Ці можа пуцін «зкрымаваць» Прыбалтыку?

Калі Захад пракаўтне анэксію Крыма, Крэмль можа разгарнуць падобны сцэнар агрэсіі ў дачыненні да Эстоніі і Латвіі.
Алесь Чарняковіч· 10 Красавіка 2014
Ці можа пуцін «зкрымаваць» Прыбалтыку?

Анэксіяй Крыма Пуцін сёння выпрабоўвае гатоўнасць заходняй супольнасці захоўваць пасляваенны парадак і міжнароднае права. Калі Брытанія і ЗША апынуцца нездольнымі абараніць Будапешцкі мемарандум, Расея можа ўзняць стаўкі і праверыць на Эстоніі і Латвіі пяты артыкул пагаднення НАТА. (Гэты артыкул забавязвае чальцоў альянсу да ўзаемнай дапамогі.)

Пытанне “дыскрымінацыі расейцаў і расейскай мовы” застаецца дамінантным у расейскім грамадска-палітычным дыскурсе што да Латвіі і Эстоніі. Варта прыгадаць хаця б скандалы вакол “Бронзавага жаўнера” 2006 года ў Эстоніі і рэферэндума пра статус расейскай мовы 2012 года ў Латвіі, ці нязменную рыторыку абвінавачванняў народаў гэтых краін у фашызме і неанацызме, якая сёння скіравалася таксама ў бок украінцаў.

Расея можа абгрунтаваць уведзенне войск у Латвію і Эстонію, як гэта было зроблена з Крымам – абарона этнічных расейцаў і расейскай мовы.

Згодна з апошнім перапісам насельніцтва Латвіі 2011 года, рускімі сябе лічаць 26.9 %, у той час як расейскую мову назвалі роднай 33.75 % жыхароў. Пуцін жорстка раскрытыкаваў вынікі моўнага рэферэндума 2012 году, заявіўшы, што да галасавання не былі дапушчаны 300.000 так званых “неграмадзян”, пераважную большасць з якіх складаюць расейцы. Тады ж прагучаў заклік Пуціна спрасціць працэдуру атрымання расейскіх пашпартоў жыхарамі Латвіі і Эстоніі.

Адсотак этнічных расейцаў у Эстоніі па апошніх дадзеных 2011 года складае 24.8 %, а расейскую мову вызнаюць роднай 29.6%. Пытанне стаўлення да расейцаў у Эстоніі зноў уздымалася прадстаўніком Расеі ў Радзе ААН пра правох чалавека недалей як у сакавіку гэтага года.

Наяўныя лічбы долі этнічных расейцаў і расейскамоўных па абедзвюх краінах даюць вельмі грунтоўны падмурак для разварочвання сцэнару “абароны народу і мовы”, асабліва ў кантэксце рыторыкі варожага ўспрыняцця Расеяй еўрапейскай і паўночнаатлантычнай інтэграцыі прыбалтыйскіх краін. Для параўнання, у Беларусі, дзе да Расеі больш прыязнае стаўленне і ў афіцыйным, і ў грамадскім дыскурсе, толькі 8.3% этнічных расейцаў.

Пад пагрозай інтэрвенцыі могуць апынуцца ў асаблівасці асобныя часткі краінаў. У некаторых регіёнах Латвіі адсотак расейцаў сягае да 45-55 % (Даугаўпілс, Разэкнэ, Рыга), 72.81 % у эстонскім павеце Іда-Віру і амаль 38 % у Таліне. Механізм у прыбалтыйскіх краінах можа быць абсалютна ідэнтычны украінскаму, дзе сапраўдных прыцясненняў расейцаў ці іх мовы не было і блізка, а сепаратысцкія настроі прэзентаваліся, як мэйнстрым, дзякуючы правакацыям і прапагандзе. Для гэтых мэтаў у Латвіі і Эстоніі Расея можа скарыстацца не толькі прыхільнымі рухамі і шматлікімі актывістамі, але і выразна прарасейскімі палітычнымі партыямі і бізнэсоўцамі.

Не варта забываць, што Пуцін лічыць расейскімі яшчэ і регіёны паўднёвага ўсходу Украіны, і пагроза ваеннага ўварвання расейскай арміі на гэтыя тэрыторыі застаецца высокай. Палітычныя амбіцыі Пуціна ўвайсці ў гісторыю як збіральнік расейскіх зямель, як трэці “Вялікі” пасля Пятра і Кацярыны, дыктуюць яго знешнепалітычныя крокі. Яднанне “самага вялікага ў свеце раз’яднанага народу” выразна праглядалася, як асноўная тэма ў яго прамове 18 сакавіка з нагоды анексіі Крыма.

На дасягненне мэты аб’яднання зямель і народа скіраваны флагманскі праект прэзыдэнта Пуціна вэрсіі 2.0 – Еўразійскі Саюз. Асноўнымі мэтавымі тэрыторыямі для інтэграцыі выглядаюць краіны былога СССР. Нейкія з гэтых краін выказваюць гатоўнасць далучыцца да інтэграцыі добраахвотна, для іншых выпрацоўваецца “крымскі сцэнар”, першае тэставанне якога адбылося ў Грузіі яшчэ ў 2008 годзе.

Калі Захад не зрэагуе на Крым сёння, расейская агрэсія заўтра можа скіравацца на яго тэрыторыю – Латвію і Эстонію.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Хто пераможа на амерыканскіх выбарах і чаму звальненне супрацоўнікаў дзярж.прадпрыемстваў уратуе бізнес? Адказы ў новым выпуску ідэйнага падкасту.
Выбары ў Расеі, чаму абмен палоннымі гэта добра і як там у Эстоніі?
Выбары ў Расеі, чаму абмен палоннымі гэта добра і як там у Эстоніі?
Размаўляем з каардынатарам штаба Навальнага ў Маскве пра выбары і разумнае галасаванне, згадваем Маска і Лукашэнку, а таксама параўноўваем нас і суседзяў.
Рыдван Бары Уркоста (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 6 Жніўня
Унутры Севастопаля: горад-бунтар наносіць зваротны ўдар
Унутры Севастопаля: горад-бунтар наносіць зваротны ўдар
Самая прарасійская частка Крыма таксама з’яўляецца крыніцай галаўнога болю для Масквы. Ці здолее Крэмль умацаваць свой уплыў у Севастопалі?