Мэры на маршы: як беларускія гарады ратуюць навакольнае асяроддзе

Разглядаем, як і чаму беларускія гарады спрабуюць скараціць выкіды СО2.
Мэры на маршы: як беларускія гарады ратуюць навакольнае асяроддзе

Можа падавацца, што ў 2017 годзе пра змены клімату і экалогію кажуць усе, але што мы насамрэч ведаем пра дзеянні дзяржаваў на гэтым шляху?

Дзякуючы Дональду Трампу (і яго адмове прызнаваць уплыў чалавека на змены клімату) вы маглі чуць пра Парыжскае пагадненне. Гэта такі дакумент, які падпісалі больш за 200 краін свету (у тым ліку Кітай і Расія) і абавязаліся стрымаць глабальнае пацяпленне ў межах 1,5-2 градусаў. ЗША пакуль пастанавілі не ўдзельнічаць у гэтым працэсе.

Дзякуючы Трампу больш людзей даведалася пра Парыжскае пагадненне

Беларусь хоць і ратыфікавала Парыжскае пагадненне, пытанні энергаэфектыўнасці, экалогіі і выкідаў СО2 не знаходзяцца ў спісе галоўных праблем уладаў. Яно і зразумела, лічбы выглядаюць някепска: у сусветным індэксе экалагічнай эфектыўнасці Беларусь займае 35 месца (саступаем Расіі, але вышэй за Нідэрланды і Бельгію), выкіды забруджвальных рэчываў і энергаёмістасць падаюць (нягледзячы на рост ВУП), расце доля аднаўляльнай энергетыкі, выдаткі на энергаэфектыўныя мерапрыемствы складаюць каля 5 % ВУП.

 

 

Пакуль нацыянальныя ўлады працягваюць будаваць АЭС (чаму гэта не ў трэндзе, мы пісалі тут), беларускія гарады (у якіх пражываюць 75 % усіх грамадзян) пачынаюць усё актыўней самастойна вырашаць пытанні энергетыкі і энергаэфектыўнасці. Трэнд даволі зразумелы, бо ва ўрбанізаваным грамадстве роля гарадоў будзе толькі павялічвацца. І ў ЗША менавіта буйныя гарады сталі галоўнымі праціўнікамі Трампа ў пытаннях скарачэння выкідаў СО2 (больш за 200 гарадоў). 

На нашым кантыненце галоўным рухавіком гэтага працэсу з’яўляецца ініцыятыва Еўрапейскага Саюза “Пагадненне мэраў”. У ёй больш як 7500 гарадоў з 42 краін спрабуюць скараціць свае выкіды СО2 на 40 % да 2030 года. Ад Беларусі такіх рашучых гарадоў-удзельнікаў назбіралася амаль 30.

 

 

Расказвае Ірына Гарадыцкая (каардынатарка развіцця патэнцыялу, Пагадненне мэраў–Усход): 

Полацк – першы беларускі горад, які ўзяў на сябе абавязкі “Пагаднення мэраў” у 2011 годзе і дагэтуль застаецца піянерам у рэгіёне (агулам ад Беларусі ўдзельнічае 28 гарадоў). Для параўнання, першыя ўкраінскія гарады далучыліся да “Пагаднення мэраў” у 2009, на сённяшні дзень агульная колькасць падпісантаў ва Украіне ўжо больш за 100, у іх пражывае каля траціны насельніцтва краіны.

“Пагадненне мэраў” – гэта клуб аднадумцаў, ён дае доступ да вопыту іншых гарадоў, інавацыйных тэхналогіяў і фінансавых рэсурсаў. Напрыклад, невялікі горад Жоўква (Львоўская вобласць) прыцягнуў у сферу энергаэфектыўнасці мільёны еўра інвестыцыяў, гэта ў некалькі разоў перавышае гадавы бюджэт горада!

Для найбольш паспяховых удзельнікаў Еўрапейскі Саюз распачаў грантавую праграму “Пагадненне мэраў-Дэманстрацыйныя праекты”. Тры беларускія гарады: Браслаў, Чавусы і Полацк ужо перамаглі ў конкурсе і атрымалі больш за 3 млн. еўра (а таксама тэхнічную дапамогу экспертаў).

Што адбываецца ў праекце: Браслаў ператвараецца ў першы кліматычна нейтральны раён Беларусі. Цягам праекта будзе праведзена мадэрнізацыя цэнтральнай кацельнай (усталююць катлы на саломе), заменены трубы цэнтральнага ацяплення на ізаляваныя, будуць усталяваны сонечныя калектары, цеплаабменнікі, датчыкі гуку і рухаў у грамадскіх будынках, заменены 5 % гарадскіх свяцільнікаў на святлодыёдныя.

