Падмануць смерць

Навука рашуча ўзялася за распрацоўку спосабаў запавольвання старэння. Радуйцеся, пры ўмове, што будзе магчыма справіцца з пабочным эфектам.
The Economist · 13 Верасня 2016
Падмануць смерць
Малюнак: The Economist

Уявіце сабе свет, у якім атрымаць новае сэрца, вантробу альбо камплект нырак, выгадаваных з клетак вашага ўласнага цела, такая ж звычайная з’ява, як перасадка калена альбо сцягна ў нашыя часы. Уявіце свет, у якім вы адзначаеце дзевяноста чацвёрты дзень нараджэння прабегам марафону са сваімі школьнымі сябрукамі. Іншымі словамі, уявіце свет, у якім старэнне адмененае.

Гэты свет пакуль недасяжны. Але штосьці падобнае можа адбыцца аднойчы. Працэс старэння,  агульнае пагаршэнне дасканаласці, якое перажываем усе мы, калі час бярэ сваё, адбываецца пад пільнай увагай лекараў і біёлагаў (глядзіце артыкул). Спыніць яго цалкам пакуль немагчыма.

Аднак, верагодна, існуе магчымасць яго запаволіць.

Сярэдняя працягласць жыцця істотна павялічылася цягам апошняга стагоддзя, але гэта адбылося дзякуючы лепшаму харчаванню, жыллёвым умовам, здароўю насельніцтва і некаторым лекам. Новае падвышэнне гэтага паказніка адбудзецца дзякуючы адмысловым прэпаратам супраць старэння, некаторыя з якіх, магчыма, ужо існуюць.

Гэта, сцвярджаюць аптымісты, працягне жыццё шматлікіх людзей да сучаснага піку – 120 гадоў ці каля таго. Аднак гэта можа стацца толькі пачаткам. У наступнай фазе падвысіцца не толькі сярэдняя, але і максімальная працягласць жыцця. Калі часткі цела зносяцца, іх адрамантуюць альбо цалкам заменяць. ДНК аптымізуюць для доўгага жыцця. Дадайце прэпараты супраць старэння, і доўгажыхароў стане відзьмо-невідзьмо.

Чалавек і звышчалавек

У сувязі з гэтым мноства шматспадзеўных майстраў-рамонтнікаў распачынаюць справу. Некаторыя з іх жадаюць палепшыць зношаныя тканкі з дапамогай ствалавых клетак (папярэднікаў усіх астатніх клетак). Гэтае біялагічнае аднаўленне ляжыць у аснове недаказанага, амаль вампірскага лячэння, моднага ў пэўных колах – пераліванне старым крыві маладых.  

Справа вырошчвання органаў з нуля таксама развіваецца.

На цяперашні момант гэтыя “арганоіды” маленькія, недасканалыя і выкарыстоўваюцца збольшага для тэставання прэпаратаў. Але гэта, безумоўна, зменіцца. Доўгажыхарства, як вядома, перадаецца ў спадчыну ў сем’ях, што дазваляе меркаваць, што канкрэтная разнавіднасць генаў працягвае жыццё.  Некаторыя даследнікі займаюцца гэтым накірункам, спадзеючыся, што сучасныя генна-інжынерныя тэхналогіі аднойчы будуць выкарыстаныя, каб зрабіць крытычна важныя змены ў ДНК дзеля падаўжэння жыцця тых, хто мае ў гэтым патрэбу.

З пункту гледжання індывіда ўсё гэта гучыць вельмі прывабна. Для грамадства ў цэлым, аднак, гэта будзе мець далёка ідучыя наступствы. Большасць з іх будзе добрымі, але не ўсе.

Адзін трывожны момант заключаецца ў тым, што доўгае жыццё абвострыць існыя сацыяльныя і эканамічныя праблемы. Найбліжэйшым выпрабаваннем стане доступ да лячэння ад старэння.

Калі доўгае жыццё дорага каштуе, хто атрымае яго першым?

Узровень прыбыткаў ужо з’яўляецца адным з найлепшых прадракальнікаў працягласці жыцця. Пашырэнне разрыву за кошт лекаў, недасягальных для бедных, можа абвастрыць рознагалоссі, якія ўжо існуюць у дэмакратычных краінах.

Ці будуць старыя працаўнікі падпадаць пад дыскрымінацыю, як цяпер, альбо лічбы дадуць ім пугу ў рукі супраць маладых? Ці будуць начальнікі моцна трымацца, стымулюючы кар’ерны рост уласных падначаленых, альбо ім усё надакучыць і яны звольняцца, каб рабіць нешта зусім іншае? Ці перастануць усе гэтыя старыя людзі лічыць сябе пажылымі, захаваўшы юнацкія рашучыя ментальныя ўстаноўкі ў дадатак да фізічных характарыстык – ці замест гэтага зробяць грамадства больш кансерватыўным (бо старыя людзі маюць такую тэндэнцыю)?

Прычынай спадзявання, што сталыя людзі акажуцца не такімі цемрашаламі, з’яўляецца тое, што жыццё само па сабе будзе больш падобным да шэрага новых пачынанняў, чым на адну-адзіную гісторыю. Крызіс сярэдняга ўзросту ператворыцца з намагання вярнуць страчаную маладосць у азадачанасць пытаннем, як  выкарыстаць наступнае паўстагоддзя найлепшым чынам.

