Ці здолее Малдова застацца на шляху ў Еўропу?

Дасягненні Малдовы і ўнутраныя рызыкі.
Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях · 5 Сакавіка 2014
Ці здолее Малдова застацца на шляху ў Еўропу?

Малдова лічыцца паспяховым прыкладам ініцыятывы Еўрапейскага Саюзу “Усходняе Партнёрства”. За чатыры з паловай гады з тых часоў, калі праеўрапейская кааліцыя прыйшла да ўлады ў 2009 годзе, Малдова стала больш плюралістычнай і перажыла імклівы эканамічны рост. Урад правёў рэформы і паглыбіў стасункі Малдовы з ЕС, ажыццявіў ідэю аб бясплатных візах і парафаваў дамову аб асацыяцыі з умовамі для глыбокага і ўсебаковага пагаднення аб вольным гандлі. Напачатку 2014 году Малдова знаходзіцца ў адным кроку ад пераходу на новую, больш складаную і рэзультатыўную фазу стасункаў з ЕС. Укараненне палітыкі асацыяцыі прастымулюе эканамічны рост і пашырыць сувязі паміж Малдовай і яе найбуйнейшым гандлёвым партнёрам, ЕС. Тым не менш, прагрэс Малдовы на шляху да Еўрасаюзу застаецца найгалоўнейшай інтрыгай у гэтым рэгіёне ў 2014 годзе. Арменія і Украіна паддаліся расейскай дыпламатыі прымусу, а гэта азначае, што функцянаванне усходняй палітыкі дабрасуседства ЕС залежыць ад поспехаў Малдовы як ніколі. Дыпламатычныя поспехі Расеі ў яе “блізкім замежжы” могуць натхніць яе пашырыць свой ціск на Малдову. У той жа час, нестабільная правячая праеўрапейская кааліцыя Малдовы сутыкнецца з лакальнымі выпрабаваннямі перад парламенцкімі выбарамі, прызначанымі на лістапад 2014 г.

Дасягненні Малдовы

Паводле апытанняў, праведзеных малдоўскай даследчай арганізацыяй “Інстытут публічнай палітыкі” у лістападзе 2013, амаль 70 адсоткаў малдаван лічаць, што краіна рухаецца не ў тым накірунку . Аднак, калі іншыя непапулярныя ўрады зарабілі сваю рэпутацыю з-за бяздзейнасці, праблема малдоўскага ўраду з грамадскай думкай часткова з’яўляецца адваротным бокам непапулярных, але неабходных рэформаў. Калі ў 2009 годзе да ўлады прыйшла пра-еўрапейская кааліцыя, эканоміка Малдовы перажывала востры заняпад: у 2009 г., ВУП знізіўся на 6.5% у параўнанні з папярэднім годам. Краіне таксама пагражаў небяспечны бюджэтны дысбаланс, з дэфіцытам роўным 6.3% ад ВУП. У выніку жорсткіх мераў, праведзеных пад кантролем МВФ, і больш строгага збору даходаў, бюджэтны дэфіцыт скараціўся да 2.1% да 2012 году. Палепшаная макраэканамічная сітуацыя заклала падмурак для далейшага пад’ёму малдоўскай эканомікі. За апошнія некалькі гадоў тут быў зарэгістраваны самы імклівы эканамічны рост у рэгіёне: 7.1% у 2010, 6.4% у 2011, 8% у апошнія 9 месяцаў 2013, пасля рэзкага спаду да 0.8% у 2012 г.

Сярод фактараў, якія паспрыялі аднаўленню малдоўскай эканомікі, былі і знешнія. Грашовыя пералікі, якія склалі 24% ВУП у 2012 г., працягвалі падтрымліваць патрэбы унутранага рынку. Замежныя донары вылучылі 1.9 мільярдаў еўра для Малдовы у 2011-2013 гг. Аднак, урад заслугоўвае павагі за прыцягненне сродкащ у абмен на рэформы, і за ажыццяўленне вялікіх праектаў, звязаных у тым ліку з інфраструктурай. Участкі дзяржаўнай дарожнай сістэмы адрамантаваныя. Аналіз ажыццявімасці і тэндэры на іншыя праекты амаль завершаныя, а гэта азначае, што больш дарогаў і ірыгацыйных сістэм пачнуць дзейнічаць ў 2014 г. Гэтыя праекты створаць новыя працоўныя месцы і дапамогуць будаўнічаму сектару – колькасць будоўляў узрасла на 50% у 2013 годзе. Яны таксама наклалі даўгатэрміновы адбітак на эканоміку. Адрамантаваныя дарогі дазволяць эканоміць час пры дастаўцы тавараў па краіне, а ірыгацыйныя сістэмы ўзмацняць сельскую гаспадарку, асабліва падчас сухіх летніх перыядаў. Экспарт расце хутчэй, чым імпарт. Урад палепшыў інвестыцыйны клімат, а стратэгія “электроннага кіравання” дапамагла зменшыць бюракратычныя бар’еры.  У выніку, Малдова выбралася з 94-га месца індэкса лёгкасці вядзення бізнэсу Сусветнага Банку ў 2010 г. на 78-е месца ў 2014 г.