Расказвае Зміцер Буронкін (каардынатар праекта, Цэнтр экалагічных рашэнняў):

Калі мы кажам пра экалогію і выкіды СО2, то самымі праблемнымі сферамі для беларускіх гарадоў з’яўляюцца транспарт, генерацыя энергіі і жыллёвы фонд. З транспартам праблема зразумелая, необходна нейкім чынам прымусіць беларусаў перасаджвацца на электрамабілі ці на іншыя віды экалагічнага транспарту. Развітыя краіны актыўна займаюцца гэтай праблемай, але як гэта адаптаваць для Беларусі – не зусім ясна.

У энергетыцы ж галоўная праблема з торфам, ад якога ідзе шмат шкодных выкідаў. Адначасова ў нас ёсць праграма пашырэння выкарыстоўвання мясцовых відаў паліва, а торф як раз такім і лічыцца. І з аднаго боку, ён атрымліваецца карысным з пункту гледжання нацыянальнай энергетыкі, а з іншага – вельмі шкодным для экалогіі.

Калі б жыхары скарацілі спажыванне на 10 %, сталі больш энергаэфектыўнымі, то гэта дало б куды большыя эфекты, чым усе гэтыя стратэгіі і планы, якія каштуюць агромістых грошай.

І, канешне, праблемы жылога фонду. У нас шмат дамоў не ацепленыя, асабліва пабудаваныя ў СССР. Банальна, але ў сцен вельмі кепскія паказнікі супраціўлення цеплаперадачы, гэта ў некалькі разоў горш за норму. Цяжка пераконваць жыхароў быць больш энергаэфектыўнымі, калі іх дамы самі па сабе шмат спажываюць.

Але мы разумеем, што насельніцтва – гэта вялізны эмітэнт выкідаў. Калі б жыхары скарацілі спажыванне на 10 %, сталі больш энергаэфектыўнымі, то гэта дало б куды большыя эфекты, чым усе гэтыя стратэгіі і планы, якія каштуюць агромістых грошай. Варта не проста кансультаваць людзей адносна энергаэфектыўнасці, яны павінны мець магчымасць узяць у адмысловым інфармацыйным цэнтры цеплавізар, люксометр, праверыць колькасць вуглякіслага газу ў паветры.

ЯКІЯ СФЕРЫ ВАРТА РЭФАРМАВАЦЬ НА ДУМКУ ЗМІЦЕРА

  • Энергетыка – энергетычнаму рынку патрэбная дэманапалізацыя, большая падтрымка аднаўляльнай энергетыкі.
  • ЖКГ – пытанні фінансавання мерапрыемстваў павінны вырашацца па- іншаму, якасць тых жа энергааўдытаў часам выклікае пытанні і, канешне, пара ўжо пачаць весці дэталёвы ўлік выдаткаў.
  • Інфармаванне насельніцтва – мала проста развесіць плакаты па горадзе. Трэба больш працаваць над стварэннем эканамічных стымулаў для гараджан, каб яны актыўней укаранялі энергаэфектыўныя мерапрыемствы. Гэта могуць быць і адтэрміноўкі, скарачэнні падаткаў, варыянтаў хапае.
  • Увесці рэвальверныя фонды – калі, напрыклад, усе жыхары дома збіраюць грошы і праводзяць сабе энергаэфектыўны рамонт. Яны адсочваюць, каб падрадчыкі рабілі ўсё якасна. Бо потым прыходзіць дзяржаўная камісія, правярае вынікі і, калі дом зрабіўся энергаэфектыўным, калі ўсё зроблена якасна, то пакрывае частку выдаткаў жыльцам. Усім добра: дзяржава эканоміць сродкі, жыхары атрымліваюць лепшыя вынікі працы, ёсць паляпшэнне жыллёвых умоваў.

Што адбываецца ў праекце: горад заззяе па-новаму: на 16 цэнтральных вуліцах усталююць новае святлодыёднае асвятленне, больш за 40 гістарычных аб’ектаў атрымаюць дэкаратыўнае падсвятленне, таксама ў горадзе паставяць каля 70 шафаў разумнага кіравання асвятленнем. Усё гэта будзе дапоўнена мерапрыемствамі па папулярызацыі энергаэфектыўнасці і працы з насельніцтвам.

Расказвае Іван Шчадранок (Нацыянальны эксперт Пагаднення мэраўУсход, ініцыятар праекта “Горсвет”):

Калі яшчэ пару гадоў таму гарады з асцярогай ставіліся да ініцыятывы, то цяпер сітуацыя кардынальна змянілася. Яшчэ ў 2016 ад Беларусі было 17 гарадоў-падпісантаў “Пагаднення мэраў”, сёння іх ужо 28.

