centr_novih_idey_logo-07
Галоўная
Пра Цэнтр

Як перамагчы карупцыю

Дзяржаўная барацьба з карупцыянерамі годная сціплай пахвалы, але яна насамрэч абмінае структурныя крыніцы карупцыі.
Рыгор Астапеня
ВЫКЛІК

Беларусь застаецца досыць карумпаванай дзяржавай, нягледзячы на шматлікія арышты карупцыянераў.

РАШЭННЕ

Улады мусяць змагацца са стымуламі да карупцыі і ўмацоўваць дзяржаўныя інстытуты.

Карупцыя – адна з прычын, чаму прафесію палітыка, адну з найстарэйшых у свеце, часта параўноўваць з іншай найстарэйшай – прастытуцыяй. Але апошняя наўрад ці нясе нейкую грамадскую шкоду, у той момант як на карупцыю штогод у свеце марнуецца сума, якую нават складана ўявіць – больш за $ 2 трыльёны. Беларусь жа штогод губляе на карупцыі ў будаўніцтве столькі дзяржаўных сродкаў, колькі дастаткова для пабудовы прынамсі адной “Мінск-арэны” паводле заяваў дзяржслужбоўцаў. У сферы ж дзяржаўных закупак, паводле незалежнай ацэнкі, страты могуць складаць нават $ 1 млрд.

Дастаткова паглядзець на Расію ці Украіну, каб пабачыць, наколькі карупцыя і спадарожная ёй ментальнасць збядняе людзей. Нягледзячы на велізарныя рэсурсы ці самаахвярнасць, абедзве краіны з’яўяюцца адсталымі і ў эканоміцы, і ў палітыцы. Таму абедзве знаходзяцца ўнізе Індэкса ўспрыняцця карупцыі Transparency International. Беларусь жа, займаючы 68-ае месца, месціцца недзе пасярэдзіне між нашымі суседзямі – Расіяй і Украінай з аднаго боку ды Польшчай, Літвой і Латвіяй з другога.


 

Беларусь у Індэксе набліжаецца да 50 балаў – адзнакі, якая сведчыць, што цяжар карупцыі ў краіне не такі і вялікі.

 

У нас гучныя карупцыйныя справы не з’яўляюцца рэдкасцю, асабліва беручы пад увагу іх рост за апошнія гады. Справа чыноўнікаў з Міністэрства аховы здароўя, якая цяпер рухаецца да суда, безумоўна, – найбуйнейшая карупцыйная справа ў гісторыі Беларусі, а асуджанымі за гэты год чыноўнікамі можна ўкамплектаваць ледзь не ўсе калгасы краіны.


Натуральна, што падобныя крымінальныя справы дэматывуюць іншых чыноўнікаў “піліць” дзяржаўныя сродкі – адпаведна чыноўнікі-карупцыянеры “змяншаюць абароты”, што крыху заўважна ў апытанні беларускіх прадпрымальнікаў.

 


 

Калі паглядзець на ўзровень рэгуляцый, якія раней многія чыноўнікі выкарыстоўвалі для вымагання хабараў, то цяпер гэтыя правілы становяцца хоць крышачку менш карупцыягеннымі. Напрыклад, у мінулым годзе дзяржава адмяніла праверкі пажарнай бяспекі малога і сярэдняга бізнесу – да нядаўняга часу лічылася, што падчас іх чыноўнікі часта дапускаюць злоўжыванні і карупцыю.


Нават калі карупцыянеры маюць магчымасць выкарыстаць свае пасады для выкачвання грошай, то яны маюць замала магчымасцяў, каб распарадзіцца гэтымі грашыма (таму і прыходзіцца захоўваюць $ 1,8 млн пад ваннай).

Чаму трэба змагацца
не супраць карупцыі,
а за дзяржаўнае кіраванне

 

Канешне, барацьба з карупцыянерамі далёкая ад ідэалу – найвялікшая праблема ў тым, што яна кароткатэрміновая і накіраваная на абмежаванае кола тых, хто ўжо здзейсніў злачынства. Болей за тое, калі паглядзець, якія органы змагаюцца з карупцыяй у Беларусі, то вымалёўваецца наступная карціна: у гэтай барацьбе вядуць рэй сілавыя органы на чале з пракуратурай. Яны імкнуцца выкрываць карупцыянераў, а не знішчаць карупцыю.

