Праверка фактаў. Як Аляксандр Лукашэнка за паўгады праваліў пяцігадовую праграму

Пакуль кіраўнік краіны рыхтуе новую праграму для Усебеларускага сходу, шматлікія ягоныя абяцанні з мінулых выбараў ужо парушаныя.
Рыгор Астапеня· 17 Траўня 2016
Праверка фактаў. Як Аляксандр Лукашэнка за паўгады праваліў пяцігадовую праграму

Выбарчая праграма Аляксандра Лукашэнкі з выбараў 2015-ага адрозніваецца ад праграмы 2010-ага, як неба і зямля. Справа не толькі ў нізкім узроўні абяцанняў, але і канкрэтнасці. Выбарчая праграма 2010-ага ўтрымлівала шмат лічбаў і дадзеных, таму была ледзь не ідэальная для фактчэку, які “Ідэя” зрабіла год таму.

Леташняя ж праграма (яе поўны тэкст даступны на сайце “Звязды”) куды больш расплыўчатая ў сваіх абяцаннях. У праграмы нават прама не напісана, ці вырасце беларуская эканоміка за гэтыя пяць гадоў. Але тыя рэдкія канрэтныя пункты, якія ёсць сярод абяцанняў, выглядаюць праваленымі ўжо праз сем месяцаў пасля выбараў.

Забарона на павышэнне старых і ўвядзенне новых падаткаў на працягу пяці гадоў. Любыя змены падаткаў — толькі ў бок змяншэння і спрашчэння.

За час пасля прэзідэнцкай кампаніі, урад паспеў павялічыць падаткі для аўтамабілістаў і падаткі за сувязь, увесці мыты на пасылкі з замежжа, транспартныя паслугі і падатак на банкаўскія дэпазіты. Чыноўнікі на лакальным узроўні, якія сутыкаюцца з праблемай напаўнення мясцовых бюджэтаў, працягваюць пачынанні цэнтральных уладаў. Напрыклад, нядаўна салігорскія ўлады ўвялі падатак на сабак.  

Непрымірымая барацьба з карупцыяй.

Прынамсі шэсць чыноўнікаў асуджаных за розныя справы, пачынаючы ад крадзяжу мяса на прадпрыемстве да спробаў “замяць” забойства, выйшлі на свабоду ад пачатку году і занялі дзяржаўныя кіраўнічыя пасады. Цяжка ўпісаць стварэнне падобных штрафных батальёнаў карупцыянераў у “непрымірымую барацьбу з карупцыяй” — хутчэй гэта з’яўляецца легітымізацыяй карупцыі.

Захаваць прадпрыемствы, працоўныя месцы для людзей, нягледзячы на любы крызіс, — заўсёды было галоўным сэнсам нашай палітыкі. 

Насамрэч колькасць працоўных месцах на беларускіх прадпрыемстваў працягвае скарачацца. Вось як выглядаюць дадзеныя Белстату па прыняццю і звальненню працаўнікоў.

Калі інфаграфіка не адлюстроўваецца, калі ласка перазагрузіце старонку

Пры гэтым, усё часцей беларускіх прадпрыемствы не выплачваюць заробкі. Нават паводле афіцыйных дадзеных, колькасць прадпрыемстваў, якія маюць запазычанасці перад працаўнікамі вырасла са 141 на пачатку году да 167 у красавіку, а агульны памер запазычанасці павялічыўся з ∼$300 млн да ∼$400 мільёнаў.

Ласы кавалак праграмы прысвечаны сацыяльным функцыям дзяржавы пра ”захаванне і развіццё ўсіх дзяржаўных праграм па абароне і падтрымцы пажылых людзей, інвалідаў, мацярынства і дзяцінства, шматдзетных сем’яў” ці пра тое, што “у кожнай беларускай сям’і, якая рэальна мае патрэбу ў новым жыллі, будзе магчымасць пабудаваць сабе дом або кватэру”. Усё гэта падсумоўваецца простым выразам:

РАЗВІВАЦЬ БЕЛАРУСЬ ЯК САЦЫЯЛЬНУЮ ДЗЯРЖАВУ — у гэтым я бачу сваю чацвёртую найважнейшую задачу.

Насамрэч у Беларусі адбываецца дэканструкцыя сацыяльных функцыяў дзяржавы, як павелічэнне пенсійнага ўзросту ці рост аплатаў за камунальныя паслугі. Гэтаксама абмяркоўваюцца іншыя захады, як скарачэнне працягласці дэкрэтнага адпачынку. Болей за тое, гэта ўсё адбываецца на фоне павелічэння падаткавай нагрузкі на людзей. Фактычна беларусы плацяць дзяржаве больш, але могуць разлічваць на меншыя паслугі з яе боку.

Хоць складана выносіць прысуд праграме, якая разлічаная да 2020-ага году, яшчэ процьма абяцанняў выглядаюць у прынцыпе невыканальнымі. Гэта вынікае з тых крокаў, якія прымаюць улады.

Напрыклад, складана ўявіць “скарачэнне знешняга дзяржаўнага доўгу”, калі ўлады працягваюць шукаць замежныя крэдыты, “прыцягненне вядучых сусветных кампаній” і “удасканаленне сістэмы гарантый для міжнародных інвестараў на аснове найлепшай сусветнай практыкі”, калі ўлады працягваюць пераслед уласнага бізнесу ці “адкрытасць глабальнаму свету”, калі беларускія чыноўнікі не перастаюць абмяркоўваць імпартазамяшчэнне.

Апроч таго, у выбарчай праграме хапае заклінанняў, якія застаюцца нерэальнымі нават калі б беларуская эканоміка расла.

Напрыклад, кіраўнік краіны абяцае, што “у будучай пяцігодцы наша медыцына па ўсіх параметрах стане ў адзін шэраг з медыцынай развітых дзяржаў”. Наўрад ці, мягка кажучы. Прынамсі, першыя 7 месяцаў пасля мінулых выбараў медыцына ці Беларусь наагул развівавался не так, як было запісана ў праграме Аляксандра Лукашэнкі.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Калі беларусы пачнуць жыць як шведы і хто любіць больш падпарадкоўвацца
Калі беларусы пачнуць жыць як шведы і хто любіць больш падпарадкоўвацца
А таксама чарка і шкварка, як універсальныя каштоўнасці і калі наша шэрасць зменіцца хюгге.
Зміцер Лысюк· 17 Кастрычніка
Беларусь пасля Лукашэнкі: ці ёсць у нас шанец стаць дэмакратыяй пасля яго сыходу
Беларусь пасля Лукашэнкі: ці ёсць у нас шанец стаць дэмакратыяй пасля яго сыходу
Пяць фактараў, якія могуць гэтаму спрыяць.
Чым Лукашэнка падобны да Міхалка і адрозніваецца ад Назарбаева
Чым Лукашэнка падобны да Міхалка і адрозніваецца ад Назарбаева
Спрачаемся пра гендарную дыскрымінацыю, параўноўваем кіраўніка краіны і рок-ікону ды абмяркоўваем цыгарэты.