Гульня ў тытулы. Што не так з эканамічнай адукацыяй у Беларусі

Універсітэцкія праграмы па эканоміцы ў Беларусі зацвярджаюцца фальшывымі акадэмікамі?
Арцём Каратчэня · 22 Лютага
Гульня ў тытулы. Што не так з эканамічнай адукацыяй у Беларусі

Беларуская эканамічная мадэль у крызісе, але гэтага, здаецца, не разумее большасць  беларускіх навукоўцаў-эканамістаў, якія да сённяшняга дня працягваюць абараняць неэфектыўную мадэль гаспадаркі.

Пра аднаго з іх, доктара эканамічных навук, акадэміка псеўдаакадэміі ды загадчыка кафедры БНТУ Сяргея Саладоўнікава пісала нядаўна “Наша Ніва”. (Ён раптоўна стаў вядомы дзякуючы таму, што бараніў беларускую мадэль эканомікі на “Вялікай размове”). Дык што ўяўляе сабою беларуская адукацыя, дзе праграмы пішуць прафесары, якія вераць у беларускі сацыялізм?

Навукаметрычныя паказнікі – ніжэй за Зімбабвэ

Фармальная адукацыя і навуковыя дасягненні дазваляюць беларускім “адмыслоўцам” як Сяргей Саладоўнікаў ці Валеры Байнёў гуляцца ў тытулы. Дзякуючы ім яны могуць весці нібыта навуковую дыскусію з больш высокіх пазіцый, спасылацца на даследаванні і мадэлі, а не на аўтарытэтаў. Але насамрэч у Беларусі дрэнна і з першым, і з другім.

Паводле шанаванай адмыслоўцамі базы навукаметрыі Web Of Science, у Беларусі няма ніводнага навукоўца-эканаміста, які б цягам пяці мінулых гадоў меў публікацыю ў часопісах з топ-150 эканамічных выданняў. Гэта значыць, што ў Беларусі не вядуцца даследаванні па сучасных эканамічных дысцыплінах.

Тыя, што ёсць, – імітацыя навукі.

Для параўнання, балгарскія вучоныя маюць за пяцігодку 21 публікацыю ў топ-50 эканамічных часопісаў, эканамісты з Зімбабвэ маюць два артыкулы ў часопісах з рэйтынгамі 115 і 161 з 345 выданняў, якія індэксуюцца базай Web of Science®.

Універсітэцкія курсы: старыя, непраўдзівыя, неадпаведныя альбо злачынныя

Наколькі беларускія ўніверсітэты далёкія ад эканамічнай навукі бачна з курсаў, якія, напрыклад, праходзяць на эканамічным факультэце БДУ.

Курс вышэйшай матэматыкі паводле зместу нагадвае амерыканскія курсы Calculus, але ў ЗША моцныя студэнты часцей выбіраюць тэарэтычныя курсы: аналіз, лінейная алгебра ды тэорыя меры. Акцэнт там робіцца не на набіванне рукі на тыповых практыкаваннях, а на разуменне тэарэтычнага апарату і на навык доказу тэарэм.

У прадмеце “Матэматычная эканоміка”, які вывучаюць на чацвёртым курсе і з якога здаюць іспыт, траціна ўсяго часу, напрыклад, адводзіцца на вывучэнне мадэлі Лявонцьева.

Яна мела вялікае значэнне для савецкіх планавікоў народнай гаспадаркі.

Але ў сучасных падручніках яна пакінута альбо як практыкаванне, альбо як прыклад. Мікраэканамічныя мадэлі вывучаюцца мала і часткова скапіяваны з падручнікаў для 1-2 курса бакалаўрыята. У цэлым, паводле некаторых выкладчыкаў, тэматычны змест курса мала змяніўся з пачатку 1980-х гадоў.

Выклікае жах прадмет “Глабальная палітычная эканомія”, з якога здаюць іспыт студэнты спецыялізацыі “Эканамічная тэорыя”. Варта падаць цытату з анатацыі навучальнай праграмы: “После захвата человечества наследниками Чёрных Магов Атлантиды ими было установлено несправедливое, толпо-«элитарное» жизнеустройство человечества…”. Спіс літаратуры – гэта ідэалагічныя публікацыі лектара ў медыях, псеўданавуковыя публікацыі блізкіх яму паводле духу людзей,  а таксама савецкія падручнікі палітычнай эканоміі і сачыненні Леніна.

