Пяць інгрэдыентаў росквіту беларускага кінематографа

Празрыста раздаваць малыя гранты, не выкарыстоўваць “Беларусьфільм” як хамут, ствараць умовы для мецэнацтва – і беларускае кіно будзе не сорамна глядзець.
Вадзім Мажэйка· 4 Траўня
Пяць інгрэдыентаў росквіту беларускага кінематографа

Кіно – гэта не толькі папкорн, але і значны складнік мяккай сілы. Праз забаўляльны прадукт незнарок (а то і мэтанакіравана) прасоўваюцца каштоўнасці і культура стваральніка. У найноўшай гісторыі Беларусь мае цяжкія адносіны з кінематографам: шэраг амбітных праектаў і гучных скандалаў, а значныя паспяховыя прыклады назваць цяжка. Між тым дзяржава зацікаўленая, каб актывізаваць працу ў гэтай сферы. На “Беларусьфільме” скончана шматгадовая рэканструкцыя, нацыянальная кінастудыя атрымала новага кіраўніка Уладзіміра Карачэўскага, ды і новы міністр культуры Юрый Бондар мае адпаведны запал.

Абодва гэтыя кіраўнікі сустрэліся на “Беларусьфільме” з незалежнымі кінематаграфістамі і абмеркавалі супольную будучыню. “Быццам бы і ўсё абгаварылі, але “нічога канкрэтнага… не прагучала”. Гэтак характарызуе сустрэчу яе ўдзельнік, прадзюсар “Майстэрні сацыяльнага кіно” Канстанцін Варабей. Вось прынамсі пяць канкрэтных інгрэдыентаў, якія дапамогуць беларускаму кіно расквітнець.

Малыя гранты замест вялікіх скандалаў

Усім ужо надакучылі планы зняць пэўны мегафільм, які адразу ўздыме ўвесь беларускі кінематограф на недасяжную вышыню і нешта некаму давядзе. Па гэтым шляху Беларусь хадзіла шмат разоў, і вынікі былі розныя, але ніводнага пазітыўнага.

Яшчэ ў 2003 годзе здымалі гістарычны блокбастар за мільён долараў з пазабюджэтнага прэзідэнцкага фонду – “Анастасію Слуцкую”. У выніку атрымалася стужка сумнеўнай гістарычнай адпаведнасці, дзе адну з галоўных роляў граў расійскі стрыптызёр Тарзан, а наведвальнасць сеансаў традыцыйна стварылі праз добраахвотна-прымусовыя культпаходы школьнікаў. І ўжо ў наступным годзе эксклюзіўныя правы на фільм прадалі за бесцань расійскім махлярам, якія потым гандлявалі відэакасетамі з рускім фільмам “Княгіня Слуцкая”. Пакараны за гэта ніхто не быў.

Добра і сумна вядомы прыклад стужкі “Мы, браты” (яна ж “Код Каіна” ці “Авель”): у якасці абяцаных галівудскіх зорак у здымках удзельнічалі каскадзёр, клоўн і дублёры, правы на фільм Мінкульт вяртаў ледзь не з боем, а пра мастацкую вартасць лепей і не ўзгадваць. Пры бюджэце больш за $ 2 млн (і гэта ўсё дзяржаўныя сродкі!) зборы атрымаліся каля $ 20 тыс, то бок 1 % ад бюджэту. Потым быццам збіраліся ўкладаць столькі ж у фільм “Нармандыя-Нёман” з удзелам Жэрара Дэпардзьё, якога рэкрутаваў асабіста Аляксандр Лукашэнка, аднак тэма сціхла.

Годзе ўбухваць гадавы бюджэт кінаіндустрыі ў сумнеўныя праекты з грандыёзнымі мэтамі, не падмацаванымі фактычна нічым.

Больш адэкватны падыход – падтрымліваць пакрысе розных беларускіх аўтараў, маладых і дасведчаных, са зразумелымі ідэямі і “вар’яцкімі” праектамі ў добрым сэнсе. Гэта дазволіць не складаць усіх яек у адзін кошык і смялей эксперыментаваць, бо кошт памылкі не будзе такім высокім.

Да таго ж сёння кінавытворчасць каштуе аб’ектыўна танней, чым дзесяцігоддзе таму. На айфон здымаюць годнае кіно не толькі ўдзельнікі Velcom Smartfilm, але і ўладальнік “Оскара” Стывен Содберг.

“Беларусьфільм” як база, але не хамут

Вернемся з нябёсаў на зямлю: беларуская дзяржава чакае кіно, якое здымуць не на айфон, а на магутнасцях мадэрнізаванай нацыянальнай кінастудыі. Логіка зразумелая: калі ўжо ў рэканструкцыю “Беларусьфільма” шмат год укладаліся бюджэтныя грошы, то трэба цяпер іх неяк адбіваць. На гэта быў заточаны праект адмысловага ўказа прэзідэнта адносна развіцця кінематаграфіі. Згодна з ім, кожны, хто атрымаў грошы на кіно ад дзяржавы, фактычна абавязаны здымаць яго менавіта на нацыянальнай кінастудыі.

Аднак акупнасць бюджэтных інвестыцыяў у “Беларусьфільм” – не прыярытэт развіцця беларускага кінематографа.

Больш адэкватны падыход – разам з раздачай малых грашовых грантаў выкарыстоўваць інструмент грантаў тэхнічных. Напрыклад, дзяржаўны грант на выкарыстанне магутнасцяў нацыянальнай кінастудыі цалкам альбо часткова (карэкцыя колеру, гуку ды інш.). Гэта будзе больш сумленна і дазволіць задзейнічаць “Беларусьфільм” без запрыгоньвання ўсёй беларускай галіны кінавытворчасці.