Беларуская дзяржава проста ігнаруе сапраўдныя прычыны карупцыі. Калі зірнуць у Індэкс успрыняцця карупцыі, то можна пабачыць, што ўверсе яго знаходзяцца дэмакратычныя дзяржавы з якасным дзяржаўным кіраваннем.

Нашая ж сістэма дзяржаўнага кіравання – гэта “балота”, у якім квітнее шмат разнавіднасцяў зла.

Калі ж паглядзець на Сусветныя індыкатары публічнага кіравання, то відаць, што кантроль над карупцыяй – гэта яшчэ тая сфера, дзе беларуская дзяржава мае найлепшыя вынікі ў параўнанні з іншымі галінамі. Калі б гэты паказнік быў яшчэ лепш, а ўсе астатнія заставаліся б такімі ж дрэннымі, то гэта быў бы парадокс.  


Па сутнасці беларуская карупцыя – гэта даволі лагічная з’ява, якая вынікае з процьмы перадумоваў.

Беларускія чыноўнікі і кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў непадсправаздачныя

Ні працаўнікі выканкамаў і міністэрстваў, ні дырэктары дзяржпрадпрыемстваў не маюць абавязку рабіць справаздачу перад людзьмі, медыямі ці грамадзянскай супольнасцю, нават перад прадстаўнікамі заканадаўчай улады. Пры гэтым, кіраўнікі  дзяржпрадпрыемстваў не маюць асаблівай фінансавай зацікаўленасці, каб іх прадпрыемствы развіваліся – хутчэй, шмат хто з іх успрымае свае пасады як магчымасць забяспечыць сябе. Гэтая адсутнасць кантролю вядзе да таго, што толькі 10 % беларусаў лічаць, што “звычайныя людзі могуць паўплываць на ўзровень карупцыі”. Гэта найніжэйшы ўзровень у свеце.

У Беларусі дзейнічае манаполія на ўладу

Гаворка не толькі пра тое, што Аляксандр Лукашэнка прымае рашэнні за ўсю Беларусь, але аналагічная сітуацыя ёсць і ў райвыканкамах, і на дзяржаўных прадпрыемствах, дзе ўлада знаходзіцца ў адных руках і ніхто не можа кінуць гэтаму выклік: ні палітычныя канкурэнты, ні медыі, ні грамадскія арганізацыі, якія б у свабадейшых умовах маглі выкрываць карупцыю ўнутры ўладных колаў.

Дзеянні і жыцці дзяржаўных службоўцаў непразрыстыя

Просты прыклад: калі б медыі і звычайныя людзі мелі б доступ да дэкларацыі аб маёмасці былога памочніка Аляксандра Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці з процьмай аўтамабіляў і кватэраў, то факты яго карупцыі ўсплылі б куды хутчэй. Беларусь настолькі нетранспарэнтная дзяржава, што мы адзіныя, хто не публікуе ў адкрытым доступе сваіх справаздачаў аб барацьбе з карупцыяй. Гэтыя звесткі Беларусь прадстаўляе Групе дзяржаў супраць карупцыі (пагадненне Рады Еўропы).  

Асабліва непразрыстая сістэма дзяржаўных закупак: больш за палову закупак адбываецца з адной крыніцы, то бок без ніякага конкурсу. Але нават тыя тэндары, што праводзяцца адкрыта і канкурэнтна, могуць быць фіктыўнымі. Згаданыя закупкі – гэта і ёсць, бадай, найбуйнейшы рассаднік карупцыі ў Беларусі.


Сектар дзяржаўных прадпрыемстваў велізарны і малакантраляваны

Ва ўсім свеце дзяржаўныя прадпрыемствы ўразлівыя на карупцыю, бо звычайна яны маюць сціслыя сувязі з урадам, дрэнна кіруюцца, слаба кантралююцца і наагул мала дбаюць пра эканамічную эфектыўнасць. Таму ў нас могуць быць дзяржаўныя прадпрыемствы, якія ў даўгах як у шаўках, а кіраўнікі на карупцыйных схемах зарабляюць сотні тысяч еўра. Гэтыя ж кіраўнікі часта маюць даволі нізкія афіцыйныя заробкі, таму магчымасць атрымання вялікіх нелегальных прыбыткаў можа зводзіць іх з глузду.

