Як дзеці вучацца дэмакратыі ў школах 2.0

Традыцыйная школа робіць з вас паслухмяных авечак, а дэмакратычная – актыўных грамадзянаў?
Вадзім Мажэйка· 22 Лістапада 2016
Як дзеці вучацца дэмакратыі ў школах 2.0

Аўтарытарная адукацыя з цялеснымі пакараннямі адышла ў мінулае, але кансерватыўны іерархічны стыль дагэтуль пануе ў большасці школ. Каб пабудаваць сталую дэмакратыю, яе трэба вывучаць з дзяцінства, ды не як асобную дысцыпліну, а ў якасці стылю жыцця. Дэмакратычныя школы – адказ ініцыятыўных педагогаў на выклікі сучаснага свету, які перакульвае панылую школьную сістэму з ног на галаву.

Найлепшыя ідэі і досвед у гэтай галіне абмяркоўвалі на Сусветным форуме за дэмакратыю ў Страсбургу.

“Веды не ствараюць дэмакратыі”

“Яны саджаюць дзяцей у нерухомай пазіцыі на 12 гадоў па 5 гадзінаў у дзень і лічаць, што гэтак рыхтуюць іх да жыцця. Але ж у жыцці ўсё ўвесь час рухаецца!”. Гэтак традыцыйная школьная адукацыя выглядае вачыма Якава Гехта (Yaacov Hecht), піянера дэмакратычнай адукацыі і стваральніка першай дэмакратычнай школы ў Ізраілі.

Дэмакратычная адукацыя як частка гуманістычнай адукацыі ўзнікла даўно –  першай у свеце дэмакратычнай школай лічыцца брытанская Самэрхіл (Summerhill), заснаваная ў 1921-ым годзе. Аднак сёння, калі праблема крызісу дэмакратыі востра паўстае перад Еўропай ды Амерыкай, патрэба ў новых шляхах прасоўвання дэмакратыі ў грамадстве актуалізуецца.

Да таго ж нарастае адчуванне, што старая іерархічная адукацыйная мадэль, магчыма, была добрай у часы індустрыяльнага грамадства.

Аднак сёння, у інфармацыйны век, у грамадства змяняюцца патрэбы.

“Трэба ствараць пачуццё творчасці, развіваць крытычнае мысленне”, –  характарызуе патрэбы новай адукацыі Жорж Хадад (Georges Haddad), прэзідэнт  Сарбоны. “Веды сёння і так усе дасяжныя. Аднак веды не ствараюць дэмакратыі. Дэмакратыя – гэта дзеянні на аснове гэтых ведаў, актыўнае грамадзянства”.

Тры прынцыпы дэмакратычнай адукацыі

Якія магчымасці стварае дэмакратычная адукацыя для досведу выкарыстання дэмакратыі ў штодзённым жыцці?

Па-першае, дэмакратычная адукацыя прадугледжвае адказную свабоду выбару. Гэта значыць, што кожны вучань асабіста складае сабе навучальны план у залежнасці ад сваіх зацікаўленняў, а не атрымлівае гатовы план праз узроставую перадвызначанасць. У такім становішчы ёсць і яшчэ адзін плюс акрамя вольнасці: сумесь навучальных груп рознага ўзросту. Побач у класе аказваюцца малыя дзеці і больш сталыя падлеткі.

Яны дапамагаюць адно аднаму ў навуцы ў стылі “роўны вучыць роўнага”.

Гэта дае досвед сацыяльнай камунікацыі, які больш падобны да рэальнага жыцця, чымся ў звычайнай школе: супрацоўнічаць давядзецца ў групах рознаўзроставых людзей. Да таго ж такая практыка дае настаўніцкі досвед больш дасведчаным старэйшым вучням. Будучы прэзідэнт Сарбоны Жорж Хадад так пераказваў свае школьныя ўрокі маці, мігрантцы з Паўночнай Афрыкі, якая не мела адукацыі, і менавіта гэты досвед ён лічыць падмуркам сваёй сённяшняй высокай пасады.

