Тры адметныя кар’еры “каляровых” рэвалюцыянераў

Моладзевыя лідары “каляровых” рэвалюцый звычайна заставаліся ў палітыцы, але часам абіралі нетрывіяльныя сцежкі – шляхі тэарэтыкаў супраціву або злачынцаў.
Стас Гарэлік· 7 Кастрычніка 2015
Тры адметныя кар’еры “каляровых” рэвалюцыянераў

У сярэдзіне 2000-ых усе паспяховыя і няўдалыя выступленні супраць дыктатараў пачыналі моладзевыя рухі. Але што рабіць, калі “місія” выкананая? Маладыя актывісты станавіліся простымі чальцамі партый, часам палітычнымі лідарамі, а хтосьці аддаваў перавагу бізнесу або журналістыцы. Звычайныя гісторыі. Аднак студэнцкія правадыры з Сербіі, Грузіі ды Украіны здолелі вылучыцца і пасля паспяховых пратэстаў у сваіх краінах.

Моладзевыя рухі і каляровыя рэвалюцыі | Create infographics

Сербскі “Адпор!”: Бульдозерная рэвалюцыя

“Адпор!” (серб. супраціў) зрабіў рэвалюцыю брэндам, стылем жыцця. Графіці, улёткі, перформансы і нават прасоўванне сваіх ідэй на цырымоніях MTV – з 70 тысячамі  прыхільнікаў “Адпор” проста не мог прайграць.

 “Я проста жыў “Адпорам” нейкі час. Я быў супраць Мілошавіча ўсё сваё жыццё і шукаў нейкі спосаб больш эфектыўна змагацца супраць яго палітыкі, – распавёў “Ідэі” Сініша Шыкман – Я ведаў, што нам трэба адзінства, і таму ўступіў у арганізацыю, якая мела патэнцыял спачатку аб’яднаць усіх студэнтаў”.

rsz_otpor_act

На адной з акцый “Адпору”

Цяпер Сініша выкладае ў CANVAS – Цэнтры прыкладных негвалтоўных дзеянняў і стратэгій. Гэтая сербская няўрадавая арганізацыя вучыць актывістаў з усяго свету негвалтоўна змагацца за свае правы. Гэтак асаблівую папулярнасць сербскія актывісты набылі пасля Арабскай вясны, бо CANVAS удзельнічаў у падрыхтоўцы егіпецкіх рэвалюцыянераў.

Галоўнай зоркай CANVAS сёння з’яўляецца Сржда Паповіч, адзін з заснавальнікаў і лідараў “Адпору”. Як належыць сапраўднаму тэарэтыку-прапаведніку, ён раз’язджае з лекцыямі аб негвалтоўнай барацьбе па лепшым універсітэтах свету і ўжо паспеў стаць спікерам TED Talks. Паповіч нават запусціў разам з Гарвардскім універсітэтам анлайн-курс для дэмакратычных актывістаў. Праўда, ягоны кошт недэмакратычны – $ 1800.

 rsz_1otpor_leader

Сржда Паповіч падчас TEDx Kraków

CANVAS не “экспартуе” рэвалюцыі, а толькі дае кансультацыі ахвотным іх рабіць. Гэтыя кансультацыі могуць быць і гульнявымі, прычым літаральна, бо чальцы цэнтра таксама стварылі камп’ютарны сімулятар негвалтоўнага супраціву.

Грузінская “Кмара”: Рэвалюцыя руж

“Кмара” (груз. хопіць) стала адлюстраваннем “Адпору”. Падобныя нават іх лагатыпы – белыя сціснутыя кулакі на чорным фоне. А перад самай Рэвалюцыяй руж, якая паклала канец праўленню Эдуарда Шэварнадзэ ў лістападзе 2003-га, больш за 20 прыхільнікаў і лідараў “Кмары” здзейснілі навучальны візіт у Сербію.

Адным з іх стаў Гіга Бакерыя. Бакерыя быў сярод найбольш блізкіх паплечнікаў Міхаіла Саакашвілі і таму ў 2010-ым “даслужыўся” да пасады сакратара Савета нацыянальнай бяспекі Грузіі – установы, якая павінна ў тым ліку і перадухіляць рэвалюцыі.

