Чаму беларуская дэмакратыя адбудзецца насуперак

Хоць рэформы ў Беларусі ўвесь час адкладаюцца, ёсць некалькі прычынаў, каб чакаць змены.
Стас Гарэлік· 16 Лістапада 2015
Чаму беларуская дэмакратыя адбудзецца насуперак

У 90-ых Беларусь не магла пайсці іншым шляхам, чымся аўтарытарны. Гэтак лічыць Аляксей Пікулік, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. Некаторыя з фактараў дэмакратызацыі, якія аналізаваў Пікулік, аб’ектыўна не маглі змяніцца. Напрыклад, у адрозненне ад краін Балтыі ў Беларусі ніколі не было незалежнасці да распаду СССР.

Аднак пры Лукашэнку вагаліся – хоць і па-рознаму – прыбыткі беларусаў, стасункі з суседзямі, нацыянальныя ўяўленні. Праўда, калі верыць вядучым палітолагам, гэтыя змены ўсё роўна не падштурхнулі краіну да выхаду з аўтарытарнага клуба.

Эканоміка расце і падае – без палітычных наступстваў

Нават паводле дадзеных Сусветнага банка, з 1996-га па 2010-га падушны прыбытак беларусаў падняўся прыкладна ў чатыры разы. Таму некаторыя актыўныя беларусы вельмі балюча ўспрынялі дэвальвацыю 2011-га і маўкліва выйшлі на вуліцы – нават пасля зімовага разгону Плошчы.

Адносна нечаканае падзенне рубля здарылася і зусім нядаўна. Зразумела і тое, што беларуская эканоміка не зможа хутка выйсці з заняпаду. Але ж наіўна прагназаваць, што незадаволенасць крызісам перарасце ў сапраўдны галодны бунт ці хаця б у новыя маўклівыя пратэсты. Паміж дрэннай эканомікай і Плошчай ёсць вельмі шмат пераменных.

Нават калі ўсе ненавідзяць рэжым і гатовыя да спантаннага пратэсту, патрэбна, каб выйшлі першыя героі.

Як сцвярджае Цімур Куран з Універсітэту Дзюка, пачуццё эканамічнага і палітычнага адчаю можа быць такім, што дастаткова будзе і некалькіх тысяч “піянераў”, каб другія згубілі страх.

Але ж напярэдадні кастрычніцкіх выбараў амаль 50 % беларусаў мелі давер да Лукашэнкі і збіраліся галасаваць за яго. Якімі б ні былі прычыны, але зараз у Беларусі проста няма крытычнай масы, якая “чакае” першых пратэстоўцаў, каб запоўніць плошчу.

Акрамя таго, тыя, хто бачыць у эканамічных праблемах рэжыму дэмакратычную надзею, забываецца на жорсткасць, здольнасць і гатоўнасць дзяржаўных органаў пакараць пратэсты.

Сёлета беларускія сілавікі атрымалі амаль 20 % дзяржбюджэту.

Акрамя таго, у Савеце нацыянальнай бяспекі ёсць Віктар Лукашэнка, які гарантуе дадатковы кантроль над зброяй.

Тым не менш, беларускую міліцыю ці войска немагчыма назваць сямейным прадпрыемствам, клубам сяброў ці этнічнымі групоўкамі. Гэта прафесійныя інстытуты, заснаваныя на дысцыпліне і абавязку. Ева Белін з Брандэйскага ўніверсітэта адзначае, што менавіта такія арміі ў Егіпце і Тунісе адмовіліся тапіць шматтысячную “арабскую вясну” у крыві, нават нягледзячы на тое, што некаторыя афіцэры мелі свае камерцыйныя інтарэсы, звязаныя з рэжымам.

Нацыя па-над усім, тым больш над палітычнымі зменамі

Выхад з СССР не стаў для беларусаў пачаткам вяртання да нацыянальнай дэмакратыі, як гэта было для народаў Балтыі. Аднак беларуска Наталля Лешчанка, якая атрымала доктарскую ступень у Лонданскай школе эканомікі, адзначае, што Лукашэнка не толькі захаваў савецкае, але насамрэч змог выбудаваць сваю нацыянальную ідэалогію.

Сутнасць гэтай ідэалогіі – само існаванне беларускай дзяржаўнасці ў любой форме, але пераважна ў выглядзе патэрналісцкай, сапраўднай “славянскай” дзяржавы.

zubr_2

Украінскі канфлікт ажывіў гэтыя банальныя пастулаты, якія, калі і не адмятаюць дэмакратыю, але ж і не ўхваляюць яе. Верагодна, большасці беларусаў не турбуе, які сцяг лунае на плошчы, галоўнае – ён лунае ў незалежнай і “спакойнай” краіне.

