Войны ва ўзаемнай звязанасці (пачатак)

Канфлікты будучыні не будуць весціся ў паветры або на зямлі, але ў аб'яднанай інфраструктуры сусветнай эканомікі.
Mарк Леанард , Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях , Пераклад Касі Васільевай · 3 Лютага 2016
Войны ва ўзаемнай звязанасці (пачатак)

Калі Турцыя збіла расійскі баявы самалёт у лістападзе 2015-га, фота самалёта ў падзенні распаўсюдзілася з неверагоднай хуткасцю. Расійскія медыі ды інтэрнэт выбухнулі заклікамі да помсты. Пратэстоўцы шпурлялі камяні і яйкі ў будынак турэцкай амбасады ў Маскве. А знакаміты вядоўца галоўнага палітычнага ток-шоу Расіі параўнаў знішчэнне самалёта з падзеямі 1914-га года, калі палітычнае забойства эрцгерцага Франца Фердынанда сталася каталізатарам Першай сусветнай вайны. Як жа ваяўнічы расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін адрэагаваў на баявы кліч свайго народа?

Ён падпісаў дэкрэт пра забарону імпарту садавіны і гародніны з Турцыі, забараніў чартарныя рэйсы і продаж турыстычных пуцёвак, адмяніў бязвізавы рэжым, які існаваў паміж Расіяй і Турцыяй. Прадстаўнікі Пуціна папярэджвалі аб магчымай эскалацыі, якая закране імпарт энергарэсурсаў, а сродкі масавай інфармацыі выказалі здагадку пра кібер-атакі (Масква выкарыстоўвала гэты інструмент з цудоўным эфектам у Эстоніі ў 2007-ым, у Грузіі падчас вайны ў 2008-ым, і супраць Украіны, калі Расія анексавала Крым у 2014-ым годзе).

Найважнейшае поле бою ў гэтым канфлікце – не ў паветры і не на зямлі. Гэта, найхутчэй, узаемазвязаная інфраструктура сусветнай эканомікі.

Трэба падарваць гандаль ды інвестыцыі, міжнароднае права, інтэрнэт, транспартныя сувязі і перамяшчэнні людзей. Ласкава запрашаем на войны ва ўзаемнай звязанасці.

Гэтая форма вядзення вайны не з’яўляецца чыста расійскім вынаходніцтвам – акурат наадварот. Калі Пуцін падпісаў дэкрэт аб санкцыях, турэцкі ўрад праводзіў сустрэчу з прадстаўнікамі Еўрапейскага Саюза ў пытаннях уцекачоў. Прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган зразумеў, што прыток уцекачоў у Еўропу мяняе дынаміку сілы паміж ім і Еўрасаюзам. Выкарыстоўваючы ўласную здольнасць кантраляваць паток мігрантаў як зброю, Эрдаган прайшоў шлях ад заяўніка на ўступленне ў чальцы ЕС да моцнага гульца, які можа прыцягваць грошы і палітычныя сімпатыі.

ЕС дасягнуў такіх жа поспехаў у маніпуляванні эканамічнай узаемазалежнасцю ў геапалітычных мэтах. Калі Расія анексавала Крым, ЕС не даслаў войскаў абараняць тэрыторыю Украіны. Замест гэтага ён прапанаваў набор санкцыяў, уключна з забаронай уезду і замарожваннем актываў канкрэтных індывідаў, і меры камерцыйнага характару, накіраваныя супраць канкрэтных галінаў расійскай эканомікі, напрыклад, фінансаванне выведкі крыніцаў энергіі. ААН таксама выкарыстоўвала санкцыі цягам дзесяцігоддзяў, а Злучаныя Штаты цалкам перафармавалі самую сутнасць фінансавай барацьбы пасля абвяшчэння вайны супраць тэрарызму.

