Дэпеша з Украіны: новыя палітыкі супраць “старой гвардыі”

Новае пакаленне палітыкаў кідае выклік старым парадкам ва Украіне – іх поспех з'яўляецца жыццёва важным для дэмакратычнай будучыні краіны.
Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях , Францыска дэ Борха Лашэрас · 10 Снежня 2015
Дэпеша з Украіны: новыя палітыкі супраць “старой гвардыі”

Дарога да горада Ірпінь у старой “Ладзе-1500”, якія яшчэ можна пабачыць ва Украіне (“Лексусы” ды іншыя шыкоўныя аўто часцей сустракаюцца ля судовых будынкаў), – выбоістая. Сельскія дарогі ва Украіне часта пакрытыя выбоінамі, кепска асветленыя і адчайна патрабуюць рамонту. Гэта адна са шматлікіх няўдач уладаў. Усе гэтыя адмоўныя чыннікі разам з мясцовай карупцыяй узмацняюць глыбокую народную незадаволенасць і расчараванне ў палітыках ды сістэме.  

Ірпінь – маленькі гарадок на поўнач ад Кіева, акружаны сасновымі лясамі, якія робяць гэты рэгіён падобным да курорта. У апошнія гады з-за павелічэння колькасці насельніцтва ў Кіеве людзі пачалі шукаць таннейшае жытло па-за межамі сталіцы, і гэтае селішча стала ласым кавалкам для забудоўнікаў, якія, дзякуючы сваім ценявым дамоўленасцям з мясцовымі палітыкамі, атрымалі велізарныя прыбыткі ад народных земляў.

Inna_IrpinУ сціплай, але ўтульнай кватэрцы я сустракаюся з Інай, мясцовай актывісткай і маладой маці ва ўзросце 20-25 гадоў. Летась у кастрычніку Іна балатавалася на мясцовых выбарах як незалежны кандыдат ад “Сили Людей” (“Моц Людзей”). Гэтая партыя і “ДемАльянс” (“Дэмакратычны Альянс”) – новыя дэмакратычныя сілы, якія пакуль чыстыя ад сувязяў з алігархамі і карыслівых інтарэсаў.

Адным са светлых момантаў гэтых выбараў сталася тое, што абедзве партыі здабылі прадстаўніцтва ў некалькіх абласных і мясцовых саветах, у тым ліку ва ўсходняй і паўднёвай Украіне.

Другім дадатным момантам, пэўна, сталася тое, што праеўрапейскія і празаходнія сілы, як “Самопоміч” (“Самадапамога”) таксама зрабілі пэўныя здабыткі на Усходзе, дзе традыцыйна вельмі моцная падтрымка былой “Партыі рэгіёнаў”.  

Маладыя будаўнікі Новай Украіны

Біяграфія Іны адлюстроўвае вельмі прыкметную змену пакаленняў у краіне, што з’яўляецца адной з апораў для ўзмацнення грамадзянскай супольнасці і валанцёрскай дзейнасці. Гэта было, прынамсі на ранніх стадыях, галоўным унутраным стрыжнем Еўрамайдана ў Кіеве і ва ўсёй краіне. Часта можна сустрэць маладых актывістаў і прафесіяналаў, якія кіруюць няўрадавымі арганізацыямі альбо маюць іншыя лідарскія пазіцыі. Сярод іх шмат жанчын. Яны палітыкі ў “Фэйсбуку”, актывісты, прадпрымальнікі.

Сацыяльныя сеткі сталіся іх натуральным публічным асяроддзем у супрацьвагу медыйнаму сектару, дзе збольшага дамінуюць алігархі і дзе гэтыя новыя лідары дагэтуль зусім не прысутныя альбо прысутныя ў вельмі нязначнай ступені.

Гэта можа змяніцца са з’яўленнем каналаў кшталту Hromadske TV ды іншых медыяў, якія прадстаўляюць платформу для новых галасоў і для крытычнай журналістыкі. У вялікай ступені мабілізацыя ў падтрымку антыкарупцыйнага і антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, а таксама супраць карумпаваных палітыкаў на лакальным ці цэнтральным узроўнях,  была стымуляваная праз сацыяльныя сеткі.