Выхад на пенсію стане больш аддаленым варыянтам для большасці, бо пенсійныя кошыкі павінны быць велізарнымі, каб падтрымаць іх падоўжаную працягласць жыцця. У сувязі з гэтым набор кар’ер стане правілам, а адукацыя павінна змяніцца адпаведным чынам.

Людзі маглі б вярнуцца ў школу ў свае 50 з нечым, каб навучыцца рабіць штосьці цалкам іншае.

Тым, хто займаўся фізічнай працай, несумненна, спатрэбіцца адпачынак. Бухгалтар можа стаць лекарам. Адвакат – актывістам дабрачыннага руху.  Магчыма, некаторыя будуць рабіць працяглыя перапынкі паміж кар’ерамі і адрывацца на вечарынах, ведаючы, што медыцына можа прапанаваць ім бягучы рамонт.

Нуда і патрэба ў разнастайнасці могуць паўплываць таксама і на сямейнае жыццё. Ці многія наважацца на шлюб у дваццаць з нечым з верагоднасцю быць з гэтым жа самым чалавекам цягам 80 год? Жыццё з адным партнёрам, якое ўжо сустракаецца ўсё радзей, можа стаць выключнасцю. Яго заменіць чарада стасункаў, кожныя з якіх будуць дастаткова доўгімі, каб многія ўжо цяпер назвалі іх годным шлюбным тэрмінам. Што тычыцца рэпрадукцыі, прагназуецца, што мужчынскія насеннікі будуць працаваць цягам неабмежаванага часу і, хаця і лічыцца, што жаночыя яечнікі ўтрымліваюць абмежаваную колькасць яйцаклетак, тэхналогія, несумненна, зможа стварыць новыя.  Такім чынам, тыя, хто хоча, змогуць множыцца дзесяцігоддзямі. Гэта разам з серыйнымі шлюбамі можа ўскладніць адсочванне, хто з кім у сваяцтве.

Сем’і пачнуць выглядаць як лабірынты.

У свеце, дзе шлюбы не доўжацца, жанчыны паўсюль атрымаюць большую свабоду разводзіцца, і састарэлыя патрыярхі нарэшце страцяць сваю ўладу.

Такога кшталту разважанні забаўныя і збольшага аптымістычныя. Абяцанне добра пражытага даўжэйшага жыцця можа ўдасканаліць асобу. Аднак дадзенае бачанне будучыні залежыць ад аднаго моманту – доўгатэрміновае існаванне мусіць быць таксама здаровым. Чалавецтва павінна асцерагацца пасткі, у якую патрапіў Тытон – міфічны траянец, якому багі далі вечнае жыццё, але ён забыўся папрасіць аб вечнай маладосці. Урэшце ён змарнеў да цыкады.

Наперад да Мафусаіла

Пастка Тытона зачынілася таму, што целы прызначаныя быць аднаразовымі сасудамі для пераносу генаў ад аднаго пакалення да наступнага. У біёлагаў ёсць адмысловы тэрмін для гэтага: аднаразовая сома. Гэтым тлумачыцца не толькі агульнае старэнне, а і тое, чаму чалавек абаронены ад дэменцыі, раку, праблем сардэчна-сасудзістай сістэмы, артрыту і шматлікіх іншых хваробаў у маладосці, але ў старасці, калі рэпрадукцыя скончана, яны ідуць навалай. Іх таксама трэба будзе лячыць, калі мы хочам, каб доўгае і здаровае жыццё стала звычайнай з’явай. Больш за тое, нават здаровыя мазгі могуць моцна састарэць. Орган, прызначаны для захоўвання ўспамінаў за 70 ці 80 гадоў, можа не вытрымаць, калі яму паставіць задачу ўмясціць 150 гадоў успамінаў.

Тым не менш біялагічнае разуменне прасоўваецца імкліва. Большая працягласць жыцця знаходзіцца ў межах дасягальнасці, нават калі фактычная неўміручасць, верагодна, не настолькі блізкая (ці захапляльная), як хацелі б верыць некаторыя фантасты. Абавязкова складзіце вельмі доўгі спіс справаў, якія варта зрабіць перш як памерці.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Зміцер Лысюк· 16 Траўня
Як Брэсцкая вобласць становіцца самым паспяховым рэгіёнам
Графікі, якія паказваюць, як Брэстчына ідзе да поспеху (па беларускіх мерках).
Арцём Ткачук· 25 Красавіка
Як нарэшце перастаць быць краінай самагубцаў
У 2016-ым больш за дзве тысячы беларусаў скончылі жыццё самагубствам. Віну за гэта нясе ў тым ліку грамадства са сваім меркаваннем, што да псіхолагаў звяртаюцца толькі вар’яты і слабакі.
Вадзім Мажэйка· 21 Сакавіка
Як моднае вінаробства можа спыніць алкагалізацыю Беларусі
Замест абмежаванняў ды акцызаў варта падвышаць культуру піцця і ствараць умовы для развіцця шляхетнага айчыннага крафтавага алкаголю.