У той час, калі санкцыі застаюцца пераважным сродкам вядзення вайны з гуманітарнага пункту гледжання,

Лёгкасць, з якой некаторыя краіны выкарыстоўваюць структуры міжнароднай сістэмы ў ваенных мэтах, выклікае змрочныя прадчуванні для сучаснага сусветнага ладу.

У 1914-ым глабалізацыя пацярпела няўдачу, таму што самыя моцныя краіны свету пайшлі на вайну. Сто гадоў пасля таго прычынай сталася нежаданне магутных дзяржаваў удзельнічаць у сусветнай вайне, якая магла б паскорыць чарговы развал сусветнай эканомікі.

Хтосьці скажа, што гэта перабольшванне – санкцыі былі з намі з часоў Пелапанескіх войнаў, і меркантыльныя паводзіны старыя, як сама дзяржава. Што такога небяспечнага ў гэтым феномене?

Коратка адказаць на гэтае пытанне можна адным словам – гіперзвязанасць.

Падчас Халоднай вайны сусветная эканоміка адлюстроўвала сусветны лад – толькі абмежаваныя сувязі існавалі ўздоўж “жалезнай заслоны”, і толькі ўрад і ўніверсітэты ЗША выкарыстоўвалі інтэрнэт у яго эмбрыянальнай стадыі развіцця. Аднак, пасля развалу Савецкага Саюза падзелены свет, які жыў у цені ядзернай вайны, саступіў шлях свету ўзаемазвязанасці і ўзаемазалежнасці. Некаторыя прарочылі канец гісторыі. Свет быў даволі адзіным у здабыцці пераваг глабалізацыі. Былі размовы пра ўзаемавыгаднае развіццё, калі заходнія транснацыянальныя карпарацыі атрымлівалі рэкордныя прыбыткі, а маладыя эканомікі квітнелі. Гандаль, інвестыцыі, сувязь і іншыя злучэнні паміж дзяржавамі раслі як грыбы. Гэтыя міждзяржаўныя сувязі пашыраліся далей за кошт сувязяў паміж людзьмі, якія сталі магчымымі дзякуючы тэхналогіям: да 2020-га года 80 % насельніцтва планеты будзе мець смартфоны з вылічальнай магутнасцю ўчорашніх суперкамп’ютараў.

Амаль усё чалавецтва будзе аб’яднанае ў агульную сетку. Узаемазалежнасць, аднойчы абвешчаная бар’ерам для канфлікту, ператварылася ў валюту ўладаў, бо краіны спрабавалі выкарыстоўваць асіметрычнасць у сваіх узаемадачыненнях.

Аднак насуперак спадзяванням многіх і чаканням некаторых, росквіт сувязяў паміж краінамі не скасаваў напружання паміж імі. Барацьба за ўладу ў геапалітычнай эры працягвалася, але ў іншай форме.

Насамрэч, акурат тыя рэчы, якія аб’ядналі свет, цяпер выкарыстоўваюцца намі як зброя – тое, што нас аб’яднала, цяпер раз’ядноўвае. Спыніўшыся  недалёка ад ядзернай вайны, не гатовыя страціць доступ да здабыткаў глабалізацыі, дзяржавы спрабуюць ваенізаваць сусветную сістэму, выкарыстоўваючы разбурэнне пэўных сувязяў і ўзаемадачыненняў у якасці зброі.

Узаемазалежнасць, аднойчы абвешчаная бар’ерам для канфлікту, ператварылася ў валюту ўладаў, бо краіны спрабавалі выкарыстоўваць асіметрычнасць у сваіх узаемадачыненнях.

Шмат хто зразумеў, што галоўны трук у тым, каб зрабіць канкурэнтаў залежнымі ад вас у большай ступені, чым вы ад іх, і потым выкарыстоўваць гэтую залежнасць, каб маніпуляваць іх паводзінамі.

Шмат якія інструменты падаюцца знаёмымі тым, хто працаваў ва ўмовах глабалізацыі ў 90-ых, але яны маюць іншую мэту.

