Не час для фікцыяў: якой павінна быць тэрміновая служба

Беларускае войска патрабуе адкрытасці. І сёння гэта куды больш актуальна для дзяржавы, чымся пяць гадоў таму.
Іван Шыла· 2 Лістапада 2015
Не час для фікцыяў: якой павінна быць тэрміновая служба
Фота Сяргея Гудзіліна

Да мінулага года ў свеце існавала толькі адна тэндэнцыя – агульны вайсковы прызыў адмянялі. Але анексія Крыма і вайна ў Данбасе падважылі мэтазгоднасць такой палітыкі. Украіна і Літва вярнуліся да прызыву, а Беларусь цяпер мае нулявыя перспектывы адмены абавязковай службы.

Аднак гэта не здымае пытання змены саміх прынцыпаў і ўмоваў, у якіх яе грамадзяне выконваюць “ганаровы” абавязак.

Сёлета ўжо пяць вайскоўцаў скончылі жыццё самагубствам – і гэта толькі афіцыйныя лічбы. Ці гэта не сведчанне, што настаў час для рэформы?

Змены як разумная саступка грамадству

Міністэрства абароны ніколі не памыляецца. Паспрабуйце знайсці інтэрв’ю, дзе афіцэры гатовыя прызнаць хібы і недапрацоўкі. Гэта немагчыма. Гэтак пабудавана беларускае войска, якое заўжды ў абароне як ад ворагаў унутраных, гэтак і знешніх. Унутранымі ворагамі, на жаль, выступае грамадства і прэса.

У суіцыдах вінаватыя салдаты, а не прызыўныя камісіі ці агульная атмасфера ў частках. Паніжэнне парогаў прыдатнасці да службы заўжды суадносіцца з дасягненнямі вайсковай медыцыны (пачытайце гэтую цудоўную размову). Усе вучэнні праходзяць паспяхова, толькі 1 % салдатаў не гатовы служыць. І, канешне, дзедаўшчыну ў арміі даўно перамаглі, хоць чамусьці з ёю бесперапынна змагаюцца.

Вайсковым ідэолагам, а ў прыватнасці палкоўніку Макараву, які і ўзначальвае ідэалагічны аддзел Мінабароны, варта зразумець, што войска не існуе асобна ад грамадства. Недавер, адмаўленне праблемаў і закрытасць настройваюць людзей супраць арміі, асабліва тых, якія ў ёй мусяць служыць і сутыкацца з усімі негатыўнымі з’явамі, дагэтуль ёй уласцівымі, – ад халодных казармаў да пазастатутных узаемаадносінаў.

Жаданне служыць ва Узброеных сілах, давер да іх і рэпутацыя гэтага інстытуту непасрэдна ўплываюць на агульную мабілізацыйную здольнасць арміі. У войску людзі гатовы служыць, калі падзяляюць яго каштоўнасці і мэты, маюць да яго давер і ведаюць, што служба мае практычную карысць для іх саміх і для краіны.

Цяжка мыць туалеты з думкай пра тое, што менавіта ў гэтым і заключаецца ганаровы абавязак.

Справа не ў туалетах, патрэба ў іх чысціні не ставіцца пад сумнеў – проста ў сённяшнім войску менавіта іх чысціня і робіцца асноўнай мэтай. А вайсковыя чыноўнікі знаходзяць тысячы словаў для стварэння ілюзіяў.

Армія павінна стаць больш адкрытай і чалавечнай. Прыклад Украіны прымушае сёння дзяржаву пераглядаць канцэпцыі, і варта не ўпусціць важнага моманту – валанцёры і простыя грамадзяне таксама частка канцэпцыі. Войска не павінна ўспрымацца грамадствам як негатыўная з’ява.

Што не так з тэрміновай службай

З войска ўцякаюць, і агульная незадаволенасць умовамі службы нікуды не падзелася. У адным Мінску, у якім колькасць прызыўнікоў складае тысячу чалавек, было заведзена 125 крымінальных справаў на “ўхілістаў”. Таксама падумайце, як можна сёння задаволіцца заробкам у 150-200 тысяч рублёў на працягу 18-ці месяцаў. Дарэчы, “150-200” толькі таму, што дакладных дадзеных няма, – Мінабароны паведамляе пра павелічэнне сумы, але саму лічбу ўпарта не называе. Прывітанне, адкрытасць.

1

Фота Сяргея Гудзіліна

Нежаданне нешта змяняць грунтуецца на дзвюх базавых рэчах: па-першае, афіцэры глядзяць на салдатаў і сяржантаў не як на партнёраў, па-другое, няма грошай для рэформаў. Калі з другім сапраўды цяжка, то першае даўно пара перагледзець ды зрабіць простыя крокі, якія амаль нічога не будуць каштаваць у фінансавым плане.