Невыразныя надзеі на еўрапейскую адлігу

Якой бы амаральнай не падавалася рэакцыя Еўрапейскага саюза на беларускія выбары, праз яе ён можа паступова прыцягнуць Беларусь бліжэй да сябе. Падобныя стасункі з дэмакратычнымі краінамі Стывен Лявіцкі з Гарварду і Лукан Уэй з Універсітэту Таронта называюць галоўнымі чыннікамі палітычных зменаў у сучасных аўтакратыях.

Асаблівую важнасць маюць эканамічныя, дыпламатычныя, турыстычныя і інфармацыйныя стасункі, а таксама сувязі паміж недзяржаўнымі арганізацыямі.

Аднак пакуль незразумела, што Беларусь можа даць Еўропе, акрамя нафтапрадуктаў  – традыцыйнага беларускага экспарту ў ЕС.

Да таго ж Беларусь ужо выйшла на першае месца па колькасці атрыманых на душу насельніцтва шэнгенскіх візаў. І, канешне, самае відавочнае пытанне: ці “пусціць” Расія Беларусь у Еўропу?

Найбольш пераканаўчыя прыклады Лявіцкага і Уэйя – краіны Усходняй Еўропы, якія былі проста вымушаныя змяняцца, каб іх прынялі ў Еўрапейскі саюз. Але ж Беларусь у ЕС не імкнецца, ды і Лукашэнка не любіць, калі яго “нахіляюць”.

Мірная дэмакратызацыя праз выбары. Немагчыма

Урэшце аўтарытарная лодка стабільнасці перакуліцца – менавіта так выглядае аргумент тых, хто верыць у змены праз недэмакратычныя выбары. Але ж падстаў для такіх надзеяў няшмат, лічыць Джэйсан Браўнлі з Універсітэта Тэхаса. Аўтарытарныя краіны з выбарамі не часцей за цалкам закрытыя аўтакратыі становяцца свабоднымі, даказвае Браўнлі пасля аналізу 158-мі аўтарытарных рэжымаў, якія існавалі ад 1975-га да 2004-га.

Падобныя песімістычныя высновы таксама зрабілі Марк Говард з Джорштаунскага ўніверсітэта і Філіп Рослер з Каледжа Вільгельма і Марыі. Ад 1990-га да 2002-га толькі пасля пятнаццаці аўтарытарных выбараў адбылася некаторая лібералізацыя. Праўда, Говард і Рослер не тлумачаць, што абумовіла змены: сумленны падлік галасоў ці ўсё ж такі паслявыбарчыя пратэсты.

І яшчэ – ва ўсіх пятнаццаці выпадках існавала апазіцыйная кааліцыя.

Выпадковасць, якую варта чакаць

Адсутнасць доўгатэрміновых перадумоў для дэмакратыі можа выправіць сітуатыўная барацьба паміж элітамі. Нязгодныя паміж сабой кансерватары і лібералы вырашаюць, ці быць дэмакратыі. Такі асноўны тэзіс, мабыць, самай класічнай працы пра дэмакратычную трансфармацыю аўтарства Гільерма А’Донэла і Філіпе Шмітэра.

Вось толькі ўнутрыэлітная сварка таксама павінна з-за чагосьці пачацца, а пазіцыі лібералаў павінны быць узмоцненыя народным гневам.

Другімі словамі, беларускай дэмакратыі варта чакаць выпадковасці. Аднак разумна выкарыстаць гэтую выпадковасць – гэта значыць не проста абвесціць свабоды ці перайсці да парламенцкай рэспублікі.

Гэта значыць марудна і балюча ствараць умовы дзеля таго, каб новы аўтарытарны разварот стаў немагчымы: мяняць Канстытуцыю, ствараць сістэму стрымання і проціваг, спрыяць свабодным медыям, грамадскім арганізацыям і самакіраванню ва ўніверсітэтах, распаўсюджваць і бараніць прыватную ўласнасць, але ж самае галоўнае – зрабіць чалавечае жыццё і свабоду найвялікшымі каштоўнасцямі грамадства і дзяржавы.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Рыгор Астапеня· 16 Жніўня
Прыгожы ролік пра страшнае беларускае кіно
Прыгожы ролік пра страшнае беларускае кіно
Усё што вы хацелі даведацца пра дзяржаўнае кіно, але пра яго наагул сорамна размаўляць.
Зміцер Лысюк· 7 Жніўня
Не ІТ адзіным. Куды інвеставаць у Беларусі
Не ІТ адзіным. Куды інвеставаць у Беларусі
Чатыры напрамкі, якія могуць быць цікавыя для замежнага капіталу.
Стас Гарэлік· 4 Ліпеня
Як Беларусі патрапіць на наступны чэмпіянат свету
Як Беларусі патрапіць на наступны чэмпіянат свету
Трэба развіваць крэатыўны дзіцячы футбол і прыцягваць легіянераў, але нават тут без палітычных і эканамічных рэформаў не абысціся.