Удасканалены бізнэс-клімат прыцягнуў больш замежных інвестараў, якія пасадзейнічалі паступовай пераіндустрыалізацыі Малдовы. Нямецкі пастаўшчык аўтамабільных дэталяў Draxlmaier з’явіўся ў Малдове ў 2007 годзе, і зараз пашырае сваю вытворчасць дэталяў для аўтамабіляў. Аўстрыйскі вытворца кабеляў Gebauer & Griller выйшаў на малдоўскі рынак у 2012 г., а да канца 2014 году кампанія інвеставала 18 мільёнаў еўра ва ўласныя вытворчыя фонды ў гэтай краіне. Пасля 20 год незалежнасці, Малдова нарэшце пабудавала злучальны газавы трубаправод з Румыніяй, каб зменшыць уласную залежнасць ад паставак расейскага газу і садзейнічаць увядзенню Трэцяга энергапакету ЕС.

Што тычыцца сектаральных рэформаў, план па ўвядзенні бясплатных візах у ЕС забяспечыў ураду рычаг для правядзення самай радыкальнай рэформы паліцыі за апошнія два дзесягігоддзі. Паліцыя была рэарганізавана, павялічыліся заробкі, а таксама былі ўведзеныя новыя дысцыплінарныя працэдуры супраць палісменаў, якія абвінавачваюцца ў неналежных паводзінах. Была сфармаваная памежная паліцыя, а сумнавядомая карумпаваная транспартная паліцыя была заменена паліцэйскімі патрулямі з камерамі. Смяротныя выпадкі ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў скараціліся на 30% у першыя пяць месяцаў 2013 году. Давер грамадства да паліцыі ўзрос з 10% у 2010 да 31% у 2013.

Міністэрства Адукацыі зачыніла некаторыя школы, дзе быў недахоп настаўнікаў і вучняў. Падобныя школы толькі спусташалі  грамадскія сродкі. Была праведзена рэформа выпускных іспытаў – усталяваныя відэакамеры для назірання за вучнямі, ўведзеныя пільныя пераправеркі тэставых заданняў, павялічылася колькасць назіральнікаў. Рэформы выклікалі абурэнне сярод бацькоў, студэнтаў і апазіцыйных партый, але падпольныя сеткі, якія займаліся падтасоўкай вынікаў іспытаў, панеслі сур’ёзную шкоду. Колькасць выпускнікоў, набраўшых праходны бал на выпускных іспытах у малдоўскіх школах, знізілася на 20% у 2013 годзе.

Міністэрства Юстыцыі падвысіла заробкі, ускладніла  прафесійную атэстацыю і ўзмацніла дысцыплінарную адказнасць для суддзяў. Некалькі суддзяў былі адхіленыя ад працы з-за дысцыплінарных парушэнняў альбо абвінавачванняў у карупцыі. Аднак, шмат чаго яшчэ павінна быць зроблена што да рэформы правасуддзя, і для правядзення больш радыкальных рэформаў патрэбна мацнейшая палітычная воля.