Што зрабіць, каб было так

Асноўнае слова – павялічыць. Павялічыць адпачынак з 10 сутак за 547 адслужаных дзён да 20, а лепш да 30. У нас любяць спасылацца на агульны прызыў у Ізраілі, калі тлумачаць, чаму не збіраюцца адмяняць прызыў, але не кажуць пра тое, што вайскоўцы часта могуць праводзіць усе выходныя дома.  Звальненні ў беларускім войску ёсць, але на практыцы камандзіры часта не гатовыя рызыкаваць, бо салдаты могуць выпіваць на “волі” і здзейсніць правапарушэнні.

А выпіваюць яны, бо звальненняў мала і кожнае ўспрымаецца, як нешта надзвычайнае. Замкнёнае кола.

Сёння вольны час у войску – гэта 30 хвілінаў у будні дзень. Варта павялічыць, бо за паўтара года можна падрыхтаваць спецыялістаў, не займаючы іх 15 гадзінаў у суткі. На фоне ўкраінскіх падзеяў варта перастаць рабіць выгляд, што ў войску рэальна шмат часу прысвячаюць баявой падрыхтоўцы, але пачаць сапраўды надаваць ёй больш часу. І дарэчы, калі адкінуць капанне і закопванне акопаў ды аддаць прыборку тэрыторыі і гатаванне ежы на аўтсорсінг, то ў салдатаў з’явіцца дакладна больш за паўгадзіны на свае справы.

Павелічэнне заробку рэч каштоўная, але, як мінімум, годная. Даваць салдату $ 10 і казаць, што мы яго кормім і яму больш нічога не трэба – пазіцыя крывадушная.

Запытайце бацькоў салдатаў, колькі грошай у месяц яны высылаюць “дзецям”.

Дзецям, дарэчы, можа быць 26 гадоў. Дзедаўшчына з прыніжэнняў дзеля прыніжэння пераходзіць у фінансавае рэчышча, калі “старэйшыя” прызывы канфіскуюць грошы ў малодшых, але гэта як з гераіну перайсці на гарэлку ды хваліцца адсутнасцю нарказалежнасці/дзедаўшчыны.

Перанос прызыву на восень/лета правільны крок з пункту гледжання перспектываў салдатаў вучыцца. Раней здаць ЦТ было б немагчыма, цяпер на гэта ёсць час. Але можна пайсці далей і зменшыць фрустрацыю адносна страчанага ў войску часу – забяспечыць ільготы пры паступленні. Гэтак у тым жа Ізраілі і робяць з іх агульным прызывам, ёсць такое нават у Штатах, дзе войска кантрактнае.

Свой-чужы

Калі проста высунуць тэзіс пра тое, што беларуская армія павінна даказаць “сваю беларускасць”, то яе не ўспрымуць сярод афіцэраў. Але такія сумневы ў часткі грамадства прысутнічаюць, той яе часткі, якую можна назваць нацыянальнымі элітамі і патрыётамі. Але гэта не гульня ў “даказванне сваёй рацыі”, а задача Міністэрства абароны паказаць тым, хто сумняецца, што войска сапраўды будзе бараніць сваю Радзіму.

Як бы гэта дзіўна ні гучала, але ў беларускім войску мусіць быць больш беларушчыны. Гэта дадзенасць, на якой грунтуецца патрыятызм і разуменне таго, каму і для чаго мы служым. Беларускія спевы, беларуская гісторыя, беларускія вайсковыя святы, беларускія вайсковыя героі – гэта не каштуе грошай, гэта проста трэба рабіць і разумець, дзеля чаго гэта робіцца.

Усе апісаныя змены вышэй – гэта таксама крок насустрач грамадству, гэта спроба якасна змяніць успрыманне арміі ў вачох грамадства. І справа не толькі ва Украіне, войска – частка грамадства, яно не можа развівацца, супрацьпастаўляючы сабе людзям.

Адкрытасць і давер з боку грамадства – неабходныя рэчы для функцыянавання арміі. І чым раней гэта стане зразумела, тым лепш будзе для грамадства яго часткі, якой ёсць войска.

Падобныя тэмы
Беларусьбяспекавойска
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Іван Шыла· 7 Траўня
Гульня тронаў, як смяяюцца з жартаў пра палітыку і новае мінскае жыццё
Гульня тронаў, як смяяюцца з жартаў пра палітыку і новае мінскае жыццё
Журналіст і стэндапер Міхаіл Ільін у ідэйным падкасце.
Алесь Ганчаронак · 30 Красавіка
11 графікаў, якія тлумачаць, што адбываецца з чыгуначным транспартам
11 графікаў, якія тлумачаць, што адбываецца з чыгуначным транспартам
Што вам трэба ведаць з даследавання Сусветнага банка, прысвечанага нашай любай Беларускай чыгунцы.
Што там у Амерыцы, ЗеEnd, Адэса і Чарнобыльскі шлях
Што там у Амерыцы, ЗеEnd, Адэса і Чарнобыльскі шлях
Чым Адэса нагадвае Віцебск 1995-га, чаму Джо Байдэну варта быць геем і чаму Дудзь самы адэкватны расеец – новы выпуск ідэйнага падкаста.