Чаму вайна з “Ісламскай дзяржавай” дапамагае тэрарыстам

Бамбаванні тэрыторыяў ІД толькі падліваюць масла ў агонь і спрыяюць росквіту радыкалізму. Насамрэч, для перамогі над тэрарыстамі трэба перадусім перамагчы іх ідэалогію.
Аліна Байгужакава· 10 Студзеня 2016
Чаму вайна з “Ісламскай дзяржавай” дапамагае тэрарыстам
Крыніца: Alisdare Hickson, flickr.com

“Ісламская дзяржава” – гэта востраў праўды і справядлівасці сярод мусульманскіх дзяржаваў, якія адышлі ад асноў ісламу. Гэта супрацьвага заходнім незразумелым каштоўнасцям. “Ісламская дзяржава” – гэта надзея на адраджэнне калісьці цудоўнага мусульманскага свету, які быў цэнтрам навукі, культуры і развіцця, з якім лічыліся і якім захапляліся. Гэта дзяржава, якая выклікае жах і непакой на цэлым свеце. Гэта ідэя, з якой ідзе магутнасць.

Прыкладна гэтак выглядае мусульманская мара ў вачах радыкалаў альбо людзей, расчараваных ідэаламі, якія вяршэнствуюць у іх асяроддзі.

Аналізы допісаў у сацсетках паказваюць: падтрымка ІД у Бельгіі, Вялікабрытаніі ды Францыі значна большая, чым у Сірыі ды Іраку. Калі за год да тэрарыстычных атак у Парыжы правялі апытанне, то рэйтынг адабрэння ІД быў 16 %, у тым ліку аж 27 % сярод моладзі ад 18 да 24 гадоў.

Ніколі яшчэ тэрарыстам не ўдавалася стварыць такой прывабнай ідэі, якая магла б спакусіць грамадзянаў з розных куткоў свету, каб кінуць усё і далучыцца да барацьбы дзеля яе абароны. Да таго ж гэтая ідэя нясе агрэсію супраць іншых рэлігій, але тым не менш яна падалася цікавай не толькі прадстаўнікам мусульманскай супольнасці.

У чым моц “Ісламскай дзяржавы”?

Ідэя “Ісламскай дзяржавы” старая як сусвет. Гэтая галіна “Аль-Каіды” апанавала асновы smart-power і тым адрозніваецца ад сваёй матчынай арганізацыі, дзе дадумацца маглі толькі да выкарыстання жорсткай мілітарнай сілы. “Аль-Каіду” стварылі выхадцы з экстрэмісцкіх рухаў у Афганістане. Напрошваецца выснова: цягам апошніх 40 гадоў мілітарныя дзеянні супраць ісламскіх радыкалаў не прынеслі пажаданых вынікаў, а толькі вымусілі іх актывістаў удасканаліць свае метады і ўпрыгожыць ды лепш распрацаваць сваю ідэалогію.

Прыхільнікі “Ісламскай дзяржавы” аддаюць свае сілы і жыццё за “сваю зямлю”, за той рай, у якім хочуць жыць мусульмане без чужога ўмяшання.

Гэта ідэя аб’яднання і стварэння адзінай мусульманскай зямлі, дзе панавала б толькі воля Алаха.

Пакуль такое мысленне будзе захоўвацца сярод паслядоўнікаў ІД, да той пары ніякія мілітарныя дзеянні не знішчаць іх моцы. Гэта можна параўнаць да партызанаў у часе II-ой сусветнай вайны, якія змагаліся ўсімі даступнымі сродкамі супраць захопнікаў іх Радзімы. Альбо да вайны ў В’етнаме, дзе магутная супердзяржава ЗША не магла адолець адной з самых слабых краін Азіі. Вайна за ўласную радзіму і зямлю – гэта вайна на смерць.

Ідэя ці ідэалогія не знішчаецца бамбаваннем.

Сённяшняя міжнародная сітуацыя дазваляе ІД разгарнуць свае базы ў іншых месцах, напрыклад, у нестабільных краінах Афрыкі, колькасць якіх нельга злічыць на пальцах. Добрым прытулкам для джыхадыстаў можа быць Емен, дзе даволі доўга існавалі грамадскія падзелы, якія за апошнія два гады пераўтварыліся ў адкрытую барацьбу розных рэлігійных фракцыяў.

Ваенныя дзеянні супраць ІД: прароцтва, якое спраўджваецца

“Ісламская дзяржава”, якая распаўсюджвае прапаганду найвышэйшага гатунку прапагандай, знаходзіць апраўданне вайны ў Каране. Ідэя арганізацыі грунтуецца на гісторыі, дзе апісваюцца падзеі “малахіма”. Паводле Энцыклапедыі арабскай літаратуры, “малхама” альбо множны лік “малахім” у старажытнай арабскай мове азначае “крывавую бітву”, “поле бою”. Адно са значэнняў слова адносіцца да прароцтваў, якія тычацца будучых бітваў, што некаторыя лічаць адпаведнікам хрысціянскага вучэння пра Армагедон.