Сусветны гандлёвы рэжым, які калісьці стаўся інструментам інтэграцыі, быў разбураны эканамічнымі ды фінансавымі санкцыямі. Гэтаксама глабальныя шматбаковыя інстытуты ўсё часцей выціскаюцца на другі план новым пакаленнем клубаў па інтарэсах, якія канкуруюць між сабой. Замест таго, каб выкарыстоўваць інфраструктуру і сувязі ў матэрыяльна-тэхнічнай базе дзеля максімізацыі прыбыткаў, Кітай і ЗША выкарыстоўваюць іх у якасці інструмента для абароны ўлады.

Гэта значыць, што краіны, якія не маюць празмернай залежнасці ад якой-небудзь іншай краіны (маюць дыверсіфікаваную эканоміку, могуць імпартаваць энергарэсурсы са шматлікіх крыніц) будуць абароненыя ад большасці геапалітычных нападаў.

Невялікая колькасць краінаў стане на шлях аўтакратыі па прыкладзе Паўночнай Карэі. Але, рэагуючы на выкарыстанне ўзаемазалежнасцяў, яны будуць змагацца за сферы, дзе яны будуць незалежнымі. ЗША знаходзяцца ў пошуку энергетычнай незалежнасці; Кітай прасоўваецца на шляху да ўнутранага спажывання, дыверсіфікуючы свае замежныя холдынгі ад долара і развіваючы альтэрнатыву плацежнай сістэме SWIFT; Расія будуе газаправоды ў Азію, каб зменшыць  залежнасць ад еўрапейскіх рынкаў.

Новыя палі бою – тры зоны знішчэння

Са знішчэннем Берлінскай сцяны ў 1989-ым годзе ўзрасла новая сцяна паміж упраўленнем сусветнай эканомікай і геапалітычнымі бойкамі. Эканоміка заставалася чыстым бізнесам, і вонкавая палітыка факусавалася на ўрэгуляванні геапалітычных крызісаў у эканамічна маргінальных частках свету.

Аднак рэчаіснасць такая, што ў сучасным свеце ўсе складнікі глабальнай сістэмы – эканамічны, палітычны, фізічны ці віртуальны – саспелі для падрыву. Сцяна паміж эканомікай і палітыкай разбураная, і палітычныя канфлікты рэгулююцца пры дапамозе сістэмы, якая кіруе сусветнай эканомікай.

Эканамічная вайна

Нумар адзін – эканамічная вайна. Усе віды эканамічнай дзейнасці – гандаль, доступ да фінансавання і інвестыцыі – выкарыстоўваюцца як зброя і сродкі знішчэння. Сутыкнуўшыся са стомленым ад войнаў грамадствам і ўціскам бюджэтаў, заходнія дзяржавы праектуюць уладу праз уласны ўплыў на сусветную эканоміку, фінансы (уключна з доларам і еўра), гандаль і праз кантроль над транснацыянальнымі карпарацыямі, зарэгістраванымі ў іх краінах. Як нядаўна сказаў міністр замежных справаў Вялікабрытаніі Філіп Хаманд, “паўстае пытанне, ці будзе Еўрасаюз, які не мае і не будзе мець ваеннай магутнасці, развіваць настолькі ж моцную альтэрнатыўную крыніцу стратэгічнай магутнасці як зброя санкцыяў”.

Для адміністрацыі Абамы самыя вытанчаныя фінансавыя санкцыі – гэта новыя беспілотнікі, якія прапануюць эфектыўныя разбуральныя ўмяшанні амаль хірургічнага характару, і дазваляюць пазбегнуць рызыкі, звязанай з прыцягненнем наземных войскаў.

Незаходнія краіны таксама ўжываюць санкцыі, хаця яны звычайна не называюцца санкцыямі і маскуюцца пад больш строгі санітарны кантроль альбо затрымкі на мытні.