Да поспехаў – з адкрытым забралам

Беларуская дзяржава працуе з кінавытворчасцю нібыта па-сучаснаму: грошы размяркоўваюць праз пітчангі з прыватнымі прадзюсарамі. Аднак, чаго гэтай сістэме бракуе, дык гэта празрыстасці. Логіку прынятых рашэнняў зразумець часам цяжка, прыярытэты публічна не агучаныя, а сумнеўныя схемы сістэмна паўтараюцца – і не чуць пра ніякія пакаранні за гэта.

Напрыклад, ці супадзенне, што Сяргей Ждановіч, стваральнік скандальнага “Мы, браты” за бюджэтныя $ 2 млн, – сябра “Белай Русі”?

Яшчэ былы міністр культуры Барыс Святлоў гразіўся, што 100 % гэтых грошай кампанія Ждановіча Nonstop Media будзе вяртаць дзяржаве цягам пяці гадоў. Ці вярнуў Ждановіч у бюджэт грошы, і калі так – то колькі і куды яны пайшлі, а калі не – дык што яму за гэта будзе? Усё ахутанае таямніцай.

Каб за бюджэтны кошт здымаліся якасныя фільмы, а не абы-што дзеля награвання рук, варта размяркоўваць гранты па зразумелых механізмах і па рашэнні сапраўды аўтарытэтнага кінематаграфічнага журы, а не выпадковых чыноўнікаў. Як слушна заўважае Канстанцін Варабей, “аптымізм мае ўсе падставы з’явіцца толькі тады… калі мы будзем ведаць, хто ўсё ж такі прадстаўляе інтарэсы большасці ў радах пры Мінкульце, і калі кулуарнасць зменіцца адкрытасцю і публічнасцю”.

Мецэнацтва як альтэрнатыва бюджэтным выдаткам

Зрэшты, досыць весці гаворку толькі пра бюджэтныя грошы. Абапірацца выключна на фінансавыя высілкі дзяржавы небяспечна, бо гэта і цяжар для бюджэту, і залішняя канцэнтрацыя ў чыноўнікаў улады ў кінематаграфічным асяродку, і проста не надта эфектыўныя інвестыцыі ў параўнанні з незалежнымі вытворцамі.

Як паказвае досвед, у Беларусі на камерцыйнай глебе могуць існаваць прыватныя кінавытворцы і спадарожныя ім фірмы. Аднак гэта фактычна адзінкавыя прыклады і арыентаваныя збольшага на расійскія замовы. Вялікае беларускае прыватнае кіно, знятае за прыватныя грошы і паспяховае ў нацыянальным пракаце, можна пералічыць на пальцах (напрыклад, “ГараШ”, “PARTY-ZAN фільм”) – ды і тое ратуе вытворцаў тут перадусім product placement.

Варта ствараць умовы, каб беларускі бізнес падтрымліваў нацыянальнае кіно і як мецэнат.

Практыкі мецэнацтва і карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці і так распаўсюджваюцца ў Беларусі цягам апошніх пяці гадоў. Аднак бізнесу не хапае стратэгічнага падыходу, а дзяржаве – разумення канкрэтных крокаў, якія б рэальна стымулявалі бізнес да пашырэння мецэнацкай дзейнасці.

Як сведчыць даследаванне “Ліберальнага клуба”, значна і сістэмна развіццю мецэнацтва ды карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці спрыялі б увядзенне падатковых ільгот, узмацненне сімвалічных стымулаў і сістэмны дыялог паміж стэйкхолдарамі. Але дзяржава пакуль плануе, напрыклад, забараніць атрыманне замежнай валюты ў якасці бязвыплатнай дапамогі.

Гарантыі бываюць на фабрыцы

Але якія б не ствараліся цудоўныя ўмовы, не варта чакаць 100 % поспеху, тым болей – патрабаваць яго ад прадзюсараў і рэжысёраў.

Кіно – гэта мастацтва, а не завод чыгунных даўбешак.

Часам нават у добрых умовах, у прафесійнага мастака з сур’ёзным бюджэтам, атрымліваецца “пшык”, а часам пачатковец без вялікіх грошай стварае шэдэўр. У сапраўдным мастацтве заўсёды ёсць пэўны элемент непрадказальнасці, бо рэй вядзе творчая свабода, а не жорсткія рамкі стандартаў і абавязкаў.

Вядома, гэта не нагода прабачаць відавочнае махлярства пад выглядам “творчых пошукаў”. Але трэба проста працаваць дзеля павышэння верагоднасці поспеху і не песціць завышаных чаканняў ад новага беларускага кіно.

Падобныя тэмы
Беларуськінокультура
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Зміцер Лысюк· 7 Чэрвеня
Што рабіць з асуджанымі па артыкуле 328 пасля вызвалення
Што рабіць з асуджанымі па артыкуле 328 пасля вызвалення
Як вярнуцца да жыцця пасля турмы.
Тарас Тарналіцкі · 31 Траўня
Сем рэформаў, якія могуць адрадзіць айчыннае кіно
Сем рэформаў, якія могуць адрадзіць айчыннае кіно
Стварэнне прыстойнай кінаіндустрыі насамрэч куды прасцейшае, чым можа здавацца.
Вадзім Мажэйка· 22 Траўня
Тры прычыны, чаму беларуская навука жудасна старэе
Тры прычыны, чаму беларуская навука жудасна старэе
Асаблівасці айчыннай статыстыкі, жабрацкія заробкі і цяжкая савецкая спадчына.