Калі горад у межах “Пагаднення мэраў” працуе над скарачэннем выкідаў СО2, энергаэфектыўнасцю, абмежавацца толькі гэтымі сферамі не атрымаецца. Для добрай стратэгіі трэба распрацоўваць комплексны дакумент, усеабдымнае бачанне развіцця горада. Прыйдзецца вызначыцца са стратэгіямі развіцця і эканомікі, і гарадской гаспадаркі, гарадскіх прастораў, транспарту, з працай з насельніцтвам, і экалогіяй.

Адным з добрых прыкладаў з’яўляецца Полацк, які распрацаваў “План устойлівага энергетычнага развіцця” і выконвае яго пры дапамозе розных праектаў. У “Горсвеце” для горада будзе распрацавана “Стратэгія вулічнага асвятлення”, якая не толькі дапаможа скараціць выкіды СО2, але і зробіць грамадскія прасторы больш прывабнымі для гараджан і турыстаў.

Гарады адказныя за 70-80 % усіх выкідаў вуглякіслага газу і СО2, яны з’яўляюцца асноўнымі спажыўцамі энергарэсурсаў

І галоўная пытанне: як зрабіць, каб гарады рабілі менш выкідаў СО2, але пры гэтым павысіць камфорт жыцця для гараджан, развіваць канкурэнтаздольную эканоміку, ствараць працоўныя месцы.

І тут трэба разумець, цяпер адбываецца энергетычная рэвалюцыя, поўная змена парадыгмы. Развітыя краіны да 2050 года зменшаць сваё энергаспажыванне на 50 % (у параўнанні з 1990 годам). Абсалютна іншая роля будзе ў альтэрнатыўных крыніцаў энергіі, яны не будуць субсідавацца, наадварот – дзяржавы будуць прапаноўваць пляцоўкі для выпрацоўкі энергіі з альтэрнатыўных крыніцаў. Такія тэхналогіі дазволяць нам быць не проста спажыўцамі, але яшчэ і вытворцамі электра- ці цеплавой энергіі, абменьвацца энергіяй у межах гарадскіх кварталаў. І менавіта ў развіццё гэтых тэхналогіяў накіроўваць свае сродкі развітыя краіны.

Што адбываецца ў праекце: горад чакае сур’ёзная мадэрнізацыя, запусціцца разумная сістэма маніторынгу і кіравання водазабеспячэннем, біялагічная ачыстка стораў, мадэрнізуюць цэнтральны каналізацыйны калектар і ўкараняць аўтаматызаваную сістэму камерцыйнага ўліку спажывання электраэнергіі.

Праект дазволіць скараціць у параўнанні з 2013 годам страты вады на 8 % у год, эканомія цеплавой і электрычнай энергіі складзе 2,9 % у год, выкіды CO2 скароцяцца на 2,8 % у год.

Расказвае Ганна Шэндзерава (менеджар праекта, Чавускі райвыканкам):

Менавіта ўдзел у “Пагадненні мэраў” стаў адным з каталізатараў актыўнага руху ў сферы ўстойлівага развіцця. Хоць першыя стратэгіі (мясцовыя павесткі) мы пачалі распрацоўваць яшчэ ў 2010.

Але мы разумеем, што менавіта жыхары павінны быць рухавікамі працэсу энергазберажэння. Таму адна з мэтаў праекта – уцягнуць у гэтыя працэсы да 20 % жыхароў раёна. Для гэтага мы ствараем адмысловы грамадскі інфармацыйны цэнтр “Вада і энергія”, які будзе абсталяваны “разумнымі” стэндамі для правядзення розных інтэрактыўных эксперыментаў. Такую адукацыйную працу мы вядзем і праз сацыяльныя сеткі, масавыя гарадскія акцыі як “Еўрапейскі тыдзень устойлівай энергіі”, “Гадзіна зямлі” ды інш.

Артыкул падрыхтаваны ў супрацы з праектам EU Neighbours East. Погляды, выкладзеныя ў тэксце, належаць выключна аўтару.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Вадзім Мажэйка· 15 Лістапада
На волю – з чыстай залікоўкай. Як атрымаць адукацыю за кратамі?
На волю – з чыстай залікоўкай. Як атрымаць адукацыю за кратамі?
Адукацыя зняволеных можа дапамагчы сацыялізацыі і зменшыць рэцыдывы, аднак беларускім вязням пакуль не пашэнціла.
Дэдлайны 7-га лістапада, шавіністы, чужы Навальны і свае рэформы
Дэдлайны 7-га лістапада, шавіністы, чужы Навальны і свае рэформы
Вы ведалі, колькі станцый метро было адкрыта на ўгодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі?
Наталля Зубарэвіч: Шлях з саўка зойме для нашых краін усё ХХІ стагоддзе
Наталля Зубарэвіч: Шлях з саўка зойме для нашых краін усё ХХІ стагоддзе
Гутарым з вядомым эканоміка-географам Наталляй Зубарэвіч пра сацыяльную дзяржаву, лічбавую эканоміку і ўзнікненне запыту на рэформы.