Расія ўвяла санкцыі супраць Грузіі, Малдовы і Украіны, каб не дапусціць іх збліжэння з Захадам; Турцыя ўжывае санкцыі супраць Сірыі і падвяргае блакадзе Арменію; Кітай выкарыстоўваў санкцыі супраць Японіі і Філіпінаў з-за марскіх спрэчак.

Санкцыі знішчаюць і дэфармуюць сусветны гандаль, але могуць нашкодзіць свайму ўнутранаму бізнесу не горш, чым тым, супраць каго скіраваныя.

Амерыканскія кампаніі вымушаныя былі трымацца падалей ад Ірана, у той самы час санкцыі супраць Расіі нашкодзілі нямецкім прадпрыемствам, якія мусілі зменшыць экспарт у гэтую краіну (58 % нямецкіх фірмаў пацярпелі ад санкцыяў), і французскім карабельным майстэрням, якія пацярпелі ад забароны продажу караблёў “Містраль”. Санкцыі могуць таксама выклікаць контрмеры. У 2014-ым Масква адказала на заходнія меры забаронай экспарту прадуктаў харчавання з краінаў, якія далучыліся да санкцыяў супраць Расіі.

Урады таксама напоўніцу выкарыстоўваюць пакупніцкую здольнасць свайго насельніцтва і заахвочваюць да грамадскіх байкотаў.

Турцыя выкарыстала гэтую тактыку ў 1998-ым і 2001-ым пасля таго, як урады Італіі ды Францыі прызналі масавыя забойствы армянаў генацыдам. Пекін распаліў народны байкот японскіх тавараў у 2005-ым у адказ на наведванне японскім прэм’ер-міністрам спрэчнай святыні ў гонар загінулых у імперскай вайне, і супраць Францыі ў 2008-ым пасля антыкітайскіх пратэстаў, якія сарвалі перадачу Алімпійскага агню ў Парыжы. Дзяржавы – не адзіныя суб’екты ў гэтым новым сусветным беспарадку. Патрабаванні грамадзянскай супольнасці да інвестараў забраць грошы з мэтавых галінаў прамысловасці, напрыклад карысныя выкапні, тытунь і зброя, маюць сур’ёзны ўплыў.

Гэтая эканамічная вайна з’яўляецца турбанагнятальнай, бо дзяржавы або працягваюць, або вяртаюцца да тактыкі, якую спрабавалі пакінуць у мінулым падчас глабалізацыі – валютныя маніпуляцыі і задзейнічанне нарматываў і субсідыяў, якія ставяць палкі ў колы замежным канкурэнтам. Той факт, што поспех краінаў BRICS (Бразілія, Расія, Індыя, Кітай і ПАР) паўсюдна звязваюць з іх гатоўнасцю ўмешвацца ў рынак, справакаваў з’яўленне палітыкі “дзяржаўнага капіталізму” ва ўсім свеце, што можа прывесці да намінальна адкрытай, але ўсё больш сапсаванай сусветнай гандлёвай сістэмы.

Іншы від эканамічнай вайны бачны ў спробах ваенізаваць плыні мігрантаў.

Эрдаган – адзін з лідараў, хто змог выкарыстаць здольнасць кантраляваць перамяшчэнні насельніцтва як інструмент супраць супернікаў. З 50-ых гадоў як дзяржаўныя, гэтак і недзяржаўныя суб’екты правялі 75 спробаў выкарыстаць перамяшчэнні насельніцтва як палітычную зброю. Лідары, ад Муамара Кадафі да Слабадана Мілошавіча, пагражалі перамясціць ці выслаць групы насельніцтва, патрабуючы фінансавай дапамогі, палітычнага прызнання ці канца ваеннай інтэрвенцыі.