У Беларусі не дзейнічае вяршэнства права

Таму ў людзей, якія пераследуюць карупцыянераў, няма пачуцця, што яны маюць права выкрываць усіх карупцыянераў. Бо калі, напрыклад, прыдзяржаўны бізнес займаецца карупцыйнымі схемамі, то гэта можа быць карупцыя, якую шараговы супрацоўнік пракуратары мае пераследаваць, альбо карупцыя “па даручэнні зверху”, з якой праваахоўнікам лепш не звязвацца. У сваю чаргу ў бізнесоўцаў няма пачуцця, што падпісаны кантракт будзе выконвацца без дадатковага хабару, а ў карупцыянераў ёсць пачуццё, што ў скрайнім выпадку яны “падзеляцца” і/ці паедуць у калгасы. Гэта ўсё стварае пачуццё беспакаранасці.

Сем ідэй,
каб перамагчы карупцыю

Калі прыгледзецца, то відаць, што крыніцы беларускай карупцыі маюць шмат падабенстваў са слупамі нашай палітычнай сістэмы. Таму чакаць, што беларускія ўлады пойдуць на суіцыд, разбураючы іх, даволі наіўна, але гэта не значыць, што ўлады не могуць змяняцца. Яны ўжо гэта паказваюць, напрыклад, адмяніўшы “пажарныя” праверкі ці лібералізуючы ўмовы вядзення бізнесу, – хутчэй за ўсё ўлады ў імя эканамічнага росту могуць ісці і на далейшыя крокі, якія будуць абмяжоўваць карупцыю.

Таксама не варта ўспрымаць сістэму цэласнай – некаторыя чыноўнікі не маюць магчымасці вымаць карупцыйную рэнту з эканомікі, таму даволі натуральна, што яны могуць супрацьстаяць такой магчымасці для іншых. Умоўнаму міністру замежных спраў, можа быць не даспадобы, што ўмоўны начальнік дэпартамента ва ўмоўным Міністэрстве юстыцыі зарабляе больш за яго дзякуючы карупцыйным схемам. Некаторыя ж іншыя чыноўнікі маюць заданне спрыяць эканамічнаму росту, таму могуць дзейнічаць супраць карупцыі.

Да таго ж умоўны Вакульчык не можа глядзець на карупцыйныя злачынствы скрозь пальцы, бо гэта пытанне яго прафесійнай прыдатнасці.

Але карупцыя – гэта не тая хвароба, якая лечыцца па такой інерцыі і тым больш адной пілюляй. Тыя ці іншыя ідэі па барацьбе з карупцыяй сёння палітычна непрымальныя і, магчыма, застануцца такімі ж цягам пэўнага часу нават пасля Лукашэнкі. Але ўсе яны, па сутнасці, – гэта шлях, на якім можна зрабіць прынамсі некалькі крокаў (хоць, безумоўна, любыя рэформы даюць эфект, калі яны ідуць у сукупнасці). З аднаго боку, гэтыя ідэі служаць таму, каб змагацца са стымуламі карупцыі, узмацняючы ўдзел грамадства ў функцыянаванні дзяржавы. З другога боку, узмацнення патрабуюць беларускія дзяржаўныя інстытуты.  

#1

Перадусім трэба павялічваць празрыстасць кіравання.

Чым большая колькасць дакументаў пра дзяржаўныя закупкі і тэндары, бюджэтныя выдаткі і падаткавыя выняткі, маёмасць і прыбыткі дзяржаўных службоўцаў і г.д. будзе публічна даступнай, тым большыя шанцы будуць на выкрыццё карупцыйных схемаў. Асабліва гэта датычыць дзяржаўных прадпрыемстваў як асабліва ўразлівых да карупцыі. Яны мусяць мець распрацаваныя механізмы барацьбы з карупцыяй, празрыстыя кіроўныя органы і павінны рабіць публічныя справаздачы са сваёй дзейнасці. Калі яны не ў стане гэтага зрабіць, то ім маглі б дапамагчы міжнародныя аўдытарскія арганізацыі (прынамсі ў выпадку такіх буйных прадпрыемстваў, як МАЗ).

Буйныя кантракты і праекты могуць патрабаваць падпісання асобнага Пакта аб сумленнасці – інструмента, распрацаванага Transparency International. У практыцы гэтае пагадненне не мае асаблівага юрыдычнага сэнсу, але абавязвае бакі трымацца празрыстасці пры выкананні буйных урадавых кантрактаў, што гарантуе трэці чалец дамовы – грамадская арганізацыя.

