Беларуская сельская гаспадарка памірае? Паглядзіце на прыватных фермераў

Чаму неабходна вызваліць бізнес-патэнцыял у любімай сферы Аляксандра Лукашэнкі. 

Зміцер Лысюк· 28 Кастрычніка
Беларуская сельская гаспадарка памірае? Паглядзіце на прыватных фермераў

За беларускай сельскай гаспадаркай замацаваўся вобраз стратнай галіны, дзе людзі калі і працуюць, то толькі таму, што няма альтэрнатывы. Да таго ж у грамадстве жыве думка, што ў вёсцы ўсе п’юць і наагул пануе поўны дэпрэсняк. І сапраўды, праблем, якія трэба вырашаць, у гэтай сферы хапае. Напрыклад, пытанні выклікае эфектыўнасць дзяржаўных прадпрыемстваў, фінансавыя паказнікі і недахоп працоўнай сілы ў вёсцы. 

Але галоўная праблема – гэта занадта вялікая роля дзяржавы. Нягледзячы на ​​тое, што ў Беларусі налічваецца 2652 фермерскія гаспадаркі, з якіх палова  дзяржаўныя, у карыстанні прыватных – усяго 2,3 % ад агульнай плошчы сельскагаспадарчых зямель. 

А цікавых і паспяховых праектаў у фермераў хапае.

Чаго вартая гаспадарка “Дыяна” ў Шклоўскім раёне, якая ў мінулым годзе была лідарам па вытворчасці бульбы ў краіне і дзе сярэдні заробак сягаў 1230 рублёў. Да таго ж гэта вельмі тэхналагічная гаспадарка, дзе праца максімальна аўтаматызаваная і ў полі ўвогуле няма ручной працы. 

Такія прыклады даводзяць: гэта ў інтарэсе Беларусі, каб доля прыватнага сектара ў беларускай сельскай гаспадарцы расла. Паводле звестак Белстата, вынікі вытворчасці ў фермераў лепшыя, чым у былых калгасах і саўгасах. Напрыклад, у мінулым годзе фермеры ў сярэднім сабралі 337 цэнтнераў гародніны з гектара, а дзяржаўныя арганізацыі – толькі 205 цэнтнераў з гектара.

Нават Лукашэнка аддае належнае прыватнікам, кажучы, што дзяржаўныя аграрыі павінны працаваць так, як працуюць фермеры.

  • Да прыкладу, фермер Міхаіл Шруб з Жыткавіцкага раёна. Яго гаспадарка адна з нешматлікіх у краіне, якая паспяхова займаецца не толькі агародніцтвам, але і жывёлагадоўляй. У карыстанні гаспадаркі знаходзіцца крыху больш за 3 % зямель Жыткавіцкага раёна, затое выручка складае 25-30% ад выручкі ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Уладальнік заяўляе: паводле ацэнак заходніх партнёраў, яго гаспадарка па ўзроўні эфектыўнасці ўваходзіць у найвышэйшую лігу еўрапейскіх вытворцаў. Усе працэсы тут максімальна аўтаматызаваныя. А для таго, каб кантраляваць усё, што адбываецца, дастаткова праграмы на смартфоне. 
  • Іншая паспяховая фермерская гаспадарка з Астравецкага раёна – “Астравецкае” – спецыялізуецца на вырошчванні індыкоў. У Беларусі яна выступіла піянерам у гэтай галіне, стварыўшы рэнтабельнае і прыбытковае прадпрыемства. Уся праца ў птушніках цалкам камп’ютарызаваная – ад падтрымання мікраклімату да працэсу кармлення.
  • Нават беларускі IT-сектар зацікаўлены ў сельскай гаспадарцы. Напрыклад, стартап OneSoil стварае прыкладанне і онлайн-платформу для дакладнага земляробства. Прадукты кампаніі базуюцца на алгарытмах машыннага навучання і аналізе касмічных здымкаў, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе.

Хоць не варта мець занадта аптымістычных спадзяванняў, калі гаворка заходзіць пра перспектывы прыватнага сектара ў сельскай гаспадарцы. У 2018-ым колькасць стратных дзяржаўных сельгасарганізацыяў склала 17,9 %, але і сярод фермерскіх стратнымі былі 10,5 %. Але з другога боку рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг у саўгасаў была толькі 4,3 %, а ў фермераў – цэлых 32,7 %.

Але нягледзячы на тое, што сярод фермерскіх гаспадарак таксама ёсць стратныя прадпрыемствы, яны прынамсі не спажываюць велізарных сумаў дзяржаўных грошай (напрыклад, бюджэтная падтрымка аграпрамысловага комплексу за 2011-2015 гады склала $ 8,3 млрд). Пры гэтым сельскую гаспадарку, нават з усімі яе праблемамі, падняць даволі проста. Як падкрэслівае ўзгаданы вышэй Міхаіл Шруб, трэба ўсяго некалькі рэчаў: менш бюракратыі, увядзенне прыватнай уласнасці на зямлю і (альбо) развіццё арэнды зямлі, падтрымка фермерскіх гаспадарак сямейнага тыпу.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Дзевяць рэчаў, за якімі варта сачыць падчас парламенцкай кампаніі
Дзевяць рэчаў, за якімі варта сачыць падчас парламенцкай кампаніі
Тлумачым на гіфках, як ацэньваць, што будзе з беларускім парламентам пасля лістападаўскіх выбараў. 
Зміцер Лысюк· 17 Жніўня
Ці патрэбныя Беларусі інвестыцыі любым коштам?
Ці патрэбныя Беларусі інвестыцыі любым коштам?
Як будаўніцтва шкодных вытворчасцяў ператвараецца ў палітычную праблему. 
Зміцер Лысюк· 22 Ліпеня
Армія Беларусі: што рабіць з прызывам і ці патрэбна кантрактнае войска ў краіне
Армія Беларусі: што рабіць з прызывам і ці патрэбна кантрактнае войска ў краіне
Як без радыкальных захадаў можна палепшыць сітуацыю ў войску.