Гэтая эканамічная вайна, хутчэй за ўсё, уключае адыход ад глабалізацыі як краінаў, так і кампаніяў. Спрабуючы абараніць сябе ад знішчэння, яны яшчэ болей дэфармуюць рынак. Не толькі тыя краіны, якія маюць падставы баяцца, што супраць іх выкарыстаюць санкцыі, перастрахоўваюцца; гіперзвязанасць сусветнага рынку азначае, што многія баяцца пацярпець у выніку хвалевага эфекту. Гэта дало ўсяму свету штуршок зменшыць рызыку і ўзаемазалежнасць. Індыя, напрыклад, спрабуе дыверсіфікаваць сваіх пастаўшчыкоў энергарэсурсаў з таго моманту, як Рада бяспекі ААН увяла санкцыі супраць Ірана.

Жаданне зменшыць залежнасць, магчыма, з’яўляецца здаровым для некаторых краінаў, але вядзе да эканамічнай неэфектыўнасці і мінімізуе эканамічныя перавагі глабалізацыі.

Выкарыстанне інстытутаў у якасці зброі

Другое поле бою – выкарыстанне міжнародных інстытутаў у мэтах вайны. Аптымісты спадзяваліся, што глабальныя рынкавыя адносіны дапамогуць стрымліваць паўстаючыя сілы, кшталту Расіі і Кітая, у “разумных рамках” адзінай сусветнай сістэмы з аднолькавымі законамі і нормамі. Аднак шматбаковая інтэграцыя часам падаецца крыніцай разладу, а не адзінства.

Некаторыя краіны падрываюць міжнародную сістэму, прывязваючы інстытуты да канкрэтнай каардынатнай сеткі альбо настойваючы на выбарачным выкарыстанні правілаў. Новыя сілы, кшталту Індыі, Расіі і Кітая, імкнуліся сарваць устаноўленыя паўнамоцтвы, парушаючы правілы выкарыстання існых істытутаў – ад Дохскага раунда гандлёвых перамоваў у Сусветнай гандлёвай арганізацыі да Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе пры назіранні за выбарамі. Яны сцвярджаюць – хоць гэта і аспрэчваецца заходнімі сталіцамі – што так сябе паводзяць Злучаныя Штаты і іх саюзнікі, імкнучыся здабыць усё болей і болей выключэнняў з правілаў для сябе.

Напрыклад, Вашынгтон заклікае іншыя краіны выконваць марское заканадаўства, а сам не ратыфікаваў адпаведную канвенцыю ААН.

ЕС і ЗША кажуць пра недатыкальнасць межаў і нацыянальны суверэнітэт, але спрабуюць змяніць абедзве нормы шляхам інтэрвенцыі ў Косава (інтэрвенцыю яны спрабавалі легітымізаваць заднім чыслом, гаворачы пра “адказнасць за абарону”).

Існуе сусветны трэнд да фармавання канкуруючых, эксклюзіўных груповак замест інклюзіўных, універсальных шматбаковых праектаў. Гэтыя групоўкі, звязаныя агульнымі каштоўнасцямі – ці як мінімум агульнымі ворагамі – ствараюцца з краінаў-аднадумцаў прыкладна аднолькавага ўзроўню развіцця. Групоўкі “Свет без Захаду” уключаюць краіны BRICS і Еўразійскі эканамічны саюз (ЕЭС),  а таксама мноства субрэгіянальных органаў. Кітай працуе над прасоўваннем паралельных інстытутаў, такіх як Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый, Шанхайская арганізацыя супрацы. Некаторыя з іх нешта даюць існаму ладу, а некаторыя канкуруюць з ім. Тым часам Захад таксама стварае новыя групоўкі па-за міжнароднымі інстытутамі, такія як Трансціхааякіянскае партнёрства ў Азіі і Трансатлантычнае гандлёвае инвестыцыйнае партнёрства, у якія не ўваходзяць ні Кітай, ні Расія. Хілары Клінтан назвала ТГІП “эканамічным НАТА”,  а прэзідэнт Барак Абама, гаворачы пра ТЦП, абвесціў, што “мы не можам дазволіць такім краінам як Кітай пісаць правілы для сусветнай эканомікі. Гэтыя правілы мусім пісаць мы”.

