі · 22 Чэрвеня
Пасля бязвіза: як прыцягнуць турыстаў у Беларусь?
Пасля бязвіза: як прыцягнуць турыстаў у Беларусь?
Абмяркоўваем турыстычныя перспектывы. 
Зміцер Лысюк· 9 Чэрвеня
Беларуская сістэма падтрымкі спорту зламаная: вось як яе направіць
Беларуская сістэма падтрымкі спорту зламаная: вось як яе направіць
Неэфектыўныя дзяржаўныя выдаткі, слабыя спартыўныя вынікі і што з гэтым трэба рабіць.
Вадзім Мажэйка· 23 Траўня
Чатыры складнікі развіцця крэатыўнай эканомікі ў Беларусі
Чатыры складнікі развіцця крэатыўнай эканомікі ў Беларусі
Чалавечы капітал у нас добры, а вось тое, што мы робім рукамі, трэба яшчэ ўдасканаліць, каб беларускія крэатыўныя індустрыі запрацавалі як след.