Дзеля кантрасту, курсы Мадрыдскага ўніверсітэта Карласа III (Іспанія) даволі сучасныя, матэматызаваныя ды інтэнсіўныя ў плане самастойнай працы студэнтаў над дамашнімі заданнямі. Макраэканоміка, напрыклад,  выкладаецца два семестры – базавы і больш прасунуты ўзровень. Магчыма таксама ўзяць дадатковы (трэці) семестр эканаметрыкі і другі мікраэканомікі. Гнуткая пабудова праграмы дазваляе студэнтам арыентавацца на практыку альбо на працяг адукацыі ды навуковую кар’еру.

Madrid-header_0

Факультэт бізнес-адміністравання Мадрыдскага ўніверсітэта Карласа III

Дзякуючы інтэнсіўнай і сучаснай праграме выпускнікі Універсітэта Карласа III маюць магчымасць працягваюць адукацыю ў найлепшых універсітэтах ЗША. Беларусы пазбаўленыя такой магчымасці – яны могуць прэтэндаваць толькі на аспірантуру ў вучэльнях узроўню Універсітэта Карласа III, бакалаўры якога становяцца аспірантамі ў Гарвардзе.

Варта пры тым адзначыць, што на тым жа эканамічным факультэце БДУ ёсць усё ж людзі (на пасадах старэйшых выкладчыкаў), якія ведаюць пра існаванне сучаснай літаратуры, прысвечанай іх прадмету, і уключаюць яе ў свае лекцыйныя матэрыялы. Гэтак робяць, да прыкладу, выкладчыкі такіх дысцыплінаў, як макраэканоміка ды эканаметрыка. Але тут усё залежыць ад асобы, якая чытае курс. Для навучэнцаў адзіным выйсцем застаецца самаадукацыя, якая амаль заўсёды саступае па якасці досведу вучобы ў аспірантуры з інтэнсіўнай і якаснай падрыхтоўкай.

Вырашэнне ў капіяванні досведу Расіі

Рэфармаванне сістэмы падрыхтоўкі эканамістаў можна ажыццявіць шляхам, якім пайшлі Расійская эканамічная школа і Вышэйшая школа эканомікі на пачатку 1990-ых гадоў. Гэтыя вучэльні бралі на працу выкладчыкаў з доктарскай ступенню выключна са 100 найлепшых універсітэтаў свету, адмовіліся ад сваіх выпускнікоў у якасці выкладчыкаў ды запрашалі на кароткі час лектараў з самых прэстыжных універсітэтаў. Гэтым шляхам таксама ідуць бразільскія ды кітайскія ўніверсітэты..

Мясцовыя выкладчыкі былі асістэнтамі запрошаных замежных лектараў, а потым самі маглі чытаць курсы.  

Ажыццяўленне рэформ звязанае з павелічэннем фінансавых выдаткаў, аднак сучасныя праграмы падрыхтоўкі і павелічэнне прэстыжу беларускіх ВНУ былі б выгадныя ледзь не ўсім. Больш вядомых людзей і актуальныя праграмы – больш замежных студэнтаў, а значыць – больш валютных паступленняў у бюджэт. Адукацыя пры правільным падыходзе ды вольным рынку магла б стаць крыніцай прыбыткаў людзей і ўрэшце эканамічнага росту, бо навука ад псеўдаакадэмікаў пакуль прывяла толькі да рэцэсіі.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Рэдакцыя Ідэі · 22 Чэрвеня
Пасля бязвіза: як прыцягнуць турыстаў у Беларусь?
Пасля бязвіза: як прыцягнуць турыстаў у Беларусь?
Абмяркоўваем турыстычныя перспектывы. 
Зміцер Лысюк· 9 Чэрвеня
Беларуская сістэма падтрымкі спорту зламаная: вось як яе направіць
Беларуская сістэма падтрымкі спорту зламаная: вось як яе направіць
Неэфектыўныя дзяржаўныя выдаткі, слабыя спартыўныя вынікі і што з гэтым трэба рабіць.
Арцём Каратчэня · 6 Чэрвеня
Як вольны рынак можа справіцца з карупцыяй
Як вольны рынак можа справіцца з карупцыяй
Кіраўнік краіны дзесяцігоддзямі афіцыйна вядзе “джыхад” супраць карупцыі, цягам гэтага ж часу за хабары затрымліваюць чыноўнікаў. Ці няма тут супярэчнасці?