Пяць аргументаў на карысць Еўрапейскіх гульняў у Беларусі

Спартовая падзея з сумнеўным досведам тым не менш можа дапамагчы адкрыць Беларусь для Еўропы і садзейнічаць развіццю гарадской прасторы.
Вадзім Мажэйка· 9 Лістапада 2016
Пяць аргументаў на карысць Еўрапейскіх гульняў у Беларусі

Будучае правядзенне ў Беларусі Еўрапейскіх гульняў адразу жорстка раскрытыкавалі – і небеспадстаўна. Гэта маладая і малапатрэбная спартовая падзея, якую дагэтуль праводзіў толькі зусім нееўрапейскі Азербайджан і рабіў гэта за велічэзныя грошы. Уся гэтая крытыка мае сэнс, але рашэнне ўжо прынятае і пытанне толькі ў тым, якую карысць можна з гэтага атрымаць.

Аргумент №1. Адкрытасць Еўропе і свету

Пераважная большасць еўрапейцаў, як і іншых замежнікаў не з постсавецкіх краінаў, у Беларусі не былі, амаль нічога пра яе не ведаюць і не цікавяцца беларускімі справамі, падзеямі ды праблемамі. Зрэшты, таму, што ніякай асаблівай нагоды бываць, ведаць і цікавіцца ў іх няма.

На тое існуе шмат лагічных прычынаў, аднак яны не значаць, што з гэткім становішчам нельга змагацца. Адзін з карысных інструментаў – культурныя ды спартовыя падзеі.

Еўрапейская моладзь наўрад ці шмат цікавіцца Венгрыяй самой па сабе – аднак штогод сотні тысяч еўрапейцаў прыязджаюць на Sziget. Каго ў свеце хвалюе польскі гарадок Костшын-над-Одрай? Каля 700 тыс. меламанаў штогод наведваюць там “Польскі Вудстак”. А колькі народу зацікавілася Ісландыяй дзякуючы выключна перамогам футбалістаў з гэтай краіны на Еўра-2016?

Безумоўна, Еўрапейскія гульні – не Sziget і не футбольнае Еўра. Зрэшты, наіўна чакаць, што не самай вялікай і заможнай краіне паднясуць падзею з раскручаным брэндам на сподачку з блакітнай аблямоўкай. Наколькі вядомым ды крутым быў той жа Sziget у 1993-ым, калі там выступалі толькі мясцовыя венгерскія музыкі? А колькі падобных ініцыятыў захлынулася ды знікла ў гісторыі?

Над міфалогіяй сваіх падзей, якія будуць прывабліваць еўрапейцаў, трэба працаваць.

Аргумент №2. Досвед візавай лібералізацыі

Для амаль любой не вельмі дэмакратычнай дзяржавы характэрны экзістэнцыйны жах перад некантралюемымі візітамі замежнікаў. Ён можа вар’іравацца ад паўночнакарэйскіх паранаідальных абмежаванняў да беларускай пільнасці. Аднак для развіцця турызму патрэбныя адкрытасць і ліберальны візавы рэжым. Пажаданая нават максімальная адмена візаў.

Чэмпіянат свету па хакеі даў Беларусі такі досвед, калі па спартовых квітках магчыма было наведаць нашую краіну без візы. Улады мелі магчымасць пераканацца, што ад масавага прыезду ў Беларусь еўрапейцаў неба не ляснулася на зямлю.

Пэўна і на гэтым досведзе будавалася магчымасць далейшай візавай лібералізацыі, якая ўжо адбылася.

Так, сёлета для кароткатэрміновых бязвізавых візітаў сталі даступныя Аўгустоўскі канал, Гродна, Белавежская пушча. Зроблена пакуль не шмат і не ідэальна, але гэта крокі ў правільным накірунку.

Еўрапейскія гульні могуць стаць яшчэ адным штуршком у гэты бок, калі і на іх увесці бязвізавы ўезд па квітках.

Аргумент №3. Турызм і інвестыцыі

Шмат згадваецца не надта дарэчны для Беларусі досвед Азербайджана, які год таму ўклаў у Еўрапейскія гульні $ 5 млрд. Для параўнання: выдаткі рэспубліканскага бюджэту Беларусі ў 2016 годзе на фізкультуру і спорт у 60 (!) разоў меней, крыху больш за $ 85 млн.

Беларусь пакуль спадзяецца ўкласціся пры падрыхтоўцы Еўрапейскіх гульняў у $ 30-40 млн. Праўда, міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко называў гэтыя лічбы са спасылкай на меркаванне ананімных “міжнародных экспертаў”, што выклікае сумневы.