Аднак на выбарах, дзе ўсё пранізана гульнёй за ўладу і патыхае папулісцкай рыторыкай, найчасцей выйграюць прадстаўнікі іншай публічнай прасторы – Старой Украіны. Рэсурсаў не стае, а таму палітыка – у стылі найлепшых кампаніяў ЗША – кантралюецца тымі, хто мае грошы. Паводле сучаснага выбарчага заканадаўства, партыі мусяць аплаціць дэпазіт у памеры 40 тыс. грыўняў (сур’ёзная сума для ўкраінскіх рэаліяў) толькі за ўдзел у мясцовых выбарах. Гэтая сума вернецца да іх у тым выпадку, калі яны дасягнуць мінімальнага выніку ў 5 %, інакш грошы пойдуць у дзяржаўны бюджэт. Для нацыянальных выбараў гэты дэпазіт каля 2 млн грыўняў.

Больш за тое, выбарчае заканадаўства не дазваляе балатавацца незалежным кандыдатам – усе кандыдаты мусяць быць вылучаныя партыямі.

Таму актывісты, як Іна, могуць альбо змагацца з існымі партыямі, нягледзячы на іх багаж і рызыку быць заплямленымі проста ў выніку знаходжання побач, альбо ўступаць у новыя меншыя партыі ў мэтавых рэгіёнах са спадзяваннем перакрочыць парог (ёй крыху не хапіла для атрымання мандату ў Ірпіні).

Гэтыя актывісты і новыя партыі падзяляюць праграму амбіцыйных мэтаў па трансфармацыі Украіны, яе інстытутаў, абласных і гарадскіх. Платформа збольшага ўключае добрае кіраванне, рэформы і арыенціры на дэмакратычную справаздачнасць. 

Гэтак у абласцях і гарадах згаданыя новыя сілы збольшага факусуюцца на парушэннях і карупцыйных скандалах з удзелам мясцовых асобаў, надзеленых уладай. Іна прымала актыўны ўдзел у пратэстах супраць здзелак з нерухомасцю, якія прыносілі прыбытак мясцовым бізнесоўцам і чыноўнікам, што прысвойвалі дзяржаўную зямлю.  

Як і некаторыя іншыя актывісты Майдана, яна была збітая адным з такіх забудоўнікаў, былым дэпутатам гарсавету.

“Старая гвардыя” сваім спалучэннем жорсткасці і паслужлівасці нагадвае вобразы мафіёзі з фільма “Хросны бацька”. Іх павуцінне ўлады і заступніцтва ўяўляе сабой істотную перашкоду на шляху да дэмакратычнай будучыні Украіны. Гэтая “каста” перажыла змену ўрадаў у Кіеве і выстаяла пад некалькімі рэвалюцыямі.

У Ірпіні тыя ж самыя палітыкі, якія былі перад Майданам, балатаваліся цяпер ад партыі, якая іранічна называлася “Нові Обличчя” (“Новыя твары”).  

Kateryina_ChernihivДалей на поўнач, у Чарнігаўскай вобласці, каля мяжы з Беларуссю і Расіяй, Кацярына, кіраўніца абласнога філіяла “ДемАльянс” неўзабаве прыступіць да сваіх абавязкаў у раённым савеце. Яе партыя перакрочыла 5-адсоткавы парог у Чарнігаўскім гарадскім савеце, набраўшы больш за 10 % галасоў у некаторых раёнах горада. Іх маленькі офіс у закінутым будынку меў толькі самае неабходнае для ўдзелу ў выбарах: зламаны стол, некалькі партыйных сцягоў і стары гукаўзмацняльнік для шэсцяў.

“ДемАльянс” з Чарнігава збірае ахвяраванні, каб аплаціць арэнду офіса і зладзіць шэсці.

Партыя нарадзілася ва Украіне ў 2010-ым годзе, яе стварылі пераважна актывісты, якіх часткова аб’яднала мабілізацыя супраць  абразлівай палітыкі Януковіча. Афіцыйна партыя дэкларуе прынцыпы хрысціянскай дэмакратыі. Партыйцы выконваюць ролю вартавых сабак, прыцягваючы ўвагу да выпадкаў карупцыі, уключна з незаконнымі мытамі на атрыманне міжнародных пашпартоў. Як і ў “Сили людей”, большасць іх выбарнікаў – гэта маладыя прафесіяналы, карыстальнікі “Фэйсбука” і актывісты.  