Малюнак быў бы няпоўным без згадвання правалаў Малдовы. Нізкія рэйтынгі ўраду – гэта вынік не толькі эканоміі і непапулярных рэформаў. Улады не дасягнулі поспеху ў барацьбе з усюдыіснай карупцыяй. Вынік Малдовы ў “Індэксе ўспрыняцця карупцыі” Transparency International фактычна упаў на адзін пункт у 2013 г. Малдоўскі нацыянальны цэнтр па барацьбе з карупцыяй (НЦБК) быў рэфармаваны, новаствораная нацыянальная камісія па непадкупнасці (НКН) атрымала паўнамоцтвы расследваць канфлікты інтарэсаў  і правяраць дэкларацыі аб прыбытках высокапастаўленых чыноўнікаў. Аднак, ніводная з гэтых арганізацый не спраўдзіла чаканняў. Супрацоўнікі НЦБК ігнаруюць карупцыю на высокім узроўні і нават ёсць выпадкі запалохвання палітычных апанентаў. Новая НКН знаходзіцца пад цяжкім палітычным прэсінгам. Яе бюджэт на 2014 год быў скарочаны, і здаецца, няма палітычнай волі, якая б здолела яе ўмацаваць. Малдова таксама змарнавала час на рэформу генеральнай пракуратуры. У той жа час генеральны пракурор Валерыу Зубко быў уцягнуты ў палітычную спрэчку і адхілены ад пасады ў 2013 г. Хаця новы генеральны пракурор Карнэліў Гурын абяцаў сур’ёзную рэформу, уплывовыя акторы у пракуратуры і па-за ёй супрацьстаяць любым рэальным зменам. Праект рэформы быў прэзентаваны ў 2013 годзе, але, калі не будуць прадпрынятыя рэальныя крокі па яго рэалізацыі, ён так і застанецца дэкларацыяй аб намерах.

Інвестыцыйны клімат у Малдове палепшыўся, аднак замежныя інвестары ўсё яшчэ скардзяцца на пераслед з боку падаткавых органаў і на палітычныя сілы, што спрабюць выштурхнуць іх з рынка. Нават Draxlmaier, галоўны экспарцёр Малдовы ў 2012 г., меў праблемы з дзяржаўнай фіскальнай інспекцыяй. Адмена кантроля і дэманапалізацыя ў большай ступені дапамаглі б інвестарам пачувацца лепш. Урад і нацыянальны банк не здолелі усталяваць парадак у банкаўскім сектары – галоўным апірышчы для любой рынкавай эканомікі. За апошнія чатыры гады павялічылася колькасць рэйдарскіх атак супраць фінансавых установаў і банкаў, а суддзі, якія удзельнічалі ў санкцыянаванні нелегальнай перадачы правоў уласнасці на акцыі, у большасці пазбеглі пакарання. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця звяртаўся да уладаў Малдовы, каб прадухіліць непразрыстыя здзелкі з акцыямі ў найбуйнейшым камерцыйным банку краіны Moldova-Agroindbank. Дзяржава здала кантрольны пакет акцый праблемнага банка Banca de Economii, што выклікала здзіўленне ў Малдове і замежжы, паколькі банк быў замешаны ў расейскай аферы з адмываннем грошай, вядомай як справа Магніцкага. Цэнтр па барацьбе з карупцыяй адмовіўся ад расследвання і ад супрацы з еўрапейскімі калегамі ў гэтай справе. Сапраўдныя ўладальнікі малдоўскіх банкаў хаваюцца за падстаўнымі кампаніямі, зарэгістраванымі за мяжой. Эксперты заяўляюць, што 70% банкаўскага сектару кантралюецца расейскімі інвестарамі. Без радыкальных зменаў у сектары, міжнародныя фінансавыя установы, якія з’яўляюцца галоўнай крыніцай даўгатэрміновага фінансавання, абмяжуюць супрацу з мясцовымі камерцыйнымі банкамі.

Паводле міжнародных назіральнікаў, сродкі масавай інфармацыі ў Малдове часткова свабодныя. Сучаснае заканадаўства забараняе адной асобе валодаць больш чым двума нацыянальнымі сродкамі масавай інфармацыі розных тыпаў. Аднак, урад не прадставіў папраўкі, якія б патрабавалі поўнага раскрыцця інфармацыі аб уладальніках тэлеканалаў і радыёстанцый. Быў створаны праект новага кодэксу аб вяшчанні, які ўключаў вышэйзгаданыя моманты, аднак законапраект зараз у падвешаным стане ў парламенцкай камісіі, што надалей дазваляе празмерную канцэнтрацыю сродкаў масавай інфармацыі ў руках некалькіх прыватных гульцоў, звязаных з палітычнымі інтарэсамі.

Малдова не здолела палепшыць заканадаўства датычна палітычных партый. Праект закону, які прадугледжваў падтрымку палітычных партый з дзяржбюджэту, быў прадстаўлены ў Парламент у 2013 г. Гэты закон меў на мэце зрабіць фінансавую дзейнасць партый больш празрыстай і парушыць сувязь партый з уплывовымі невядомымі спонсарамі, якія прасоўваюць уласныя інтарэсы. Але акурат тыя сілы, супраць якіх накіраваны законапраект, перашкаджаюць руху наперад у дадзеным пытанні.