Такім Армагедонам у рыторыцы тэрарыстаў з’яўляецца вялікая бітва мусульманаў з крыжакамі (то бок усімі хрысціянамі). Тады адна трэцяя ўцячэ ў краіны крыжакоў (сённяшнія мігранты) і “Алах гэтага ніколі ім не выбачыць”. Другая трэцяя падзе ахвярай і “гэта будуць найлепшыя пакутнікі Алаха”. Астатнія захопяць Канстанцінопаль, а пасля Рым.

Што цікава, тэрарысты ІД патлумачылі тэкстам Карана нават бамбаванне, а не іншую форму атакі. Вось што яны пішуць наконт гэтага: “Падзеленыя крыжакі з Усходу і Захаду лічылі сябе ў бяспецы ў сваіх знішчальніках, бо яны баязліва бамбавалі мусульманаў з Каліфату”. І тут жа знаходзіцца пацверджанне з Карана: “Яны не будуць змагацца з вамі ніяк, апроч як з умацаваных гарадоў і з-за сценаў”.

2 (1)

Крыніца: Alisdare Hickson, flickr.com

У апошнім нумары свайго часопіса “Dabiq” экстрэмісты радуюцца, што адпомсцілі сваім ворагам – французам і расіянам. Аўтары высмейваюць, што восем чалавек, узброеных вінтоўкамі і паясамі з выбухоўкай, “паставілі Парыж на калені” і вымусілі абвясціць надзвычайнае становішча ва ўсёй Францыі. Адпомсцілі і расіянам за іх “бяздумнае рашэнне” далучыцца да антытэрарыстычных дзеянняў, калі замест планаванай атакі на амерыканскі самалёт, тэрарысты выбралі сваёй мэтай расійскіх турыстаў. Далёкая адлегласць не ўратавала ад гневу Каліфата.

Што рабіць, калі назад дарогі няма?

Насоўваецца думка, што ўступаць у барацьбу з рэлігійнымі вар’ятамі было не варта, аднак змяняць гэтае рашэнне ўжо запозна. Цяпер выйсце з гэтай вайны бачыцца немагчымым, бо тады бясчынствам “Ісламскай дзяржавы” не будзе мяжы.

З іншага боку, адназначная перамога над тэрарызмам немагчымая, калі ўвесь час мае месца супрацьстаянне інтарэсаў галоўных лідараў рэгіёна. Без кампрамісу нельга адлучыць тэрарыстаў ад фінансавай падтрымкі, якая ідзе з розных бакоў. Менавіта таму ўсё, да чаго ўдалося дамовіцца на сённяшні дзень, абмяжоўваецца бамбаваннем з паветра акупаваных тэрыторый Сірыі ды Ірака.

Аднак мілітарныя сродкі не гарантуюць перамогі. Змагацца трэба з ідэяй, якая нясе гвалт і неталерантнасць.

Найбольш годным даверу будзе адказ саміх мусульманаў, якія ведаюць, што ў звярыных метадах стварэння Каліфата няма волі Алаха.

Голас адукаваных рэлігійных мусульманаў, якія б асуджалі агрэсію, павінен быць чутны ў Еўропе.

Патрэбная шырока распаўсюджаная адукацыя ды інфармаванне пра тое, што на самой справе робіцца ў “Ісламскай дзяржаве”. Напрыклад, пра тое, што справай першаснай важнасці ёсць сквапная барацьба за ўладу паміж рознымі групамі, а не стварэнне раю для мусульманаў. Альбо пра бесчалавечныя ўчынкі, якія супярэчаць Божаму праву.

Тут прыдаўся б вопыт расчараваных баевікоў, якія пакінулі шэрагі тэрарыстычнага групоўкі.

Перадухіленне тэрарызму (колькі б сродкаў гэта не патрабавала) – заўсёды менш каштуе, чым эфекты яго распаўсюджання.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Крывавы тыдзень: якія пачуцці ў нас выклікае новая рэальнасць
Крывавы тыдзень: якія пачуцці ў нас выклікае новая рэальнасць
Пасля тыдню выбухаў і бамбёжак, вырашаем, ці прыйшоў час змяніць стаўленне да тэрактаў і вайны ў Сірыі.
Аліна Байгужакава· 26 Снежня 2016
Гісторыя Фідэля. Чаму дыктатура гэта тормаз дабрабыту
Гісторыя Фідэля. Чаму дыктатура гэта тормаз дабрабыту
Дыктатура хоць і можа навесці парадак у краіне, у доўгатэрміновай перспектыве блакуе яе развіццё.
Аліна Байгужакава· 23 Лістапада 2016
Беларуская “мяккая сіла”: як перастаць быць белай плямай у цэнтры Еўропы
Беларуская “мяккая сіла”: як перастаць быць белай плямай у цэнтры Еўропы
Нягледзячы на цэнтральнаеўрапейскае становішча, Беларусь можа не існаваць у свядомасці большасці еўрапейцаў.