Аднак такі парадак лічбаў можа быць станоўчым, калі пад гэтыя гульні прыцягваць інвестыцыі.

Да фінансавага складніка падзеі трэба падыходзіць перш за ўсё рупліва ды разумна. Дзяржаўным унёскам мусіць быць інфраструктура, створаная яшчэ ў сытыя часы ды пад той жа хакейны чэмпіянат. На ўсё астатняе трэба актыўна прыцягваць прыватныя інвестыцыі, якія не будуць абцяжарваць бюджэт.

Еўрапейскія гульні – гэта выклік, і калі ўжо ўлады Беларусі прынялі яго, то трэба адказваць годна. І Беларусі тут патрэбныя поспехі не толькі ў спорце, але і ў бізнесе. Нават для ўласнага гонару ўладам варта стварыць неабходныя ўмовы інвестарам. Карыснымі будуць не толькі іх грошы, але і досвед сумеснай працы.

Грошы прывязуць і турысты. Спачатку – турысты спартовыя, але калі з імі крэатыўна працаваць ды прывабіць іх іншымі магчымасцямі Беларусі, то яны могуць вярнуцца ды прывезці сяброў.

Аргумент №4. Спорт як імідж і мяккая сіла

Як сведчыць даследаванне “Мяккая сіла” Беларусі ў рэгіёне: ацэнка патэнцыялу”, што рабіў BISS, Беларусь мае значны патэнцыял “мяккай сілы”. Наш вобраз пазітыўны сярод насельніцтва Расіі і Украіны, аднак цяпер трэба працаваць у еўрапейскім накірунку.

Акрамя прэс-тураў для еўрапейскіх журналістаў ды арганізацыі беларускіх эканамічных і культурных мерапрыемстваў за мяжой, даследчыкі BISS раяць надаць больш увагі арганізацыі ў Беларусі міжнародных спартовых імпрэзаў. Такім чынам акрамя турыстычна-эканамічных эфектаў міжнародныя спартовыя мерапрыемствы ўмацоўваюць імідж Беларусі. Добрыя ўспаміны пра краіну дазваляюць паляпшаць адносіны ў пэўнай ступені ва ўсіх накірунках.

Шмат год Беларусь у Еўропе выглядала як белая пляма на мапе.

У гэтых умовах распавесці пра нашую краіну нешта станоўчае і пераканаць у тым еўрапейцаў – задача не трывіяльная.

А пакуль існуюць палітычныя абмежаванні, спорт высоўваецца наперад. Як пінг-понгавая дыпламатыя дапамагла Кітаю і ЗША, так Еўрапейскія гульні могуць дапамагчы Беларусі ў стасунках з Захадам.

Аргумент №5. Еўрапейскі подых у гарадскі ландшафт

Ін’екцыя вольнага еўрапейскага паветра, якую міжволі робяць Беларусі спартовыя турысты, надзвычай карысная для развіцця гарадской прасторы. Эфект можа быць не наўпроставым і адкладзеным у часе. Аднак дух інтэрнацыянальных тусовак, што панаваў у фан-пляцоўках хакейнага чэмпіянату ў 2014-ым, цяпер арганічна працягвае жыццё на вуліцах Зыбіцкай і Кастрычніцкай у Мінску.

Асобныя непрыемныя інцыдэнты здараюцца, аднак прастора крэатыўнай свабоды ў Мінску пашыраецца. Еўрапейскія гульні з іх фан-пляцоўкамі могуць распачаць новы раўнд гэтага пашырэння. Асаблівых намаганняў ад уладаў не патрабуецца. Хопіць паўтарыць сцэнар 2014-га: уласна стварыць афіцыйныя фан-пляцоўкі і загадаць міліцыі не чапляцца да людзей.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Вадзім Мажэйка· 29 Ліпеня
Пяць рэформаў, якіх патрабуе школьны курс літаратуры
Пяць рэформаў, якіх патрабуе школьны курс літаратуры
Кнігі пісалі не толькі ў Расіі, не толькі мужчыны і не толькі даўным-даўно.
Рыгор Астапеня· 24 Ліпеня
Усё, што трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Усё, што трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры пункты, шэсць графікаў – усё як мы любім. 
Вадзім Мажэйка· 15 Ліпеня
Саюзная дэзынтэграцыя. Як Масква ўласнаруч адштурхоўвае Мінск
Саюзная дэзынтэграцыя. Як Масква ўласнаруч адштурхоўвае Мінск
Апаненты Аляксандра Лукашэнкі заўсёды казалі пра небяспеку распачатай ім інтэграцыі з Расіяй. Але дапамога прыйшла адкуль не чакалі: апошнім часам Расія робіць усё, каб дэзынтэграваць нашыя краіны.