Унутраныя рызыкі ў  2014 годзе

З 2009 году Малдовай кіруе правацэнтрысцкая праеўрапейская кааліцыя, але правячыя партыі пастаянна канфліктуюць паміж сабой. У сакавіку 2013 году кааліцыя Ліберальна-дэмакратычнай, Дэмакратычнай і Ліберальнай партыяў стала ахвярай вотуму недаверу пасля жорсткіх унутраных разборак, якія былі паспяхова скарыстаныя апазіцыйнай камуністычнай партыяй (ПКРМ). Праз два месяцы была праведзена замена – новая крохкая кааліцыя складалася з Ліберальна-дэмакратычнай, Дэмакратычнай і новастворанай Ліберальна-рэфармісцкай партыяў. Апошняя партыя была адгалінаваннем Ліберальнай партыі, якая пакінула кааліцыю. Рэфармаваная кааліцыя правяла перамовы з ЕС датычна дамовы аб асацыяцыі, і зараз шукае магчымасці, каб падпісаць і ратыфікаваць гэтую дамову да парламенцкіх выбараў у 2014 г., каб зменшыць варыняты камуністаў, калі яны здолеюць аднавіць уладу. Галоўная ўнутраная рызыка для Малдовы ў 2014 годзе – яшчэ адно раздрабленне кааліцыі, і, як вынік, адкрыты шлях да датэрміновых выбараў і вяртанне камуністаў ва ўрад.

У траўні 2013 году лідэры кааліцыі , былы прэм’ер-міністр Влад Філат і былы спікер парламенту Марыян Лупу, зрабілі крок назад і былі замененыя на двух паважаных дыпламатаў, былога міністра замежных справаў Юрые Лянкэ і былога амбасадара ў Нямеччыне Ігара Гормана. Быў абмеркаваны больш падрабязны кааліцыйны дакумент і, у адрозненне ад папярэдняй дамовы, пагадненне было апублікаванае адразу пасля падпісання. Кааліцыя здолела запачаткаваць штотыднёвыя дыялогі паміж чальцамі альянсу на некалькіх узроўнях. У выніку, лідэры партыяў-чальцоў кааліцыі на дадзены момант у пэўнай ступені страцілі магчымасць нападаць адзін на аднаго публічна, і дзве галоўныя партыі ў кааліцыі (Дэмакратычная і Ліберальна-дэмакратычная) троху палепшылі свае рэйтынгі ў апытаннях грамадскай думкі.  У той жа час, была павялічана ўзгодненасць у кіраванні і заканадаўчым працэсе. У лістападзе 2013 году правячая кааліцыя арганізавала публічную дэманстрацыю ў падтрымку еўраінтэграцыі. 100 000 чалавек выйшлі на галоўную плошчу Кішынёва, і гэтая акцыя стала найвялікшай публічнай дэманстрацыяй у Малдове за апошнія 20 гадоў. На фоне моцнага эканамічнага ўздыму, урад прыняў шчодры сацыяльна арыентаваны праект бюджэту на 2014 год, выдаткі ўзраслі на 19%, 66% адсоткаў з гэтага мусіць пайсці на сацыяльныя патрэбы. Гэта павінна дапамагчы вярнуць сімпатыі электарату.

Нягледзячы на адроджаную ўпэўненасць і лепшую ўзгодненасць, устойлівасць і пругкасць кааліцыі мусіць прайсці праз суворыя выпрабаванні ў 2014 годзе. Альянс застаецца нестабільнай структурай, якую трымае разам хутчэй неабходнасць, чым давер. Кааліцыйнае пагадненне паслабіла некаторыя асабістыя канфлікты, але не спыніла фундаментальную варожасць, якая пранікла ў альянс у 2013 годзе. Падчас надыходзячага перадвыбарчага і выбарчага перыяду, калі стаўкі высокія, суперніцтва ізноў выпаўзе на паверхню, узмоцненае тым, што некаторыя палітыкі, якія зараз узялі невялічкі перапынак у дзейнасці кааліцыі, як Філат і Лупу, праводзяць інтэнсіўныя кампаніі ў рэгіёнах. Нягледзячы на тое, што база для супрацоўніцтва ў кааліцыі зараз лепш структурызавана, яе жыццяздольнасць усё яшчэ ў завялікай ступені залежыць ад дамоўленасцяў, часам непразрыстых, дасягнутых кааліцыйнымі лідэрамі. У спалучэнні з адсутнасцю сур’ёзнага прагрэсу ў барацьбе з карупцыяй, гэта падрывае аўтарытэт альянса ў вачах грамадства і робіць урад дасягальным для атак апазіцыі. Больш за тое, у 2014 годзе некаторыя чальцы кааліцыі могуць выкарыстаць “антыкарупцыйную палітыку”, каб змяніць уладны баланс напярэдадні выбараў, што можа запраста прымусіць адну ці больш партыяў пакінуць кааліцыю заўчасна. У кааліцыі таксама існуюць спрэчкі датычна плану рэфармаваць сучасную прапарцыйную выбарчую сістэму.