Па-другое, дэмакратычная адукацыя вылучаецца пануючым у школах прынцыпам сукіравання, які адрозніваецца ад простага самакіравання вучняў, бо да гэтых працэсаў – на роўных з вучнямі! – таксама далучаюцца настаўнікі і часам бацькі. Гэтак вучні вучацца браць адказнасць не толькі за сабе, абіраючы ўрокі, але і за грамадства.

Да гэтага ж прынцыпу адносіцца выбар вучнямі настаўніка-ментара, чыю ролю вельмі ўмоўна можна параўнаць з класным кіраўніком у традыцыйнай школе. Замест кантролю акцэнт у іх камунікацыі робіцца на дапамозе і супрацы, чаму спрыяе і вольны выбар.

Па-трэцяе, там, дзе традыцыйныя школы арыентуюцца на нацыянальныя аспекты, школы дэмакратычныя лічаць за лепшае арыентавацца на правы чалавека. Гэта змяняе парадыгму вывучэння гуманітарных дысцыплін. Замест таго, каб з дзяцінства замыкацца ў межах адной дзяржавы і яе інтарэсаў, вучні пачынаюць глядзець на свет больш глабальна, у кантэксце роўнасці людзей і павагі да іх асаблівасцяў. Гэта надзвычай актуальна ў сучасным глабалізаваным мультыкультурным свеце.

Як прарастае дэмакратыя

“Старыя іерархіі шукалі лепшага, а ў цэнтры дэмакратычнай адукацыі – пошук рознага”, – тлумачыць ізраільскі піянер дэмакратычнай адукацыі Якаў Гехт. Разбурэнне іерархіі дзяржаўнай школы, якая ўзнікла ў індустрыяльныя часы, патрабуе не толькі сысці ад іерархіі “дырэктар-настаўнік-вучань”. Істотна таксама не дапусціць, каб іерархіі ўзнікалі знізу.

Напрыклад, у школьнае самакіраванне часта абіраюць харызматычных лідараў, якія потым ствараюць іерархічныя каманды.

Усё гэта пагражае дэмакратыі.

З такім выклікам сутыкнуўся Адам Кронкрайт (Adam Cronkright), сузаснавальнік Democracy in Practice (Балівія). Каб змагацца з гэтым, у балівійскіх дэмакратычных школах выбары могуць замяняць латарэяй, а органы кіравання функцыянуюць паводле прынцыпу ратацыі, калі кожны па чарзе мае магчымасць паўдзельнічаць у іх працы.

У выніку пашыраецца ўдзел вучняў у кіраванні, расце досвед актыўнага грамадзянства, а таксама развіваюцца такія soft skills, як здольнасць працы ў камандзе альбо наўпрост уменне слухаць іншага.

“Дэмакратыі нельга навучыць, трэба наўпрост стварыць умовы і яна сама прарасце, – лічыць Рамін Фарханджы (Ramin Farhangi), заснавальнік парыжскай дэмакратычнай школы L’Ecole Dynamique. – Таму ў нашай школе мы не душым вольнай гульні, а толькі спрыяем ёй”.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Арцём Шрайбман , Вадзім Мажэйка, Глеб Мартынаў· 18 Лістапада
Чаму БРСМ— не субкультура, а Wi-Fi ва ўніверсітэце — не рэформы
Чаму БРСМ— не субкультура, а Wi-Fi ва ўніверсітэце — не рэформы
І ці можна яшчэ абмяркоўваць скульптуру гарадавога ў падкасце?
Алёна Мельчанка , Таня Кавалёнак · 14 Лістапада
Как это было у них в Англии — третий выпуск “Минобр позвонит!”
Как это было у них в Англии — третий выпуск “Минобр позвонит!”
Таня и Алёна делятся своим опытом учебы в магистратуре в Англии.
Алёна Мельчанка , Вольга Паддубная , Таня Кавалёнак · 1 Лістапада
Отношения, власть и ЦТ — второй выпуск “Минобр позвонит!”
Отношения, власть и ЦТ — второй выпуск “Минобр позвонит!”
Тема отношений между людьми и институтами в образовательном пространстве стала центральной призмой обсуждения в этот раз. Через нее мы посмотрели на  последние новости образования в Беларуси и опыт Англии по организации ЦТ в новой рубрике “А как у них”.