Ахвяры дзяржзамовы. Чаму прадуктаў более, а калгасы бяднеюць?

Нягледзячы на павелічэнне ўраджайнасці, сабекошт сельскай гаспадаркі працягвае расці хутчэй, чым прыбыткі ад продажу.
Арцём Ткачук· 17 Студзеня 2017
Ахвяры дзяржзамовы. Чаму прадуктаў более, а калгасы бяднеюць?

За дзевяць месяцаў 2016-га года экспарт малочных вырабаў Беларусі прынёс $ 1,3 млрд, але чвэрць сельскіх гаспадарак застаецца стратнай. Шматлікія датацыі не могуць разарваць гэтае заганнае кола ўжо трэцяе дзесяцігоддзе. У лістападзе 2016-га міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц абвесціў, што 323 арганізацыі пройдуць санацыю, а 102 прадпрыемствы чакае банкруцтва. “Мы пераўзыходзім еўрапейскія краіны ў 1,3-1,4 разы паводле затратаў вытворчасці на кілаграм малака, мяса, зерня і гэтак далей”, – прызнаўся міністр.

Пагоня за валавымі паказнікамі

Агульная статыстыка год за годам паказвае рост вытворчасці прадуктаў. Мяса-малочная прамысловасць працягвае экспартную экспансію, штогод здабываючы некалькі адсоткаў росту.

За кошт гэтага толькі ў 2016-ым мясной прадукцыі экспартавалі на 18 % болей, чым летась. Збор зерня ў 2015 перавысіў паказнік 2010 года на 20 %, а рапсу ажно ў два разы. Але рэнтабельнасць 60 % сельскагаспадарчых суб’ектаў не перавышае 5 %. Відавочна, што рост намалотаў і ўдояў забяспечваецца коштам дзяржаўных крэдытаў.

 

Падтрымаць бедныя гаспадаркі спрабавалі, аб’ядноўваючы іх з багацейшымі суседзямі. За апошнія пяць гадоў колькасць сельскагаспадарчых арганізацый зменшылася на 169. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці ААТ “Краснапольскі” аб’яднала сем калгасаў у адзін і ахапіла тэрыторыю цэлага раёна.

Але гэтая мера толькі надалей пагаршала эфектыўнасць гаспадарак.

Калі ў 2011-15 агульны прыбытак калгасаў вырас у чатыры разы (не ўлічваючы інфляцыі), то прыватныя фермеры палепшылі паказнік у шэсць разоў. У выніку ў канцы мінулага года ўлады дазволілі раздзяляць калгасы-банкруты на некалькі гаспадарчых таварыстваў.

 

Не хапае ідэяў

Павышэнне эфектыўнасці застаецца галоўнай праблемай калгасаў. Напрыклад, сярэдні надой малака ад каровы стаіць на месцы ўжо больш за пяць год. У выніку павелічэнне экспарту гэтага беларускага “белага золата” адбываецца толькі за кошт большай колькасці кароваў. Але такая мадэль не вырашае праблемаў бедных калгасаў: за пяць гадоў колькасць стратных гаспадарак павялічылася ўдвая, а дэбіторская і крэдытная запазычанасць – у чатыры разы.

Праблемы рэнтабельнасці не вырашыла нават павелічэнне ўдзельнай вагі сельскагаспадарчай прадукцыі з 10 % да амаль 16,7 % у агульнай структуры экспарту за апошнія пяць гадоў. Нягледзячы на тое, што ў 2015-ым вытворцы прадалі прадуктаў на $ 1 млрд болей, чым у 2010-ым годзе, 10 з 23 мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў застаюцца стратнымі. Беларусь – пераважна сыравінны экспарцёр. А як вядома, менавіта канчатковы прадукт мае найвялікшую даданую вартасць.

Можна спадзявацца, што абвешчаная санацыя і банкруцтва калгасаў не будуць ужо вядомым спісаннем пазыкаў.

Праблемныя гаспадаркі трэба ратаваць, не перашкаджаючы іх развіццю.

Бо ў выніку дзеля выканання дзяржзамовы, слабыя калгасы раней ці пазней ізноў прымусяць браць крэдыты, каб ствараць болей прадуктаў з амаль нулявой рэнтабельнасцю.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Каманда Ідэі · 13 Лістапада
Мы запускаем Belarus Urban Day-2019. Што гэта і навошта мы гэта робім?
Мы запускаем Belarus Urban Day-2019. Што гэта і навошта мы гэта робім?
Расказваем падрабязнасці пра нашу маштабную рэгіянальную серыю дыскусіяў
Зміцер Лысюк· 28 Кастрычніка
Беларуская сельская гаспадарка памірае? Паглядзіце на прыватных фермераў
Беларуская сельская гаспадарка памірае? Паглядзіце на прыватных фермераў
Чаму неабходна вызваліць бізнес-патэнцыял у любімай сферы Аляксандра Лукашэнкі. 
Глеб Ляпейка· 19 Жніўня
Як у Беларусі вырашаюць праблему смецця – і чаму гэтых дзеянняў мала
Як у Беларусі вырашаюць праблему смецця – і чаму гэтых дзеянняў мала
Перапрацоўка смецця – гэта добра, але не чароўная таблетка ад усіх праблем.