Чаму дзяржава павінна лезці ў сем’і

Беларусі, як і любой іншай дзяржаве, патрэбныя моцныя сем’і, але пытанне ў тым, як яна павінна ім дапамагаць. 

Зміцер Лысюк· 7 Лютага 2020
Чаму дзяржава павінна лезці ў сем’і

Хіба ніхто ў Беларусі не размаўляе пра сем’і, калі гаворка заходзіць пра развіццё дзяржавы. Але гэта памылка. У ментальна здаровых сем’ях дзеці становяцца больш упэўненымі ў сабе, гарманічнымі і мэтанакіраванымі. У дарослым жыцці такому чалавеку лягчэй развіць свой патэнцыял і самарэалізавацца, што ў сваю чаргу адбіваецца і на развіцці дзяржавы.

У ЗША было праведзенае даследаванне, у якім была знойдзеная сувязь паміж шлюбам і эканамічным ростам, большай эканамічнай мабільнасцю, памяншэннем дзіцячай беднасці ды вышэйшым узроўнем даходаў. Гэта ж тычацца і злачынстваў, звязаных з гвалтам, – іх колькасць была ніжэй у тых штатах, дзе быў вышэйшы адсотак пар, якія ўступілі ў шлюб.

Фармальныя ўмовы і каштоўнасны бар’ер

  • Фармальна ў Беларусі ёсць умовы для таго, каб людзі маглі больш часу прысвячаць уласным сем’ям. У нас працяглы мацярынскі дэкрэт – тры гады. Да таго ж з гэтага года таты таксама могуць браць адпачынак на два тыдні, каб даглядаць за дзіцём. Падобнае ёсць нават не ва ўсіх краінах ЕС. Гэтаксама Беларусь адносна добра выглядае паводле ўзроўню даступнасці дзіцячых садкоў і школ.
  • Аднак беларускія праблемы больш каштоўнасныя. У 2018-ым на 1000 шлюбаў прыпадала 546 разводаў, а каля 300 тыс. беларускіх дзяцей увогуле жывуць без бацькі. Да таго ж дадаюцца праблемы гвалту ці п’янства. Гэта адныя з прычын, чаму ў Беларусі колькасць нараджэнняў ніжэйшая за самаўзнаўляльны ўзровень.
  • Колькасць разводаў у нас адна з самых вялікіх у свеце, а з нашых суседзяў больш разводаў толькі ў Расіі. Гэта ўсё, безумоўна, мае наступствы для псіхікі і ўпэўненасці дзяцей, што ў будучыні можа ўплываць як на іх прафесійную рэалізацыю, так і на стварэнне сваіх сем’яў.

  • Наўрад ці сучасная дзяржава можа істотна ўплываць на разводы, але яна павінна клапаціцца пра інтарэсы дзяцей. Напрыклад, у Даніі для бацькоў, якія разводзяцца або развяліся, распрацаваны спецыяльны курс. Ён дапамагае бацькам зразумець, як трэба сябе паводзіць, каб развод прайшоў найменш балюча для дзіцяці.
  • Да таго ж у мінулым годзе бацькоў больш чым 3000 дзяцей пазбавілі бацькоўскіх правоў. Амаль столькі ж было ў 2018-ым. У краіне каля 20 000 дзяцей з’яўляюцца сіротамі, з якіх 80 % – сацыяльныя сіроты, што засталіся адныя пры жывых бацьках, астатнія – біялагічныя.

Як дзяржава можа ўплываць

  • Для шчасця дзіцяці аднолькава важны ўдзел у яго выхаванні як маці, так і бацькі. Таму, безумоўна, варта пераймаць некаторыя рэчы са скандынаўскай мадэлі сям’і. Напрыклад, у Швецыі бацькоўскі адпачынак па даглядзе за дзіцём абавязаныя браць як маці, так і тата (па 60 дзён кожны). 
  • Калісьці ў беларускіх школах быў прадмет пра сямейныя адносіны, які пазней скасавалі. Складана сказаць, наколькі якасная была праграма, аднак сама па сабе ідэя заслугоўвае ўвагі. У ЗША на нацыянальным узроўні існуюць праграмы па палавым выхаванні дзяцей, і як вынік зменшылася колькасць абортаў і сексуальных сувязяў да шлюбу.
  • Аднак сямейнае выхаванне не можа абмяжоўвацца школай. Напрыклад, многія сем’і, можа, і хацелі б вырашыць свае праблемы, але не ведаюць, як гэта зрабіць і да каго звярнуцца. Развіццё сеткі сямейных кансультацыяў за дзяржаўны кошт магло б палепшыць сітуацыю. Таксама важны ўдзел медыяў у фармаванні сямейных каштоўнасцяў, каб СМІ не спрыялі публічнай дэградацыі сем’яў.  
  • Трэба развіваць сістэму патранажных сем’яў і заахвочваць усынаўленне. У Беларусі шмат дзяцей жыве без бацькоў. І такія дзеці маюць патрэбу ў сем’ях. Іншая справа, што многія пары даволі асцярожныя ў пытанні ўсынаўлення, бо не ўяўляюць, што іх чакае. Неабходна забяспечваць і адукоўваць тых грамадзян, якія хацелі б гэта зрабіць. Напрыклад, у Бельгіі падобныя кампаніі рэгулярна праходзяць у СМІ. Тады дзеці атрымалі б магчымасць вырасці ў сем’ях і мелі б больш шанцаў у дарослым жыцці.

Падобныя тэмы
грамадства
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Сітуацыя з фруктовай гарбатай, МоваФэст і скандал на заводзе Луч
Сітуацыя з фруктовай гарбатай, МоваФэст і скандал на заводзе Луч
Усе тры тэмы звязаны з мовай, але паўсюль усе па-рознаму.
Алесь Аляхновіч· 2 Студзеня 2020
Як падтрымаць грамадства падчас рэформ?
Як падтрымаць грамадства падчас рэформ?
Віцэ-прэзідэнт CASE Belarus Алесь Аляхновіч тлумачыць тры рэчы, якія трэба зрабіць ужо цяпер, каб падтрымаць уразлівыя групы насельніцтва.
Маша Сума , Таня Кузняцова · 24 Снежня 2019
Наркофеминизм, или как связаны проблемы женщин и наркополитика в Беларуси
Наркофеминизм, или как связаны проблемы женщин и наркополитика в Беларуси
Разбираемся, что такое наркофеминизм, и какие специфические проблемы есть у женщин, вовлечённых в наркополитику и потребление контролируемых веществ в Беларуси.