Тры галоўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі з інваліднасцю ў Беларусі

У 2016-ым Беларусь ратыфікавала Канвенцыю ААН па правах людзей з інваліднасцю, якіх у нас больш за паўмільёна. Гэта быў крок наперад, але дагэтуль хібаў хапае.

Тры галоўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі з інваліднасцю ў Беларусі

Праблема 1. Яны бедныя, а працу знайсці вельмі цяжка

  • Усяго ў Беларусі афіцыйна працуюць прыкладна 60 тысяч чалавек з інваліднасцю – каля 12 % ад агульнай колькасці. Лічбы не значаць, што людзі не хочуць працаваць, бо ў Беларусі існуе практыка “працоўных” і “непрацоўных” групаў інваліднасці. Да таго ж такі чалавек не мае вялікага выбару: людзі з парушэннямі зроку часта працуюць на вырабе разетак, людзі з сіндромам Даўна – на абутковых прадпрыемствах, людзі ў вазках – у кол-цэнтрах.  
  • У Беларусі існуе праграма суправаджальнага працаўладкавання. Адмысловыя арганізацыі дапамагаюць знайсці працу, а заробак плоціць дзяржава. Але гэты падыход мае свае хібы. Пасля заканчэння гэтай праграмы людзі трапляюць на адкрыты рынак працы, і становіцца відавочна, што яны асабліва нікому не патрэбныя. Акрамя гэтага, трэба ўлічыць, што інваліднасць з’яўляецца вялікай перашкодай для працадаўцаў: мусіць быць спецыяльна абсталяванае працоўнае месца, забяспечаны 7-гадзінны працоўны дзень і яшчэ шэраг ільгот
  • Беларуская сацыяльна арыентаваная дзяржава гарантуе людзям з інваліднасцю грашовыя выплаты. Праўда, іх памер выклікае нервовы смех. Сацыяльная пенсія па 1-ай групе інваліднасці (напрыклад, для людзей у вазках) складае 238 рублёў, 2-ой групы (напрыклад, пры адсутнасці кісцяў рук) – 206 рублёў, 3-ай групы (напрыклад, пры анкалогіі ці ў выпадку праблемаў з сэрцам) – 162 рублі. Пры гэтым афіцыйны мінімальны заробак у краіне – 330 рублёў.
  • Натуральна, што пражыць на гэтыя грошы цяжка, нават пры наяўнасці ўласнага жытла. Да выдаткаў на харчы і аплату камунальных паслуг дадайце выдаткі на лекі ды рэабілітацыю. Праз праблемы з працаўладкаваннем пенсія вельмі часта становіцца адзінай крыніцай сталага прыбытку для чалавека. Беларус з інваліднасцю – гэта часцей за ўсё бедны чалавек. 

Праблема 2. Недахоп інклюзіі і дрэннае стаўленне беларусаў да “не такіх”

  • Людзей з інваліднасцю можна рэдка пабачыць на вуліцы ці ў краме. З-за гэтага многія беларусы думаюць пра іх як аб іншапланетніках. Даволі часта асобы з інваліднасцю сутыкаюцца з тым, што іх не лічаць паўнавартаснымі людзьмі. Праз гэта яны ствараюць замкнёную ў сабе супольнасць. 
  • Закон “Аб сацыяльнай абароне людзей з інваліднасцю” гарантуе забеспячэнне даступнага асяроддзя па ўсёй краіне. Але на самой справе гэта далёка не так. Новыя дамы рэгулярна здаюцца без уліку правілаў безбар’ернага доступу.
  • Калі мы кажам пра даступнасць, то звычайна думаем пра людзей у вазках. Але для іншых катэгорый людзей з інваліднасцю таксама ёсць спецыяльныя захады. Напрыклад, для людзей з псіхічнымі парушэннямі распрацаваная “ясная мова” – методыка, дзякуючы якой яны могуць зразумець напісанае. Але яна, на жаль, у Беларусі не выкарыстоўваецца нават у спецыялізаваных установах. 

Праблема 3. У любы момант могуць пазбавіць дзеяздольнасці. А гэта як юрыдычная смерць

  • Над людзьмі з псіхіятрычнымі дыягназамі, як молат, вісіць пагроза страціць дзеяздольнасць. Паводле заканадаўства, страта дзеяздольнасці адбываецца, калі чалавек з-за сваіх дыягназаў не можа разумець значэння сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Пастанова аб (не)пазбаўленні дзеяздольнасці прымаецца праз суд з улікам судова-медыцынскай экспертызы. Часам рашэнні выносяцца на падставе дзіўных крытэрыяў, напрыклад, з-за скаргаў на паліклініку
  • Страта дзеяздольнасці – гэта юрыдычная смерць. Уявіце: вы не можаце размяркоўваць свае грошы, заключаць дамовы, пабрацца шлюбам. А яшчэ ў вас абавязкова мусіць быць апякун – хтосьці, хто кантралюе ваша жыццё і адказвае за вас, і ў першую чаргу юрыдычна. 
  • Самае страшнае ў страце дзеяздольнасці – вялікая верагоднасць патрапіць у інтэрнат. Гэта абсалютна закрытая ўстанова са сваймі правіламі, распарадкам і нават наглядчыкамі. Фактычна гэта турма, з якой амаль што немагчыма выйсці. Белстат сцвярджае, што ў Беларусі каля 19 тыс. чалавек жывуць у псіханеўралагічных інтэрнатах. Да прыкладу, гэта больш за колькасць усіх жыхароў Бераставіцкага раёна. 
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Глеб Ляпейка· 19 Жніўня
Як у Беларусі вырашаюць праблему смецця – і чаму гэтых дзеянняў мала
Як у Беларусі вырашаюць праблему смецця – і чаму гэтых дзеянняў мала
Перапрацоўка смецця – гэта добра, але не чароўная таблетка ад усіх праблем.
Што трэба ведаць аб прастытуцыі ў Беларусі
Што трэба ведаць аб прастытуцыі ў Беларусі
Тлумачым, чаму многія беларускі вымушаныя займацца прастытуцыяй. 
Рыгор Астапеня· 10 Ліпеня
Як Беларусь зарабляе на зняволеных — і чаму гэта дрэнна
Як Беларусь зарабляе на зняволеных — і чаму гэта дрэнна
Тлумачым, як дзяржава ў Беларусі выкарыстоўвае працу зняволеных.