Праз выбары да зорак. Чаму Караткевіч не трэба станавіцца палітычнай селебрыці

У пачатку месяца былая кандыдатка на прэзідэнцкую пасаду з'явілася на дзвюх кінапрэм’ерах, але гэта наўрад ці падвысіць яе шанцы выжыць у хорар-муві беларускай палітыкі.
Стас Гарэлік· 27 Лістапада 2015
Праз выбары да зорак. Чаму Караткевіч не трэба станавіцца палітычнай селебрыці

Вядомасць – без яе немагчыма ўявіць ні поп-зорку, ні моцнага палітыка. І таму няма нічога дзіўнага, што былыя акторы – як Рэйган ці Шварцэнэгер – становяцца прэзідэнтамі і губернатарамі, а “нацыянальныя лідары” кшталту Пуціна – брэндамі гарэлкі або нават героямі хіп-хоп кліпаў. У сацыялогіі такія перапляценні паміж палітыкай і шоу-бізнесам атрымалі назву селебрытызацыі (ад англ. celebrity – знакамітасць).

Беларускую палітыку селебрытызацыя закранула ў паслявыбарчыя тыдні. Аднак, калі Лукашэнка можа ёю кіраваць, то яго былая канкурэнтка на выбарах Таццяна Караткевіч рызыкуе апынуцца ў небяспечным становішчы “зоркі ў гета”.

Канцэрт “сапраўднага мужыка” для Лукашэнкі

Напрыканцы кастрычніка кампазітар Віктар Дробыш, “які горда нясе гэты сцяг беларуса ва ўсім свеце”, атрымаў ордэн Францыска Скарыны з рук беларускага кіраўніка ў тым ліку за “высокі ўзровень творчасці”. Верагодна, вышыня вызначалася менавіта папулярнасцю тых, хто ў Мінску на творчым вечары Дробыша спяваў пад яго музыку, а гэта былі: Ірына Алеграва, Стас Міхайлаў, Грыгорый Лепс і Валерыя.

Лукашэнка назваў канцэрт тым выпадкам, калі “трэба быць тут з нашымі беларусамі, нашымі любімымі артыстамі і любімым кампазітарам”. Беларускі лідар рэдка бывае на падобных мерапрыемствах, таму і яго матывы выглядаюць дастаткова загадкава: можа, і сапраўды ён вырашыў паслухаць песні любімага кампазітара?

Аднак галоўнае – эфект. Лукашэнка паказаў, што ён і ёсць народ (ці значная частка народа), з такім жа густам і звычкамі. Ён, другімі словамі, рэпрэзентуе і народную волю, і народныя пачуцці, прынамсі эстэтычныя. З той жа прычыны Лукашэнка гэтак клапоціцца пра беларускі поспех на Еўрабачанні ды кожны раз наведвае “Славянскі базар”.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама выкарыстаў выпадак, каб негатыўна выказацца пра Святлану Алексіевіч, якую ён пагардліва прылічыў да “творцаў”, што “выехалі за межы краіны і пастараліся выліць цэбар бруду на сваю краіну”. Алексіевіч прыйшлася да слова, бо чытаць “творцаў” – гэта наўрад ці такая ж папулярная народная забава, як слухаць Міхайлава ці Валерыю.

І таму Лукашэнка падкрэсліў, што Дробыша ён узнагароджвае як “сапраўднага мужыка” (бо пісаць пра чалавечыя лёсы, спачуваць – гэта ж па-жаноцку).

Пры гэтым усім беларускі кіраўнік сам вызначыў умовы сваёй селебрытызацыі: калі і дзе ён з’явіцца, што скажа, каго пахваліць, а каго зганіць. Нават “папсовы” аўтакрат перадусім застаецца аўтакратам.

Putin-Hip-Hop_06687162044

Жаночае і не вельмі кіно для Караткевіч

Калі Лукашэнка абраў музычную пляцоўку для выхаду ў зорны свет, то Караткевіч наведала ў гэтым месяцы ўжо дзве кінапрэм’еры. Спачатку – новы сіквел пра агента 007, дзе яна прадэманстравала вячэрнюю сукенку ў кампаніі брытанскага пасла і мінскай багемы. А потым на “Лістападзе” быў паказ фільма Фані Ардан “Дакучлівыя гульні”, які Караткевіч – ужо ў звыклых пінжаку і спадніцы – назвала “вельмі жаночым”.

