Галоўная
Пра “Ідэю”

Як рэфармаваць беларускую адукацыю

Беларускія ўніверсітэты могуць і мусяць быць лепшымі. Вось што трэба выпраўляць і як.
Вадзім Мажэйка
ВЫКЛІК

Патэнцыял беларускіх універсітэтаў не задзейнічаны напоўніцу, пануюць неэфектыўныя практыкі і кансерватызм

РАШЭННЕ

Балонскія рэформы мусяць спалучацца са зменамі ў наборы абітурыентаў, арыентацыяй на сусветныя рэйтынгі і прыярытэтам на развіццё рэгіянальных універсітэтаў

У беларускай вышэйшай адукацыі ёсць моцныя бакі, аднак працаваць трэба над выпраўленнем заганаў адукацыі – своеасаблівых “смяротных грахоў”. Пра іх гавораць так даўно, што гэта ўжо нават надакучыла, аднак праблемы застаюцца на сваім месцы.

Інстытут размеркавання маральна састарэў

Размеркаванне штогод ломіць лёсы тысячам маладзёнаў і насамрэч не вырашае эфектыўна ніводнай дзяржаўнай задачы.

Бракуе акадэмічнай свабоды і культуры

Выкладчыкі не вольныя ў сваіх выказваннях і грамадскай дзейнасці, як і студэнты. Досыць кейсаў, калі за звальненнямі і адлічэннямі тырчаць вушы палітычнай матывацыі.

Існуюць і праблемы з кіраваннем ВНУ

Замест універсітэцкай аўтаноміі, якая існуе ў Заходняй Еўропе, у Беларусі ўніверсітэтамі кіруе дзяржаўная ўлада, Мінадукацыі і Адміністрацыя прэзідэнта, прызначаючы туды рэктараў. У выніку рэктар залежыць не ад акадэмічнай супольнасці, а ад яго лаяльнасці кіраўніцтву краіны. З-за гэтай лішняй палітызацыі кіраўніцтва беларускіх універсітэтаў часам не прыдатнае для выканання сваіх непасрэдных менеджарскіх функцый. Рынкавых падыходаў у сферы адукацыі вобмаль, маркетынг працуе як за дзедам шведам. Сістэмная праца з выпускнікамі амаль не вядзецца, моцных alumni няма.

Акадэмічнай мабільнасці вобмаль

Дыверсіфікацыя рэкрутынгу іншаземцаў слабая, 71,69 % замежных студэнтаў у Беларусі – грамадзяне трох краін (Туркменістан, Расія, Кітай). Агулам сярод крыніц замежных студэнтаў дамінуюць краіны Азіі, крыху Афрыкі ды Блізкага Усходу. Прычым гэта не самыя паспяховыя краіны, а ў кітайскім выпадку – не самы паспяховы рэгіён (Унутраная Манголія). Дадзеныя па выязной мабільнасці застаюцца terra incognita для беларускай сістэмы адукацыі, а ідэі ўнутранай мабільнасці за асобным выключэннем застаюцца на паперы.


Прага валюты ад замежных студэнтаў стала празмернай

Гэта прывяла да таго, што ім фактычна прадаюць дыпломы за грошы, толькі з адтэрміноўкай на некалькі год. Адлічыць замежніка амаль немагчыма, нават калі ён не ведае ні прадмета, ні мовы навучання.

Плагіят у студэнцкіх і акадэмічных тэкстах стаў нормай

74 % студэнтаў не хаваюць, што спампоўвалі пісьмовыя працы. Сярод прычын такой сітуацыі – фактычная адсутнасць як адказнасці студэнта за плагіят, гэтак і навыкаў напісання тэксту ў акадэмічным стылі.


Нарэшце, ва ўніверсітэтах пануе кансерватызм

Вучэльні адарваныя ад рэчаіснасці рынку працы. Гэта самым негатыўным чынам адбіваецца на чалавечым капітале, робіць інвестыцыі ў яго неэфектыўнымі без рэформы адукацыйнай сістэмы.

Вектар развіцця

У 2015 годзе Беларусь уступіла ў Балонскі працэс, стаўшы сябрам Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. На сённяшні дзень значных альтэрнатыў гэтаму шляху няма (калі не ўлічваць прапановы фрыкаў ствараць свой “Слонімскі працэс”).

Самыя моцныя ўніверсітэты існуюць у ЗША.

Аднак аналіз амерыканскай адукацыйнай мадэлі дэманструе, што яна магчымая менавіта ва ўмовах амерыканскага грамадства: моцная рынкавая эканоміка і безумоўная арыентацыя на капіталізм, традыцыі грамадска-палітычнай свабоды. Каб рэфармаваць беларускія ўніверсітэты на ўзор Гарварда альбо Еля, патрэбная адпаведная перабудова палітычнай і эканамічнай мадэлі – накшталт той, якую перажыў Кітай з 1978 года. І кітайцы, дарэчы, у рэформах вышэйшай адукацыі цяпер арыентуюцца менавіта на мадэль ЗША.

Каледжы вольных мастацтваў, Liberal Arts – іншы цікавы шлях развіцця адукацыі.

