Эканоміка Беларусі падае? не ўся

Тэндэнцыі сферы гандлю, якія не варта прапускаць.
Эканоміка Беларусі падае? не ўся

Аналітык фірмы Euromonitor Вольга Мурогава прыехала адмыслова з Вільні, каб распавесці пра апошнія трэнды рытэйлу і змены, якія чакаюць беларускі рынак. Паслухаць лекцыю сабралася багата бізнесоўцаў і маладых інтэлектуалаў, а аптымізм Вольгі не заўсёды супадаў з больш стрыманымі чаканнямі ад будучыні слухачоў. Прапаноўваем вам канспект выступу Вольгі Мурогавай.

Сфера гандлю працягне расці

Нягледзячы на спад у эканоміцы, рознічны гандаль працягне расці. Хоць дынаміка запаволіцца амаль у два разы – да 7 % , гэта ўсё роўна значна вышэй за паказальнікі ў суседніх Расеі ды Украіне. У выніку цягам найбліжэйшых 5 гадоў зварот рознічнага гандлю павялічыцца амаль на $ 10 млрд – да $ 35 млрд. Не дзіўна, што разам з гэтым Euromonitor International прагназуе таксама павелічэнне прыбыткаў насельніцтва да 2019 амаль на 10 %.

Структура выдаткаў беларусаў асабліва не зменіцца, але сярод катэгорыяў, якія стануць надзвычай хутка развівацца, будзе абутак (рост на 26 %), страхаванне і фінансавыя паслугі (+21 %), гатэлі і грамадскае харчаванне (+20 %), хатнія тавары (+18 %) і прадукты харчавання (+5 %). Хочаце адчыніць цікавую кавярню, хостэл ці арганізаваць продаж брытанскага абутку – самы час. Адзіная катэгорыя, якая скароціцца, – безалкагольныя напоі (-2 %). Піць беларусы пачнуць менш (свае думкі, чаму гэтак будзе, пішыце ў каментарах).

Якія тэндэнцыі будуць кіраваць рынкам

За перыяд з 2009-га па 2014-ты інтэрнэт стаў самым дынамічным каналам продажаў у Беларусі і вырас на 63 %. Гэтая тэндэнцыя захаваецца і на бліжэйшыя 5 гадоў – тэмп росту інтэрнэт-гандлю будзе амаль у два разы вышэйшы за сярэдні па рынку, які складае 15%. Тым не менш, бачна, што сфера будзе расці яшчэ доўга: калі ў свеце інтэрнэт гандаль да 2019-га будзе складаць 9 %, у нас будзе толькі 3%.

Другім істотным трэндам сферы гандлю стане кансалідацыя буйных гульцоў. За апошнія 5 гадоў доля топ-20 гульцоў у аб’ёме продажаў істотна павялічылася, і сёння яны займаюць ужо 44 % ад усіх продажаў. Такія сеткі таксама працягнуць сваё развіццё ў тым ліку і праз экспансію ў дробныя гарады.

Галоўным жа спажывецкім трэндам зробіцца прыход пакалення Millennials – Пакалення Y, прадстаўнікам якога цяпер 18–32 гады. Яны раслі адначасова з інтэрнэтам, таму хочуць усё набываць у смартфонах, хвалююцца пра здаровы лад жыцця і спрабуюць харчавацца экалагічна.

Што цікавага зрабіць?

1. Адкрыйце сваю веганскую краму. Гэта можа быць як крама з адпаведнымі прадуктамі, так і цэлы рэстаран. У Мінску ўжо саспела патрэбная аўдыторыя і цяпер яны пакутуюць ад наведвання “Еўраоптаў”.

2. Стварыце кулінарны сайт, дзе чалавек зможа не толькі прачытаць рэцэпты, але і адначасова набыць усе патрэбныя інгрэдыенты. Наведнік абірае стравы на тыдзень, а вы прывозіце яму ўсё, што патрэбна для гатавання.

3. Прыдумайце канцэпцыю цікавага аўтамата. Машынамі з “Кока-колай” ды “Снікерсамі” нікога не здзівіш. Паспрабуйце малако са снэкамі. Памятайце, сёння спажыўцоў цікавяць здаровыя прадукты ў арыгінальнай упакоўцы!

Гэта была ўжо шостая сустрэча нашага праекта “Новыя ідэі для Беларусі” і анлайн-часопіс “Ідэя” не збіраецца спыняцца. На лекцыю ў бізнес-клуб Imaguru прыйшло каля 70 чалавек, а наперадзе нас чакаюць спатканні не толькі з бізнесоўцамі, але і ІТ-інаватарамі, экспертамі гарадскога развіцця, эканамічнымі аналітыкамі.    

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Падкаст злева: уся справа “Белсата” за 40 хвілінаў
Падкаст злева: уся справа “Белсата” за 40 хвілінаў
Незапланаваны выпуск ідэйнага і самага нецэнзураванага падкаста Беларусі. 
Зміцер Лысюк· 20 Верасня
Электронны ўрад у Беларусі як неад’емная частка будучыні
Электронны ўрад у Беларусі як неад’емная частка будучыні
Як дзяржаўныя паслугі ў анлайне спросцяць жыццё беларусам у афлайне.
Рэдакцыя Ідэі · 14 Верасня
Інстаграм ці Вконтакте? Як раскруціць свае праекты ў сацыяльных сетках
Інстаграм ці Вконтакте? Як раскруціць свае праекты ў сацыяльных сетках
Дыскусія і лекцыя з лайфхакамі ў Гомелі.