З’яўленне Караткевіч на абодвух мерапрыемствах і нават размяшчэнне яе цытаты на афіцыйным сайце “Лістапада” – гэта нібыта нагадвае свецкую палітыку ў сярэднестатыстычнай еўрапейскай краіне.

Аднак 83,5 % галасоў за Лукашэнку вяртаюць у рэальнасць, дзе ўлады наўпрост не перашкаджаюць галоўнаму апазіцыйнаму кандыдату, які дапамагае стварыць ілюзію нармальнай краіны, дзе палітыкі свабодна ходзяць на свецкія раўты.

Нават калі каманда Караткевіч разумее гэта, яна, хутчэй за ўсё, імкнецца выкарыстаць любы шанец, каб экс-кандыдатка “засвяцілася” і паказала блізкасць да свайго электарату ці яго важнай часткі – больш актыўных і маладых гараджан-спажыўцоў.

Гэтак з падказкамі актыўнай каманды Караткевіч цяпер наўрад ці прапусціць значны кінапаказ ці іншае рэзананснае мерапрыемства. Але мала верагодна, што былая кандыдатка можа кантраляваць сваю селебрытызацыю, акрамя сваіх старонак у сацыяльных сетках ці на сайце “Гавары праўду“. Дзяржаўным ці апалітычным медыям лепей зрабіць з яе палітычную зорку, якая ці маўчыць, як на фотастужцы Сіцідога, ці нібыта адпачывае ад палітыкі і таму яе нічога не турбуе, як на сайце “Лістапада”.

Калі публічная палітыка становіцца сцэнай

Існаванне ў такім “зорным гета“ можа звузіць перспектывы не толькі самой Караткевіч, але і ўсю не вельмі шырокую прастору беларускай палітыкі.

Яна рызыкуе цалкам перастаць быць палітыкай ідэалогіяў і партый, а замест гэтага канчаткова пераўтварыцца ў нейкае шоу.

Прычым яго рэжысёр усім добра вядомы, астатнія ж – статысты. Аднак іх імкненне дадаць сабе зорнасці паводле дваццацігадовага сцэнара замест народнай цікавасці да сукенак ці банкетных прамоў можа выклікаць яшчэ большую апатыю да таго, што “і так зразумела”.

Безумоўна, значэнне канцэртаў і кінапаказаў у сённяшняй беларускай палітыцы не трэба перабольшваць.

Караткевіч спрабуе захаваць нейкую палітычную вагу пасля прэзідэнцкіх выбараў, каб “Гавары праўду” мела хоць тэарэтычныя шанцы на выбарах парламенцкіх.

Але былая кандыдатка стварае прэцэдэнт і падае ўладам ідэю, як абыходзіцца з апазіцыяй.

Сучасныя аўтарытарныя рэжымы больш не заснаваныя на масавых рэпрэсіях і ўсебаковай цэнзуры. Яны працуюць больш складана, хоць і не заўсёды элегантна: дзесьці праз ботаў, што блакуюць дыскусію ў інтэрнэце, дзесьці праз моладзевыя рухі, што змяншаюць студэнцкую незадаволенасць праз абяцанні добрых адзнак ці зніжак, а дзесьці праз кліпы і канцэрты са слязамі лідара на вачах.

Праўда, галоўная мэта ўсё роўна адна – абыякавыя грамадзяне, якія лічаць марнаваннем часу нават размовы аб палітычных падзеях.

Адзіным масавым палітычным праяўленнем павінен быць дзяржаўны нацыяналізм. Селебрытызацыя наўрад ці дапаможа распаліць апошні, але выглядае эфектыўным інструментам для аўтарытарнай мэты па кантролі за грамадскім настроем.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Стас Гарэлік· 4 Ліпеня
Як Беларусі патрапіць на наступны чэмпіянат свету
Як Беларусі патрапіць на наступны чэмпіянат свету
Трэба развіваць крэатыўны дзіцячы футбол і прыцягваць легіянераў, але нават тут без палітычных і эканамічных рэформаў не абысціся.
Тарас Тарналіцкі · 31 Траўня
Сем рэформаў, якія могуць адрадзіць айчыннае кіно
Сем рэформаў, якія могуць адрадзіць айчыннае кіно
Стварэнне прыстойнай кінаіндустрыі насамрэч куды прасцейшае, чым можа здавацца.
Тарас Тарналіцкі , Рыгор Астапеня· 15 Траўня
Боль беларускага кіно ў адной інфаграфіцы
Боль беларускага кіно ў адной інфаграфіцы
Ні грошай, ні ўзнагарод.