• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Пяць рэцэптаў, каб мазгі не ўцяклі

    Дзяржаўныя стыпендыі, мэтанакіраванае вяртанне таленавітай моладзі і рэформы ў краіне – мусіць быць толькі так, калі мы не хочам застацца без мазгоў.

    Лукашэнка заклікае моладзь шукаць шчасце на радзіме, аднак рэальных крокаў для перадухілення ўцечкі мазгоў амаль не бачна. Таленавітыя маладзёны – не гастарбайтары, і іх цікавіць нешта большае, чым ільготная кватэра ў Каменнай Горцы. Да таго ж уцечка мазгоў ускладняе дэмаграфічныя праблемы Беларусі, паскарае выміранне краіны. Як перадухіліць гэты інтэлектуальны апакаліпсіс?

    Айчынныя стыпендыі

    Беларусы – небагаты народ, таму для большасці маладых людзей рэальным шанцам атрымаць адукацыю ў заходніх універсітэтах з’яўляюцца толькі стыпендыі. Атрымліваючы еўрапейскія ды амерыканскія гранты на вучобу, нашая моладзь прывязваецца да гэтых краін, звязвае з імі сваю будучыню, усімі шляхамі стараецца застацца там жыць ды працаваць.

    Гучыць парадаксальна, але каб моладзь беззваротна не з’ехала за мяжу, трэба яе туды накіраваць.

    У якасці прыкладу можна прывесці партнёра Беларусі па ЕАЭС – Казахстан. Тамтэйшы прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў яшчэ ў 1993 годзе заснаваў першую на постсавецкай прасторы міжнародную стыпендыяльную праграму для таленавітай моладзі “Болашақ” (“Будучыня”). У спісе рэкамендаваных універсітэтаў – найлепшыя навучальныя ўстановы свету: фізіку і хімію казахстанцы могуць вывучаць у Гарвардзе, архітэктуру – у MIT, медыцыну – у Оксфардзе, бізнес і менеджмент – у LSE.

    Каб атрымаць фінансаванне, трэба добра вучыцца (правіла праграмы вызначаюць мінімальны ўзровень адзнак). Тыя ж, хто паспяхова скончыў навучанне, згодна з дамовай мусяць вярнуцца ў Казахстан ды працаваць па атрыманай спецыяльнасці 5 гадоў у сталіцы альбо 3 гады ў рэгіёнах. Заўважце, у правілах няма агаворкі, што адпрацоўваць трэба на дзяржаўных прадпрыемствах.

    Калі б у Беларусі была створана падобная стыпендыя, то яна, безумоўна, карысталася б попытам. Таленавітая моладзь атрымала б дадатковы шанец на годную адукацыю, а краіна – крыніцу спецыялістаў з самымі сучаснымі кампетэнцыямі.

    Мэтанакіраванае вяртанне кадраў

    Калі свае стыпендыі маюць адтэрмінаваны эфект, то працаваць над вяртаннем у краіну моладзі з добрай адукацыяй можна (і варта!) ужо цяпер. Гэта складаней, чым рэкрутаваць таленавітых 18-гадовых, аднак затое гэта адразу сведчыць пра поспехі, дасягнутыя маладым чалавекам.

    Першы крок – патрэбна значна лібералізаваць правілы, якія тычацца прызнання замежных дыпломаў.

    Дыпломы вядомых замежных універсітэтаў мусяць прызнавацца аўтаматычна, без ніякай настрыфікацыі.

    Навошта губляць час ды нервы на праверку кваліфікацыі выпускніка вядучай заходняй вучэльні? І калі з бакалаўрскімі дыпломамі сітуацыя выглядае больш-менш прыстойна, то працэдура прызнання атрыманай за мяжой кандыдацкай ступені (PhD) не надта адрозніваецца ад абароны дысертацыі з нуля.

    Паколькі гаворка ідзе пра тых, хто ўжо адбыўся як прафесіянал з замежным досведам і перспектывамі, то працаваць трэба індывідуальна. Варта сачыць за адукацыйнымі ды прафесійнымі траекторыямі перспектыўнай моладзі, каб у патрэбны момант прапанаваць ім кар’ерныя перспектывы на радзіме. Як дэманструе постсавецкі досвед, калі такія людзі адчуваюць, што запатрабаваныя дома, то патрыятызм грае сваю ролю.

