Ці патрэбныя Беларусі інвестыцыі любым коштам?

Як будаўніцтва шкодных вытворчасцяў ператвараецца ў палітычную праблему. 

Зміцер Лысюк· 17 Жніўня
Ці патрэбныя Беларусі інвестыцыі любым коштам?
Фота: Sputnik

Нягледзячы на існаванне немалой лічбы экалагічна шкодных вытворчасцяў (як “Азот”, “Хімвалакно” ці нафтаперапрацоўчыя заводы), тэма таксічных прадпрыемстваў доўгі час не была на парадку дня ў Беларусі. 

Але трывожныя сігналы з’явіліся пасля пробнага пуску ў Светлагорску завода беленай цэлюлозы, які быў пабудаваны на кітайскія грошы. У лістападзе 2017-га вёску Якімава Слабада і сам горад накрыла смуродам. На няшчасце, каля тысячы чалавек жыве акурат за плотам завода. Яны і былі першымі, каго дасягнулі шкодныя выкіды.

Супрацьстаянне ў Брэсце, дзе жыхары спачатку выступалі супраць будаўніцтва, а цяпер і запуску акумулятарнага завода, ужо доўжыцца паўтара года. З нядаўняга часу новым асяродкам незадаволенасці насельніцтва стаў Магілёў, дзе на расійскія грошы будуецца завод па вытворчасці тэхнічнага вугляроду.

Пытанне шкодных вытворчасцяў выявілася нечаканым у нашай краіне, тым больш што Беларусь заўсёды пазіцыянавала сябе як краіну, дзе няма вострых экалагічных праблем (прапусцім пытанне ядзерных станцыяў). Але з іншага боку, за апошнія шэсць гадоў узровень шкодных выкідаў у краіне вырас на 5%.

Таксічныя інвестыцыі

  • Прыярытэтамі ўрада з’яўляюцца інвестыцыі і стварэнне працоўных месцаў, але, здаецца, іншыя рызыкі (напрыклад, экалагічныя) проста не бяруцца пад увагу. У Брэсце завод пабудавалі літаральна за 700 метраў ад жылых дамоў ды яшчэ і з парушэннем экалагічнага заканадаўства. Гэта дало падставу для падазрэнняў аб змове бізнесу і мясцовых уладаў і асабістай зацікаўленасці апошніх у прасоўванні праекта.
  • Цікава, што праблемныя заводы былі пабудаваныя з прыцягненнем расійскіх і кітайскіх грошай і тэхналогіяў, то бок з краін, якія не з’яўляюцца эталонам экалагічнасці. Напрыклад, падобны да магілёўскага завод ёсць і ў расійскім Омску (у іх той самы ўладальнік). І ўжо не раз праверкі на ім фіксавалі значнае (нават у дзясяткі разоў вышэй нормы) перавышэнне шкодных выкідаў.
  • Акумулятарныя заводы групы кампаній “ПАК”, якая хоча запусціць завод у Брэсце, ужо раней былі пабудаваныя ў Пінску (у 2014-ым) і Белаазёрску (у 2013-ым). Дарэчы, у Белаазёрску грамадскасць таксама была незадаволеная будаўніцтвам, але іх галасы ўдалося сцішыць. Пазней высветлілася, што пасля ўводу ў эксплуатацыю завода доўгі час шкодныя адкіды вывозіліся за горад, дзе складаваліся з парушэннем заканадаўства.
  • Сітуацыя з заводам у Светлагорску выглядае яшчэ горш. Мала таго, што да сённяшняга дня не вырашаная справа з выкідамі, дык і з фінансавага боку ўсё выглядае даволі кепска. Кітайскаму падрадчыку ўжо заплацілі $ 761 млн, а па крэдытах прадпрыемства павінна плаціць кожныя шэсць месяцаў цягам 2019-2023 гадоў па $ 68 млн. Пры гэтым, паводле аптымістычных заяваў Сяргей Румаса, сёння завод працуе толькі на 60% сваіх вытворчых магутнасцяў. 
  • Акрамя гэтага, таксічныя вытворчасці супярэчаць мадэлі зялёнай эканомікі, якая прынята ў Беларусі. Напрыклад, Міністэрства эканомікі сцвярджае, што ў Беларусі экалагічным пытанням надаецца пільная ўвага. Таксама стварэнне ўмоў для зялёнага росту разглядаецца нібыта як найважнейшы інструмент прыцягнення замежных інвестыцыяў. Відавочна, існуе пэўная нестыкоўка.

Людзі ўсё ж такі вырашаюць

  • Не сказаць, што пратэсты супраць смярдзючых заводаў былі шматлікімі: на іх выходзіла па 100-200 чалавек (за выключэннем аднаго дазволенага ўладамі мітынгу ў Брэсце, які сабраў каля 2000 удзельнікаў). Аднак у выпадку з Брэстам, спачатку кіраўніцтва горада, а потым і краіны, напэўна, не чакала, што грамадзяне будуць настолькі мэтанакіраванымі. 
  • Што цікава, сваю незадаволенасць выказвалі простыя людзі, не звязаныя з палітычнымі рухамі. Напрыклад, у Брэсце аднымі з лідараў пратэсту з’яўляюцца прадпрымальнік Дзям’ян Лепясевіч і былая лекарка Таццяна Фесікава. Абое жывуць недалёка ад завода. 
  • Гэта, відавочна, добры знак, што людзі не баяцца адстойваць сваю пазіцыю, у той жа час грамадства яшчэ не гатовае да палітычных пратэстаў. Людзям перш за ўсё не падабаецца тое, што пры прыняцці важных для іх жыцця рашэнняў, улады не ўлічваюць іх меркавання. 

Рэакцыя ўладаў

  • З аднаго боку, гэта добра, што ўлады пачулі незадаволенасць простых грамадзянаў і пайшлі з імі на кантакт. Але ці насамрэч матывам для гэтага быў клопат пра людзей? Няма сумневаў, што ўсё ж у першую чаргу ўлады думаюць пра стабільнасць сістэмы. 
  • Палітыка падвышанай уразлівасці да незадаволенасці грамадзянаў з’явілася зусім нядаўна. На самым высокім узроўні было прынята рашэнне гасіць у зародку такія ачагі ў розных сферах. Варта ўзгадаць сітуацыю з пераследам цыганоў у Магілёве і cаступкі ў дачыненні да патрабаванняў “Маці супраць наркотыкаў”. Сітуацыя са смярдзючымі заводамі з гэтага ж шэрага.
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Зміцер Лысюк· 28 Кастрычніка
Беларуская сельская гаспадарка памірае? Паглядзіце на прыватных фермераў
Беларуская сельская гаспадарка памірае? Паглядзіце на прыватных фермераў
Чаму неабходна вызваліць бізнес-патэнцыял у любімай сферы Аляксандра Лукашэнкі. 
Дзевяць рэчаў, за якімі варта сачыць падчас парламенцкай кампаніі
Дзевяць рэчаў, за якімі варта сачыць падчас парламенцкай кампаніі
Тлумачым на гіфках, як ацэньваць, што будзе з беларускім парламентам пасля лістападаўскіх выбараў. 
Глеб Ляпейка· 19 Жніўня
Як у Беларусі вырашаюць праблему смецця – і чаму гэтых дзеянняў мала
Як у Беларусі вырашаюць праблему смецця – і чаму гэтых дзеянняў мала
Перапрацоўка смецця – гэта добра, але не чароўная таблетка ад усіх праблем.