“ДемАльянс” ды іншыя дэмакратычныя сілы, такія як “Самопоміч” (якія атрымалі 17 % галасоў у Чарнігаве), здзейснілі прарыў у замкнёную перад гэтым палітычную прастору. Аднак, у Чарнігаве, як і ў некаторых іншых гарадах Украіны, другі тур выбараў мэра ў лістападзе сутыкнуў двух кандыдатаў “старой гвардыі”. Былы мэр прадказальна перамог. Ён балатаваўся ад “Нашага краю”, партыі-клона, створанай адміністрацыяй Парашэнкі паводле звычайных метадаў “палітычнай тэхналогіі” постсавецкай прасторы – кааптаваць людзей былой “Партыі рэгіёнаў”, каб не дапусціць перамогі апазіцыйнага блоку. “Старая гвардыя” паспяхова звяртаецца да пенсіянераў, прарасійскай аўдыторыі і людзей з пасіўным стаўленнем да палітыкі.  

Украіна: два гады пасля Майдана

Праз два гады пасля пачатку Майдана ўсё выпадае супраць новых палітычных сілаў. Старая сістэма выглядае ўстойлівай. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што ўрадавыя інстытуты як мінімум сталі больш адчувальныя да крытыкі, чымся раней, і зазнаюць больш пільную ўвагу. Вярхоўная Рада прыняла заканадаўства, якое адпавядае еўрапейскім стандартам, уключна з законамі, скіраванымі супраць дыскрымінацыі і карупцыі, часта з ініцыятывы новых галасоў, некаторыя з якіх цяпер у парламенце. Аднак рэформа заканадаўства часам праводзіцца легкадумна, у манеры, якая нагадвае старыя часы.

Шмат увагі з боку Еўропы і міжнароднай супольнасці сфакусавана на Кіеве, некаторых “гарачых” абласцях і непрадуктыўнай дыпламатыі Мінскіх пагадненняў.

Аднак поспех альбо няўдача амбіцыйных планаў па пераўтварэнні, якія цяпер мае Украіна, наўпрост залежаць ад развіцця (ці яго адсутнасці) у такіх месцах, як Чарнігаў, Ірпінь, Адэса і ў самых малавядомых абласцях.

Улада ва Украіне застаецца фрагментарнай і няроўна падзеленай паміж трыма ці чатырма асяродкамі ды іх сеткамі, з пераменнай лаяльнасцю. У такіх умовах існуе меркаванне, што сучасныя прапановы па дэцэнтралізацыі, нягледзячы на іх адпаведнасць еўрапейскім стандартам, могуць прывесці да ўзмацнення тых самых мясцовых правадыроў і кумоў, якія тармозяць змены ва Украіне. Звычайны падыход да зменаў праз канстытуцыйныя рэформы, будаўніцтва інстытутаў і салідную заканадаўчую базу – асабліва ў такіх сферах, як выбарчае заканадаўства і стварэнне партыяў, юрыдычны сектар і сектар бяспекі – неабходны, але гэтага недастаткова.

Краіна патрабуе дзяржаўнага будаўніцтва, але ёй таксама неабходная сіла, якая дамаглася перамогі “знізу даверху” на мясцовым узроўні з дапамогай добрага кіравання і дэмакратычнай справаздачнасці.

Актывісцкая палітыка добра развіваецца ва Украіне, але гэтага можа быць недастаткова, калі новыя галасы не атрымаюць сапраўднай улады. Адсюль вынікае неабходнасць абапірацца на рэалізаваныя дасягненні і пашыраць кола падтрымкі, таксама за кошт выбарнікаў “старой гвардыі” – пенсіянераў і апатычных людзей – да наступных парламенцкіх выбараў.  

Украіна мае патрэбу ў фундаментальнай трансфармацыі, але Еўропа таксама патрабуе глыбокіх рэформаў і абноўленай, натхняльнай гісторыі. Збольшага ананімныя асобы, як Іна, Кацярына і шмат якія іншыя, хто складае аснову Новай Украіны, маюць што прапанаваць на шляху да абедзвюх мэтаў.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Зміцер Лысюк· 20 Лютага
Асаблівасці беларускіх выбараў, якія навяваюць сум
Асаблівасці беларускіх выбараў, якія навяваюць сум
Галоўныя вынікі выбараў у мясцовыя Саветы ў Беларусі.
Интервью с белорусским политтехнологом Ксении Собчак и Берни Сандерса
Интервью с белорусским политтехнологом Ксении Собчак и Берни Сандерса
Разговариваем с Виталием Шкляровым про выборы в России, США и Беларуси.
Вадзім Мажэйка· 10 Студзеня
Чатыры ідэі, як выціснуць нудоту са школьных падручнікаў
Чатыры ідэі, як выціснуць нудоту са школьных падручнікаў
Замест састарэлай інфармацыі і прапаганды патрэбныя сучасныя тэхналогіі і глыбейшы гуманітарны ўхіл. Аднак ёсць чыннік, які ўсё псуе.