Паколькі свет робіцца ўсё болей шматпалярным, меншыя краіны могуць апынуцца ў сітуацыі выбару паміж сферамі ўплыву звышдзяржаваў, якія канкуруюць, бо буйныя рэгіянальныя дзяржавы падвышаюць моц за кошт перыферыі.

Паглядзіце на стасункі Расіі і “блізкага замежжа”, ролю Германіі ў Еўропе і пазіцыю Кітая ў Азіі. Усе тры прыклады маюць і эканамічныя, і палітычныя наступствы, не засталіся ў баку і пытанні бяспекі. Кітайскія інстытуты не з’яўляюцца насамрэч шматбаковымі інстытутамі, якія даюць дзяржавам прадстаўніцтва ў інстытутах, якія маюць абавязковы юрыдычны характар, а ўяўляюць сабой хутчэй прыкрыццё для шэрагу двухбаковых адносін паміж меншымі краінамі і магутным Пекінам. Расійская палітыка ў дачыненні да “блізкага замежжа” не апускае суседнія дзяржавы да ўзроўню краін-васалаў, як сцвярджаюць некаторыя, аднак робіць спробы выкарыстоўваць асіметрычнасць адносінаў, каб прывязаць іх да расійскай сістэмы.

Канкурэнцыя паміж праектамі-супраціўнікамі можа выліцца ў канфлікт; крызіс ва Украіне адбыўся з-за сутыкнення двух несумяшчальных шматбаковых інтэграцыйных праектаў – еўрапейскага “Усходняга партнёрства” і расійскага Еўразійскага эканамічнага саюза.

Міжнароднае заканадаўства мусіла б быць спосабам дээскалацыі канфліктаў паміж краінамі, але аналітыкі кажуць пра яго выкарыстанне таксама ў якасці зброі супраць варожых краінаў – так званая “юрыдычная вайна”. Шматбаковыя інстытуты, якія мусілі б быць добразычлівымі назіральнікамі новай эры ўзаемавыгаднай супрацы, становяцца полем бітвы для геапалітычнай канкурэнцыі.

Канкурэнцыя інфраструктураў

Трэцяе поле бітвы – гэта канкурэнцыя праз інфраструктуру глабалізацыі: фізічную і віртуальную.

Краіны даведаліся: калі яны не могуць быць незалежнымі, найлепшы выбар – гэта зрабіць партнёраў залежнымі ад сябе ў большай ступені, чым наадварот.

Калі ўсе шляхі вядуць у Рым, лепш за ўсё стаць Рымам.

Гэты квест па “асіметрычнай залежнасці” падштурхоўвае рэгіянальных лідараў – Расію, Кітай, Германію, Бразілію, Паўднёвую Афрыку і Нігерыю – да спробаў умацаваць сваю ролю ў якасці асноўных эканомік, зніжаючы вагу суседніх краінаў да статусу перыферыі.  

Транспартная інфраструктура сталася асноўнай зброяй у гэтай бітве, і ў яе выкарыстанні лідаруе Кітай. У 2013-ым годзе прэзідэнт Сі Цзіньпін анансаваў праект “Адзін пояс, адзін шлях”, які меў на мэце злучыць Кітай з гарадамі кшталту Бангкока і Будапешта ды паспрыяць развіццю еўразійскага ўзбярэжжа. Гэта толькі адзін прыклад інфраструктурных праектаў, скіраваных на экспарт залішняй магутнасці Кітая і пашырэнне доступу да сыравінных і экспартных рынкаў. Такі падыход да рэгіянальнай інтэграцыі адрозніваецца ад стылю рэгіяналізму АСЕАН ці ЕС. Замест таго, каб выкарыстоўваць шматбаковыя дамовы для лібералізацыі рынкаў, Кітай абяцае паскорыць росквіт, далучаючы краіны да працяглага росту праз жорсткую інфраструктуру – чыгункі, шашы, парты, трубаправоды, прамысловыя паркі, памежныя мытныя аб’екты і спецыяльныя эканамічныя зоны; і праз мяккую інфраструктуру – развіццё фінансавай сферы, гандлю, інвестыцыйныя пагадненні, а таксама форумы шматбаковай супрацы.