#2

Спрашчаць рэгуляцыі, якія могуць служыць вымаганню хабараў.

Часта гэта азначае адмаўленне ад ліцэнзавання асобных відаў эканамічнай дзейнасці (як рыэлтарскія, юрыдычныя ці псіхалагічныя паслугі) альбо нейкіх нормаў – урэшце ад таго, што дзякуючы сёмаму дэкрэту “Аб развіцці прадпрымальніцтва” ў Беларусі перасталі дзейнічаць тэхнічныя нормы з часоў БССР, беларусы нічога не страцілі.

#3

Раздзяляць функцыі рэгулятара і ўласніка прадпрыемстваў на рынку.

Калі казаць наўпрост: дзяржава павінна валодаць толькі стратэгічнымі прадпрыемствамі ў эканоміцы – усе астатнія павінны знаходзяцца ў руках прыватных уласнікаў, якія зацікаўленыя ў эканамічным поспеху прадпрыемства, а не атрыманні карупцыйных выгадаў. Наўрад ці існуе адзінае слушнае акрэсленне сфераў, дзе дзяржава мае мець стратэгічныя прадпрыемствы, але звычайна да такіх адносяць кіраванне інфраструктурай ці здабычу энергарэсурсаў. Аднак дакладна стратэгічнымі не з’яўляюцца фабрыкі цукерак, як лічыць Аляксандр Лукашэнка.

#4

Развіваць дэмакратычныя інстытуты.

Будаўніцтва сучаснага грамадства без карупцыі ў любым разе абапіраецца на адкрытыя і адэкватныя дзяржаўныя органы, якія наўрад ці магчымыя без дэмакратыі. Нават тыя несвабодныя краіны, якія маюць добрыя вынікі паводле Індэкса ўспрыняцця карупцыі, як Сінгапур ці Ганконг, толькі пацвярджаюць гэты тэзіс. Нягледзячы на іх няпоўную дэмакратычнасць, яны свабаднейшыя за Беларусь.


#5

Павялічваць заробкі чыноўнікаў.

Гэта можа гучаць палітычна непапулярна ці не зусім адэкватна сённяшняму дню, але, у прынцыпе, чыноўнікі павінны зарабляць адпаведна свайму ўзроўню адказнасці і кампетэнтнасці – у практыцы гаворка пра тое, каб увязваць заробкі чыноўнікаў да заробкаў у прыватным сектары. Падобныя павышэнні павінны адбывацца ва ўмовах, калі дэкларацыі аб маёмасці і прыбытках чыноўнікаў будуць публічна даступныя, а набор кадраў будзе абапірацца на кваліфікацыі кандыдатаў.

#6

Узмацняць незалежнасць дзяржаўных органаў і пры патрэбе ствараць асобны антыкарупцыйны інстытут.

Калі беларускі суд выносіць доўгатэрміновыя прысуды карупцыянерам, то кіраўнік краіны не можа мілаваць іх партыямі, фактычна змяншаючы крымінальныя тэрміны да года або двух. Усе органы, якія ўпаўнаважаныя займацца антыкарупцыйнымі справамі, павінны мець пэўнасць, што іх справу не “разваляць” па палітычных прычынах. Калі такой упэўненасці няма, то варта ствараць адмысловую службу па барацьбе з карупцыяй, якая ёсць у многіх краінах, у тым ліку ў нашых суседзяў.

#7

Дыягназаваць карупцыйныя сферы разам з грамадствам і грамадзянскай супольнасцю.

Дзяржава можа гэта рабіць праз апытанні прадпрымальнікаў і экспертаў ці праз сацыялагічныя даследаванні. Карупцыя мае ўласцівасць змяняцца, таму гэтыя рэчы павінны адбывацца на пастаяннай аснове. Нават супрацоўнікі пракуратуры ўсведамляюць, што грамадзянская супольнасць можа быць карыснай у разуменні і кантраляванні карупцыі. Наіўна чакаць, што ўлады пачнуць супрацоўнічаць у сферы кантролю карупцыі з усімі грамадскімі арганізацыямі, але можна было б пачаць з аналітычных цэнтраў і бізнес-аб’яднанняў.

Урэшце ўлады могуць быць не ў стане справіцца з карупцыяй самі – без удзелу грамадства. Бо, як сведчыць распаўсюджанасць карупцыі, дзяржаўныя органы ў Беларусі  ўсё яшчэ даволі слабыя.