Дзякуючы праекту ECLAB, нефармальную адукацыю па гэтай мадэлі можна паспрабаваць атрымаць не толькі ў знакамітых Амхёрсце ці Уэслі, але і ў Мінску. Сутнасць мадэлі ў міждысцыплінарным падыходзе ды развіцці крытычнага мыслення, вольным выбары гуманітарных прадметаў для навучання: фактычна кожны студэнт складае сабе асабістую адукацыйную праграму. Гэта годная альтэрнатыва, аднак не арыенцір для адукацыйнай рэформы. Дух вольнасці каледжаў Liberal Arts не дазваляе навязваць такую мадэль усім, у тым ліку і тэхнічным спецыяльнасцям. Зрэшты, нідзе ў свеце гуманітарныя каледжы не сталі безальтэрнатыўным шляхам атрымання адукацыі.

Асабняком стаіць праект Нацыянальнага ўніверсітэта.

Аднак нягледзячы на пэўную працу па ўвасабленні гэтай мары, дагэтуль не вырашаныя прынцыповыя пытанні: хто будзе яго фінансаваць і на якіх умовах; як установа захавае незалежнасць і запланаваны вектар развіцця ў строгай беларускай рэчаіснасці, дзе рэктараў прызначае дзяржава; як не паўтарыць гаротны лёс ЕГУ пры вельмі падобным старце.

Таму Балонскі працэс – адзіны на сёння рэалістычны шлях падштурхоўвання рэформаў у беларускай вышэйшай адукацыі.

Ён моцны тым, што гэта не абстрактныя мары, а структура, да якой Беларусь ужо далучылася, больш за тое, узяла на сябе абавязкі рэфармаваць вышэйшую адукацыю згодна з еўрапейскімі прынцыпамі. Гэта замацавана ў Дарожнай мапе – адмысловым плане рэформаў, які Еўрапейская прастора вышэйшай адукацыі распрацавала для Беларусі як умову далучэння. Аднак самі рэформы тыповыя для краін Балонскага працэсу і агульныя для ўсіх: трохузроўневая сістэма акадэмічных ступеняў, аўтаматычная бясплатная выдача дадатку да дыплому еўрапейскага ўзору, забеспячэнне акадэмічных свабодаў ды студэнцкага самакіравання.

Не ўсё з Дарожнай мапы прымальна для ўладаў Беларусі.

Па прынцыповых момантах найшла каса на камень: дзяржава не гатовая значна абмяжоўваць размеркаванне, а тым болей праводзіць выбары рэктараў ці дазваляць студэнтам па-сапраўднаму ўдзельнічаць у кіравання ўніверсітэтамі. Таму Ігар Карпенка едзе ў Парыж на канферэнцыю міністраў адукацыі краін Балонскага працэсу з палавінчатай справаздачай па выкананні Дарожнай мапы. Улічваючы куды больш сур’ёзныя праблемы ў іншых краінах, Венгрыі ды Турцыі, ёсць верагоднасць, што беларускае пытанне будзе не надта цікавіць еўрапейцаў. Стары свет цяпер можа скурчыцца ў межах ЕС і засяродзіцца на развіцці новай ініцыятывы, Сарбонскага працэсу. Гэта стварае рызыку, што Беларусь застанецца са сваімі праблемамі сам-насам.

Што трэба рабіць

Не выпадае чакаць, што ўлады Беларусі натхняцца ідэямі зрабіць палітычны суіцыд, напрыклад, абвесцяць універсітэты аўтаномнымі выспамі свабоды і дэмакратыі ў Беларусі, дзе студэнты і выкладчыкі разам абіраюць рэктара і ўдзельнічаюць у кіраванні, а адлічыць ці звольніць палітычна непажаданага чалавека немагчыма. Гэта ўсё добра і патрэбна ў аддаленай перспектыве, але не рэалістычна сёння.

Аднак можна прапанаваць прынамсі пяць захадаў, якія не выклічуць палітычнага супраціву. Яны не вырашаць цудадзейным чынам усіх праблемаў беларускіх універсітэтаў адразу. Аднак з дапамогай гэтых рэформаў стан беларускай адукацыі можна палепшыцца.

#1

Сістэму набору ў ВНУ трэба змяніць, але не так, як гэта робіцца цяпер.

Цэнтралізаванае тэставанне дыскрэдытавала сябе шматлікімі памылкамі, непразрыстасцю, некарэктна сфармуляванымі задачамі. Зрэшты, тэсты проста дрэнна падыходзяць да гуманітарных прадметаў як форма кантролю. Новы дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (які арганізуе ЦТ) прызнаў, што пры дзейснай сістэме нават бацькі скардзяцца: навошта прымаць маладзёна ва ўніверсітэт, калі бачна, што вучыцца ён не зможа? Выкладчыкі горача пацвердзяць гэтыя словы.

Аднак анансаваныя апошнім часам змены больш падобныя да аўральнага скрыжавання вужакі з вожыкам. Варта не згубіць антыкарупцыйнага патэнцыялу ЦТ і не пакінуць абітурыентаў без інфармацыі пра новую сістэму да апошняга моманту. Змены мусяць быць не кулуарнымі ды раптоўнымі, а з шырокім грамадскім абмеркаваннем і ў загадзя анансаваны тэрмін.