Калі Саакашвілі страціў уладу ў 2013-ым, Бакерыя ператварыўся ў ключавую фігуру “Адзінага нацыянальнага руху”, партыі Саакашвілі. Але ж сёння Бакерыю, як і яго сяброў па Рэвалюцыі руж больш за палітыку клапоціць тое, як застацца на волі. У мінулым годзе Гіга Бакерыя быў выкліканы на допыт па справе растратаў у прэзідэнцкім фондзе. А менш за месяц таму за краты трапіў сябра Бакерыі, таксама прыхільнік “Кмары”, былы мэр Тбілісі Гігі Угулава.

“Каляровыя” рэвалюцыі атрымліваліся там, дзе ішла барацьба палітычных і эканамічных кланаў (падрабязней – напрыклад, тут). Таму былыя рэвалюцыянеры сутыкнуліся з помстай старых і новых ворагаў.

Украінская “Пара!”: Аранжавая рэвалюцыя

Калі Бакерыя яшчэ толькі можа трапіць пад следства, то былы малады рэвалюцыянер з Украіны Уладзіслаў Каськіў ужо даўно цікавіць следчых. У 2004-ым Каськіў лічыўся адным з лідараў і заснавальнікаў “Пары”. Актывісты руху зладзілі лагер у цэнтры Кіева, паклаўшы пачатак стаянню прыхільнікаў Юшчанкі супраць несумленнай перамогі Януковіча на прэзідэнцкіх выбарах.

rsz_kaskiv_yanuk

Былыя ворагі апынуліся за адным сталом

Але, як ні парадаксальна, менавіта пры ўладзе Януковіча Каськіў здабыў найбольшую славу, уплыў і нават багацце. Праўда, як аказалася, багацце ён зарабіў несумленна.

З 2010-га па 2014-ты Каськіў узначальваў Дзяржаўнае агенцтва па інвестыцыях і кіраванні нацыянальнымі праектамі Украіны, але цяпер ён хаваецца ў Аўстрыі. Сярод яго знакамітых і, вядома ж, нерэалізаваных праектаў – зімовая алімпіяда ў Букавелі і “паветраная” электрычка паміж Кіевам і Барыспалем. Мяркуецца, што Каськіў мог скрасці некалькі мільярдаў грыўняў – не меней за некалькі сотняў мільёнаў долараў па сённяшнім курсе.

Дэмакратычны камсамол: новыя формы са звыклымі вынікамі

Канешне, маладзёны, які рабілі “каляровыя” рэвалюцыі, апантана верылі, што яны змяняюць гісторыю да лепшага. Але ж толькі лідары “Адпору” засталіся вернымі ідэалам і па-ранейшаму маюць уплыў на палітычныя працэсы, прычым цяпер ужо на глабальным узроўні. Менавіта “Адпор!” узнік цягам барацьбы студэнтаў супраць Мілошавіча. Барацьба доўжылася ўсё 90-ыя ў жорсткіх умовах грамадзянскай вайны. Немагчымыя ўмовы для нармальнай палітыкі сталі добрай падставай для братэрства і шчырай гатоўнасці ўсё ж такі дасягнуць свабоды.

А вось зробленыя пад сітуацыю “Кмара” і “Пара!” зніклі раптоўна і бясследна. Яны чымсьці падобныя на камсамол, які адкрываў спрытным дзялкам шлях на вяршыні палітыкі, а потым і бізнесу.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Выбары ў Расеі, чаму абмен палоннымі гэта добра і як там у Эстоніі?
Выбары ў Расеі, чаму абмен палоннымі гэта добра і як там у Эстоніі?
Размаўляем з каардынатарам штаба Навальнага ў Маскве пра выбары і разумнае галасаванне, згадваем Маска і Лукашэнку, а таксама параўноўваем нас і суседзяў.
Іван Шыла· 17 Сакавіка
Куды зніклі змагары Плошчы-2006: гутарка з Паўлам Вінаградавым
Куды зніклі змагары Плошчы-2006: гутарка з Паўлам Вінаградавым
Які будынак Някляеў планаваў захапіць 19 снежня, чаму сышоў з палітыкі і Плошча-2006.
Яанна Хоса (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 1 Сакавіка
Украінскі эксперымент з даверам
Украінскі эксперымент з даверам
Давер з’яўляецца дэфіцытным рэсурсам ва ўкраінскай палітыцы. Ці можа тэлевізійны прэзідэнт стаць тым, хто дадасць гэтага даверу на выбарах?