Атакі на кааліцыю з боку апазіцыі таксама не спыняюцца. Першая пагроза – гэта Ліберальная партыя, якая выйшла з кааліцыі ў 2013 годзе. Партыя дагэтуль лічыць сябе пра-еўрапейскай сілай, аднак пастаянна іранізуе над іншымі правацэнтрысцкімі партыямі і іхнімі непапулярнымі рэформамі (напрыклад, у галіне адукацыі), нягледзячы на тое, што замежныя донары і еўрачыноўнікі пазітыўна ацанілі гэтыя рэформы . Гэта можа толькі прымусіць выбарцаў перайсці да іншых партыяў і паспрыяць уздыму ПКРМ, якая абяцае выбарцам палітычную стабільнасць і лепшую арганізаванасць замест адвечных спрэчак, якія характарызуюць стасункі паміж ліберальнымі партыямі. Кампанія камуністаў эклектычная і апартуністычная. Яна ўтрымлівае вялікую дозу геапалітыкі, як выбар паміж ЕС і Еўразійскім Мытным Саюзам з дамінантай Расеі, паміж “традыцыйнымі”  і замежнымі каштоўнасцямі, паміж дзяржаўнасцю і распадам Малдовы як дзяржавы. У той жа час, камуністы імкнуцца пераканаць пра-еўрапейскі, малаадукаваны і слаба інфармаваны сельскі электарат, што Мытны Саюз ёсць лепшым шляхам дасягнення той самай еўрапейскай мэты.

У ПКРМ маюцца сур’ёзныя праблемы. Яе ўсё яшчэ папулярны але старэючы лідэр Уладзімір Варонін ужо дасягнуў 72-гадовага ўзросту і знаходзіцца не ў лепшай фізічнай форме для правядзення актыўнай выбарчай кампаніі. У рэгіёнах мае месца незадаволенасць стратэгіяй і лідэрствам ПКРМ: некалькі мэраў і чальцоў савету збеглі да правячых партыяў. Здольнасць партыі мабілізаваць падтрымку таксама пад пагрозай – на антыеўрапейскую дэманстрацыю ў Кішынёве камуністы змаглі сабраць толькі 7-8 тысяч людзей. Тым не менш, рэйтынг ПКРМ зараз каля 35%, што робіць яе палітычнай сілай, якую варта ўлічваць. Калі правячая кааліцыя праваліцца з-за сваіх унутраных канфліктаў, падтрымка камуністаў можа ўзрасці. Нягледзячы на тры правальныя спробы вынесці ўраду вотум недаверу ўвосені, ПКРМ не пакідае надзеі зрынуць урад датэрмінова. Камуністы сталі значна бліжэйшымі да Крамля чым нават год таму, і каардынуюцца з Расеяй, каб аказваць ціск на ўрад. Расея відавочна расчараваная неэфектыўнасцю дзейнасці ПКРМ, аднак у Крамля няма больш моцнага партнёра для супрацы, акрамя лідэраў Прыднястроўя і Гагаўзіі.

Арыгінал тэксту на ангельскай мове

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Выбары ў Расеі, чаму абмен палоннымі гэта добра і як там у Эстоніі?
Выбары ў Расеі, чаму абмен палоннымі гэта добра і як там у Эстоніі?
Размаўляем з каардынатарам штаба Навальнага ў Маскве пра выбары і разумнае галасаванне, згадваем Маска і Лукашэнку, а таксама параўноўваем нас і суседзяў.
Рыдван Бары Уркоста (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 6 Жніўня
Унутры Севастопаля: горад-бунтар наносіць зваротны ўдар
Унутры Севастопаля: горад-бунтар наносіць зваротны ўдар
Самая прарасійская частка Крыма таксама з’яўляецца крыніцай галаўнога болю для Масквы. Ці здолее Крэмль умацаваць свой уплыў у Севастопалі?
Рыгор Астапеня· 3 Жніўня
Ніякай драмы! Тлумачым кожны беларуска-расійскі канфлікт
Ніякай драмы! Тлумачым кожны беларуска-расійскі канфлікт
Тры рэчы, якія варта ведаць пра дачыненні паміж Мінскам і Масквой.