Улічваць трэба і акадэмічную вольнасць універсітэтаў, якія лепш ведаюць, па якіх крытэрах варта набіраць абітурыентаў (асабліва гэта тычыцца творчых і наогул гуманітарных спецыяльнасцяў). Эсэ, публічныя выступы з творчымі нумарамі, навуковыя эксперыменты – перад універсітэтамі цэлы абсяг варыянтаў, якія здольныя прадэманстраваць здольнасці абітурыента (у тым ліку ў дадатак да ЦТ). А барацьба з карупцыяй – справа сілавікоў, не трэба іх працу падмяняць формай кантролю ведаў.

#2

Варта змагацца з уцечкай мазгоў.

Калі краіна губляе найлепшую моладзь, то гэта негатыўным чынам адбіваецца і на якасці студэнцкай супольнасці. Падае ўзровень яе здольнасцяў і патрабаванняў – як да адукацыйнага працэсу, гэтак і да грамадзянскай актыўнасці. А ў перспектыве пакутуе рынак працы, які не атрымлівае дастаткова годных спецыялістаў. Сілавыя метады тут не дапамогуць, трэба ствараць прывабную альтэрнатыву для тых, хто цяпер з’язджае за мяжу на вучобу і застаецца там на сталае жыхарства.

Беларусі варта ствараць свае стыпендыі для замежнай адукацыі моладзі – тут можна арыентавацца на прыклад партнёра па ЕАЭС, Казахстан, дзе з 1993 года дзейнічае такая стыпендыяльная праграма “Болашақ” (“Будучыня”). А каб вярнуць на радзіму тых, хто ўжо адвучыўся на Захадзе і адбыўся як прафесіянал за мяжой, трэба не грэбаваць індывідуальнымі прапановамі працаўладкавання і для пачатку значна спрасціць працэдуру прызнання дыплома
ў у Беларусі.

#3

Супольнасці выпускнікоў могуць стаць штуршком да адраджэння беларускіх універсітэтаў.

Alumni – патэнцыйная крыніца і практычнага прафесійнага досведу (у тым ліку замежнага), і нават матэрыяльнай падтрымкі для alma mater. Няма прычынаў, якія замінаюць беларускім універсітэтам пачаць сістэмную супрацу з выпускнікамі ўжо цяпер. Так, асобныя праблемы перашкаджаюць тут найвялікшым дасягненням, аднак пачаць на гэтай ніве сістэмную працу – камень у падмурак будучых больш значных крокаў.

Пакуль можна ствараць базы выпускнікоў па тэхналогіі big data, каб яны папаўняліся і ўдакладняліся ў максімальна аўтаматычным рэжыме; запрашаць выбітных выпускнікоў з публічнымі лекцыямі ў alma mater; стварыць юрыдычную базу пад імянныя стыпендыі, якія б выпускнікі маглі прызначаць дзейсным студэнтам па цікавых ім крытэрах.

#4

Арыентацыя на месца беларускіх ВНУ ў сусветных рэйтынгах можа даць плён.

Пэўны рух у гэтым напрамку ўжо пачынаецца – адмысловы “Пералік інтэгральных індыкатараў развіцця нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі, гарманізаваных з міжнароднымі падыходамі” распрацаваны Рэспубліканскай радай рэктараў ВНУ.

Мінадукацыі варта яго зацвердзіць, памятаючы пра рызыкі: трэба не скаціцца да кампанейшчыны і маніпуляцый з паказнікамі ды метадалогіяй. Аднак агулам вонкавы кантроль і стварэнне асяродка здаровай канкурэнцыі можа падштурхнуць беларускія ўніверсітэты да лепшай працы і пэўных зменаў.

#5

Універсітэты мусяць пайсці ў рэгіёны.

Гэты не хуткі шлях, аднак на ім можна ашчадзіць грошы сістэмы адукацыі і адначасова адрадзіць рэгіёны, якія сёння ў Беларусі літаральна паміраюць. На карысць гэтага падыходу сведчыць і сусветны досвед: Гарвардскі ды Оксфардскі ўніверсітэты знаходзяцца зусім не ў сталіцах, ды і ў нашых суседзяў – ад Літвы да Украіны – хапае паспяховых рэгіянальных ВНУ. А вось патэнцыял беларускіх рэгіянальных універсітэтаў на сёння далёка не раскрыты

#+

Дадаткова рэкамендацыя – варта захоўваць перамоўную пляцоўку паміж асноўнымі гульцамі: універсітэтамі, студэнцкімі арганізацыямі, незалежнымі экспертамі з грамадзянскай супольнасці, міжнароднымі адукацыйнымі структурамі.

На сённяшні дзень адзіны такі фармат – Кансультатыўная група (Advisory Group / Bologna Follow-up Group), чый мандат у Беларусі абумоўлены Дарожнай мапай. Каб абмяркоўваць за круглым сталом гэтыя і іншыя рэформы, Дарожную мапу разам з Кансультатыўнай групай варта захаваць і пасля майскай канферэнцыі ў Парыжы.