    Краіна патрабуе рэформаў

    Маладыя адмыслоўцы ідуць туды, дзе бачаць перспектыву рэалізаваць свае амбіцыі.

    А што можа быць больш амбітным, чым паспець у маладосці значна змяніць да лепшага сваю краіну?

    Напрыклад, рэфармаваць Грузію ды Украіну вярталася моладзь, якая мела заходнюю адукацыю і добрыя магчымасці прафесійнага росту, але пабачыла шанец зрабіць нешта істотнае на радзіме. Вядомы прыклад – 28-гадовая Вераніка Кабалія, якая навучалася ды працавала ў Канадзе, але вярнулася ў Грузію, каб стаць міністрам эканомікі і ўстойлівага развіцця.

    Для мігранта, хай сабе і кваліфікаванага, такая кар’ера немагчымая.

    Стварэнне казахскай стыпендыі “Болашақ” таксама тлумачыцца тым, што краіне “патрабаваліся высокакваліфікаваныя кадры, якім трэба было праводзіць далейшыя рэформы”.

    Каб амбітная моладзь прыехала рэфармаваць краіну, рэформы ўласна варта пачаць. Як вядома яшчэ з савецкай песні, “вечны спакой – для сівых пірамід”: беларускай стабільнасцю моладзь не прывабіш, ёй патрэбны “варушняк”.

    Рэформа вышэйшай адукацыі

    Пэўны адсотак моладзі заўсёды будзе з’язджаць з краіны, бо прага да новага ў такім узросце – натуральная рэч. Аднак вялікая колькасць беларускай моладзі едзе проста па годную адукацыю, якой не знаходзіць на радзіме.

    І іх можна пераканаць застацца дома, калі рэфармаваць нашыя ўніверсітэты ды падвысіць якасць айчыннай адукацыі.

    Не трэба вынаходзіць ровар – пачаць можна хоць бы з выканання Дарожнай мапы Балонскага працэсу, што Беларусь падпісала, калі далучылася да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Так, гэта не проста вычарпальны спіс патрэбных змен, а толькі асноўныя яго пункты: распрацоўка Нацыянальнай рамкі кваліфікацый, стварэнне незалежнага агенцтва па кантролі якасці адукацыі і г.д. Аднак без іх выканання не атрымаецца дасягнуць належнага ўзроўню якасці ды выйграць канкурэнцыю за мазгі.

    Пакуль жа нашыя ўніверсітэты без акадэмічных вольнасцяў ды студэнцкага самакіравання, з абмежаванай мабільнасцю ды неабмежаванай плынню плагіяту. Не дзіва, што амбітныя ды таленавітыя прагнуць іншага асяроддзя навучання.

    Рэгіянальнае развіццё

    Магчыма, “Ідэя” ўжо праела вам плеш гэтай тэзай, але развіваць беларускія рэгіёны сапраўды важна. Уцечка мазгоў – бяда не толькі ўсёй Беларусі, але перадусім яе рэгіёнаў, адкуль моладзь у пошуках адукацыі з’язджае ў буйныя гарады. Пераезд сталічных універсітэтаў у рэгіёны ды станаўленне лакальных ВНУ далі б імпульс мясцоваму развіццю.

    Эканамічная дыверсіфікацыя рэгіёнаў, узнікненне там новых прадпрыемстваў – таксама імпульс для вяртання моладзі з заходняй адукацыяй, бо ўсім гэтым бізнесам спатрэбяцца кампетэнтныя кадры.

    Напрыклад, буйныя беларускія IT-кампаніі ўжо ствараюць офісы ў рэгіёнах і зацікаўленыя гэтую справу працягваць.

    У рэгіёнах не толькі нізкія кошты, але і чыстае паветра, ды наогул прырода значна бліжэй, чым у буйным горадзе. Для моладзі з заходнім мысленнем, якую непакоіць экалогія, гэта можа быць важным аргументам, каб жыць, працаваць ды гадаваць дзяцей менавіта ў беларускім мястэчку.

    Безумоўна, гэта застанецца толькі ўяўнай карцінай, калі не будуць праведзеныя адпаведныя рэформы, патрэбныя для рэгіянальнага развіцця (да прыкладу,  сапраўднае самакіраванне і дэцэнтралізацыя).

    ПаказацьСхаваць каментары