Як ІТ пранікаюць у новыя індустрыі ды навошта “EPAM” вывучае геном

Дырэктар па распрацоўцы “EPAM Systems” Антон Томчанка расказаў, чаму класічны бізнес ратуецца пры дапамозе ІТ, як на гэтым зарабляе “ЕРАМ” і што яны збіраюцца рабіць з геномам чалавека.
Як ІТ пранікаюць у новыя індустрыі ды навошта “EPAM” вывучае геном

18 красавіка адбылася чарговая сустрэча ў межах праекта “Новыя ідэі для Беларусі“. Гэтым разам мы гутарылі з топ-менеджарам “EPAM Systems” пра яго бачанне сённяшняй ІТ-індустрыі ды аб прагнозах адмыслоўца ў гэтай сферы на будучыню. Антон Томчанка патлумачыў, чым “EPAM” адрозніваецца ад класічных аўтсорсінгавых кампаній, якія сэрвісы патрэбныя на ІТ-рынку і якой будзе медыцына будучыні.

Чаму сёння бізнес не можа існаваць без ІТ

За апошнія 20 год ІТ-індустрыя моцна змянілася. Калі мы пачыналі бізнес у 1994-ым годзе, тыя рэчы, якія мы робім сёння, проста не існавалі. Не было нават “Google”.

Індустрыя тады патрабавала распрацоўкі вялікіх карпаратыўных сістэм, якія дапамагаюць кампаніям вырашаць свае ўнутраныя задачы. Напрыклад, сістэма ўліку закупак ці размеркавання паставак. Такімі карпаратыўнымі сістэмамі карысталіся самі супрацоўнікі кампаній, а гэтыя праграмныя прадукты пісаліся доўга і на шмат год наперад.

Сёння кампаніі класічнага бізнесу – службы таксі, даставы ці пракату тавараў, медыцынскія і страхавыя кампаніі вымушаныя выходзіць на рынак ІТ. Інакш яны проста згубяць бізнес.

Ёсць добры прыклад – кампанія “Blockbuster”, якая займалася пракатам фільмаў і відэагульняў. У ЗША гэта быў як “Макдональдс”, кропкі продажу былі на кожным вугле. Са з’яўленнем такіх анлайн-сэрвісаў па прагляду відэа як “Netflix” і “Amazon video” кампанія разарылася цалкам усяго за пару год. Тое ж самае адбываецца з рытэйлерамі. З трох буйных кампаній па продажы электронікі ў ЗША засталася толькі адна. Бо ёсць той жа “Amazon”. З гэтай жа прычыны ўлады і стары бізнес гэтак не любяць “Uber”. Ён прыходзіць з новай мадэллю, якая базуецца на ІТ і выціскае ўсіх канкурэнтаў.

Пры гэтым цяпер ідзе другая хваля экспансіі ІТ. Пры першай хвалі ўзнікалі невялікія інавацыйныя кампаніі, якія, дзякуючы ІТ, забіралі стары бізнес пад сябе, як, напрыклад, “Expedia” перафарматавала рынак вандровак, а “Amazon” – рынак продажу тавараў. У другой хвалі такія гіганты як “Google”, “Facebook” ці той жа “Amazon” пачынаюць забіраць бізнес ужо ў невялікіх ІТ-кампаній ці проста скупаюць іх.

Такія працэсы цалкам змяняюць і патрабаванні да паслуг па распрацоўцы прадуктаў (PDS — Product development services). Калі раней вялікую карпарацыю ніяк не цікавіла, наколькі распрацаваная сістэма з’яўляецца прывабнай, зручнай і мабільнай – бо карысталіся ёй супрацоўнікі, якія не малі выбару, – то цяпер усё змянілася.

Цяпер карыстальнікамі ІТ-прадуктаў робяцца звычайныя спажыўцы. А іх не падманеш: калі зробіш кепскі прадукт, то ім проста ніхто не будзе карыстацца, бо ёсць прадукт больш просты і прыгожы. І калі вы хочаце трансфармаваць свой бізнес, а зробіце гэта дрэнна пры дапамозе сваіх не вельмі кваліфікаваных кадраў, то эфекту не будзе. На рынку вялікая канкурэнцыя, таму рабіць такія прадукты мусяць прафесіяналы.

Першапачаткова мы былі распрацоўнікамі для распрацоўнікаў і працавалі з такімі вялікімі кампаніямі, якія самі робяць праграмнае забеспячэнне (“Oracle”, “SAP”). Мы ў іх вучыліся і глядзелі, як працуюць яны, таму цяпер самі робім прадукты для такіх кампаній як “Coca-Cola”, “UBS”, “Expedia”.

Нас памылкова лічаць аўтсорсінгавай кампаніяй. Класічныя аўтсорсеры (як, напрыклад, буйныя індыйскія кампаніі) займаюцца падтрымкай і кіраваннем старых вялізных сістэм. У нас жа гэта займае 10 %, яшчэ 80 % – распрацоўка з нуля. І гэта куды больш прыбыткова. Калі класічны аўтсорсінг расце на 1% у год, бо такія вялізныя сістэмы не так часта нараджаюцца, то распрацоўка новых прадуктаў для бізнесу (PDS 2.0) расце па 30 % у год.

Як ІТ пранікае ў медыцыну і навуку

Прычым сюды далучаюцца ўсё новыя індустрыі. Як прыклад – медыцына. Так, у ЗША прынялі новы закон, які абавязвае медыцынскія ўстановы прадстаўляць усе свае справаздачы праз інтэрнэт. Праз адмысловы партал можна праверыць вынікі візіту да доктара ці рэзультаты аналізаў. Гэта новыя прылады і новыя сэрвісы, якія трэба распрацоўваць з нуля. Калі ў медыцынскай установы іх не будзе, кліенты сыдуць да канкурэнта, у якога ёсць дастасаванне для “iPhone”.

DSC_0292

Мы таксама ўвайшлі ў гэты бізнес і працуем з шасцю самымі буйнымі фармацэўтычнымі кампаніямі свету. Адно з нашых падраздзяленняў займаецца распрацоўкай алгарытмаў дзеля прадказання ўплыву лекаў на арганізм і працуе з геномам чалавека. Гэтыя алгарытмы скарачаюць час выхаду лекаў на рынак, а процьма тэстаў замяняецца мадэллю, якая пралічвае з самага пачатку, якія лекі і якім чынам будуць працаваць.

Гэта будучыня – вы прыходзіце да доктара і вам робяць тэст на геном і ДНК, а потым кажуць, якія лекі вам дапамогуць, а якія – не вельмі. Мы ўжо гэтым займаемся.

Падобныя тэмы
EPAMмерапрыемствы
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Падкаст злева: уся справа “Белсата” за 40 хвілінаў
Падкаст злева: уся справа “Белсата” за 40 хвілінаў
Незапланаваны выпуск ідэйнага і самага нецэнзураванага падкаста Беларусі. 
Рэдакцыя Ідэі · 14 Верасня
Інстаграм ці Вконтакте? Як раскруціць свае праекты ў сацыяльных сетках
Інстаграм ці Вконтакте? Як раскруціць свае праекты ў сацыяльных сетках
Дыскусія і лекцыя з лайфхакамі ў Гомелі.
Каманда Ідэі · 28 Жніўня
Серыя лекцый “Крэш-курс рэфарматара: як пабудаваць новую Беларусь”
Серыя лекцый “Крэш-курс рэфарматара: як пабудаваць новую Беларусь”
Мы едзем у турнэ на ўсход і чакаем сустрэчы з вамі.