Усталяванне новых сувязяў можа з першага погляду падацца крокам, які нельга знішчыць, але тут можа быць акурат наадварот. Аднак кітайскі праект “Адзін пояс, адзін шлях” стварае залежнасці, якія можна выкарыстоўваць, бо гэтая дарога будзе праходзіць міма пэўных краінаў. Яна таксама будзе звязваць цэнтр і перыферыю –  паказнік рэгіянальнага статусу датычна прыняцця рашэнняў і чалецтва, як кола, у якім цэнтр – Пекін, а пруткі – іншыя краіны. Практыка ўзаемнасці паміж цэнтрам і перыферыяй будзе выглядаць гэтак: калі іншыя паважаюць Кітай, то ён адкажа ўзаемнасцю з матэрыяльнай выгадай; але калі яны гэтага не робяць, Кітай знойдзе спосабы, каб пакараць іх.

Інфраструктурныя праекты Кітая могуць быць гэтаксама важнымі для ХХІ стагоддзя, як для ХХ стагоддзя – абарона Злучанымі Штатамі марскіх камунікацыяў.

Калі транспартныя сувязі можна назваць апаратным забеспячэннем глабалізацыі, то інтэрнэт – яе праграмнае забеспячэнне. Як і сувязі фізічнай інфраструктуры віртуальная інфраструктура інтэрнэту таксама выкарыстоўваецца як зброя краінамі, якія змагаюцца за ўладу. У выніку замест таго, каб стаць глабальнай публічнай пляцоўкай, якая “не зважае на міжнародныя межы”, як калісьці лічылася, інтэрнэт раскалоўся па нацыянальных вектарах.

Магчыма, Пуцін прапанаваў Сноўдэну прытулак, але ж насамрэч менавіта блізкія саюзнікі Вашынгтона, такія як Ангела Меркель і прэзідэнт Бразіліі Дзілма Русэф, найбольш турбуюцца з-за ўмяшання Амерыкі ў асабістае жыццё іх грамадзянаў. Краіны кшталту Аўстраліі, Францыі, Паўднёвай Карэі, Індыі, Інданезіі, Казахстана, Малайзіі ды В’етнама ўжо прыйшлі да думкі захоўваць пэўныя віды інфармацыі на серверах унутры нацыянальных межаў. German Telekom прапанаваў стварыць чыста нямецкі Internetz, а Еўрасаюз падумвае аб стварэнні віртуальнай Шэнгенскай зоны.

Заканчэнне эсе «Войны ва ўзаемнай звязанасці» будзе апублікаваная 4-ага лютага па гэтай спасылцы.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Рыгор Астапеня· 30 Сакавіка
Чаму не трэба будаваць другую кальцавую, а лепш прыватызаваць чыгунку
Чаму не трэба будаваць другую кальцавую, а лепш прыватызаваць чыгунку
Да 2030 года Беларусь павінна выдаткаваць каля $ 60 млрд на інфраструктурныя праекты, але дзяржава мае ў найлепшым выпадку толькі чвэрць ад гэтай сумы. Што сёння адбываецца з беларускай інфраструктурай, расказвае старшы даследчык CASE Belarus Дзмітрый Бабіцкі.
Самы галоўны і апошні падкаст гэтага лета
Самы галоўны і апошні падкаст гэтага лета
Наш госць рэдактар “Ідэі” Рыгор Астапеня, а тэмы велічныя і недасяжныя.
Ганна Арутунян , Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях , Пераклад Касі Васільевай · 26 Лютага 2016
Чаму пашырэнне пратэстаў не выкліча каляровую рэвалюцыю ў Расіі
Чаму пашырэнне пратэстаў не выкліча каляровую рэвалюцыю ў Расіі
Як урад Расіі застаецца ўстойлівым ва ўмовах народнага пратэсту.